Няўрымслівы даследчык танца “ад вытокаў”

№ 11 (1502) 13.03.2021 - 20.03.2021 г

Мікола Аляксеевіч Козенка — вядучы этнахарэограф і лідар у даследаванні традыцыйных беларускіх народных танцаў у сучаснай Беларусі. Майстра ведаюць як у нашай краіне, так і далёка за мяжой. На днях ён адзначае свой 70-гадовы юбілей і не спыняе плённай працы. Як кажа сам Мікола Аляксеевіч: “Багата зроблена, але багата яшчэ трэба зрабіць”.

/i/content/pi/cult/841/17897/13.jpgМікола Козенка нарадзіўся 9 сакавіка 1951 года ў вёсцы Целепуны паблізу Мазыра. Бацька Аляксей Мікітавіч працаваў рабочым на заводзе, а маці Еўдакія Ісакаўна Сіраш была кіраўніком паляводчай брыгады калгаса “Радзіма”. Акрамя Міколы ў сям’і мелася яшчэ чацвёра дзяцей. Спачатку даводзілася туліцца ў невялічкай хатцы з глінянай падлогай. З часам удалося пабудаваць новае і больш выгоднае жытло. Аднак неўзабаве сям’ю напаткала гора — праз няшчасны выпадак на працы загінуў бацька, і ўвесь цяжар гаспадаркі і гадавання дзяцей лёг на плечы маці. Чым маглі, дапамагалі дзед з бабуляй. Сям’я акурат і сталася тым вытокам народнай культуры, адкуль пачаў чэрпаць Мікола Козенка. На святы, вечарынкі, пры сустрэчах радзіны дзятва была неад’емнай часткай абрадаў ды ігрышч.

У 1958 годзе Міколка пайшоў у першы клас васьмігадовай школы-інтэрната ў Мазыры. Менавіта тут і бярэ пачатак прафесійнае станаўленне танцора. У школе меўся танцавальны гурток, і яго кіраўнік Уладзімір Мікалаевіч Авяр’янаў акурат на той час шукаў сабе вучняў. Мікола пачаў наведваць заняткі, і ўжо праз год выступіў на абласным аглядзе харэаграфічнага мастацтва ў Гомелі: танцаваў “Беларускую польку”, “Лявоніху” і “Матроскі яблычак”. Праз нейкі час школьны гурток спыніў сваё існаванне, і хлопец перайшоў у танцавальны калектыў Дома піянераў, якім кіравала Ніна Вячаславаўна Глінкіна. Вучобу гэтаксама працягнуў ужо ў новым месцы — сярэдняй агульнаадукацыйнай школе № 1 горада Мазыра. Праз цяжкія матэрыяльныя варункі мусіў адначасова падпрацоўваць і ў калгасе.

Пасля заканчэння школы не было ўжо і пытанняў, чым займацца і на каго вучыцца. Мікола Козенка вырашыў звязаць сваё жыццё з танцамі і падаў дакументы ў Магілёўскае культасветвучылішча на аддзяленне харэаграфіі. Па заканчэнні вучобы ўладкаваўся на працу ў Дом культуры Магілёўскага аўтамабільнага завода імя С.М. Кірава. Неўзабаве быў прызваны ў войска. Службу праходзіў ў ансамблі песні і танца Беларускай ваеннай акругі. Прага да ўдасканалення майстэрства прывяла Міколу Козенку на харэаграфічнае аддзяленне Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры. У 1978 годзе ён паспяхова яго заканчвае.

Па вяртанні на радзіму Міколу Козенку запрасілі на працу ў Мінскі інстытут культуры выкладчыкам кафедры харэаграфіі, а на наступны год у Рэспубліканскі навукова-метадычны Цэнтр культуры загадчыкам аддзела харэаграфічнага мастацтва. У 1992 годзе Цэнтр быў рэарганізаваны ў Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры. За час плённай працы ў Цэнтры яму ўдалося падрыхтаваць шэраг дапаможных матэрыялаў па навучанні традыцыйным танцам, апытальнік для збору танцавальнага фальклору, руска-беларускі музычна-харэаграфічны слоўнік, распрацаваць вучэбныя праграмы, напісаць дзясяткі артыкулаў, у тым ліку для энцыклапедый і іншае. Акрамя выдавецкай дзейнасці Мікола Козенка ўдзельнічаў у падрыхтоўцы кінастужак “Танцы і карагоды на вёсцы” (1995), “Паміж небам і зямлёй” (1995), “У Святыя вечары на Каляды” (1996), тэлецыкла “Чачэрскі альбом” (1995 — 1996) і некаторых іншых.

Адначасова Мікола Козенка працаваў загадчыкам Чачэрскага раённага Цэнтра рамёстваў, этнаграфіі і фальклору, выкладчыкам танца ў Чачэрскай дзіцячай музычнай школе. Увесь гэты час ён даследаваў традыцыйную культуру Чачэрскага раёна. На аснове сабраных матэрыялаў падрыхтаваў рукапіс “Чачэрскі фальклор (пераважна харэаграфічны) у сучасных запісах” з фотаздымкамі, малюнкамі і нотнымі дадаткамі. Гэты ўнікальны матэрыял аб’ёмам каля тысячы старонак яшчэ чакае свайго выдання.

Вялікую ўвагу Мікола Козенка надае не толькі тэарэтычным аспектам харэаграфічнага мастацтва, але і практычнаму засваенню дзецьмі і моладдзю традыцыйнай беларускай культуры, фармаванню самастойнай творчай асобы. З 1996 года ён з’яўляецца мастацкім кіраўніком Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага гурта “Берагіня” Мётчанскай школы, што пад Барысавам. Акрамя таго, выкладае беларускія традыцыйныя танцы ў аматарскіх фальклорных калектывах “Ветразь”, “Guda”, выхаванцы якіх таксама неаднаразова станавіліся пераможцамі танцавальных конкурсаў. Шмат разоў Мікола Козенка праводзіў майстар-класы для ўсіх ахвочых і зацікаўленых беларускімі танцамі.

У 1998 годзе Мікола Козенка павышае кваліфікацыю ў аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Працягвае працаваць у БелІПК і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Вынікі шматгадовай працы падсумоўвае ў фундаментальным шматтомным выданні “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў” (2001 — 2013). У раздзелах “Танцавальны фальклор”, “Народныя гульні” і “Інструментальная музыка” ім поўна і ўсебакова асветлены асаблівасці народнай харэаграфіі кожнага з рэгіёнаў нашай краіны.

Вялікі ўнёсак зроблены Міколам Козенкам у падрыхтоўку і правядзенне міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў фальклору ў Беларусі, а таксама семінараў, круглых сталоў, дыскусій па праблемах беларускай народнай харэаграфіі. Найбольш значнымі сярод іх можна назваць “Палескі карагод”, “Беларуская полька” , “Сожкі карагод”, “Мяцеліца”. Але, бадай, найперш імя Міколы Козенкі асацыюецца з фестывалем фальклорнага мастацтва “Берагіня”, які ладзіцца ўжо два дзесяцігоддзі ў гарадскім пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці. У 2004 годзе фестываль атрымаў статус рэспубліканскага. Прыняць удзел у ім з’язджаюцца аматары фальклору і народнага мастацтва не толькі з Беларусі, а таксама і з-за мяжы. Пляцоўка з’яўляецца найбуйнейшым асяродкам захвання і трансляцыі традыцыйнай культуры на Гомельшчыне, месцам абмену вопытам і выхавання моладзі на падмурку беларускай культуры. Апошнія фестывалі дапаўняюцца таксама і адмысловымі даведнікамі, своеасаблівымі справаздачамі. На жаль, сёння лёс фестывалю застаецца няпэўным праз нястачу фінансаў, а таксама і складаную эпідэміялагічную сітуацыю.

Руплівая дзейнасць Міколы Козенкі на ніве захавання і папулярызацыі харэаграфічнага фальклору адзначана шматлікімі ганаровымі граматамі, а ў 2019 годзе — медалём Францыска Скарыны.

Зміцер Крымоўскі, вучань Міколы Козенкі