Магілёўшчына. Ад захавання спадчыны да мультымедыйных тэхналогій

№ 41 (859) 11.10.2008 - 17.10.2008 г

Завершана рэканструкцыя былога палаца князя Пацёмкіна ў Крычаве, распрацаваны дэталёвы план узнаўлення раёна Бабруйскай крэпасці, заканчваецца рэстаўрацыя храма Пятра і Паўла ў вёсцы Лясная Слаўгарадскага раёна, распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на ўзнаўленне аб’ектаў спадчыны ў Мсціслаўскім і Кіраўскім раёнах.

Сёлета распачаты работы па фарміраванні праектна-каштарысных дакументаў на рэканструкцыю Грудзінаўскага сядзібна-царкоўнага комплексу на Быхаўшчыне. За два апошнія гады адкрыты новыя экспазіцыі Шклоўскага, Касцюковіцкага, Крычаўскага раённых краязнаўчых музеяў, музея гісторыі ў Магілёўскай ратушы. Завяршаецца стварэнне экспазіцыі, прысвечанай 300-годдзю перамогі над шведамі пад Лясной у бібліятэцы-музеі аграгарадка “Лясная”. Пры аддзеле культуры Глускага райвыканкама створаны раённы гісторыка-краязнаўчы музей.

Сёлета на камплектаванне бібліятэчных фондаў Магілёўшчыны выкарыстана больш за 20% сродкаў ад агульнага фінансавання бібліятэк.

У вобласці адкрываюцца новыя тыпы клубных устаноў: сельскія цэнтры культуры, клубы народнай творчасці, дамы фальклору, клубы-музеі…

У бягучым годзе Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы ўвёў у эксплуатацыю галіновы абласны інтэграваны банк даных, які забяспечвае аўтаматызаваны збор і апрацоўку звестак пра фактычную колькасць і склад кадраў арганізацый культуры, статыстычнай інфармацыі пра дзейнасць публічных бібліятэк і клубных устаноў. З мінулага года вядзецца работа па выпуску мультымедыйных інфармацыйных выданняў.

Цягам трох гадоў вобласць утрымлівае стабільныя пазіцыі па колькасці стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Летась стыпендыятамі сталі 52 чалавекі.

На сёння ў сельскай мясцовасці дзейнічае 64 пляцоўкі філарманічнага і тэатральнага абслугоўвання. Сёлета цягам акцыі “Майстры мастацтваў Магілёўшчыны — працаўнікам сяла” арганізавана 114 канцэртаў, гледачамі якіх стала 1500 вяскоўцаў. Абласныя тэатры паказалі 93 спектаклі, якія ўбачылі амаль 6 тысяч жыхароў раёна.

За кожным гэтым здабыткам — плён штодзённай дзейнасці канкрэтных людзей. Заўжды важкія паказчыкі — у аддзелаў культуры Шклоўскага (начальнік — Галіна Валозіна), Кіраўскага (Тамара Галубоўская), Касцюковіцкага (Мікалай Тыманюк), Круглянскага (Наталля Тыманава), Крычаўскага (Людміла Красілава), Магілёўскага (Аляксандр Алекса), Слаўгарадскага (Марыя Баранава), Бабруйскага (Сяргей Багдановіч) райвыканкамаў.

Шмат цікавага і новага ў рабоце бібліятэчных сетак: Крычаўскай (дырэктар — Валянціна Бачкова), Асіповіцкай (Валянціна Логвін), Хоцімскай (Раіса Касталонава). Заўжды знаходзяць шлях да сэрца чытача бібліятэкар аграгарадка “Ланькова” Бялыніцкай бібліятэчнай сеткі Святлана Сахарава, бібліятэкар аграгарадка “Грудзінаўка” Быхаўскай бібліятэчнай сеткі Галіна Палавікова, бібліятэкар Махаўскай сельскай бібліятэкі Магілёўскай раённай бібліятэчнай сеткі Кацярына Дуброўская.

Не толькі пра адпачынак, але і пра выхаванне насельніцтва дбаюць дырэктар Глускай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Надзея Бычкоўская, дырэктар Касцюковіцкага раённага цэнтра культуры Ігар Гіркін, дырэктар Шклоўскага РДК Вячаслаў Вялічка, дырэктар Межысецкага СДК Магілёўскага раёна Ніна Герасімёнак, загадчыца аўтаклуба Кіраўскага раёна Ірына Старастава.

(Звесткі прадастаўлены Упраўленнем культуры Магілёўскага аблвыканкама)