Залатое сячэнне беларускай анімацыі

№ 11 (1502) 13.03.2021 - 20.03.2021 г

12 сакавіка 1971 года на “Беларусьфільме” пачалася праца над мультыплікацыйным фільмам “Нязнайка-паэт”. Ад гэтай даты і вядзе адлік афіцыйная гісторыя беларускай анімацыі. 12 сакавіка 2021 года творчай вечарынай на студыі “Беларусьфільм” адзначаўся 50-гадовы юбілей беларускага анімацыйнага кіно: мультыплікатары згадвалі гісторыю, пераглядалі кадры з лепшых работ за мінулыя 50 гадоў і — атрымлівалі віншаванні. З вітальным словам на юбілейным мерапрыемстве выступіў начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аляксей Бязуглы. На працягу ўсяго юбілейнага года будуць адбывацца розныя цікавыя імпрэзы: больш маштабнае і гучнае святкаванне яшчэ наперадзе.

/i/content/pi/cult/841/17894/7.jpgДа дакладнай даты заснавання беларускай анімацыі існавалі розныя падыходы. Часам адлік вялі ад 1972 года, калі была скончана праца над фільмам “Нязнайка-паэт” ці калі быў зняты фільм па замове ДАІ “Два погляды на адно і тое ж” — на ім ужо стаяла пазнака “Беларусьфільма”. Дата 12 сакавіка да нядаўняга часу ў якасці юбілейнай не фігуравала. Але ж цяпер першы дзень рэжысёрскага перыяду вытворчасці мультыплікацыйнага фільма “Нязнайка-паэт”  — 12 сакавіка 1971 года — прызнаецца за пачатак гісторыі беларускай мультыплікацыі.

50 — прыгожая лічба, але, паглядзеўшы з іншага ракурсу, можна весці гаворку і пра амаль 100 гадоў. Бо яшчэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя пры Белдзяржкіно працавала мультыплікацыйная майстэрня, якая “аніміравала” ў навукова-папулярных, агітацыйных і адукацыйных фільмах папулярныя лозунгі таго часу, дыяграмы і схемы, правілы паводзін, сатырычныя вершы, і многае іншае. Анімацыя ў такіх стужках як правіла спалучалася з ігравымі эпізодамі.

/i/content/pi/cult/841/17894/8.jpgПершым беларускім паўнавартасным анімацыйным фільмам лічыцца 17-хвілінная стужка “Нязнайка-паэт”, якая выходзіла яшчэ пад лагатыпам усесаюзнага творчага аб’яднання “Экран”: заказ на вытворчасць гэтага мульціка  — з цэлай серыі пра Нязнайку паводле папулярнага твора Мікалая Носава — яно перадало менавіта на беларускую студыю. Тады ў Мінск прыехаў рэжысёр Уладзімір Голікаў, які да таго паспяхова папрацаваў на студыі “Таджыкфільм”, і прыехаў не адзін, а разам з жонкай Мартай Лубяннікавай — яны і зладзілі ў Мінску лялечны павільён, дзе быў зняты “Нязнайка-паэт”, а потым і многія іншыя папулярныя лялечныя фільмы тых часоў. Марта Лубяннікава як самастойны рэжысёр неўзабаве выпусціла вельмі папулярны ў тыя часы лялечны мультфільм “Цімка і Дзімка”.

/i/content/pi/cult/841/17894/GL.jpg

Рэжысёры-мультыплікатары Уладзімір Голікаў і Марта Лубяннікава на кінастудыі “Беларусьфільм”, 1972 год.

Пасля “Нязнайкі-паэта” Уладзімір Голікаў праславіў беларускую кінастудыю яшчэ некалькімі фільмамі — і лялечнымі, і маляванымі: адзін з самых папулярных і дагэтуль, з песняй Эдуарда Ханка ў выкананні ВІА “Песняры”, — “Квака-задавака” 1975 года. Два гады таму рэжысёр пакінуў свет ва ўзросце 86 гадоў.

У 1975 годзе з творчага аб’яднання мастацкіх фільмаў беларускай кінастудыі вылучылася творчая майстэрня мультыплікацыйных фільмаў — яе ўзначаліў знакаміты ў будучым майстар Алег Белавусаў. Яшчэ праз дзесяць гадоў яна перарасла ў творчае аб’яднанне, а 1 жніўня 1987 года была створана ўжо студыя мультыплікацыйных фільмаў, якая цяпер называецца студыяй анімацыйных фільмаў.

За 50 гадоў на “Беларусьфільме” знята 236 анімацыйных стужак. Але ж
за апошнія дзесяцігоддзі анімацыя пачала стварацца не толькі ў сценах нацыянальнай кінастудыі — былі і ёсць іншыя студыі, незалежныя, аўтарскія праекты, а з’яўленне камп’ютарнай анімацыі яшчэ больш пашырыла кола стваральнікаў такога кіно. І незалежныя фільмы гэтак жа, як і стужкі, зробленыя на “Беларусьфільме”, атрымліваюць прызы на міжнародных фестывалях.

Са святам усіх творцаў віншуе газета “Культура”!

Фота з фондаў Музея гісторыі беларускага кіно.