За плённую працу і высокія заслугі

№ 42 (860) 18.10.2008 - 24.10.2008 г

За шматгадовую плённую працу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, прафесійнае майстэрства, значны ўклад у развіццё сучасных інфармацыйных тэхналогій,заслугі ў развіцці адукацыі, аховы здароўя, культуры, мастацтва, узорнае выкананне службовых абавязкаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адзначыў дзяржаўнымі ўзнагародамі 53 чалавекі. Указ аб гэтым Кіраўнік дзяржавы падпісаў 14 кастрычніка.

Сярод уганараваных высокай адзнакай дзяржавы шмат дзеячаў культуры і мастацтва.

Дырэктар — мастацкі кіраўнік Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Валянцін Дудкевіч і прафесар кафедры аркестравага дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Барыс Пянчук адзначаны ордэнам Францыска Скарыны.

Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Галіна Букаціна, вядучыя майстры сцэны Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Грыцэўскі і Анатоль Цярпіцкі, загадчык кафедры спеваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Людміла Колас. Гэтым медалём адзначаны таксама выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.А. Рымскага-Корсакава Святлана Кундзянок, артыст-вакаліст, намеснік дырэктара па агульных пытаннях Інстытута біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Правалінскі, артыстка балета вышэйшай катэгорыі Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Дана Фальковіч.

Ганаровае званне народнага артыста Беларусі прысвоена дырыжору аркестра народных інструментаў, дэкану філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі педагагічнага факультэта ў Магілёве Леаніду Іванову, званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі — паэту, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміру Карызну.

Высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі былі ўганараваны і нашы калегі — група супрацоўнікаў Беларускага тэлеграфнага агенцтва.

Сярод адзначаных медалём “За працоўныя заслугі” — генеральны дырэктар Дзмітрый Жук, рэдактар аддзела эканамічнай і навуковай інфармацыі Галоўнай рэдакцыі інфармацыі Лілія Крапівіна, начальнік Цэнтра сувязі і аўтаматызаваных сістэм Самуіл Рыжэвіч. Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджана вядучы рэдактар Галоўнага выпуску БелТА Аліна Шрубок.

За арганізацыю эфектыўнай работы па аператыўным асвятленні важнейшых грамадска-палітычных падзей, значны ўклад у развіццё сучасных інфармацыйных тэхналогій Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб’яўлена работнікам Беларускага тэлеграфнага агенцтва: галоўнаму рэдактару Галоўнага выпуску Аксане Кірыльчык і намесніку рэдактара аддзела рэгіянальнай інфармацыі па Гомельскай вобласці Галоўнай рэдакцыі інфармацыі Валерыю Сідорчыку.

Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь