Паўстагоддзя служэння коласаўцам

№ 11 (1502) 13.03.2021 - 20.03.2021 г

9 сакавіка заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, вядучы майстар сцэны Тамара Скварцова адзначыла свой 75-гадовы юбілей
Амаль паўстагоддзя актрыса прысвяціла служэнню коласаўскаму тэатру, а калі браць шырэй, то і ў цэлым беларускаму сцэнічнаму мастацтву. Бо маштаб многіх вобразаў, створаных Тамарай Скварцовай, даволі грунтоўны. Нездарма ж яны адзначаны на міжнародным і рэспубліканскім узроўні (як тая ж Бабуля з драмы “Пахавайце мяне за плінтусам” Паўла Санаева, за якую актрыса атрымала дыплом “За псіхалагічную праўду вобраза ў сцэнічным увасабленні сучаснай прозы” на IV Міжнародным тэатральным фестывалі “Родниковое слово” ў Архангельску, прыз “Лепшая жаночая роля” на VI Міжнародным фестывалі камерных і монаспектакляў LUDI у Арле, “Залаты дыплом” на Міжнародным тэатральным форуме “Залаты Віцязь”).

/i/content/pi/cult/841/17893/5.jpg...А пачыналася ўсё так. Па заканчэнні школы паехала паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут. Яе залічылі кандыдаткай. Гэта значыць, што навучацца павінна была без стыпендыі, без інтэрнату. Але гэта сталася немагчымым, цяжка было б бацькам, якія выхоўвалі яшчэ чатырох дзетак. І таму дзяўчына паступіла ў БДУ на філалагічны факультэт. Там трапіла ў студэнцкі тэатр, якім кіраваў заслужаны артыст Латвіі Аляксандр Озераў. Першая роля, якую яна сыграла, была тэмпераментная пуэртарыканка Аніта ў “Вестсайдскай гісторыі”. Спектакль меў шалёны поспех у гледача. Пра яго пісалі ўсе мінскія газеты. Потым была Варвара ў “Навальніцы” Астроўскага, Любка Шаўцова ў “Маладой гвардыі” Фадзеева.

Відаць, гэтыя першыя і даволі ўдалыя спробы і падштурхнулі Тамару да паступлення ў студыю пры тэатры імя Янкі Купалы. Там вучылі выдатныя майстры — народны артыст СССР Леанід Рахленка, Барыс Эрын (на той час галоўны рэжысёр), Зінаіда Браварская, Валерый Раеўскі, Барыс Луцэнка. Падчас вучобы студыйцаў займалі ў масавых сцэнах, а першыя ролі яна сыграла ў спектаклях “Трыбунал” Макаёнка і “Начное дзяжурства” Дзялендзіка. З новым галоўным рэжысёрам з Масквы (які нядоўга ў Мінску затрымаўся) адносіны не склаліся, а тут на гастролі ў сталіцу прыехаў Коласаўскі тэатр. Маладая актрыса паказалася і была прынятая ў трупу.

У “Багне” Астроўскага ёй даручылі эпізадычную ролю кухаркі Аксінні, бойкай, вясёлай дзяўчыны. Вядомы тэатральны крытык Юрый Рыбакоў з Масквы на абмеркаванні так яе адзначыў у гэтым спектаклі: “Гэта ваш майстар эпізоду”. Першыя дзесяцігоддзі многа такіх роляў давялося сыграць. Але актрыса з вялікай адказнасцю адносілася да любой працы. Грала ў казцы “Жыла-была Сыраежка”. Спектакль быў вясёлы, дасціпны. І не апошнюю скрыпку ў ім іграла Тамара Скварцова. Дарэчы з ім была звязана адна цікавая гісторыя. Яна разам са сваім партнёрам па сцэне Аляксандрам Фраловым хаваліся ад маслякоў у вялікі кошык. Спачатку ўсё было добра. А пасля родаў… артыстка крыху павялічылася ў аб’ёме. І ў пэўны момант, калі паводле дзеі трэба хутка выскокваць з кошыка, адчувае, што зрабіць гэта не можа. Партнёр доўга і беспаспяхова спрабаваў выцягнуць яе. Пасля таго вырашыла: у кошык больш не залазіць.

Сярод першых работ вялікая роля была ў спектаклі “Жарты” (“Конскі партрэт” Л.Родзвіча), дзе актрыса сыграла камедыйную ролю Маладзіцы. Яе гераіня ўвабрала ў сябе тое, што спрадвеку ўласціва простай беларускай жанчыне. Закранула гледачоў і невялікай роляй Марыі Рыгораўны ў “Блытаных сцежках” Кандрата Крапівы. Тамара Скварцова іграла маці маладога героя, у смерці якога вінавацілі ўрача. Актрыса псіхалагічна дакладна змагла паказаць простую вясковую кабету, якая са смерцю сына, здаецца, страціла і сэнс свайго жыцця, раззлавалася на ўвесь свет, на ўсіх людзей. Праўдзівае непадробнае існаванне Скварцовай не проста мяняла, а ўзрывала і настрой гэтай сцэны, і характар даволі рацыянальнага спектакля.

Больш шырока работы актрысы сталі з’яўляцца ў рэпертуары ў 1990-я гады. У сувязі з гэтым яна любіць прыгадваць прадказальныя словы свайго педагога па студыі Леаніда Рахленкі: “Вы будзеце іграць пасля сарака”. Абсалютнай нечаканасцю, у тым ліку для самой Тамары Уладзіміраўны, стала яе прызначэнне на цэнтральную ролю Агаф’і Ціханаўны ў спектаклі “Жаніцьба” па Гогалю, які ставіў Валерый Маслюк. Традыцыйна яе гралі больш маладыя актрысы вострахарактарнага камедыйнага плана. Нявеста ў спектаклі коласаўцаў была аднаго ўзросту з Падкалесіным (акцёр Уладзімір Куляшоў) і ў гэтым, здавалася, быў код да вырашэння спектакля. Рэжысёр хацеў бачыць немаладую пару, якім асабліва патрэбна шчасце, яшчэ больш, чым маладым. Пры важкай камплекцыі жанчына (так яе сыграла Скварцова), як не з гэтага свету, менш за ўсё была падобная да грубай, нявыхаванай купчыхі. І ў гэтым яна была падобная да Падкалесіна-Куляшова з яго безабароннасцю, няўдачлівасцю, непрыстасаванасцю.

Другая значная работа актрысы — жорсткая, дэспатычная купчыха Маўра Барабошава з камедыі Астроўскага “Праўда — добра, а шчасце лепш”. Пэўна ж, і яна не пазбаўлена прыстойных чалавечых якасцяў (у ёй адчуваюцца былая прыгажосць, розум, абаяльнасць, пачуццё гумару), ды толькі дзікунскае асяроддзе моцна прыціснула іх, ператварыўшы ў супрацьлегласці: розум — у дурасць, прыгажосць — у пачварнасць, гумар — у зласлівасць. Таму іншым часам здавалася, што гэта жывы і даволі прывабны персанаж, а іншы раз — што гэта хадзячая мумія, у якой яшчэ не вынішчаны былы дзявочы страх. За ролю Барабошавай Тамара Уладзіміраўна была ўзнагароджана прэміяй Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.

/i/content/pi/cult/841/17893/6.jpgЗначнае месца ў творчай біяграфіі Тамары Скварцовай займаюць ролі ў пастаноўках Віталя Баркоўскага. Актрыса зразумела яго і ўвайшла ў кагорту шчырых яго прыхільнікаў. А ён, у сваю чаргу, па-новаму раскрыў індывідуальнасць актрысы на глыбокім філасофскім матэрыяле. Сведчаннем чаму сур’ёзныя набыткі ў яго спектаклях: пані Кранц у “Пісьменных” М.Чокэ, Сцяпанаўна ў “Шагале…Шагале…” У. Драздова, Іванова са спектакля “…таму што люблю” па п’есе А.Паповай “Дзень карабля”, Маргарэт з “Бацькі” А.Стрындберга, Марфа («І смех, і слёзы, і Любоў» паводле У.Набокава). На першы погляд, гэта былі ролі другарадныя, іншым разам нават эпізадычныя, але зусім не гэтым яны вымяраюцца ў творчым лёсе актрысы. Яны выразна пашырылі жанравае поле актрысы, яе дыяпазон.

Сярод вобразаў, створаных у апошнія сезоны, відавочна, галоўнай удачай актрысы з’яўляецца Бабуля ў інсцэніроўцы аповесці “Пахавайце мяне пад плінтусам”, пастаўленай колішнім мастацкім кіраўніком коласаўскага тэатра Валерыем Анісенкам. Гэтая роля атрымала шырокае прызнанне як сярод гледачоў, так і сур’ёзнай, аўтарытэтнай крытыкі, у тым ліку і маскоўскай. Галоўны рэдактар усерасійскага часопіса “Театральная жизнь”, паглядзеўшы спектакль тут, у Віцебску, прызнаўся, што зараз, нават у Маскве, так ужо не граюць, на разрыў сэрца і душы. У Бабулі Скварцовай (у адрозненне ад фільма па тым жа творы) пераважвае не тыранія, а бязмерная любоў да ўнука, якая настолькі паглынае ўсё навокал, што ў выніку забівае саму гераіню.

Пазней была графіня Растапчына ў “Афінскіх вечарах” П.Гладзіліна, якая прайшла праз сталінскі Гулаг, але захавала высакароднасць душы, вялікую ўнутраную прыгажосць. Тамара Скварцова яшчэ раз пацвердзіла сваё высокае майстэрства, бо цікава працавала не толькі “ў тэксце”, але і па-за ім. Яна выразна падкрэслівала высакароднасць, мудрасць, а перадусім — чалавечнасць, жыццялюбства, спалучаючы гэта са стрыманасцю, тактоўнасцю гераіні. Здаецца, Ганна Паўлаўна не надта спяшаецца ўмяшацца ў сямейны канфлікт, хоць і атрымлівае задавальненне ад магчымасці падцяць свайго зяця. Пэўная адлучанасць ад гэтай рэальнасці прысутнічае ў ёй. Занадта моцна цісне мінулае. І тут рэжысёр уводзіць сцэну-ўспамін, калі брэх сабак, святло ліхтара “пераносіць” яе ў зону, дзе прыгадвае яна (мусіць, невыпадкова?) лагернага канваіра са схільнасцямі садыста, таксама як і зяць, прыхільніка высокага мастацтва.

У меладраме “Матылёк…Матылёк…” па п’есе Альда Нікалаі актрыса (у ролі Эдды) працуе на кантрастах. У першай палове спектакля перад намі досыць амбіцыёзная, ганарлівая, нецярпімая да іншых істота, якая жыве ў прыдуманым ёй жа свеце свайго мінулага. Сваёй хатняй тыраніяй у спалучэнні з пагардай яна здатная давесці да прыхаванай нянавісці сваю ці то служанку, ці то кампаньёнку Фоку. Але ў другой частцы спектакля некалі кінуты ёй у прытулку сын зрывае з яе покрывы, маску, і перад намі ўжо не вытанчаная свецкая ільвіца, што ператварыла сваё жыццё ў суцэльную тэатральную ігру, а вартая жалю старая, што пакутуе ад адзіноты і, быццам тапелец за саломінку, марыць ухапіцца за чыюсьці міласэрнасць. Але жыццё досыць жорсткая рэч, і ў абліччы сына яна набывае не анёла-збаўцу, а суддзю- абвінаваўцу.

У ролі Старой са спектакля “Бальніца на краі свету” паводле Хрысты Бойчава, нягледзячы на невялікі адрэзак сцэнічнага часу, цягам якога актрыса знаходзіцца на сцэне, яна паказвае цэлы жаночы лёс. Відаць, што яна і кахае свайго шалапутнага мужа, хоць пастаянна ўшчувае яго. Асаблівае ўражанне аказвае на гледача фінальная сцэна, дзе героі злучаюцца паміж сабой у нейкай іншай, ужо незямной рэальнасці.

У ролі Разаліі Саламены ў спектаклі “Шлюб па-італьянску” паводле п’есы Эдуарда дэ Філіпа яна выкарыстоўвае найперш камедыйныя фарбы для стварэння свайго вобраза. У гэтай ролі, як і ў іншых, актрыса нічым не паўтарае свае ранейшыя работы, уражвае жыццёвай пераканальнасцю і акцёрскай дакладнасцю, паказваючы і непасрэднасць, і хітраватасць, і душэўнасць сваёй гераіні.

Хочацца верыць, што наперадзе ў Тамары Уладзіміраўны яшчэ шмат яскравых роляў, цікавых, запамінальных вобразаў, якія ўпрыгожаць рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

Юрый ІВАНОЎСКІ, тэатразнаўца, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа

Фота з архіва тэатра