Магія зашыфраванага тэксту

№ 13 (1504) 27.03.2021 - 02.04.2021 г

Майстэрства маляваных дываноў на Віцебшчыне калісьці квітнела, а ў ХХІ стагоддзі яго даводзіцца адраджаць. Адзін з першых майстроў, што ўсур’ёз заняўся маляванкамі ўжо ў новыя часы, больш за тое — што навучыў і заахвоціў іншых, чый вопыт і веды сталі падмуркам для адраджэння традыцыі на віцебскіх землях, — Ірына ЦЕРАШКОВА з Лёзна, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Яе маляванкі сярод усіх вылучаюцца — Ірына пайшла далей за простае паўтарэнне традыцый, знайшла сваю тэму і выпрацавала сваю стылістыку, да яе дываноў можна ставіцца як да сапраўдных мастацкіх твораў. А менавіта ў гэтым, магчыма, і палягае моц традыцыі — у развіцці. Як сучаснага творцу знайшло мастацтва мінулага і якой магіяй завабіла? — Абмяркуем з Ірынай Церашковай.

/i/content/pi/cult/843/17938/26.jpg— Як адбылася ваша сустрэча з майстэрствам маляваных дываноў?

— Малявала я з дзяцінства, а пасля 10-га класа паехала вучыцца на вітражыста-афарміцеля ў Смаленск, які ад Лёзна параўнальна недалёка. І ніколькі не пашкадавала — нас там вучылі і вітражу, і жывапісу, і роспісу па дрэве: мне гэтая
адукацыя многае дала. Пасля вярнулася ў Лёзна і пайшла працаваць у мясцовы Дом культуры афарміцелем. На той час я практычна нічога не ведала пра народнае мастацтва і больш цікавілася ўсім сучасным — дызайнам, рэкламай. Але ж калі праходзіла міма якой выставы народных рамёстваў, адчувала сапраўдную цеплыню ў душы, мяне гэта вабіла. Неўзабаве як мастак я пачала дапамагаць афармляць выставы ў лёзненскім Доме рамёстваў, і вось тады ўжо адбылася падзея, якая моцна паўплывала на ўсё маё далейшае жыццё. На той момант народным клубам самадзейных майстроў і мастакоў “Крыніца” кіравала Ганна Генадзеўна Ганчарова, і менавіта ад яе я ўпершыню даведалася пра маляваныя дываны. Яна параіла мне як супрацоўніку, што мае патрэбу ў авалоданні нейкім відам народнай творчасці, заняцца менавіта маляванкамі. А Лёзна ў гэтым сэнсе раней не вызначалася, у мінулым у нас, у адрозненне ад іншых раёнаў Віцебшчыны, не было знакамітых майстроў, я маляванак ніколі і не бачыла.

— Атрымліваецца, што выпадак прывёў вас у Дом рамёстваў, і там вы знайшлі тое, чаму потым прысвяцілі сябе як мастак.

— Менавіта. Хаця цяпер я ўжо многае ўмею ў розных відах творчасці, і як рамеснік працую не толькі з маляванкамі. Але што мяне натхняе, чаму я аддаю ўсю сваю творчую энергію і фантазію, — гэта маляваныя дываны. Майстэрства іх стварэння я вывучала па кнігах — бо не было побач жывых майстроў, якія маглі б перадаць традыцыю. У Віцебскім абласным метадычным Цэнтры народнай творчасці мне паказалі маляванкі, што былі ў іх фондах, расказалі пра асаблівасці менавіта віцебскіх, і я пачала спрабаваць рабіць нешта падобнае. Малявала тады ў асноўным кампазіцыі з кветак — так, як у ранейшыя часы было папулярна ў народзе. І ў Лёзне ў дзіцячым гуртку “Маляванка” ўжо іншых вучыла: сама распрацоўвала методыкі, праграмы, практыку і тэорыю.

Але ж пры гэтым я адчувала, што мне моцна не стае больш глыбокіх ведаў і ў фальклоры, і ў народным мастацтве. У Лёзна маляванымі дыванамі займалася я адна, а сам-насам з кнігамі было і складана, і самотна. І я пайшла вучыцца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Вучоба ва ўніверсітэце змяніла ўсё — і маё стаўленне, і мой падыход.

— Ва Універсітэце культуры маляванкі былі ўжо папулярнай тэмай?

— Нас вучылі самым рознам мастацтвам, у тым ліку і маляваным дыванам. Але на курсе ізноў жа я была адзінай, хто іх рабіў, ім я прысвяціла курсавую і дыпломную работы. Там мне пашчасціла навучацца ў Рыгора Фёдаравіча Шауры, які загадвае кафедрай дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а маляванкі — яго вялікае захапленне, ён сапраўдны спецыяліст у гэтай тэме. І ён вельмі ўзрадаваўся, калі я для сябе выбрала менавіта яе. Мы і зараз падтрымліваем стасункі, думаю, яму прыемна бачыць, як вучаніца расце прафесійна.

Але яшчэ адну вельмі значную справу для мяне зрабіў універсітэт — пазнаёміў з беларускай міфалогіяй. Я захапілася і, можна нават сказаць, закахалася ў гэтую тэму. Мне былі цікавыя і вышыўкі з іх старажытнымі сімваламі, і майстэрства набоек па тканіне, і многае іншае. На той час я проста дыхала ўсім гэтым народным. І пачала пісаць зусім іншыя карціны — з вялікімі сюжэтнымі кампазіцыямі на міфалагічныя тэмы. Я ўвогуле лічу, што пра нашу міфалогію дарма забываюцца, а яна і ў XXI стагоддзі можа многае расказаць і нават дапамагчы — калі ведаць і верыць.

/i/content/pi/cult/843/17938/27.jpg— А вы ва ўсё гэта верыце?

— Калі малюю, проста жыву работай, і сапраўды адчуваю магію, містыку — і веру ў яе. Сакральнае мяне вельмі прыцягвае. Зараз часта кажуць, што гэта, маўляў, забабоны, казкі. А як, напрыклад, нам ва ўніверсітэце казаў знакаміты фалькларыст Янка Крук: “Не намі гэта прыдумана…” Я ўпэўнена, што ўсё не проста так.

— Вы не проста адзін з першых на Віцебшчыне майстроў маляваных дываноў новага пакалення, але ж і іншых навучылі, ад вас пайшла цэлая плыня…

— Гэта было ў 2008 годзе, абласны метадычны цэнтр прапанаваў мне правесці курсы для работнікаў Дамоў рамёстваў Віцебскай вобласці. Усім, чаму я навучылася на той час, я і падзялілася з вучнямі. І мне вельмі прыемна, што гэта дало плён. Вось паглядзіце, колькі ўжо майстроў Віцебшчыны прадставілі свае работы на нядаўняй выставе маляванак у Мінску — больш за два дзясяткі! Многія якраз павучыліся на тых курсах. Штуршок сапраўды быў дадзены, мастацтва не знікае, ізноў жыве.

— Вашы маляванкі ўжо даволі адрозныя ад традыцыйных.

— Так, гэта ўжо не паўтор традыцыі, а ўласная творчасць. У маіх дыванах дакладна вызначаная сіметрыя, а ў міфалогіі сіметрыя — гэта вось Сусвету. Я ўключаю ў малюнкі многа старажытных сімвалаў — яны ідуць як дадатковы зашыфраваны тэкст да легенд. Імкнуся не проста прыгожую карцінку зрабіць, а каб у ёй быў сэнс і абавязкова магія.

Дарэчы, мая першая адукацыя як вітражыста нават неяк супала з маёй далейшай дзейнасцю. Вітраж — гэта ж плоскасная выява без аб’ёма, і ўсе дэталі прарысоўваюцца спачатку контурам для большай дакладнасці — і ў маляванках, як правіла, мылам ці крэйдай намячаецца контур. Асноўная ж кампазіцыя часта малюецца адразу пэндзлем, але я для сябе абрала трафарэтны спосаб — гэта дапамагае вытрымліваць сіметрыю, якую я лічу вельмі важнай. У сэнсе, у маіх карцінах няма ні перспектывы, ні аб’ёму, а калі мне хочацца задні план намаляваць, ён у мяне размяшчаецца зверху: і гэта якраз у традыцыях, у правілах маляваных дываноў. У мяне атрымліваюцца кшталту статычныя карцінкі, але я часта чую, што яны — жывыя, калі на іх глядзіш.

— Раскажыце нам, калі ласка, гісторыі асобных магічных дываноў.

— Адна з маіх першых карцін — “Варажэя”, на купальскую тэму. Традыцыйна малююцца русалкі, вянкі, вогнішча. Мяне ж больш зацікавіла, што ў гэты час адбываецца ў самой прыродзе. У старажытныя часы людзі лічылі — у дзень летняга сонцастаяння вада зараджаецца магічнай энергіяй, і расліны, што пітаюцца вадой, самі робяцца магічнымі. Я намалявала лясное возера, з якога выйшлі цудоўныя дзевы, празрыстыя, як сама вада. Іх валасы струменяцца вадаспадамі і зараджаюць ваду, а потым і ўсе расліны магіяй. А ў кайме ў гэтага дывана (адно з галоўных правіл маляванак, што павінна быць кайма, як правіла з кветак і бутонаў) — адлюстраванні Месяца і хвасты русалак: гэта дадало магічнага зместу. І я па-новаму выкарыстала фарбы — імкнулася дасягнуць эфекту празрыстасці.

“Блакітная крыніца” — у Слаўгарадскім раёне ёсць Блакітная крыніца з гаючай вадой. Я там пабывала, сама акунулася, а потым даведалася легенду — як прыгожая дзяўчына, што павінна была выйсці замуж за нялюбага, сказала: “Лепей стану крыніцай і буду служыць людзям”. Вярнулася дадому, і намалявала, як дзяўчына ператвараецца ў крыніцу.

Маляванка “Макаш — ніці лёсу” натхнёная думкамі пра тое, што жыццё — найвялікшая каштоўнасць, а я часта бачу, як людзі абсалютна яе не цэняць. Славянская багіня Макаш у міфалогіі звязаная з прадзеннем і ткацтвам, але акрамя таго — Макаш прадзе нябесныя ніці лёсаў. А яшчэ Макаш — багіня дажджу, урадлівасці. І я вырашыла не маляваць яе ў выглядзе жанчыны, а выявіць як яблыню — сімвал урадлівасці, што плаўна пераходзіць у прасніцу, якая прадзе нябесныя ніці, ніці чалавечых жыццяў — і даўгія, і кароткія. Гэтай работай мне хацелася сказаць людзям, каб яны цанілі сваё жыццё, каб разумелі, што ўсё можа абарвацца раптоўна, і не марнавалі дараваны ім час.

— А якую з вашых маляванак можна назваць самай папулярнай?

— Не тое што папулярнай, але яна вабіць людзей і пабывала на многіх выстаўках — “Мост закаханых у мястэчку Лёзна” з прысвячэннем Марку Шагалу. Лёзна ж сапраўды звязанае з Шагалам, у нас тут і яго родныя жылі, і ён сюды прыязджаў. А быў у нас калісьці навясны мост, які называлі Мостам закаханых — бо яны там сустракаліся. На тым месцы цяпер новы мост. А Шагал і сам масты маляваў. І я намалявала сустрэчу мастака з Бэлай на нашым лёзненскім Мосце закаханых і само Лёзна, якім яно раней было, — з козамі, што хадзілі па вуліцах, і усім астатнім. Гэтая маляванка была на фестывалі ў Віцебску, на вялікім фестывалі ў Маскве.

— А вы не думалі, што ўсё гэта магло б быць не дыванамі, а звычайнымі карцінамі?

— Так, маглі б быць і проста карціны. Але нешта чароўнае, нешта глыбіннае, мне здаецца, яны б згубілі. Мяне вабіць менавіта  народная творчасць, якаяабапіраецца на старажытнае, магічнае. А, можа, да карцін я проста яшчэ не дарасла. Зараз хачу стварыць такую годную калекцыю і правесці выставу, цалкам прысвечаную нашым міфам і легендам — і каб яны былі адлюстраваны менавіта ў маляванках як у абсалютна ўнікальнай мастацкай форме.