“Той, хто любіць папраўдзе, ён ціха Слова роднае ў сэрцы спяліць…”

№ 12 (1503) 20.03.2021 - 27.03.2021 г

Пра аматарку, якая ўмее любіць
Да знаёмства з выхавацелькай беларускамоўнай группы дзіцячага садка № 8 горада Смаргоні я ведала толькі адну жанчыну з імем Эдзіта. Не буду арыгінальнай — Эдзіту П’еху. Ну, і яшчэ Эдзіт Піаф. У Смаргоні ж ёсць свая славутасць — Эдзіта Бранцэвіч. Калі б мне давялося адказаць на пытанне, што аб’ядноўвае гэтых жанчын, я б адказала: найперш, прыемны голас. Яны велічныя, ведаюць сабе цану і любяць тое, чым займаюцца.

/i/content/pi/cult/842/17921/018.jpgЯк чысты ліст паперы

Эдзіта родам з Астравеччыны, з Міхалішак. Скончыла Лідскае педвучылішча, беларускае аддзяленне філфака БДПУ імя Максіма Танка. Адзінаццаць гадоў адпрацавала настаўніцай пачатковых класаў. А пасля зрабіла перапынак у педагагічнай дзейнасці — дачушка пачала хварэць, і на сямейным савеце вырашылі, што маці павінна больш увагі надаць свайму дзіцяці. Але гэты перапынак не быў застоем для Эдзіты-асобы, Эдзіты-педагога. Яна скончыла курсы коўча, і праз інтэрнэт пачала кансультаваць людзей.

“Коўч” азначае “асабісты трэнер”, “рэпетытар”, які літаральна цягне падапечнага да поспеху. Галоўная задача коўчынгу — не развіццё асобы, а вызначэнне мэтаў і стварэнне плана для іх дасягнення. Коўч не вучыць, не фарміруе, не развівае, ён накіроўвае мысленне чалавека так, што той знаходзіць сам адказы на свае пытанні і варыянты рашэння праблем.

“Я стала працаваць з дарослымі і зразумела, што практычна ўсе іх праблемы — родам з дзяцінства, — кажа Эдзіта, — і гэты факт, у нейкай ступені, вызначыў мой далейшы педагагічны шлях. Калі дачка падрасла, я вярнулася да дзяцей, толькі не ў школу, а ў садок. Вырашыла, што буду працаваць з маленькімі выхаванцамі, якія, пакуль, як чысты ліст паперы. На 3—6-гадовае дзіця можна яшчэ моцна паўплываць, каб яно вырасла шчаслівым, упэўненым у сабе. І бацькі, калі дзіця малое, таксама яшчэ гатовы ўдасканальваць свой светапогляд у адносінах да яго. Чатыры гады я адпрацавала ў садку і магу сказаць, што наша ўзаемная праца дала свой плён”.

/i/content/pi/cult/842/17921/019.jpgЗнайсці цырульню

Эдзіце прапанавалі беларускамоўную групу, яна з радасцю пагадзілася і тут жа стала думаць, як зацікавіць дзяцей гаварыць на роднай мове, як разнастаіць іх дашкольныя будні. Што найперш зрабіла выхавацелька? Стала шукаць асяродак, дзе гучыць не “калькаваная” беларуская мова, а жывая, сакавітая. Дзе можна сваю мову ўдасканальваць. І знайшла. Аказалася, такіх людзей шмат у Беларусі.

А пасля Эдзіта Бранцэвіч стала ствараць аўтарскія праекты. Дзеці пачалі не толькі размаўляць па-беларуску, але і спяваць беларускія песні, танцаваць народныя танцы, гуляць у народныя гульні, забаўляць трапнымі беларускімі прымаўкамі, “Гукаць вясну”, разам з бацькамі, ствараць казкі, цікавыя, змястоўныя, і, самае галоўнае, — з адметнымі менавіта нашай, беларускай культуры героямі і персанажамі.

Выхавацелька вывела дзяцей за межы дашкольнай установы, туды, дзе таксама гучыць беларуская мова. Яны наведалі гісторыка-краязнаўчы музей, касцёл Святога Міхала Арханёла, народны гісторыка-этнаграфічны музей у СШ № 5, “Зімовы сад” у Смаргонскім політэхнічным ліцэі… Эдзіта Эдуардаўна наведала ні адну цырульню з просьбай правесці там экскурсію па-беларуску. Толькі адна пагадзілася прыняць юных наведвальнікаў у дзень роднай мовы і правесці для іх майстар-клас па доглядзе за валасамі. Такім чынам дзеці і іх бацькі, якія пастаянна ўдзельнічаюць у праектах Эдзіты Бранцэвіч, яшчэ раз пераканаліся, што беларуская мова жыве не толькі ў вершах і песнях, як гістарычная з’ява, яна прыгожа і арганічна акружае нас у паўсядзённым жыцці.

Калі планавалася паездка ў Крэва, Эдзіта Эдуардаўна склала цэлую ілюстраваную кнігу “Нізка гісторый, адаптаваных для дзяцей дашкольнага ўзросту”. Дзеці малявалі, канструявалі, гулялі ў Крэўскі замак, правяралі веды ў бацькоў па гісторыі Крэва.

“Любоў, міласць, пачуццё гонару і павагі да Радзімы — не пустыя словы. Гэтыя пачуцці растуць разам з людзьмі з самага дзяцінства, варта іх толькі абудзіць, — упэўнена Эдзіта Бранцэвіч. — Менавіта з маленства дзіця вучыцца цаніць важныя чалавечыя якасці: працавітасць, кемлівасць, сціпласць, дбайнасць, ашчаднасць, гаспадарлівасць. Каб іх выхоўваць, мне вельмі дапамагаюць веды па этнапедагогіцы.”

Казка і маляванка

Праект Эдзіты Бранцэвіч “Дзіцячыя строі ХІХ стагоддзя смаргонскай зямлі” — не імітацыя, не разважанне “на тэму”, гэта дакладна вывучаны матэрыял і ўвасоблены ў рэальнасць. Шэсць відаў вілейскіх строяў (менавіта такія насілі на Смаргоншчыне), у адпаведнасці з узростам дзіцяці, распрацавала разам з дачкой, будучым дызайнерам адзення, а спецыяліст з садка пашыла.

Сама Эдзіта Эдуардаўна вельмі актыўна прапагандуе наш рэгіянальны строй, які стварыла разам з дачкой. Часта наведвае розныя мерапрыемствы фальклорна-этнаграфічнай тэматыкі, якія ладзяцца на Смаргоншчыне і за яе межамі. Добра танцуе беларускія традыцыйныя танцы.

І яшчэ адзін надзвычай цікавы сюрпрыз для дзяцей выхавальніца падрыхтавала напярэдадні гэтага навучальнага года — стварыла кнігу (яна ўнікальная, самаробная, у адным экзэмпляры) казак паводле маляванак Ніны Бохан.

Нядаўна шырокаму колу смаргонцаў адкрылася імя самабытнай мастачкі Ніны Бохан, якая на працягу трыццаці гадоў стварала маляванкі і карціны. Імі жыхары Смаргоншчыны аздаблялі сваё жыллё. Эдзіта Эдуардаўна ўпэўнена: “Спадчыну мастачкі, якую ўдалося захаваць да нашых дзён, варта не толькі зрабіць вядомай для шырокай аўдыторыі дарослых, але і знаёміць з ёй дзяцей, пачынаючы з дзіцячага садка.

З гэтай мэтай я і стварыла кнігу казак, сюжэты якіх будуюцца вакол важных для беларусаў каштоўнасцяў: любові да свайго краю, сям’і, гармоніі прыроды і чалавека, працавітасці, ушанаванні людскіх талентаў, а таксама на аснове гісторыі і культуры Беларусі.

Усе казкі праілюстраваны фотаздымкамі маляванак Ніны Бохан. Пасля кожнай казкі дзецям прапануюцца гульні і творчыя заданні па развіцці маўлення і выяўленчым мастацтве. Дзеці могуць размаляваць любімых герояў, скласці па сюжэту пазлы, стварыць свой дыван з дапамогай цікавых штампаў, атрымаць налепку за лепшы адказ па змесце казкі, пагуляць у моўныя і дыдактычныя гульні і многае іншае. Усе заданні распрацаваны згодна з узроставымі асаблівасцямі дзяцей і праграмнымі патрабаваннямі дашкольнай адукацыі”.

Дыдактычныя матэрыялы да заданняў — прыгожыя, яскравыя і зручныя ў выкарыстанні — змешчаны ў электронны дадатак, якім могуць карыстацца выхавальнікі і бацькі па сваёй патрэбе, раздрукаваць іх у залежнасці ад колькасці дзяцей.

Няўрымслівая, улюбёная ў сваю работу і сваіх выхаванцаў Эдзіта Бранцэвіч заняла пачэснае месца на смаргонскім педагагічным небасхіле. Зрабіла так, што бацькі не толькі не баяцца афармляць дзяцей у беларускамоўную групу, але і аддаюць перавагу менавіта гэтай выхавацельцы і роднай мове.

Галіна АНТОНАВА

Смаргонь

Фота з архіва Эдзіты БРАНЦЭВІЧ