Кіч як эдэм вакол сябе

№ 14 (1505) 03.04.2021 - 09.04.2021 г

Слова “кіч” у мастацкім асяроддзі звыкла мае негатыўнае адценне. Але ўсе мы бачым і сутыкаемся з ім ледзь не кожны дзень — бо ён жыве не толькі на карцінах, але і ў публічнай прасторы, на нашых вуліцах і ў дварах. Даследчыкамі гэтая з’ява часта ігнаруецца як “немастацтва”, пры тым што займае яна даволі значнае месца ў культуры. І пры тым, што “не заўсёды да яе варта ставіцца выключна негатыўна”, — лічыць аўтар кнігі “Кіч у мастацкай культуры Беларусі” Дар’я БУНЕЕВА. Кніга неўзабаве мае выйсці — гэта будзе практычна першая вялікая работа па даследаванні кіча ў нашай краіне. Разам з аўтарам — мастаком і мастацтвазнаўцам Дар’яй Бунеевай — мы анансуем выданне і гаворым пра розныя віды мастацкага кіча.

— Як адбыўся пераход ад мастака да мастацтвазнаўцы, як вы зацікавіліся менавіта кічам?

— Мяне заўсёды вабілі гуманітарныя навукі, і калі як мастак я скончыла ўсё, што было можна, а вучыцца далей яшчэ хацелася, то паступіла ў магістратуру на мастацтвазнаўства. І зацікавілася спачатку тым, чаму тады і не ведала правільнай назвы, — гарадской народнай творчасцю: усімі гэтымі лебедзямі з шын, саматужнымі скульптурамі, парсючкамі з пластыкавых бутэлек, — хацела разглядаць іх у кантэксце інсітнага мастацтва. Але рэктар Акадэміі мастацтваў замяніў тэму на кіч, што мяне спачатку не ўзрадавала — бо кіч гэта маштабная з’ява, якая ахоплівае і прафесійнае мастацтва. А мне, шчыра кажучы, было страшнавата, таму што з аднаго боку — я неканфліктны чалавек і не хацела ўвязвацца ва ўсе гэтыя войны, але з іншага — пісаць няшчыра, неяк туманна і фармальна я таксама не мела жадання. Але ў працэсе тэма мне палюбілася. Праўда, перажываю і зараз, думаючы, што будзе, калі кніга выйдзе, і якія крыўды з’явяцца ў пэўных людзей.

— Тры гады таму на гэтую тэму вы абаранілі дысертацыю. Але ж кніга, мабыць, разлічана не толькі на спецыялістаў?

— Яна заснавана на дысертацыі, і насамрэч — гэта мая навуковая манаграфія як супрацоўніка Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, дзе я і заканчвала аспірантуру. І выходзіць кніга ў выдавецтве “Беларуская навука”. Але ж цікава яна будзе і шырокаму колу, і наклад ёй зрабілі немалы для навуковага выдання — 400 экзэмпляраў. Канешне, я спрабавала нешта скараціць, спрасціць і зрабіць больш зразумелым. Значна павялічылася
колькасць ілюстрацый — у іх вельмі важная роля. А мне ў сацсетках за некалькі дзён пакінулі больш за 100 перадзамоў на кнігу. І я разумею, што многім цікава паглядзець, якія прозвішчы і прыклады ў мяне там будуць. (смех) Але ў параўнанні з дысертацыяй пэўную колькасць прозвішчаў мы скарацілі, а адзін раздзел прыбралі цалкам — прысвечаны мастацкаму салону. Хаця салонны жывапіс я згадваю, бо ён таксама дае падставы разглядаць сябе ў кантэксце кіча: калі прафесійны мастак трапляе ў празмерную залежнасць ад арт-рынку і ад густу пакупнікоў. У выніку паміж парсючком з бутэлек і карцінай, якую мы можам убачыць, напрыклад, у тым жа сталічным салоне на Плошчы Незалежнасці, многа агульных рысаў.

/i/content/pi/cult/844/17944/11.jpg— Якое галоўнае адрозненне самадзейнага кіча ад прафесійнага?

— Самадзейны кіч ствараецца самімі рэціпіентамі, то-бок — для каго прызначаны, тымі ён і робіцца, без ніякіх камерцыйных мэтаў. І, дарэчы, да гэтага культурнага феномена я ў цэлым стаўлюся даволі пазітыўна, няхай з эстэтычнага пункту погляду ён мне і не вельмі падабаецца. Але тут ёсць што аналізаваць, у першую чаргу культуролагам. Самадзейны кіч шмат у чым блізкі да народнай творчасці — проста ўжо страціў сувязь з традыцыяй. Народнае мастацтва ж заўсёды заснаванае на шаблонах, але шаблоны, па якіх яно стваралася раней, выпрацоўваліся тысячагоддзямі, і ўсё выпадковае з цягам часу з іх сыходзіла. А цяпер традыцыі няма, формы прыдумляюцца хутка, ролікі на Youtube вучаць усіх рабіць пальмы і лебедзяў з падручных матэрыялаў. Гадоў 200 таму гэтыя людзі былі б, магчыма, таленавітымі народным творцамі, але ў нашым часе яны сілкуюцца не традыцыяй, а масавай культурай. І хоць творчы пасыл у іх той жа, аднак гарманічнасці народнага мастацтва ўжо няма. І ў мяне прэтэнзіі не да саміх “творцаў”, а да таго, што занадта многа месца такому кічу аддаецца ў тых жа гарадскіх дварах.

— Давайце звернемся да канкрэтных прыкладаў…

— У асноўным гэтыя аб’екты даволі аднастайныя. Усе, мабыць, бачылі, як да дрэваў прывязваюць старыя мяккія цацкі, — масавая з’ява. Усе бачылі саматужныя роспісы ў пад’ездах. Як даследчык я разумею, што людзям сярод тыпавой постсавецкай архітэктуры хочацца нейкай душэўнасці, цеплыні, і кожны ў адпаведнасці з узроўнем сваёй адукацыі і густу нешта стварае. Адна з галоўных прыкметаў кіча — ён ніколі не закранае якія-небудзь сур’ёзныя і вострыя тэмы: людзі будуюць вакол сябе эдэм.

/i/content/pi/cult/844/17944/12.jpg— Кшталту як у маляванках…

— Так. Толькі ў майстроў маляваных дываноў, і ўвогуле ў інсітных творцаў, ёсць і густ, і адчуванне меры, не кажучы ўжо пра талент. А тут усяго гэтага няма. Плюс — каласальны ўплыў мас-культуры. І гэта ж яшчэ ўсё ад беднасці! У тым жа пад’ездзе лепей было б якасна патынкаваць сцены ды пафарбаваць у культурны колер, але значна танней самім замаляваць усё нейкім вадаспадам, каб прыхаваць адсутнасць рамонту. На прафесійных мастакоў патрабуюцца сродкі, а так усё бясплатна. (смех) Але ў той жа Еўропе і грошы быццам ёсць, але ізноў — садовыя гномы і рознае падобнае. То нашыя лебедзі мне нават мілейшыя за тых заводскіх гномаў.

У якасці прыклада кіча з прыкметамі сапраўднай творчасці магу прывесці вялікі аб’ект на вуліцы Сядых у Мінску. Там мясцовы жыхар, ужо на пенсіі, заставіў увесь двор расфарбаванымі скульптурамі з пенапласту:
зайцы, панды, насарогі... Люблю гэты аб’ект супярэчлівай любоўю. (смех) Бо відавочна, што чалавек таленавіты, і калі б неяк па-іншаму склалася жыццё, то атрымаўся б добры інсітны творца. Але другаснасць навідавоку: яшчэ адна яскравая прыкмета кіча — другаснасць, чаго ў інсіце няма. І ўсе ж ад 99 працэнтаў іншых
падобных прыкладаў гэты двор на Сядых адрозніваецца ў лепшы бок. Цікава было паразважаць і пра аб’ект, размешчаны перад адным прыдарожным сэрвісам пад Лепелем: вялікія скульптуры з
нейкіх будаўнічых матэрыялаў — багатыры, цмокі, героі рускіх народных казак, але ж і Заяц з Воўкам на матацыкле з “Ну, погоди!” Творца нешта ўмее, але другаснасць і атручанасць мас-культурай псуюць уражанне.

Навешваць ярлыкі — гэта кіч, а гэта не кіч — мне, праўда, не падабаецца. Я разглядаю сам феномен кіча, адзначаю яго рысы ў розных творах. І не заўсёды гэтыя творы вартыя толькі негатыўных адзнак. Я не хачу, каб кіч успрымаўся выключна як сінонім безгустоўшчыны, трэшу: з’ява значна больш складаная і цікавая.

— А ці даследаваўся раней мастацкі кіч у Беларусі?

— Практычна не, але ў свеце такіх работ, канешне, нямала, як і ў той жа Расіі. Але часцей за справу бяруцца культуролагі, а не мастацтвазнаўцы, і разглядаецца, як правіла, нейкая вузкая тэма — ці постмадэрнізм, ці слонікі на сурвэтках з дэмбельскімі альбомамі, ці жывапіс Глазунова і Шылава. Мая ж работа чым і адрозніваецца, што я гляджу на кіч максімальна шырока, спрабую вызначыць крытэрыі для ідэнтыфікацыі твораў і зрабіць класіфікацыю. А небяспека кіча ў яго віруснасці, ён пранікае паўсюдна. Вось, здавалася б, авангарднае мастацтва: раней гэта быў андэграўнд, а цяпер яно моднае. І ў “авангардным гламуры” ўжо таксама можна знайсці рысы кіча.

Мядзведзікаў на дрэвах і божых каровак з камянёў, напрыклад, я гучна называю інсталяцыямі і лэнд-артам. Роспісы ў пад’ездах ці на трансфарматарных будках, да якіх ЖЭСы часта заахвочваюць розных мясцовых умельцаў, разглядаюцца мной ў межах манументальнага жывапісу, і гэтак далей.

А яшчэ ёсць у кнізе раздзел, які называецца “Кіч як мастацкі стыль” — гэта ўжо прынцыпова іншая з’ява, там я разглядаю творы мастакоў-постмадэрністаў, якія свядома карыстаюцца мовай кіча. Згадваюцца такія майстры, як Руслан Вашкевіч, Аляксандр Некрашэвіч, Жанна Капуснікава — яна для стварэння сваіх мастацкіх твораў натхняецца масавай культурай і поп-артам, Валянцін Губараў, Ігар Рымашэўскі і Людміла Шчамялёва выкарыстоўваюць стылістыку лубка. Але гэта ўсё прафесійныя мастакі са сваім свядомым выбарам сродкаў выказвання.

— У постмадэрністаў увогуле бывае складана разабрацца, што кіч, а што мастацтва…

— Так, бо ў постмадэрнісцкай культуры не прынята рабіць падзел на высокія і нізкія жанры. І калі які кітчавы твор перанесці ў мастацкую галерэю і павесіць таблічку з прыдуманай канцэпцыяй… (смех)

— Якія яшчэ тэмы з галіны прафесійнага мастацтва вы разглядаеце ў кнізе?

 — Напрыклад, гарадскую скульптуру. Прафесійнаму кічу ўласцівая схільнасць да натуралістычнасці, каб абывацель мог усклікнуць: “Як у жыцці!” І ў гарадской скульптуры ў нас, я лічу, адбываюцца нехарошыя працэсы. Увогуле, большасць твораў цяпер — “а-ля Жбанаў”, таму што падобнае вітаецца, зацвярджаецца чыноўнікамі. І ў самога майстра Уладзіміра Жбанава ўжо былі розныя скульптуры: можна знайсці і такія, у якіх утылітарная задача пераважвае мастацкую.

— Я разумею, што прыкладаў і ілюстрацый многа ў кнізе, але можна і зараз што-небудзь згадаць?

— Каля Сувораўскай вучэльні ў Мінску стаіць “Маленькі генерал” Уладзіміра Жбанава — басаногі хлапчук у вялікай фуражцы і генеральскім мундзіры не па росце. Вельмі яскравы прыклад кіча: не бачна аўтарскага стылю, работы над пластыкай і цікавай кампазіцыйнай задумы, няма абагуленасці формаў — усё вельмі натуралістычна. А я ўжо згадвала, што натуралістычнасць — адна з галоўных прыкмет прафесійнага кіча.

Як і другаснасць. Калі яшчэ ўзяць што-небудзь усім вядомае — роспіс у Нацыянальнай бібліятэцы: Янка Купала, Якуб Колас з кнігай, Францыск Скарына… Гэтая работа выглядае яўным анахранізмам. Я параўноўваю яе з мазаічнымі пано насупраць Нацыянальнай бібліятэкі, якія амаль 50 гадоў таму стварыў Аляксандр Кішчанка. У тыя часы гэта выглядала натуральна, адпаведна часу. А сучасны роспіс у бібліятэцы карыстаецца ўсё тым жа савецкім пафасным шаблонам.

Звяртаю я ўвагу і на стрыт-арт і выказваю, можа, непапулярную думку. Я ж па адукацыі манументаліст, таму
падобныя формы мяне асабліва цікавяць. Стрыт-арт — мастацтва па ідэі напаўлегальнае: нешта хутка намаляваць балончыкам на актуальную тэму. А ў нас яно набыло нехарактэрныя для яго маштабы, атрымала дзяржаўную падтрымку, стрыт-арт практычна пачаў замяшчаць манументальнае мастацтва — бо навошта траціцца на прафесійных мастакоў, калі можна зэканоміць? Часта гэта выглядае па-дылетанцку, а галоўнае — неадпаведна архітэктурнаму асяроддзю.

Прыгадайце ўсім вядомы мурал, вакол якога гадоў пяць таму вяліся баталіі і які ў выніку замалявалі, — так званы “Анёл смерці” са сталічнай вуліцы Варанянскага. Вельмі яскравы прыклад таго, як сціплы твор, што цалкам мае права на існаванне ў блакноціку мастака, недарэчна апынуўся ў жылым гарадскім асяроддзі, ды яшчэ ў такім памеры: там людзі глядзелі на яго з вокнаў, засыналі з ім і прачыналіся. Дзесьці на гаражы, на сцяне завода — было б, можа, і нармальна. Да муралаў на вуліцы Кастрычніцкай, напрыклад, ніякіх прэтэнзій: там гэта ўсё выглядае як мае быць, на сваім месцы.

— Ці магчыма пазбавіцца кіча хоць бы ў публічнай прасторы, у гарадскім асяроддзі?

 — У мяне, на жаль, няма такіх рэцэптаў. Гэтыя ж працэсы адбываюцца не толькі ў Беларусі — па ўсім свеце. Так што з кічам нам давядзецца жыць, ён нікуды не падзенецца. Але трэба, каб мастацкая супольнасць больш актыўна ўплывала на працэс усталявання твораў у грамадскай прасторы. Трэба, як мінімум, старацца, каб на вуліцах быў не толькі кіч.