“Эльдарада” і “Шацёр” для ХХІ стагоддзя

№ 41 (859) 11.10.2008 - 17.10.2008 г

2 кастрычніка ў вёсцы Радча, што на Кругляншчыне, быў звычайны дзень, напоўнены характэрнымі для сельскіх будняў клопатамі. Але ж у настроі радчанскіх работнікаў культуры ўсё адно заўважаліся святочныя адценні — што праўда, упярэмешку з хваляваннямі: з хвіліны на хвіліну чакалі старшыню райвыканкама Дзмітрыя Гобарава, якому належыла правесці “рабочую” прыёмку сельскага клуба, прыведзенага ў адпаведнасць са стандартамі аграгарадка.

Кіраўнік раённай адміністрацыі не спяшаўся з ацэнкамі. Прыдзірліва агледзеў кожную дробязь — ад дзвярэй і да жырандоляў, завітаў у кожны закуток, папрасіў уключыць навюткае светлавое абсталяванне... І толькі потым выдаў свой “вердыкт”:

— Гэта сапраўды ўстанова культуры ХХІ стагоддзя! Раней на сяле пра такія клубы маглі толькі марыць — хто тут да нядаўняга часу бачыў еўрадзверы або шклопакеты? Не важна, у якія сродкі выліваецца рамонт, — гэта наша праблема, дзе іх знаходзіць. Галоўнае — вынік. Галоўнае, што цяпер чалавек зможа пераапрануцца ў чыстае адзенне, прыйсці сюды пасля цяжкага працоўнага дня і па-сапраўднаму адпачыць душой.

Таму ўбачаным сёння я цалкам задаволены аддзел культуры сваю задачу выканаў. Цяпер, праўда, паўстаюць іншыя задачы, не менш складаныя: захаваць будынак такім прыгожым і чыстым, як ён выглядае сёння, і напоўніць яго жыццём. Думаю, работнікі гэтай установы і самі будуць ставіцца да сваёй справы яшчэ больш адказна: усё ж такі ўмовы працы шмат у чым вызначаюць і адносіны да яе.

Клуб у Радчы зусім не падобны на шматлікія гмахі тыпавых канструкцый. Нічога падобнага на гэты “шацёр” карэспандэнту “К” і блізка не даводзілася бачыць пад час шматлікіх вандровак па Беларусі. Збудаваны ён быў усяго гадоў пятнаццаць таму, калі тамтэйшай гаспадаркай кіраваў цяперашні губернатар Гродзеншчыны Уладзімір Саўчанка.

Клуб у Радчы выглядае і чыста, і ўрачыста, калі не сказаць — шыкоўна. Затое цяпер ён выглядае і чыста, і ўрачыста, калі не сказаць — шыкоўна. Цяпер сюды не сорамна запрасіць лепшыя музычныя калектывы Беларусі — балазе высокія скляпенні круглай глядзельнай залы абумоўліваюць выдатную акустыку.

Зрэшты, гэта не толькі перавага, але і дадатковы клопат: працепліць такое памяшканне досыць складана. Таму праект пераўвасаблення гэтыя акалічнасці ўлічваў: апрача звыклых ужо шклопакетаў, з’явіўся невялікі тамбур, пакліканы “затрымліваць цяпло”. А яно, дарэчы, сваё: цяпер будынак мае ўласны кацёл, які працуе на мясцовых відах паліва.

З’явіліся ў клубе і новая апаратура, мэбля, “адзенне” сцэны: райвыканкам выдаткаваў на іх набыццё болей за 50 мільёнаў рублёў. А ў бібліятэцы, якая пераехала сюды з досыць лядашчага будыначка, красуецца новы камп’ютэр.

— Дзмітрый Дзмітрыевіч заўсёды падтрымлівае нашы ініцыятывы, — распавяла пасля начальнік аддзела культуры Круглянскага райвыканкама Наталля Ціманава. — Прыемна працаваць з кіраўніком, які ўсведамляе, што культура — гэта не проста забавы, песні і танцы, што яна мае вялікую сацыяльную місію. Таму і фінансуецца гэтая галіна ў нас зусім не па “астаткавым” прынцыпе.

Прыемную трансфармацыю спазналі і іншыя ўстановы без пяці хвілін аграгарадка: крама, дзіцячы садок, школа, з’явілася прыстойная кавярня... Запытаў у Дзмітрыя Гобарава, на які сацыяльны эфект разлічвае мясцовая ўлада, ажыццяўляючы гэтыя пачыны.

— Будзем рэалістамі: хуткіх і рэзкіх перамен чакаць не выпадае, — адказаў старшыня райвыканкама. — Але веру ў тое, што тая ўвага, тыя асаблівыя адносіны да чалавека вёскі, якія сёння культывуюцца ў нашай дзяржаве, з часам прынясуць свой плён; што здатныя задаволіць нармальныя патрэбы нармальных людзей установы, якія прыходзяць на змену брудным пахіленым хаткам, паўплываюць і на псіхалогію жыхароў гэтых мясцін. Што й ні кажы, форма ўплывае на змест, знешняе— на ўнутранае.

Педагагічныя хітрыкі дзіцячай школы мастацтваў

Стараннямі райвыканкама апошнім часам эфектныя сцэнічныя касцюмы займелі многія знакавыя калектывы раёна — у тым ліку і дзіцячы харэаграфічны ансамбль “Кругляначка”, што існуе пры Цэнтральнай школе мастацтваў. Па словах яе дырэктара Людмілы Калініч, харэаграфія карыстаецца асаблівым попытам сярод дзятвы, бо з выкладчыкам танцаў круглянцам пашчасціла.

У школе мастацтваў сёлета адкрылася эстэтычнае аддзяленне. На працягу аднаго года навучання дзіця можа паспрабаваць сябе ў самых розных амплуа: пабыць харыстам, мастаком, музыкантам… А потым ужо выбраць тое, да чаго найбольш мае схільнасцей, і рухацца менавіта ў гэтым напрамку. Дый нават калі мастацкая адукацыя адным годам і абмяжуецца, усё адно ён не акажацца змарнаваным часам: ці мала што можа потым спатрэбіцца ў жыцці? Такі падыход дазволіў школе раёна ахапіць амаль 20% круглянскай дзятвы.

Школа славіцца сваімі адоранымі выхаванцамі, але і яе выкладчыкі — людзі ў раёне вядомыя. Канцэрты створанага імі народнага ансамбля “Батлейка” праходзяць “на ўра”, а кіраўнік калектыву Аляксандр Бараноўскі быў лаўрэатам раённай прэміі “Чалавек года”.

У Доме рамёстваў заспеў некалькіх школьнікаў, якія ў вольны ад урокаў час засяроджана займаюцца складанай справай пляцення паясоў. Прычым, падобна, з задавальненнем. У тым самым невялікім памяшканні, якое займае гэтая ўстанова, можна ўбачыць і сапраўдны яе гонар — традыцыйны круглянскі строй.

Па словах дырэктара Дома рамёстваў Віі Гапаевай, аднаўляць старадаўнія арнаменты давялося літаральна па драбніцах. Затое ў гэтым важным пачыне Круглае апярэдзіла ўсю Магілёўшчыну.

Раённы Дом культуры пакуль яшчэ чакае свайго рамонту, запланаванага налета. Аднак сцэна ўжо памяняла сваё “адзенне” на куды маднейшае і сучаснейшае — як і ўся глядзельная зала. І візітоўка культуры краю — “Вераснянка” выглядае на абноўленай сцэне даволі эфектна.

 /i/content/pi/cult/179/1791/K_Eldorado2.jpg

Начальнік аддзела культуры
Наталя
Ціманава.

— Лідзія Галыгіна літаральна жыве культурай, жыве гэтым калектывам, — кажа пра кіраўніка народнага ансамбля Наталля Ціманава. — Яна няспынна працуе, увесь час вышуквае нейкія інавацыі, ніколі не спыняецца.

Пад адным дахам з ДК месціцца і раённая бібліятэка, дзе не так даўно быў створаны інфармацыйна-ідэалагічны цэнтр. Па словах дырэктара Круглянскай ЦБС Тамары Кавалеўскай, асноўная яго праца заключаецца ў зборы інфармацыі, перадусім краязнаўчага плана, а захоўваецца яна таксама і ў электронным выглядзе. Зрэшты, цэнтр ахвотна дзеліцца і звесткамі актуальнымі, надзённымі, датычнымі жыцця раёна. Ладзяцца і сустрэчы ідэалагічных работнікаў Кругляншчыны, прычым апошняя з іх прайшла ў фармаце літаратурнай вечарыны паэтаў краю — па жаданні саміх работнікаў.

Дзіцячая бібліятэка, якая знаходзіцца ў тым самым будынку, мае перадусім экалагічны ўхіл. Пра гэта сведчаць не толькі стэлажы з адмысловымі выстаўкамі, але і шыкоўная расліннасць, што раскашавала ў невялікім памяшканні бібліятэкі.Каб прывабліваць сюды як мага больш дзятвы, бібліятэка займела добрую падборку коміксаў і мультымедыйных дыскаў. А пасля бібліятэчныя работнікі заахвочваюць сваіх чытачоў і да сур’ёзнейшай літаратуры. Зазвычай ім гэта ўдаецца — тым болей, яны, як і абсалютна ўсе (!) бібліятэкары раёна, маюць спецыяльную адукацыю.
Паслугі, вартыя аплаты

План платных паслуг за 9 месяцаў гэтага года круглянская культура выканала на 122% у супастаўных цэнах. Але яшчэ болей уражвае іншая лічба, якая наўпрост узаемазвязана з гэтым выдатным паказчыкам і дазваляе сфармуляваць галоўны сакрэт поспеху ў той справе, што па-ранейшаму з’яўляецца для многіх “камянем спатыкнення”.

— Мы разумеем, што аднымі дыскатэкамі сёння план ужо не выканаеш, — кажа Наталя Ціманава. — І таму няспынна вынаходзім новыя віды платных паслуг. Цяпер іх у нас ужо пад сотню набярэцца. Раён наш збольшага сельскагаспадарчы, таму і плацежаздольнасць людзей ніжэйшая, чым у гарадах, і яны гатовы плаціць толькі за тое, што сапраўды патрэбна. Гэта хоцькі-няхоцькі даводзіцца ўлічваць.

Адзначаць дні нараджэння саматугам многім ужо не хочацца, і таму круглянцы ахвотна звяртаюцца па дапамогу да работнікаў культуры. Бо ведаюць, што паслугі, якія ім прапаноўваюць, вартыя аплаты. А ў маладых з’явілася добрая магчымасць разнастаіць сваё вяселле: ім прапаноўваюць згадаць, як адзначалі гэты знамянальны дзень іх продкі. Мяркуючы па тым, што гэтая платная паслуга карыстаецца не абы-якім попытам, традыцыйнае вяселле ўваходзіць у моду.

У Круглянскім краязнаўчым музеі мы заспелі школьны ўрок: дзеці знаёміліся з беларускай прыродай не ў класе, а на фоне экспазіцыі. Прычым такія магчымасці маюць не толькі вучні Круглага, але і ўсяго раёна: музей нярэдка выпраўляецца на “гастролі” па вёсках і аграгарадках. Прыхапіўшы з сабой пару-тройку цікавых экспанатаў, яго работнікі ладзяць у школах заняткі, часцяком дапасаваныя да навучальнай праграмы.

 /i/content/pi/cult/179/1791/K_Eldorado3.jpg

Дырэктар “Эльдарада” Святлана Баранава.

Але абсалютную большасць сродкаў прыносіць, вядома, усё ж не музей. Пяць гадоў таму ў Круглым паўстала ўстанова, чыя назва выглядае досыць красамоўнай: Цэнтр адпачынку і забаў моладзі “Эльдарада”. Гэткі падыход да арганізацыі такой сур’ёзнай справы, як вольны час, стаў надзвычай смелым эксперыментам аддзела культуры і мясцовых улад.

— Не, “залатым дном” наш Цэнтр пакуль не назавеш, — пасміхаецца яго дырэктарка Святлана Баранава. — Але задума сябе спраўдзіла, гэта несумненна. І нашы намаганні прыносяць плён.

Ідэя палягае ў тым, каб чалавек, завітаўшы туды ў свой вольны час, меў самыя разнастайныя варыянты адпачынку пад адным дахам. Апрача звыклай дыскатэкі — якая, дарэчы, па выхадных ладзіцца для паўналетняй моладзі ажно да другой гадзіны ночы, — тут ёсць трэнажорная зала, камп’ютэрны клуб, залы більярда і тэніса, кавярня, відэасалон… І ўсё гэта, за выключэннем кавярні, — на балансе аддзела культуры.

Па словах Святланы Баранавай, асартымент паслуг Цэнтра ў значнай меры залежыць ад кан’юнктуры.

— Людзі падыходязць да нас са сваімі прапановамі, мы вывучаем попыт і, добра паразважаўшы, ажыццяўляем іх, калі ў гэтым ёсць сэнс.

Але бадай самае важнае тое, што Цэнтр сапраўды запатрабаваны. Насуперак некаторым стэрэатыпам, моладзь невялікіх гарадоў сапраўды прагне разнастайнага і цікавага адпачынку, не задавальняючыся тымі спрошчанымі схемамі баўлення вольнага часу, якія нязменна становяцца мішэнню для кпінаў прафесійных і самадзейных гумарыстаў.

 Трашчоткі, кляшчоткі, клякоткі…
Аляксандра Харкевіча давялося заспець у ягонай невялічкай майстэрні: нягледзячы на свой паважны век, вядомы далёка па-за межамі краю ўмелец затрымліваецца за працай падоўгу. Тым болей, попыт на яе не абы-які: народныя інструменты, зробленыя майстрам, карыстаюцца папулярнасцю, а нарошчваць тэмпы вытворчасці шляхам мадэрнізацыі не атрымліваецца: надта яна неканвеерная.

— Прамысловым чынам я нічога не раблю, усё толькі ўручную, — кажа Аляксандр Антонавіч. І дзівішся такому ягонаму піетэту да нейкіх на паверку звычайных драўляных лыжак.

 /i/content/pi/cult/179/1791/K_Eldorado4.jpg

Музейны ўрок.

Здавалася б, лыжкі — гэта найпрасцейшы з усіх музычных інструментаў на свеце, і ніякіх таямніц у сябе ён не тоіць. Аднак кароткі курс “лыжказнаўства” ад майстра пераконвае, што і тут ёсць свае нюансы. Ці задумваўся хто, што лыжкі, зробленыя з розных відаў дрэва, гучаць зусім па-рознаму? І нават у справе іх вытворчасці ёсць месца для ноў-хаў.

Думаецца, майстар мог бы атрымаць, прынамсі, два патэнты аб вынаходніцтве. Лыжкі, змацаваныя паміж сабою спружынкай, здатныя выдаваць куды болей разнастайных гукаў, чым звычайная пара, ды і граць на іх куды зручней. А злучыўшы паміж сабой з дзесятак тых самых утылітарна-музычных прадметаў з рознымі гукавымі ўласцівасцямі, Аляксандр Харкевіч атрымаў ансамбль лыжак — складаны перкусійны інструмент.

А яшчэ майстра называюць віртуозам ігры на бубне. І ён тут жа даказвае, што віртуознасці можна дасягнуць нават у гэтай, здавалася б, немудрагелістай справе.

— Каб граць не толькі калатушачкай, але і ўсімі пальцамі, шкурку напярэдадні канцэрта трэба пакрываць смалой, — раскрывае ён адзін з сакрэтаў майстэрства.

І гэткіх сакрэтаў Аляксандр Харкевіч мае процьму. Перадусім, ён назапасіў іх эксперыментальным шляхам. Як іначай уведаеш, што аднаслойная бяроста здатная выдаваць цікавы свіст, а калі слаёў больш — эфект губляецца?

Былы настаўнік фізкультуры з Валканосава змалку цікавіўся рознымі гукавымі ўласцівасцямі тых рэчаў, якія атачалі яго ў побыце. Праз усё жыццё быў самадзейным артыстам, і вось, ужо бліжэй да пенсіі, адкрыў уласную музычную фабрыку, кожны выраб якой трошачкі унікальны: апрача лыжак і бубнаў, гэта трашчоткі, кляшчоткі, клякоткі, валакі, набіліцы… Пагадзіцеся, адзін толькі пералік назваў інтрыгуе, заахвочваючы пазнаёміцца з гэтай часткай народнай культуры.

* * *

Тэма прэстыжу (ці, чытай: ролі ў грамадстве) работнікаў культуры ўзнікала не аднойчы. Закрануў яе і ў гутарцы з намеснікам старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Тамарай Аксёнавай — балазе будучае свята яна таксама можа ўспрымаць як сваё: калісьці Тамара Мікалаеўна была стваральнікам і першым кіраўніком краязнаўчага музея.

— Думаю, прэстыж гэтай прафесіі апошнім часам толькі расце, — кажа яна. — Змяняюцца ўмовы працы работнікаў культуры на сяле. А калі мяняюцца ўмовы, павінен і падыход да працы змяніцца: бо столькі ж з’яўляецца новых магчымасцей! Адпаведна, растуць і патрабаванні. Бо аддача павінна быць адэкватнай укладанням сродкаў. Кожнае мерапрыемства павінна ставіць перад сабой пэўную мэту выхаваўчага характару.

Выхоўваючы людзей на лепшых эстэтычных узорах, работнікі культуры пакліканы спрыяць духоўнаму росту сваіх суграмадзян: патрыятызму, адказнаму стаўленню да ўласнай справы. Таму творчыя людзі могуць зрабіць свой унёсак і ў паляпшэнне эканамічных умоў, вытворчых паказчыкаў. Бо ў жыцці ўсё ўзаемазвязана!

Варты ўвагі і погляд на гэтую тэму Наталлі Ціманавай: яна ўпэўнена, што прэстыж прафесіі шмат у чым залежыць ад саміх яе прадстаўнікоў.

— Я не стамляюся паўтараць сваім калегам з раёна: вы самыя лепшыя, самыя прыгожыя! — кажа яна. — Вы павінны быць заўсёды наперадзе, нават у такой справе, як уборка льну ў падшэфных гаспадарках. Не буду ўтойваць: працаваць у культуры складана, бо творчыя людзі патрабуюць да сябе адмысловага падыходу.

Калі аўтаклуб прыязджае ў невялічкую вёсачку, дзе засталося мо якіх пяць бабуль, адчуваеш, наколькі патрэбна тое, штоты робіш. Накрыюць сталы, чакаюць, не хочуць адпускаць. У гэтых вёсках атрымліваеш столькі стваральнай энергіі!


 Ілля СВІРЫН,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Круглянскі раён — Мінск
Фота аўтара