Заўтра як ўчора?

№ 12 (1503) 20.03.2021 - 27.03.2021 г

Неяк славутага матэматыка запыталі, што сталася з ягоным таленавітым вучнем, на якога навуковая грамада мела вялікія спадзяванні. “Ён стаў паэтам. Для матэматыкі ў яго аказалася занадта мала фантазіі” — быў адказ. Я згадваю гэту прыпавесць, калі разважаю пра суадносіны абстрактнага і прадметнага ў мастацтве і ў жыцці.

/i/content/pi/cult/842/17909/03.jpgДля чалавека ад навукі далёкага, а я менавіта такі, ёсць нешта містычнае ў тым, што формулы, якія складаюцца з абстрактных знакаў і сэнс якіх зразумелы толькі спецыяльна навучаным людзям, ляжаць у аснове будаўніцтва гмахаў-хмарачосаў, навігацыі акіянскіх лайнераў і касмічных караблёў, канструявання робатаў, здольных замяніць чалавека ва ўсіх сферах, хіба што акрамя мастацтва — ды і тое пакуль…

І міжволі думаешь, мо ў мастацтве абстрактным, не зразумелым нікому, акрамя ягоных стваральнікаў — ды і гэта сумнеўна, закладзены патэнцыял, які яшчэ выбухне мутацыямі на ўзроўні падсвядомасці і здзейсніць ментальную рэвалюцыю з непрадказальнымі наступствамі.

Мабыць, калі гэта і будзе, дык не заўтра і нават не ў блізкай перспектыве. Пакуль жа мне падаецца, што хоць абстрактная/беспрадметная творчасць і мае сваю дзялянку ў сусветнай гісторыі культуры і сегмент у мастацкім рынку, а яшчэ ўласную кагорту рэвалюцыянераў-рэфарматараў-класікаў, дзейнасць адэптаў гэтай веры ўсё адно суадносіцца з высокім мастацтвам як алхімія з хіміяй. Гэта нейкае падабенства пошуку аналага “філасофскага каменя” — эстэтычнай панацэі, здольнай на ментальным узроўні ператварыць адмоўнае на станоўчае, змяніць на добры лад хранічна недасканалую чалавечую натуру.

/i/content/pi/cult/842/17909/04.jpgАднак выставы мастакоў згаданага напрамку імкнуся не абмінаць. Усё чакаю, што мне там нешта адкрыецца, і будзе мне, як гавораць праваслаўныя вернікі, “откровение”. Вось і на выставу Ірыны і Анатоля Кузняцовых я прыйшоў менавіта з такой мэтай.

Адбываецца выстава ў арт-гасцёўні “Высокае места”, дзе дбаюць пра ўласны імідж, і каго заўгодна ў свае сцены не пускаюць. Калі запрасілі выставіцца, значыць мастак таго варты. Назва выставы адсылае гледача да вынаходніка гістарычных сэнсацый і непрадказальнай мінуўшчыны, стваральніка канцэпцыі ўспамінаў пра будучыню Эрыха Дэнікэна. “Настальгія або ўспамін пра будучыню” — так назва гучыць. Шмат хто хацеў бы перанесці лепшае з дня мінулага ў дзень заўтрашні…

На выставе больш 50-ці работ розных гадоў. Гэта мастацкае шкло, камп'ютарная графіка, акварэльны і алейны жывапіс, арт-аб’екты. Рэч у тым, што як толькі з’яўляліся ў нас новыя тэхнічныя напрацоўкі, якія можна было прыстасаваць да канкрэтнай творчай справы, гэтыя творцы бралі іх на ўзбраенне. Як слушна заўважыла на вернісажы Наталля Шаранговіч: “Не важна, у якія гады зроблены ўсе гэтыя работы, бо гэта ўсё адно сучаснае мастацтва”.

І вось тут паўстае пытанне, а што такое сучаснасць у дачыненні да мастацтва? Сучасным, гэта значыць актуальным для нас сёння, запатрабаваным у рамках культурніцкага працэсу, можа лічыцца нават артэфакт, знойдзены археолагамі на глыбіні пяцісотгадовай даўніны, а безнадзейнай архаікай будзе карціна, на якой яшчэ нават фарба не засохла.

У дадзеным выпадку на гэтай выставе сучаснасць, як мне падаецца, выяўлена ў здольнасці аўтараў знаходзіць новыя словы, каб доўжыць з аўдыторыяй гутарку пра нібыта ёй добра вядомае і, здавалася б, ужо нецікавае. Нязвыклыя глядацкаму воку тэхнікі і прыёмы — калі насамрэч новыя, калі наўмысна стылізаваныя пад навізну, пры захаванні нязменнага сюжэтна-сэнсавага шэрагу дазваляюць высветліць новымі гранямі тое, што паводле логікі мусіць сыйсці ў цень, страціўшы актуальнасць. Так, гаворка тут ідзе не пра нейкія эпахальныя адкрыцці, не пра новыя гарызонты, а менавіта пра ўменне “падтрымліваць размову”, інакш кажучы — не губляць кантакт са сваёй аўдыторыяй. Гэта значыць увесь час змяняцца, каб заставацца для сваіх тым жа. А гэта, паверце, нялёгка.

Шэраг твораў Ірыны і Анатоля трывала замацаваныя ў гісторыі нашага мастацтва і досыць выразна апавядаюць пра час, у якім быў і сістэмны крызіс “сацыялістычнага рэалізму”, і пошук нацыянальнага вектара, і спроба далучыцца да сусветных трэндаў. Такія творы ёсць і на гэтай выставе. Але ў цэлым экспазіцыя не роўная. Не ўсе работы аднаго класу. Ёсць такія, што нагадваюць студэнцкую клаўзуру — то-бок эскіз, накід ідэі, выкананы за вельмі сціслы тэрмін ва ўмовах, блізкіх да экстрыму. Гэта цікава ў навучальным працэсе, але не надта пасуе сталай творчасці. Праўда, беспрадметнае мастацтва, да якога няпростым шляхам прышлі Ірына і Анатоль Кузняцовы, сутнасна непрадказальная як і згаданая вышэй клаўзура. Тут стыхійнасць, калі і не вызначальны, дык вельмі важны чыннік.

Час, праведзены на выставе, не змарнаваны. Ірына і Анатоль — таленавітыя прафесіяналы, якія ўвесь “справазданы перыяд”, што ахоплівае чатыры дзесяцігоддзі, працавалі сумленна і шчыра верылі ў тое, што робяць. Але ў гэтай экспазіцыі я не адкрыў для сябе чагосьці такога, чаго раней бы не ведаў. Так что выправа па “откровение” для мяне не была плённай. Ну а калі не ставіць планку так высока, дык і праблем няма. Выстава як выстава. Вартая “Высокага места”.

Хіба што “настальгія”, дэклараваная як эмацыйны стрыжань экспазіцыі, на справе адсутнічае і на канцэптуальным узроўні, і ў візуальным шэрагу. Няма яе. Дарэчы, мо і не трэба. Чаго ў 70-х гадах, калі абодва мастакі распачалі творчую кар’еру, было такога, каб па іх сумаваць? Па аналогіі: вы верыце, што Шагал у Парыжы насамрэч настальгіраваў па Віцебску сваёй маладосці?

“Я не знаю, как остальные, но я чувствую жесточайшую не по прошлому ностальгию — ностальгию по настоящему”. Гэта Андрэй Вазнясенскі. 1975 год. Там яшчэ такое: “Что прошло, то прошло. К лучшему. Но прикусываю, как тайну, ностальгию по настающему, что настанет. Да не застану”. Абмінуць будучыню — вось што было б сапраўды крыўдна.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"