Подых часу на кінаэкране

№ 12 (1503) 20.03.2021 - 27.03.2021 г

22 сакавіка 2021 года ў 14:00 у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (Мастацкая галерэя, 3 — 4 паверх) адбудзецца адкрыццё часовай экспазіцыі “Подых часу на кінаэкране”, арганізаванай сумесна з Нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм” і Музеем гісторыі беларускага кіно ў рамках комплексу мерапрыемстваў да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

/i/content/pi/cult/842/17907/opt.jpegМузейны фонд Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны мае такія ўнікальныя музейныя прадметы, як кінаафішы пасляваеннага часу, якія з’яўляюцца часткай калекцыі “Плакаты”. Большасць з іх былі перададзеныя ў музей дырэкцыяй кінатэатра “Первый” у 1950 годзе. Як гістарычная крыніца яны адлюстроўваюць развіццё айчыннай кінематаграфіі ў пасляваенны перыяд.

Людзі, якія стаміліся ад незлічоных пакут вайны, імкнуліся да культуры. Кінамастацтва пасляваенных гадоў, нягледзячы на складанасці жыцця, натхняла іх на аднаўленне разбуранай краіны.

Рэкламныя афішы, што захаваліся ў музейнай калекцыі да кінафільмаў сведчаць аб тым, што ў Мінску і ў іншых беларускіх гарадах жыхары мелі магчымасць знаёміцца з новымі савецкімі мастацкімі фільмамі, у тым ліку створанымі на роднай кінастудыі “Беларусфільм”, а таксама з замежнымі кінастужкамі. Яркія і прывабныя, афішы нясуць моцны эмацыйны і сэнсавы пасыл, так як былі закліканы прыцягнуць гледача ў залы кінатэатраў. У сучаснікаў ж яны здольныя выклікаць жывую цікавасць да фільмаў пасляваеннай эпохі.

Таксама на часовай экспазіцыі будуць прадстаўлены кінаафішы з фондаў Музея гісторыі беларускага кіно і ўнікальныя прадметы рэквізіту ад Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” — са здымак фільмаў “Дзяўчынка шукае бацьку” (рэж. Л. Голуб, 1959 г.) і “Канстанцін Заслонаў” (рэж. А.Файнцымер, У.Корш-Саблін, 1949 г.).

У 14:40 у канферэнц-зале (3-ці паверх) адбудзецца паказ фільма “Дзяўчынка шукае бацьку”. Папярэднічаць прагляду будзе аповяд пра гісторыю стварэння фільма, а таксама пра лёс дзяцей на акупаванай тэрыторыі.

У мерапрыемстве прымуць удзел: старшыня Беларускай гільдыі акцёраў кіно Святлана Сухавей, дырэктар Музея гісторыі беларускага кіно Ігар Аўдзееў, прадстаўнікі Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” і іншыя.

Праца часовай экспазіцыі прадоўжыцца да 18 красавіка 2021 года.