Новыя стратэгіі “Беларусьфільма”

№ 12 (1503) 20.03.2021 - 27.03.2021 г

У кінастудыі “Беларусьфільм” слаўная гісторыя. А вось яе будучыня і дзень сённяшні ўжо не першы год хвалююць і творцаў, і аматараў кіно, ды й проста ўсіх тых, хто неабыякавы да нашай беларускай культуры. У новы 2021 год “Беларусьфільм” увайшоў з новымі планамі і стратэгіямі, якія павінны наблізіць яго да выхаду з крызісу: паводле слоў генеральнага дырэктара Уладзіміра КАРАЧЭЎСКАГА, ідзе сур’ёзная “перазагрузка мадэлі”. Пра тое, што змянілася і змяняецца, якія няпростыя рашэнні даводзіцца прымаць, чаго і калі варта чакаць, мы і пагаворым з Уладзімірам Карачэўскім. Дарэчы, Нацыянальную кінастудыю ён узначаліў якраз у сакавіку тры гады таму.

/i/content/pi/cult/842/17915/012.jpg— Мінулы год быў няпростым для ўсёй кінагаліны, з-за пандэміі “Беларусьфільм” таксама многага не зрабіў. Але ж праблемы ў нашай кінастудыіі даўнія — і фінансавыя, і творчыя. Які стан спраў на гэты момант?

— На пачатку хачу ўсім нагадаць, што “Беларусьфільм” з’яўляецца рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам, гэта значыць — камерцыйнай арганізацыяй. Многія чамусьці думаюць, што наша кінастудыя ўтрымліваецца за кошт бюджэтных сродкаў — насамрэч гэта не так, мы забяспечваем сябе самі. І ў нас не толькі вытворчасць фільмаў і іх продаж, але і праца цэлай кінафабрыкі, прадастаўленне розных паслуг і многае іншае, у нас вялізнае прадпрыемства з даволі значнымі выдаткамі — пачынаючы ад камунальных плацяжоў і заканчваючы зарплатай супрацоўнікам. Міністэрства культуры можа толькі вылучыць пэўную суму на набыццё асноўных сродкаў — напрыклад, новай камеры ці камп’ютара.

Пры гэтым “Беларусьфільм” адна з тых рэдкіх кінастудый, якая захавалася ў звыклай за савецкім часе форме — як нацыянальная кінастудыя (а яны раней былі цалкам дзяржаўнымі і фінансаваліся дзяржавай), але абавязак на ўтрыманне прадпрыемства цяпер ускладзены на нас саміх, і нават каб мець дзяржаўны заказ на вытворчасць фільма, мы нароўні з іншымі кампаніямі ўдзельнічаем у тэндарах і конкурсах, і не факт, што іх выйграём. З гэтага і вынікаюць меры, якія мы вымушаны прымаць, вынікае неабходнасць перазагрузкі самой эканамічнай мадэлі нашай кінастудыі.

— Зараз ідзе гаворка пра выкананне “дарожнай карты”  — пэўнага плана дзеянняў на бліжэйшы час. Што маецца на ўвазе?

— Гэта ўжо другая “дарожная карта”. Першая была яшчэ ў 2018 годзе, і многае з яе мы здолелі выканаць. Напрыканцы мінулага года мы ўзгаднілі новую праграму з комплексам мер па выхаду з крызісу, па скарачэнні выдаткаў і павелічэнні даходнай часткі, і цяпер працуем па ёй. Распрацаваны новыя стратэгіі па стварэнні фільмаў, па прасоўванні паслуг кінастудыі на сусветныя рынкі, па пачатку супрацоўніцтва ў капрадукцыі з тымі краінамі, з якімі раней не працавалі, і гэтак далей.

/i/content/pi/cult/842/17915/013.jpgБеларускае кіно на Netflix?

— Шырокую публіку найбольш, зразумела, цікавяць фільмы, якія здымае і будзе здымаць кінастудыя. Новая стратэгія па стварэнні фільмаў — што гэта?

— Тут ізноў жа трэба зрабіць рэмарку, што наша кінастудыя з’яўляецца нацыянальным стратэгічным аб’ектам, і акрамя ўсяго павінна выконваць задачы, якія не стаяць перад іншымі кінавытворчымі арганізацыямі: мы не можам займацца толькі бізнесам і камерцыйным кіно, а маем абавязак здымаць і тое, што не заўсёды можа акупіцца, — сацыяльна значныя праекты, маючыя выхаваўчую і адукацыйную скіраванасць, праекты, што працуюць на імідж краіны. Прыкладна мы вызначылі, што і колькі ў такім накірунку хочам зняць у бліжэйшыя два гады. Будуць, зразумела, стужкі ваенна-патрыятычнай тэматыкі, звязаныя з гісторыяй нашай краіны, карціны для сямейных праглядаў. Сярод іншага будзем рабіць фільмы пра сучасную Беларусь — яны павінны здымацца маладымі рэжысёрамі. І зараз мы плануем вывучыць сітуацыю ў шчыльным супрацоўніцтве з Акадэміяй мастацтваў, паглядзець і дыпломныя, і курсавыя работы, каб зразумець, хто на што здольны.

І, канешне, пачнём пераходзіць на камерцыйныя рэйкі — рабіць фільмы, канкрэтна разлічаныя на прыбыткі ад пракату і ад продажу на інтэрнэт-платформы, у тым ліку на такія буйныя, як Netflix і HBO, — гэта могуць быць шматсезонныя серыялы.

— Вы думаеце, “Беларусьфільм” у бліжэйшым часе сапраўды будзе здольны зняць такі серыял, што зацікавіць той жа Netflix?

— А чаму не? Галоўнае — знайсці ўдалыя ідэі, а ўсе сродкі, каб іх увасобіць у жыццё, мы маем: матэрыяльна-тэхнічная база ў нас такая ж, як і ва ўсіх. І ідэі ўжо ёсць — расказваць пра іх пакуль не буду, гэта камерцыйная тайна ў літаральным сэнсе: у свеце сучаснага кіно ідэя мае найвялікшую каштоўнасць.

Прыкладна мы намецілі, што ў год можа быць каля чатырох ігравых фільмаў, каля дзесяці дакументальных і столькі ж анімацыйных. Але што тычыцца анімацыі, колькасць можа быць і меншай, бо мы хочам рабіць папулярныя поўнаметражныя стужкі, якія збіралі б кінатэатры. Пад час летніх канікул выпусцім у пракат новы поўнаметражны анімацыйны мюзікл “Зоркі сёмага неба”, рэжысёр Алена Турава зараз працуе над наступным поўнаметражным мультфільмам “Песня Сірын”, і плануем яшчэ адну вялікую стужку. А ў галіне дакументалістыкі разглядаем магчымасць выхаду з нашымі работамі на такія каналы як National geographic і National history, не адмаўляючыся пры гэтым ад звыклага для нас сацыяльнага, фестывальнага кіно. Хацелася б атрымаць дзяржзаказ на фільмы, прысвечаныя 50-годдзю беларускай анімацыі і юбілейным датам іншых нашых падраздзяленняў — студыі “Летапіс” і Тэатра-студыі кінаакцёра: але па гэтым пытанні канкрэтыкі пакуль няма.

Творчы персанал — па-за штатам

— Вы кажаце, што для камерцыйна паспяховага кіно галоўнае — ідэі. А чаму раней ідэі не з’яўляліся, што зменіцца ў гэтым сэнсе?

— Мы пачынаем працаваць са сцэнарыямі па абсалютна новай схеме, цяпер будзем фільтраваць іх гранічна жорстка. Зараз мы не чакаем гатовых сцэнарыяў, а спачатку даволі вузкім крэатыўным колам прапрацоўваем тэмы і ідэі, якія маглі б быць цікавыя сучаснаму гледачу, робім разлікі і прагнозы, думаем, што можа пайсці ў кінатэатрах, што зацікавіць інтэрнэт-платформы, што можна адправіць на Youtube, якія краіны выкажуць цікавасць да той ці іншай тэмы. І потым ужо аддаем распрацаваныя ідэі групам сцэнарыстаў. Ніхто, так атрымалася, не прыносіць нам гатовых сцэнарыяў, якія б нас задаволілі, а прыносяць, здараецца, тое, што адляжала ўжо гадоў 10—15 і даўно стала неактуальным. І конкурсы сцэнарыяў сябе не апраўдалі. Так што — спачатку ідэя, актуальная і цікавая гледачам, падбор адпаведных сцэнарыстаў, потым падбор адпаведнай творчай каманды.

І няхай на мяне крыўдзяцца, што я, маўляў, не збіраю кіназнаўцаў з усёй краіны, не разглядаю з імі сцэнарыяў. Я на гэта нагадваю, што “Беларусьфільм” — унітарнае прадпрыемства, і зараз не савецкія часы: як у камерцыйнай арганізацыі ў нас ёсць свае задачы, таму нашы ідэі і сакрэты я не буду з усімі абмяркоўваць. Пачнецца здымачны перыяд — вось тады калі ласка.

Акрамя таго, мы зараз пераходзім на іншую мадэль існавання: выводзім за штат творчы персанал — рэжысёраў, здымачныя групы, і набіраем іх толькі для працы над канкрэтным праектам. Калі рэжысёр у нас у штаце, значыцца, мы штомесяц павінны плаціць яму зарплату, кожны год павінны даваць па фільму. Але такога пры цяперашніх умовах быць ужо не можа. Па новай мадэлі ў нас і пашыраюцца магчымасці для выбару: напрыклад, збіраемся здымаць экшн — запрашаем рэжысёра, які ў гэтым спецыяліст, меладраму — клічам таго, хто ўмее рабіць меладрамы. Гэтаксама і з іншымі прафесіямі. У штаце застаецца нейкі касцяк і тэхнічныя супрацоўнікі, работнікі кінафабрыкі: людзі, занятыя кожны дзень.

— Вывад па-за штат — гэта значыць звальненне. Мабыць, працэс адбываецца няпроста…

— Канешне, няпроста, нават балюча. Але даводзіцца тлумачыць людзям, што не маючы пастаяннай даходнай часткі ці субсідый, інакш паступіць немагчыма. Мы не тэатр, які мае да 70 працэнтаў дзяржаўнага фінансавання. Працэс яшчэ ідзе, за мінулы год па-за штат выведзена каля ста чалавек. Многія з іх перайшлі на праекты, над якімі студыя зараз працуе, але ўжо на новых умовах — па тэрміновых ці грамадзянскіх працоўных дагаворах.

Пашыраем геаграфію і вяртаем правы

— Што тычыцца менавіта кінафільмаў — чаго нам зараз чакаць?

— Мы вырашылі, што пакуль не выпусцім на вялікі экран фільмы, адзнятыя цягам мінулых двух гадоў, — а ні адзін з іх так і не дайшоў да кінатэатраў, у новы вытворчы перыяд уступаць не будзем — гэта калі казаць пра ігравое кіно. Да 9 Мая рыхтуем прэм’еру ў кінатэатрах стужкі “Лёс дыверсанта” рэжысёра Дзмітрыя Астрахана, затым яна будзе прададзена на расійскія і беларускія тэлеканалы. Летам, як я казаў, выйдуць “Зоркі сёмага неба”, восенню ў пракаце з’явяцца “Авантуры Пранціша Вырвіча” і “Купала”. Сёлета маем намер працаваць над чатырма новымі ігравымі стужкамі. І даздымем раней прыпынены кінаальманах маладых рэжысёраў “Гэта я, Мінск”.

— Міжнародны накірунак — адна з частак новай стратэгіі па развіцці “Беларусьфільма”...

— Канешне ж, нас цікавіць пашырэнне геаграфіі продажаў і выхад на сусветныя рынкі. Раней быў разлік на тое, што можа быць цікава менавіта расійскім тэлеканалам, цяпер глядзім больш шырока. Многія стужкі мы адразу будзем рабіць з англійскімі субцітрамі ці нават з дадатковай агучкай на мовах тых краін, куды плануем прадаваць. За ўсю гісторыю, як мы паглядзелі, толькі 10 нашых фільмаў мелі англійскія субцітры! Сур’ёзна заняліся і нашай бібліятэкай — дыстрыб’ютараў маем ужо літаральна па ўсім свеце. І гэта не пустыя словы, насамрэч — старыя беларускія фільмы пачынаюць набываць і ў Кітаі, і ў Паўднёвай Карэі, і ў Заходняй Еўропе з Амерыкай. Нават з нядаўніх і не самых гучных фільмаў у нас у розныя краіны, напрыклад, прададзеныя “Правілы геймера” і “Чорны пёс”. У сэнсе, працэс пайшоў.

Дарэчы, што з вельмі добрага адбылося на кінастудыі ў мінулым годзе — мы завяршылі інвентарызацыю нашых маёмасных правоў і практычна ўсе выключныя правы на стужкі “Беларусьфільма” вярнулі сабе. І ў будучым перадаваць камусьці выключныя правы не плануем. Сапраўдны прарыў мы здзейснілі яшчэ ў адным накірунку Апынулася так, што мы маем шыкоўную бібліятэку фільмаў, але іх тэхнічная якасць не адпавядае сучасным патрабаванням дыстрыб’ютараў і гледачоў: фільмы вымагаюць карэкцыі колераў, гуку і да таго падобнае. Той жа “Масфільм” рэстаўрацыяй заняўся яшчэ гадоў дзесяць таму, а мы спазняемся. Летась гэты працэс мы пачалі сваімі сіламі, а з 2021 года, дзякую Міністэрству культуры, рэстаўрацыя кінафонду ўвайшла ў праграму “Культура” на 2021—2025 гады і атрымала, такім чынам, мэтавае фінансаванне.

“Беларусь — кіно здымаецца тут”

— Датычна “Беларусьфільма” як кінафабрыкі, якая прадастаўляе паслугі, — доўгі час яна ўспрымалася як месца для здымак у асноўным расійскіх серыялаў. Але ж за апошнія гады іх колькасць значна скарацілася, а летась дык увогуле быў, мабыць, правал у гэтым сэнсе.

— Сапраўды, з 2014 года сітуацыя з расійскімі фільмамі і серыяламі моцна змянілася — да нас прыязджаюць здымаць творы другой ці нават трэцяй лініі, а вялікія праекты расіяне імкнуцца рабіць у сябе, абараняюць уласныя інтарэсы. Летась з-за пандэміі ў нас было зацішша, але зараз усё пачынае рухацца. Акрамя замежных партнёраў — на “Беларусьфільме” зараз плануе працягваць здымкі фільма пра Уладзіміра Мулявіна “Першая КінаВідэаКампанія”, свае планы мае Белтэлерадыёкампанія: павільёны і натурпляцоўкі паступова загружаюцца. Спіс нашых партнёраў значна пашырыўся — не толькі Расія і Украіна, але і Казахстан, Узбекістан, Індыя, Кітай… Увогуле, калі мы адкрыем краіну для кінавытворцаў з усяго свету, то працы хопіць усім. Мы ўжо распрацавалі і ўнеслі прапановы па стварэнні дзяржаўнай праграмы пад назвай “Беларусь — кіно здымаецца тут” і яе прэзентацыі ў свеце. Што гэта азначае: на заканадаўчым узроўні павінны быць створаны ўмовы — праз сістэмы рыбэйтаў (вяртання часткі грошай прадзюсарам) і да таго падобнае — якія б завабілі вытворцаў у нашу краіну. Зараз у свеце Беларусь адна з нямногіх — разам з Манголіяй і краінамі афрыканскага кантынента — дзе няма падаткавых прэферэнцый, рыбэйтаў, працоўных віз і ўсяго астатняга для кінакампаній. Тая ж Расія даўно развівае падобныя праграмы з дзяржаўнай падтрымкай нават на рэгіянальных узроўнях.

А ў хуткім часе мы зможам прапанаваць і больш якасныя паслугі — нарэшце скончана работа па ўстаноўцы тон-студыі Dolby Atmos, набылі мы новае светлавое абсталяванне, новую аператарскую тэхніку. Такім чынам, ужо наблізіліся да стварэння такой кінафабрыкі, якая можа прадаставіць поўны цыкл паслуг, прычым рабіць мы гэта плануем у фармаце 24/7 — без выхадных і ў любы час.

— Не першы год кінастудыя змагаецца за выжыванне, здаецца, што канца праблемам няма. Ці бачыце вы прасвет, ці пачынае што-небудзь атрымлівацца?

— Працэс ідзе, справа рухаецца, і вынікі сапраўды ёсць. Проста разбірацца з праблемамі давялося ад самых базавых, здавалася б нават дробных пытанняў, трэба было навесці парадак спачатку на самым нізавым узроўні, каб нарэшце пачынаць казаць і пра эфектыўную кінавытворчасць. Гэта ўсё патрабуе часу. Зараз мы шукаем сабе працу і заробак у самых розных справах. Гэта ж могуць быць, і ўжо ёсць, і здымкі дакументальных фільмаў на заказ, і правядзенне фотасесій у нашых памяшканнях, і нават экскурсіі — мінулы год не паказчык, але ў 2019-м толькі на экскурсіях кінастудыя зарабіла 25 тысяч долараў! Я б хацеў стварыць і захапляльны музей, які вабіў бы наведнікаў. Актыўна пачынаем працаваць з Міністэрствам спорту і турызму, і гэтак далей. Многія праблемы яшчэ не вырашаны, у тым ліку і такія, як наша прысутнасць на міжнародных кінарынках і кінафестывалях, але, паўтаруся, паступова, крок за крокам, мы будзем і з імі разбірацца.