“Гуканне” і раней праводзілася ў славутай Вязынцы. Але гэтым разам дадаўся яшчэ снегапад і завіруха, што толькі падахвочвала гучней заклікаць вясну прыйсці хутчэй і прагнаць зіму. Уласна, у гэтым і ёсць сэнс старажытнага беларускага абраду.
Традыцыйна, у праграме былі загукальныя спевы на гары (з кульмінацыйным момантам, калі ў неба ўзлятаюць печаныя птушкі), а таксама гульні (“Цяцёрка” і іншыя), вясновыя карагоды “Явар” і “Баяры”, гушканне на арэлях, лекцыя Вольгі Бабурынай “Выцінанка ў беларускай традыцыі. Кампазіцыі. Тэхнікі. Сімвалізм”, майстар-клас па птушках з паперы і віктарына ад ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Былі народныя танцы ад клуба “Сіта” і спевы ад фальклорнага гурта “Горынь”. Даволі насычаная праграма дазваляла кожнаму знайсці што-небудзь для душы. Можна было азнаёміцца і з экпазіцыяй музея. Безумоўна, асаблівую радасць свята даставіла дзецям, многія з якіх былі ў народных строях.
Прысутнічалі на “Гуканні” і народныя майстры, якія арганізавалі невялічкі кірмаш, каб кожны ахвочы мог пакінуць сабе на ўспамін якую-небудзь памятку.