У вёску — на дзядзькаванне!

№ 12 (1503) 20.03.2021 - 27.03.2021 г

У чарговы раз задаю сабе пытанне: “За што вёску люблю?” І знаходжу чарговы адказ: “За максімальную набліжанасць формы да зместу, тэорыі — да практыкі!” Тлумачу. Зразумець у горадзе, што такое прыродная прыгажосць, зможа хіба толькі адчайны прыхільнік урбанізацыі. А ў вёсцы, каб адчуць сябе часткай навакольнай разняволенай раскошы дастаткова акенца адчыніць. А можна зрабіць колькі крокаў у канец цётчынага гародчыка і паразмаўляць з бабром, заклапочаным уладкаваннем хаткі ў тутэйшым ручаі. Ці ўвосень прапаўзці метраў сто — і ўбачыць ля балотца шумную бусліную канферэнцыю перад адлётам у вырай. А ёсць яшчэ зусім іншы, медыцынскі, так бы мовіць, аспект. Для нечакана разбітага на сцежцы калена ў горадзе аптэку трэба шукаць, а ў вёсцы варта толькі нагнуцца і сарваць падарожнік (трыпутнік) ды прыкласці яго да раны. У больш сур’ёзных сітуацыях эфектыўна дапаможа серпарэзнік (крываўнік). Прыклады вясковай самадастатковасці можна доўжыць бясконца.

/i/content/pi/cult/842/17911/06.jpgНеаспрэчна адно: у вёску трэба ехаць час ад часу для таго, каб навучыцца радзіму любіць і сябе паважаць. За нашымі спінамі — вялізны досвед продкаў. І мая б воля, я усіх бы гараджан, што не бачылі, як каларадскі жук бульбу есці, скіроўваў бы на сельскае дзядзькаванне (чытай Караткевіча). Больш праўды на зямлі было б.

А цяпер пра тое, чым жыве сёння вясковая культура. Дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна Вольга Ляснеўская піша: “Мы рэалізавалі праект, вынікам якога стаў выхад у сакавіку краязнаўчага буклета, створанага работнікамі аддзела бібліятэчнага маркетынгу. У выданні вядзецца гаворка пра літаратурна-краязнаўчы маршрут. У буклеце фарматам А4 — 28 старонак, што распавядаюць пра 9 населеных пунктаў раёна. Для кожнага створана гістарычная даведка, падабраны легенды і паданні, а таксама — вершы паэтаў. Кожны “прыпынак” аздоблены фотаздымкамі”. Такі даведнік, неаспрэчна, спатрэбіцца не толькі мясцовым жыхарам, якія цікавяцца родным краем, але і аматарам вандровак, якіх становіцца ўсё больш. Насамрэч, навошта нам бераг турэцкі, калі мы ў сваіх соснах яшчэ не разабраліся. І па сёння не забудуся на тое, як мой маладзейшы калега ўбачыў дзесьці пад Барысавам карову белага колеру і быў бясконца ўзрушаны таямнічай непрадказальнасцю беларускага жывёльнага свету. А сапраўднага беларуса кожная карова (нават белага колеру) павінна ў краіне ведаць!

Пасля вандроўкі па Браслаўшчыне можна на Мастоўшчыну завітаць. Ёсць тут завядзёнка праводзіць напрадвесні раённае свята “Красуй, Мастоўшчына!” Падводзяцца вынікі і ў вытворчасці, і ў культурнай дзейнасці. Сёлета адзначана дзейнасць Гудзевіцкага Цэнтра вольнага часу і культуры, Мастоўскага дзяржаўнага музея “Лес і чалавек”, Мілевіцкай сельскай бібліятэкі.

У Малабераставіцкай (Бераставіцкі раён) інтэграванай сельскай бібліятэцы гаварылі пра жаночае шчасце. Уяўляеце, якой шчырай атрымалася вечарына?! Дарэчы, мясцовае аматарскае аб’яднанне так і называецца “Пагаворым па шчырасці”. Вось вам форма, вось і змест. Да ўсяго працавала тут выстава прыкладнога мастацтва “Разам з унукамі”. Ці варта разважаць пасля гэтага, у чым яно, жаночае шчасце?

Добрая нагода для пераймання вопыту. З Бераставіцкага раёна паведамляюць, што ў рамках праекта “Дай сэрца твайго крануцца” ў Маслянскай сабраліся сталыя людзі, паглядзелі рэтра-фільмы “Дзяўчаты”, “Вясна на Зарэчнай вуліцы”, “Афіцэры”, “Белыя росы”. Усё зроблена проста і з вялікай дабрынёй.

Пра атмасферу густу і жаноцкасці распавядае і загадчык Манькавіцкай бібліятэкі, што ў Столінскім раёне, Алена Ворах: “У нас разгарнулася выстава “Дамы эпохі”, на якой экспануюцца фарфоравыя лялькі з маёй асабістай калекцыі. Вытанчаныя і элегантныя, яны запрашаюць успомніць і прачытаць лепшыя творы сусветнай класікі. Кожную ляльку можна браць рукамі. Выстава дапоўнена аксесуарамі, уласцівымі для жанчын мінулай эпохі: веерамі, капялюшыкамі, духамі, мілымі статуэткамі ды ўпрыгожаннямі.” Вельмі спадзяюся, што камусьці з бібліятэкараў краіны такі досвед шчырай бібліятэчнай дзейнасці стане штуршком для асабістых творчых вынаходніцтваў, якія пераўтвораць наведванне бібліятэкі ў шчырае свята кніжнага чарадзейства.

А вось якія выставы ладзяцца ў Віцебску. Ала Лялькіна, начальнік аддзела тамтэйшага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці, паведамляе, што ва ўстанове працуюць адразу дзве выставы: “Творчасць без межаў”, прысвечаная 30-годдзю з дня заснавання народнага клуба аматараў фларыстыкі “Анюта” з культурна-гістарычнага комплексу “Залатое кольца Віцебска “Дзвіна”, і персанальная — майстра народных мастацкіх рамёстваў, кіраўніка народнага клуба майстроў-рамеснікаў і мастакоў-аматараў “Святліца” Мёрскага раённага Дома культуры Алены Батарчук. Фларысты прэзентавалі больш за паўсотні карцін 22 аўтараў. Алена Батарчук прадставіла керамічныя сувеніры з утрыманнем мёрскай сімволікі.

Чарговы матэрыял, як кажуць, у тэму. Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай бібліятэкі Тамара Круталевіч назвала яго “Каб любіць вёску”. Допіс — пра стагоддзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Спадарыня Круталевіч не сумняецца: каб вёску любіць, будзем Мележа чытаць. “Знакавая мележаўская трылогія “Палеская хроніка” — сімфонія вясковага жыцця, яго гімн, — піша аўтарка. — Вось такі зместава-сэнсавы акцэнт нашай бібліятэчнай прапаганды: ад кнігі — да жыцця”. Шчыра, надзённа, цікава. А вось як адзначаюць юбілей класіка ў родным для яго Хойніцкім раёне — пакуль невядома. Я ўвогуле не памятаю, калі апошнім разам прыходзілі адтуль лісты. Не можа быць, каб там нічога цікавага не адбывалася. Там і бібліятэка шыкоўная, і музей адмысловы, і народны тэатр са старадаўнімі традыцыямі. Чакаю вестак вельмі.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа Наталля Гурская, згадваючы Масленіцу, цытуе апавяданне Антона Чэхава “Бліны”. Цудоўна! Дзякаваць Богу, сярод іншых сусветных класікаў, што згадвалі Масленіцу і бліны, яна згадвае і Якуба Коласа. Для мяне гэта як мёдам да раны. Калі яшчэ падшыванцам быў, маці, завіхаючыся ля печы, цытавала мне з Коласа пра тое, што “яшчэ да рання блінцы пякліся на сняданне… на ўслон шпурляліся аладкі, а дзеці іх даўно сачылі і на ляту блінцы лавілі”. Чэхаў — бліскучы, але Колас — свой, наскі, таму любімы і вельмі блізкі. Да слова, я праз час сам навучыўся для сыноў блінцы рабіць. Але маці ў гэтай справе так і не пераўзышоў.

Фестывальныя перамогі. Тут Палац мастацтваў Бабруйска ў чарговы раз вызначыўся. Вось што піша мастацкі кіраўнік установы Наталля Шулікова: “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь — народны ансамбль танца “Юнацтва” стаў лаўрэатам 1 ступені VI міжнароднага фестывалю мастацтваў “Сакрэт поспеху”. Кіруе калектывам Сяргей Лукашэвіч. А фэст у завочным фармаце наладзілі ў Вялікім Ноўгарадзе.”

Ларыса Ланіна, загадчык аддзела па правядзенні культурных мерапрыемстваў Ваўкавыскага раённага Цэнтра культуры, распавядае пра штогадовы раённы агляд-конкурс “Беларусь — мая песня”. З лепшага боку адзначаны калектывы Субацкага, Гнезнаўскага, Матвееўскага, Вайтковіцкага, Валпоўскага і Вярэйкаўскага Дамоў культуры.

І напрыканцы блок масленічных навін, каб яшчэ раз пераканацца што зімы не будзе цэлы год.

Цэнтральная гарадская бібліятэка Жодзіна стварыла каманды па прыгатаванні бліноў. Кулінарныя экзерсісы агучыў народны ансамбль народнай песні “У коле сяброў” і танцавальны гурт “Натхненне”. Пра гэта паведаміла супрацоўніца ўстановы Ірына Хілюціч.

Загадчык аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец распавяла пра тое, што ў аграгарадку Круцілавічы выступіў творчы калектыў Зэльвенскага Цэнтра культуры. Вось яно шматвектарнае, так бы мовіць, супрацоўніцтва!

Не абышлося, натуральна, без Мазалаўскага сельскага Дома культуры. Як запэўнівае Андрэй Струнчанка, тут упершыню прайшоў конкурс-выстава “Масленічныя прысмакі”. Мазалаўцам дапамаглі жыхары вёскі Хайсы. Ляльку з бліноў зрабіла кіраўнік гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Магія творчасці” Ала Антаненка.

Пішыце пра клопат сённяшняй вёскі!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"