Фестывалі ў гонар новых аграгарадкоў

№ 41 (859) 11.10.2008 - 17.10.2008 г

— Якія ў нас адметнасці? — перапытвае начальнік аддзела культуры Вілейскага райвыканкама Сяргей Паўлоўскі. — Па шчырасці, нават губляюся, з чаго пачаць. Народныя калектывы з вялікай гісторыяй і гучнымі імёнамі, новыя тыпы ўстаноў культуры, дзе жывуць старадаўнія традыцыі, майстры, якім давяраюць прадстаўляць краіну на міжнародным узроўні, адзіны на Беларусі музей, прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны, які стварыў вядомы мастак Барыс Цітовіч... Дык што ж вас цікавіць найперш?

І сапраўды, для цэласнага адлюстравання хаця б толькі зрэзу культурнага жыцця Вілейскага краю фармат артыкула недапушчальна малы. Але мае перасцярогі адносна таго, што матэрыял атрымаецца занадта эпізадычны, не спраўдзіліся: уражанні ад камандзіроўкі знітоўваліся адным лейтматывам. Ён амаль тоесны галоўнай ідэі свята работнікаў культуры: звярнуць увагу на асобы тых, каго мы ведаем перадусім дзякуючы іх справам.

 
Помнік — ад слова “памятаць”
Пытанне, адкуль трэба пачынаць знаёмства з Вілейскім краем, сёння ўжо ні ў кога не паўстае: вядома ж, ля далікатнай постаці Ульяны, ці Вілляны, чые слёзы, калі верыць легендзе, спарадзілі знакамітую раку і, адпаведна, назву горада на яе беразе.Легенда пра Ульяну, вядома, прыгожая, але ў дадзеным выпадку большай увагі вартая гісторыя ейнага ўвасаблення ў скульптурнай кампазіцыі, якая ўжо стала адным з сімвалаў краю. Яе аўтар, вядомы скульптар Уладзімір Слабодчыкаў, які родам з гэтых мясцін, не ўзяў за сваю працу ні капейкі, а сродкі на рэалізацыю праекта, што ўключаў таксама і добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі, выдаткавалі мясцовыя ўлады.
 /i/content/pi/cult/179/1793/R_Minsk1.jpg

Начальнік аддзела культуры Вілейскага райвыканкама Сяргей Паўлоўскі.

Прычым ушанаванне заснавальніцы горада зусім не адзінкавая ініцыятыва — гэта чарговы крок мэтанакіраванай дзейнасці раённых улад па ўвекавечванні сваёй гісторыі ў камені.Іншыя захады такога плана тычацца постацей рэальных, а не міфічных: Ігнація Ходзькі, Адама Гурыновіча, Піліпа Орліка, а таксама ахвяр абедзвюх сусветных войнаў… У апошнія гады раён выйшаў у рэспубліканскія лідэры па колькасці ўсталяваных тут памятных знакаў, прысвечаных слынным землякам.
— Калісьці вельмі даўно мне падавалася, што зямля наша нічым асабліва не адметная, — зацішны правінцыйны куток, — распавядае старшыня Вілейскага райсавета дэпутатаў Яўген Ігнатовіч, які некалі, дарэчы, кіраваў раённым гісторыка-краязнаўчым музеем. — Але потым, калі стаў глыбока вывучаць гісторыю свайго краю і даведаўся, колькі важных гістарычных падзей тут адбывалася, колькі выдатных творцаў адсюль паходзіць, дык быў сапраўды ўражаны тым, якую багатую маем мінуўшчыну. Таму трэба прыкладаць усе магчымыя высілкі, каб людзі пра яе ведалі і памяталі.

Сапраўды, этымалогія слова “помнік” — відавочная. Усталяванне памятных знакаў у раёне каардынуе адмысловы Савет па захавані гісторыка-культурнай спадчыны, у які ўваходзяць краязнаўцы, гісторыкі, архітэктары.

Новая задума Савета, якая неўзабаве мае ажыццявіцца, — мемарыял “Памяці зніклых вёсак”.

— За апошнія сто гадоў з карты раёна зніклі каля 250 вёсак, — распавядае Яўген Ігнатовіч. — Прычыны розныя: і натуральнаестарэнне, і колішняе “ўзбуйненне”, і будаўніцтва Вілейскага вадасховішча… Вёсак тых ужо не вернеш, але ж не хацелася б, каб і памяць пра іх была сцёрта незваротна. Паводле праекта, цэнтральная частка мемарыяла здалёк нагадвае сваімі абрысамі звычайную вясковую хату. Але, падыходзячы бліжэй, усведамляеш, што гэта адно толькі алегарычны вобраз. Маёй роднай вёскі таксама сёння не знойдзеш на карце. Але я мару, каб мае праўнукі і прапраўнукі памяталі яе назву.

Ацаніўшы выдатную ідэю мемарыяла, скіраваў гутарку ў больш прыземленае рэчышча і пацікавіўся, адкуль жа бярэцца фінансаванне на ажыццяўленне гэтых праектаў.

— Перадусім, вядома, з райбюджэту,— адказаў Яўген Ігнатовіч, — але і спонсары нам дапамагаюць таксама. Ну, а частка працы робіцца сваімі сіламі, пад час суботнікаў. Тым болей, памятныя знакі, якія мы ўсталёўваем, не такія і дарагія — вядома, у грашовым эквіваленце.

Дарэчы, менавіта Яўген Ігнатовіч выступіў ініцыятарам і ўзначальваў каардынацыйны Савет такой шырокавядомай акцыі, як леташняя Міжнародная экспедыцыя па Віліі, якая дакладна паўтарала маршрут графа Тышкевіча 150-гадовай даўніны. Па вялікім рахунку, гэта таксама помнік, толькі нерукачынны. Як і шыкоўны альбом “Мастацкія скарбы Вілейскага краю”, выдадзены сёлета за кошт раённых сродкаў. Большая яго частка прысвечана знакамітым мастакам, чый лёс быў так або іначай звязаны з гэтымі мясцінамі: не толькі аднаму са стваральнікаў мазаік у Ісакіеўскім саборы Нікадзіму Сілівановічу і класіку польскага авангардызму Уладзіславу Стрэмінскаму, але і нашым сучаснікам. Пасля знаёмства з гэтым альбомам ужо ніхто не скажа, што Вілейшчына абдзелена талентамі.

Рэп у акадэмічнай апрацоўцы

Сказаць, што харавыя калектывы, створаныя заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь Анатолем Шагавым, прагрымелі па ўсёй краіне, было б нетактоўна ў дачыненні да іх.

Яны не прагрымелі, а — далікатна прагучалі. Але так, што ўся краіна пачула. Харысты з “Любаніі” ўзялі ўдзел у канцэртнай частцы ІІІ Усебеларускага народнага сходу. Пераконваешся, што самадзейныя артысты могуць выступаць упоравень з прафесіяналамі: — Мы выконваем партытуры той самай складанасці, што і найлепшыя прафесійныя калектывы Беларусі, — без адцення пахвальбы адзначае былы галоўны хормайстар Дзяржаўнага хору Рэспублікі Беларусь, які збегам жыццёвых абставін трапіў у Вілейку.

 /i/content/pi/cult/179/1793/K_Minsk4.jpg

Дружны калектыў навучэнцаў Цэнтра мастацкай творчасці.

Мусіць, менавіта з гэтай прычыны былы эканаміст вілейскага завода “Зеніт” і актыўны ўдзельнік “Любаніі” Васіль Браім патрапіў у склад таго самага праслаўленага калектыву і атрымаў званне заслужанага артыста краіны.

Жыццё “Любаніі” насычана падзеямі. Не так даўно ў межах хору ўтварылася чыста мужчынская група — не толькі па складзе, але і паводле спецыфікацыі: “Ваяры” робяць экскурс у старадаўні ваенна-гераічны эпас — тэму старадаўнюю, але ў вывучэнні і ўвасабленні пакуль яшчэ новую.

А дзіцячы калектыў “Cantus”, створаны маэстра пры школе мастацтваў, якую ён узначальвае, мае ўзнагароды разнастайных фестываляў — пакуль рэгіянальных, але з прыцэлам на міжнародныя. Прынамсі, пра гэта сведчаць прома-матэрыялы хору: кампакт-дыскі і буклеты на англійскай мове.

— А як жа! — адказаў Анатоль Шагаў на пытанне, ці сам ён шукае ангажэмент для свайго калектыву. — Менавіта кіраўнік павінен наконт гэтага “круціцца”, бо іначай нічога не будзе!

На фотаздымках у буклетах юныя ўдзельнікі “Cantus” выяўлены ў самых розных вобразах. Гэта стала магчымым дзякуючы падтрымцы райвыканкама, які выдаткаваў ажно 42 мільёны рублёў на сцэнічныя касцюмы для хору. Бо такой разнастайнасці патрабуе сам рэпертуар.

— Мы выконваем перадусім класіку, духоўныя спевы, — кажа кіраўнік калектыву. — Але таксама і джаз, і нават рэп. Не верыце? Зараз я вам пастаўлю запіс.

І вось, пасля харавой інтэрпрэтацыі знакамітай “Малітвы” і сапраўды гучыць рэпавы рэчытатыў. Але функцыю звыклых для гэтай музыкі электронных бітаў выконвае... раяль. Класіка ў фармаце рэпа — гэта ўжо, напэўна, было, а вось рэп у фармаце класікі…

Нельга было абмінуць і пытанне, адкуль жа з’яўляюцца ўсе тыя таленты ў не такім і вялікім гарадку. Тым болей, харавыя спевы сёння не самы папулярны жанр мастацтва… З адказу Анатоля Шагава вынікае, што добрымі спевакамі не нараджаюцца. А потым ён дадае:

— Проста, трэба верыць у тое, што робіш.

Беларуская версія арыгамі

Па шчырасці, пра тое, што такое арыгамі, я даведаўся толькі патрапіўшы ў Вілейскі цэнтр мастацкай творчасці навучэнцаў. Але галоўнай прычынай здзіўлення стала нават не сама наяўнасць народнай студыі, што спецыялізуецца на гэтым відзе мастацтва, а тое, што педагогам Цэнтра ўдалося вынайсці папраўдзе беларускую версію традыцыйнага японскага ўмельства стварэння фігурак з паперы. І спалучэнне нацыянальных традыцый такіх, здавалася б, далёкіх краін адбылося наўздзіў арганічна. Японскія дыпламаты, якім даводзілася пабываць у Цэнтры, прыемна здзіўляліся.

 /i/content/pi/cult/179/1793/K_Minsk3.jpg

Арыгамі, створанае па-беларуску.

Гадоў дваццаць таму некалькі такіх цэнтраў паўсталі на Міншчыне ў якасці эксперыменту, што ставіў сабе за мэту зрабіць эстэтычную адукацыю ўсеагульнай. І ў вілейскім выпадку спроба удалася: сёлета лік выхаванцаў Цэнтра пабіў усе рэкорды — амаль паўтары тысячы чалавек!

Але ці прыносіць гэты “ўсенавуч” свой плён, або заняткі эстэтычнага цыкла ўспрымаюцца шкалярамі адно як “абавязалаўка”?

— Мы робім усё, каб зацікавіць дзятву, дбайна рыхтуем кожны занятак, каб ён быў яркім, запамінальным. І, ведаеце, паразуменне знайсці ўдаецца! — кажа дырэктар Цэнтра Таццяна Захарыч.

Вядома, абсалютная большасць тых, хто пераступае гэты парог, абмяжуецца адно базавым экскурсам у “свет хараства” — што, зрэшты, таксама карысна для агульнага развіцця асобы. Але, без сумеву, знойдуцца і тыя, хто абярэ служэнне музам за прафесію: трое сёлетніх выпускнікоў Цэнтра сталі студэнтамі творчых ВНУ.

— Мы імкнёмся стварыць тут утульную, папраўдзе хатнюю атмасферу,— кажа намеснік дырэктара Цэнтра Галіна Гуркіна. — Гэта ўдаецца — дружны калектыў, які складаецца спрэс з абаяльных і інтэлігентных жанчын, стаў сапраўднай непадзельнай сям’ёй.

Натхнёна апавядаючы пра сваю працу, педагогі Цэнтра падзяліліся і даўняй марай: “эстэтызаваць” прылеглую да свайго будынка тэрыторыю (а памеры яе досыць вялікія), стварыўшы тут Дзіва-сад.

Паколькі густам аўтары гэтай задумы не абдзелены, можна спадзявацца, што плады ў гэтым садзе вырастуць сакавітыя.

Пасля ЗАГСа — у музей

Здавалася б, такі маршрут выглядае досыць дзіўна. Пабраўшыся шлюбам, маладыя звычайна сядаюць за гаманлівы вясельны стол у форме літары “П”, над якім гучыць громападобнае “Горка!”. Музейная ціша атмасферы такога свята зусім не пасуе.

Тым не менш, з нядаўняга часу ля выставачнай залы Вілейскага краязнаўчага музея нярэдка паркуюцца ўпрыгожаныя паветранымі шарыкамі і стужкамі машыны. Супрацоўнікі музея прапануюць сказаць “Горка!” па-беларуску”: менавіта так называецца тая павучальная забава, якая дазваляе ўстанове добра выконваць план платных паслуг. Попыт на яе — выключны.

 /i/content/pi/cult/179/1793/K_Minsk2.jpg

Дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея Сяргей Ганчар за вясельным сталом.

Па словах дырэктара музея Сяргея Ганчара, увядзенню паслугі папярэднічалі сур’ёзныя навуковыя даследаванні, пакліканыя выявіць і карпатліва вывучыць асаблівасці традыцыйных вясельных абрадаў менавіта ў гэтых мясцінах. Маладыя могуць не толькі пачуць старадаўнія песні і прайсці праз вясельную Арку шчасця, але і пакаштаваць традыцыйныя вясельныя прысмакі, а потым выявіць сваё ўменне карыстацца прыладаміпрацы прадзядуль і прабабуль. Хтосьці атрымлівае цалкам новыя навыкі, але бываюць выпадкі, калі маладыя самі каго хочаш могуць навучыць часаць лён або карыстацца рарытэтным правобразам электрадрыля.

Яшчэ адным спосабам выканання плана платных паслуг сталі для музея зменныя выстаўкі — балазе наяўнасць сваёй выставачнай залы дазваляе іх праводзіць.

— І, ведаеце, людзі да нас пайшлі! — канстатуе дырэктар музея. — Нават улетку, у “мёртвы”, падавалася б, сезон. Бывае, што пад 200 індывідуальных наведвальнікаў за дзень прыходзіць. Але, вядома, дзеля гэтага трэба дбаць пра добрую рэкламу: не проста афішы на слупах, а прыстойныя расцяжкі.

Пытаць Сяргея Паўлоўскага пра тое, ці паспяхова спраўляецца з абавязкамі кіраўніка гэты малады спецыяліст, было, відавочна, залішне. Тым болей, яго энтузіязму хапае не толькі на раённы музей, але і на свой уласны — у роднай Рабуні. Працуючы над дысертацыяй, прысвечанай беларускаму арнаменту, Сяргей Ганчар стаў паціху збіраць цікавыя этнаграфічныя матэрыялы — і ў выніку на яго падворку паўстаў сапраўдны музей, фонд якога налічвае каля 700 адзінак. Ёсць сярод іх і дужа рарытэтныя ўзоры народнай культуры.

Давяраць маладым пасады кіраўнікоў на Вілейшчыне не баяцца. У гэтым пераконваешся, калі трапляеш да дырэктара раённага метадычнага Цэнтра народнай творчасці Тэрэсы Закрэўскай і загадчыка аўтаклуба Вольгі Шляпо.

З’яўленне “ўстановы на колах” у раёне стала доўгачаканым: ладзіць выправы ў маланаселеныя вёскі (а іх на Вілейшчыне больш за 400) без адмысловага транспарту было праблематычна. Што да вялікіх вёсак, дык на Вілейшчыне з’явілася адметная традыцыя: у год ператварэння вёскі ў аграгарадок ладзіць там раённы фестываль.

— Ёсць у нас і ўстанова, якую мы называем Народным домам, — кажа Тэрэса Закрэўская. — Гэта ў Талуці — там, на энтузіязме работнікаў, паўстаў адзін з першых у вобласці Цэнтр рамёстваў. І вось, сёлета ён атрымае статус Дома традыцыйнай культуры. Ёсць у нас яшчэ Дом майстроў у Каловічах: там збіраюцца ўмельцы з навакольных вёсак, каб разам бавіць вольны час і дзяліцца досведам.

А вось у галоўнай “стацыянарнай” установе раёна — Вілейскім доме культуры — канцэртыпакуль не ладзяцца: у глядзельнай зале віруе рамонт. Але ўжо праз месяц ён мае завяршыцца: без канцэртнай пляцоўкі ў Вілейцы як без рук.

* * *

Пад час знаёмства з культурнымі адметнасцямі Вілейшчыны неаднаразова пераконваўся ў тым, якую важную ролю адыгрывае ў культуры “чалавечы фактар” — тыя руплівыя і неардынарныя асобы, якія стаяць за важнымі пачынамі. І з асобамі, і з пачынамі краю пашчасціла — не раўнуючы, быццам з прыроднымі багаццямі.

За Сяргея Паўлоўскага можна толькі парадавацца: яму даводзіцца кіраваць людзьмі неардынарнымі. І трэба зазначыць, што, насуперак пэўным стэрэатыпам, знаходзіць з імі паразуменне ўдаецца нязмушана, — прынамсі, такое ўражанне склалася пад час гэтай камандзіроўкі. Ці то справа ў здольнасцях кіраўніка слухаць і прыслухоўвацца, ці то — ва ўнутранай культуры саміх асоб… А можа, абодва адказы — слушныя.


Ілля СВІРЫН,
наш
спецыяльны карэспандэнт
МінскВілейскі раёнМінск
Фота
аўтара