НАМІНІРАВАНЫЯ ДЭЛЬФАМІ

№ 42 (860) 18.10.2008 - 24.10.2008 г

Неўзабаве Мінск стане сталіцай V Маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў-удзельніц СНД. У кожнай з нацыянальных каманд ёсць шаснаццаць, па колькасці намінацый, падстаў для перамогі!

Дэлегацыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Кыргызстана, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Узбекістана пакажуць сваё майстэрства пад час V Маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў-удзельніц СНД. Спаборніцтвы будуць праходзіць на 13 пляцоўках горада Мінска з 20 па 26 кастрычніка. Юныя спевакі, выканаўцы на музычных інструментах, мастакі, фатографы, танцоры, будучыя артысты цырка, дызайнеры і дзі-джэі з 10 краін будуць змагацца за права называцца лепшымі ў сваіх намінацыях.

Спаборніцтва па такім сучасным накірунку, як веб-дызайн, адбудзецца ў Мінскім палацы дзяцей і моладзі, адзін са сталічных клубаў прыме дзі-джэяў, Палац культуры МАЗа — канкурсантаў па народным танцы, Маладзёжны тэатр эстрады аб’яднае, адпаведна, эстрадных спевакоў, а Нацыянальная бібліятэка Беларусі — выканаўцаў народных песень. Што да выяўленчага мастацтва, то малодшая ўзроставая група будзе спрабаваць сябе ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка, а старэйшая — у галерэі Акадэміі мастацтваў. Маладыя фатографы выйдуць са сваёй тэхнікай у сквер Янкі Купалы.

У сталічнай дзіцячай музычнай школе № 9 збяруцца цымбалісты, у Дзіцячай школе мастацтваў № 14 — трубачы, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі прыме фартэпіяністаў і баяністаў. У музычнай школе № 7 будуць граць скрыпачы, а ў музычнай школе № 8 — віяланчэлісты. Белдзяржфілармонія правядзе конкурсы па акадэмічных спевах і сучасных танцах, у Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў разыграюць узнагароды цыркачы.

Пад час цырымоніі афіцыйнага адкрыцця Гульняў 21 кастрычніка ў Палацы Рэспублікі адбудзецца тэатралізаванае прадстаўленне. Пасля пройдуць конкурсныя праграмы, а напрыканцы ўсе канкурсанты збяруцца на гала-канцэрт. Ход Дэльфійскіх гульняў будзе ацэньваць прафесійнае журы, у якое ўваходзяць дзеячы культуры і мастацтваў, мастацтвазнаўцы, дэканы факультэтаў ВНУ ў галіне мастацтва. Дарэчы, сістэма ацэнкі ў кожнай намінацыі — свая.

Дэльфійскія гульні арганізаваны пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, Мінгарвыканкама.

Маладыя беларускія творцы маюць вялікія шанцы заваяваць прэстыжныя ўзнагароды на гэтых спаборніцтвах. У канцы верасня прайшлі Сусветныя Дэльфійскія гульні ў Саратаве, дзе нашы суайчыннікі заваявалі 3 залатыя, 2 сярэбраныя і 3 бронзавыя медалі, а таксама атрымалі 7 дыпломаў за высокае прафесійнае майстэрства. А канкурэнцыя на гэтых Гульнях была вельмі вялікая: 61 краіна змагалася за права быць лепшай.


Алена САБАЛЕЎСКАЯ