Хроніка лакацый у развіцці ідэі

№ 11 (1502) 13.03.2021 - 20.03.2021 г

У пошуках увагі наведвальнікаў беларускія музеі ўсё часцей звяртаюцца да інтэрактыўных праектаў, здольных зацікавіць і захапіць людзей любога ўзросту. Якімі сродкамі дасягаецца такая мэта, як спалучаюцца ў музейных экспазіцыях нечаканыя лёсы і рэчы, і як кожны можа знайсці музейны прадмет ва ўласным доме?

/i/content/pi/cult/841/17901/20.jpgУяўляючы ідэальны музей

На мінулым тыдні Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа зладзіў інтэрактыўнае мерапрыемства пад назвай “Уяўны музей”: ад рунаў да рукапісаў беларускага класіка”. За аснову канцэпцыі часовай экспазіцыі і экскурсіі па ёй было ўзятае эсэ Андрэ Мальро, што ўпершыню выйшла ў 1947 годзе. Гэты французскі пісьменнік і культуролаг, колішні герой Французскага Супраціву, быў міністрам культуры ва ўрадзе Шарля дэ Голя ў 1959 — 1969 гадах. З беларускім класікам Андрэ Мальро звязвае той факт, што Якуб Колас сустракаўся з ім у 1935 годзе, калі наведваў Парыж падчас Міжнароднага кангрэса пісьменнікаў у абарону культуры.

Згодна з канцэпцыяй Мальро, “уяўны музей” — ідэальны музей мастацтва, які не мае межаў ні ў прасторы, ні ў часе. Такая канцэпцыя дазваляе па-новаму выбудоўваць узаемаадносіны паміж музейнымі прадметамі згодна з іх функцыямі, шукаючы заканамернасці ў структуры, прасторавыя адпаведнасці і суадносячы іншыя ўласцівасці твораў культуры і мастацтва. Прадметы, якія адлюстроўваюць розныя стагоддзі і культуры, аб’ядноўвае адзінства сусветнай стваральнай сілы, што ўласцівая людзям усіх эпох і нацыянальнасцяў.

/i/content/pi/cult/841/17901/21.jpgУ духу канцэпцыі Андрэ Мальро быў пабудаваны своеасаблівы маршрут па залах музея, зладжаны паводле храналагічна-тэматычнага прынцыпу. Экспазіцыйная прастора падзеленая на некалькі лакацый, кожная з якіх развівае ідэю “ўяўнага музея”, прапанаваную французскім культуролагам. У адпаведнасці з гэтым падыходам, у экспазіцыі поруч прадстаўленыя прыклады форм пісьменства розных эпох і матэрыялы, на якіх пісалі ў розныя часы прадстаўнікі розных цывілізацый, а таксама творы выяўленчага мастацтва, прысвечаныя Якубу Коласу і яго творчасці, што сімвалічна яднае эпоху зараджэння сусветнага пісьменства з часамі станаўлення сучаснай беларускай літаратуры, ля вытокаў якой стаяў класік.

Прылады і носьбіты

/i/content/pi/cult/841/17901/22.jpgЧасовая экспазіцыя адкрываецца вітрынай, у якой прадстаўленыя гістарычныя сродкі перадачы інфармацыі, пачынаючы з глыбокай старажытнасці і да нашых дзён. Тут можна пабачыць прыклады рунічнага пісьма, якое ўжывалася старажытнымі германцамі да ХІІ стагоддзя на тэрыторыі сучасных краін Скандынавіі, але пасля прыняцця тамтэйшымі народамі хрысціянства было выцесненае лацініцай.

Як прыклад старабеларускага пісьменства — выява старонкі Тураўскага евангелля ХІ стагоддзя, найстаражытнейшай кнігі, створанай на беларускіх землях, якая дайшла да нашага часу. Адметнасць тагачаснага кірылічнага пісьма палягае ў тым, што тэкст кнігі ў межах сказаў перадаваўся суцэльнай плынню, без звыклага для нас сёння падзелу на словы і прабелаў між імі. Далейшую эвалюцыю пісьменства нашых продкаў можна прасачыць, дзякуючы змешчанай побач копіі старонкі з “Бібліі” Францыска Скарыны, рэканструяванай з дапамогай друкарскага станка, аналагічнага таму, які выкарыстоўваў беларускі першадрукар.

У суседняй вітрыне — прыклады больш экзатычных традыцый пісьменства — адноўленыя ўзоры егіпецкага папіруса, васковых таблічак, на якіх пісалі адмысловай прыладай — сцілом, рэканструкцыя сярэднявечнай пергаментнай карты, а таксама кітайскі шаўковы скрутак з фрагментам тэксту Канфуцыя. Поруч размешчаныя і больш сучасныя, знаёмыя нам з побыту носьбіты інфармацыі — дыскеты, CD-дыскі і карты флэш-памяці, на якіх запісаныя творы Якуба Коласа.

Настаўнікі і вучні

Развіваючы тэму гісторыі пісьменства, экспазіцыя звяртае ўвагу на дзейнасць Якуба Коласа не толькі як літаратара, але і як прафесійнага педагога, які вучыў дзяцей грамаце і пісьму. Скончыўшы ў 1902 годзе Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, ён настаўнічаў ажно да пачатку Першай сусветнай вайны, па яе заканчэнні таксама нейкі час вучыў дзяцей у Курскай вобласці Расіі, а пазней, вярнуўшыся ў 1921 годзе на запрашэнне ўраду БССР у маладую беларускую савецкую дзяржаву, працягваў выкладчыцкую дзейнасць ужо ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах — чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на Слуцкіх настаўніцкіх курсах, у Беларускім педагагічным тэхнікуме і Беларускім дзяржаўным універсітэце.

З настаўніцтвам яднае і гісторыя стварэння сям’і класіка — з будучай жонкай, Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, ён пазнаёміўся ў Пінску, куды быў накіраваны напярэдадні Першай сусветнай у мясцовую школу. Абранніца паэта была настаўніцай  — пазнаёміліся яны на курсах павышэння педагагічнай адукацыі. Сын класіка, Міхась Міцкевіч, зазначаў ва ўспамінах, што Якуб Колас доўга не мог адкрыць дзяўчыне свае пачуцці, і Марыя Дзмітрыеўна, урэшце, вымушаная была ўзяць ініцыятыву ў свае рукі, прапанаваўшы паэту пабрацца шлюбам.

З педагагічнай дзейнасцю была непарыўна звязаная і творчасць Якуба Коласа — нават ягонай першай кнігай быў зборнік тэкстаў для навучання грамаце “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”, што выйшаў у Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве “Загляне сонца і ў наша аконца” ў 1909 годзе. Дэбютная паэтычная кніга паэта, “Песні жальбы”, з’явілася толькі годам пазней. Аб настаўніцкай працы Якуба Коласа ў экспазіцыі нагадвае і грыфельная дошчачка, на якой пісалі вучні ў тыя гады, калі будучы класік працаваў у школе.

Сімвалічна, што першымі гасцямі выставы зрабіліся студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры, якія пры знаёмстве з экспазіцыяй мелі магчымасць паспрабаваць пісаць з дапамогай адпаведных прылад на бяросце альбо грыфельнай дошцы, а таксама павучыліся карыстацца пер’евай ручкай.

З думкай аб Радзіме

Вандроўка па экспазіцыі завяршаецца ў зале, прысвечанай таму самаму візіту Якуба Коласа на Міжнародны кангрэс у Парыжы 1935 года, на якім выступаў і натхняльнік ідэі выставы, Андрэ Мальро. У цэнтры залы — два партрэты: беларускага паэта і французскага культуролага. Ля здымку Якуба Коласа, які выступае з трыбуны кангрэса, цытата з ягонага дакладу:

“Трыццаць гадоў таму адзін з сучасных паэтаў краіны, ад імя якой я выступаю, пачаў сваю першую кнігу вершаў словамі: “Нешчасліва наша доля: нам нічога не дала. Не шукайце кветак у полі, бо вясна к нам не прыйшла”. Ён меў падставы сказаць так: маўкліва-халодная ноч змрочным покрывам ахінала яго радзіму, калі ён складаў гэтыя песні. Нават імя свайго не мела яго радзіма. На казённай царскай мове яе называлі проста: “Заходняя ўскраіна Расійскай імперыі”. Імя яе было вытраўлена з народнай свядомасці, гэта была краіна бездарожжа і непралазных балот, краіна першабытнай зямельнай культуры, дзе панавала драўляная саха, а працоўнае сялянства амаль спрэс было непісьменным. Лепшыя землі знаходзіліся ў руках царскага двара і памешчыкаў — галоўным чынам, польскіх магнатаў...”

Стваральнікі экспазіцыі адзначаюць, што ўся творчая і грамадская дзейнасць Якуба Коласа, безумоўна, была накіраваная на пераадоленне таго стану, у якім знаходзілася Беларусь у пачатку мінулага стагоддзя. Але варта адзначыць, што за справамі грамадскімі класік не забываў і аб сваёй сям’і — так, завяршаючы знаёмства з экспазіцыяй, можна пераканацца, што Якуб Колас як цудоўны сем’янін і любячы муж ды бацька прывёз сваім сямейным з Парыжу каштоўныя падарункі — так, жонцы ён набыў дамскую торбачку з кракадзілавай скуры, а малодшаму сыну Міхасю — нямецкі фотаапарат. Дарэчы, акурат з таго часу малады Міхась Міцкевіч і захапіўся фотамастацтвам.

След Коласава сына

Галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і праўнучка класіка Васіліна Міцкевіч адзначыла таксама, што ў інтэрактыўны маршрут была ўпісаная і часовая экспазіцыя “Не проста сынам быць вялікага паэта”, прысвечаная малодшаму сыну Якуба Коласа, Міхасю Канстанцінавічу Міцкевічу, які, на жаль, завяршыў свой зямны шлях у маі мінулага года.

Міхась Міцкевіч быў вядомым беларускім навукоўцам, доктарам тэхнічных навук, адзначаным у 1980 годзе Дзяржаўнай прэміяй БССР. Як навуковец ён з’яўляўся аўтарам звыш ста васьмідзясяці навуковых публікацый, меў тры дзясяткі патэнтаў і вынаходніцтваў. Адзначыўся сын класіка таксама дасягненнямі ў спорце — ён меў званне майстра спорту па стэндавай стральбе, атрымаў шматлікія ўзнагароды рэспубліканскага і міжнароднага маштабу. Таксама Міхась Міцкевіч пакінуў цікавыя ўспаміны “Пад бацькоўскім дахам” і кнігу ”Апалены золак”, прысвечаную памяці брата, Юрыя Міцкевіча, які загінуў на фронце падчас Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 годзе.

У часовай экспазіцыі, датычнай Міхасю Міцкевічу, прадстаўленыя матэрыялы з фондаў музея і асабістага архіва нашчадкаў Якуба Коласа — рукапісы, кнігі з аўтографамі, дакументы, асабістыя рэчы і фотаработы сына класіка. Агулам у яго архіве налічваецца каля сарака альбомаў з фотаздымкамі розных мясцін Беларусі, а таксама родных і знаёмых сям’і Якуба Коласа, і самога паэта. Такім чынам, экспазіцыя выразна сведчыць аб яскравай пераемнасці талентаў між пакаленнямі Коласава роду.

Жывая гісторыя

Тэма лёсу сям’і, увагі да паўсядзённасці мінулых пакаленняў, каштоўнасці сямейных архіваў і прыватных успамінаў усё часцей знаходзіць адбітак у выставачных, лекцыйных і адукацыйных праектах беларускіх музеяў. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба — прыгадваецца досвед музея іншага Песняра Беларусі. У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы толькі нядаўна завершыўся маштабны культурна-асветніцкі праект “Дом успамінаў”, у якім удзельнічалі адзінаццаць прадстаўніц пакалення “60+”.

Жанчыны прынялі ўдзел у серыі заняткаў, што ладзіліся на працягу года ў фондасховішчах і на базе экспазіцыі, падчас якіх атрымалі магчымасць вывучаць калекцыі музея і пазнаёміліся з таямніцамі музейнай справы. Вынікам праекта зрабілася выстава, на якой былі сабраныя ўспаміны ўдзельніц, дакументы і артэфакты з іх сямейных архіваў, што распавялі аб тыповых і адначасова незвычайных лёсах простых беларусаў у ХХ стагоддзі. Як падкрэсліваюць арганізатары, такім чынам удзельніцы праекта выступілі медыятарамі паміж пакаленнем сучаснікаў Янкі Купалы і сённяшнімі беларусамі.

Як бачым, у сённяшнім свеце нават самае, на першы погляд, шараговае сведчанне аб мінуўшчыне можа зрабіцца неацэннай часцінкай агульнанацыянальнай памяці і сусветнай культурнай спадчыны. Трэба толькі ўмець пабачыць таемныя сувязі і паралелі, часам невідавочныя, якія злучаюць лёсы асобных людзей і цэлых пакаленняў. Гэта, вядома, справа, падуладная дасведчаным гісторыкам і музейным супрацоўнікам — але дапамагчы ў гэтых пошуках можа кожны.