Знаёмцеся! Таццяна Андрэйчыкава

№ 10 (1501) 06.03.2021 - 12.03.2021 г

Магілёўшчына: станаўленне кадраў у сферы культуры
У апошні час адной з актуальных праблем у сферы культуры з’яўляецца забеспячэнне кадрамі, прытым спецыялістамі, якія змогуць вырашаць сучасныя задачы, што стаяць перад сферай. Спецыялістаў для ўстаноў культуры рыхтуюць спецыяльныя ўстановы адукацыі. Аднак, атрымаць веды, уменні і навыкі — гэта адно, а здолець прымяніць іх на практыцы — гэта ўжо зусім іншая задача. Паралельна з атрыманнем адукацыі вельмі важна, каб студэнт, будучы спецыяліст, рыхтаваў сябе і фарміраваў паважлівае і адказнае стаўленне да сваёй будучай прафесіі як да справы ўсяго cвайго жыцця. А яно, калі трэба, унясе карэктывы.

/i/content/pi/cult/840/17889/30.jpgТаццяна Андрэйчыкава, метадыст 1 катэгорыі Магілёўскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы — малады спецыяліст. Яна прыйшла у Цэнтр у сакавіку 2020-га. За кароткі час паспела саткаць ручнікі і сурвэткі, дарожкі і паясы, а таксама габелен.

— Таня, раскажы трохі пра сябе. Адкуль з’явілася захапленне ткацтвам?

— Яшчэ ў дзяцінстве я любіла шыць, вышываць, а таксама маляваць. Усё жыццё мяне акружалі творчыя людзі, дзякуючы якім я спачатку трапіла ў мастацкую школу, а потым, у 2012 годзе, паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў на спецыяльнасць “Дызайн”. Пасля заканчэння каледжа вырашыла паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць “Народныя рамёствы”. Кожны семестр на прадмеце “Матэрыялазнаўства” мы спрабавалі розныя віды рамёстваў: саломапляценне, кераміку, роспісы па шкле і тканіне. Крыху пазней паспрабавалі разьбу па дрэве. Словам, было ўсяго патроху, у тым ліку і ткацтва. Пасля двух гадоў навучання мы выбіралі, чым будзем займацца далей. Я абрала габелен, таму што ён быў больш даступны і цікавы для мяне ў параўнанні з іншымі відамі рамёстваў.

— Чым прыцягвае гэты від творчасці?

— Ткацтва адно з самых ранніх відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якое не страціла актуальнасць на дадзены момант і працягвае актыўна развівацца. Габелен, як разнавіднасць ручнога ткацтва, цікавы і сёння, ён нясе ў сабе не толькі ўтылітарную функцыю, але і выступае як самастойны твор мастацтва. Цікава, калі з-пад тваіх рук з’яўляюцца арнаменты, якія затым злучаюцца ў адзіную кампазіцыю.

— Якія вырабы ткацтва падабаюцца больш?

— Люблю ткаць усё: паясы, ручнікі, дарожкі, габелены. Па-свойму ўсё цікава. Я спрабавала розныя віды пляцення паясоў: пляценне на пальцах, дошчачках, бёрды, кручаныя паясы. Больш за ўсё мне спадабалася ткаць на бёрдах. На габелен ідзе больш часу, але працы атрымліваюцца эфектныя. А паколькі габеленам я займаюся ўжо дзесьці чатыры гады і засвоіла традыцыйныя тэхнікі яго пляцення, мне хацелася б развівацца далей і ў іншых відах ткацтва. Напрыклад, сённяшняе засваенне ткацкага станка для мяне — справа новая.

— У нашы дні майстроў, якія ўмеюць ткаць габелены, не так шмат. Ведаем, што тваімі рукамі быў вытканы габелен “Купалле” да леташняга рэспубліканскага свята “Купалле”. Над чым цяпер працуеш?

— Раблю габелен для Цэнтра паводле карціны Куінджы “Бярозавы гай”. Памер працы — 100 на 80 сантыметраў. Прыкладна праз некалькі месяцаў справу завяршу. Тут галоўнае цярплівасць, бо праца вельмі манатонная. А ў мяне з дзяцінства любоў да карпатлівай працы.

— Якія тэхнікі пляцення выкарыстоўваеш у габелене?

— Абрала дзве асноўныя: “дывановы вузел” і традыцыйнае шпалернае ткацтва. Праца ў тэхніцы “дывановы вузел” досыць складаная. Пры такой тэхніцы габелен атрымліваецца аб’ёмным і рэльефным. Акрамя таго, што мне трэба пракласці асноўную масу ворса, я яго яшчэ абстрыгаю да патрэбнай даўжыні, якая вар’іруецца на розных участках. Так ствараецца эфект прасторы. Калі аб’ект на малюнку ідзе ўдалячынь, на габелене гэты ўчастак будзе гладкім, а той аб’ект, які размяшчаецца бліжэй да мяне, будзе больш аб’ёмным. У дадзеным габелене выкарыстоўваецца не менш за 15 колераў. У сярэднім у дзень у мяне атрымліваецца сплесці 2 — 3 сантыметры, бывае і больш. Усё залежыць ад складанасці ўчастка, колькасці колераў нітак, а таксама памеру габелена.

— Цяпер шмат кажуць пра тое, што моладзь не цікавіцца народнымі рамёствамі, што яны не актуальныя ў сучасным грамадстве. Што ты на гэты конт думаеш?

— Народныя рамёствы заўсёды будуць актуальныя. Усе тыя, хто вучыцца на мастацкіх спецыяльнасцях, асабліва звязаных з дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, пачынаюць сваё навучанне з засваення традыцыйных рамёстваў, і ўжо ў далейшым на гэтай базе яны пачынаюць развівацца і ўносяць свае змены ў тэхналогіі народных рамёстваў, у іх з’яўляецца свой стыль працы. І нават нягледзячы на тое, што сучасныя майстры распрацоўваюць свае аўтарскія тэхнікі пляцення, уводзяць у працы сучасныя матэрыялы — у аснове ляжаць тэхналогіі, якія ідуць ад вытокаў ткацтва.

Так што народныя рамёствы не забываюцца. Дадзеная тэма цікавая не толькі для тых, хто непасрэдна звязаны з творчасцю. Сёння існуе мноства мастацкіх майстэрняў па навучанні традыцыйным відам рамёстваў для людзей розных узроставых груп. А таксама праходзіць мноства выстаў і кірмашоў, дзе людзі знаёмяцца з традыцыйнымі відамі рамёстваў, удзельнічаюць у майстар-класах і набываюць вырабы майстроў. Да таго ж цяпер актуальная тэма экалогіі. А пры вырабе традыцыйных рэчаў, зазвычай, выкарыстоўваюцца экалагічна чыстыя матэрыялы, што цяпер немалаважна.

— Ты малады спецыяліст. На пачатковым этапе работы якая дапамога і падтрымка патрэбна маладому спецыялісту і ці адчуваеш ты яе ў Цэнтры?

— Практычна кожнаму чалавеку на новым месцы працы даводзіцца сутыкнуцца з працэсам адаптацыі. Маладому спецыялісту ў гэтым плане яшчэ складаней, таму што ён, у большасці выпадкаў, сутыкаецца з падобным упершыню. Адна з важкіх праблем — недахоп практычных ведаў. Акрамя гэтага цяжкасці з’яўляюцца з-за новага распарадку дня, новых абавязкаў, адказнасці і з першага знаёмства з калегамі.

У Цэнтры я атрымліваю велізарную дапамогу з боку маіх калег у засваенні тэхналогіі ткацтва, таксама падчас працы тут я магу ўдзельнічаць у семінарах, у рэспубліканскіх і міжнародных выставах і конкурсах, што для маладога спецыяліста немалаважна — пашырыць веды, паказаць сябе і свае ўменні.

— Якія перспектывы, звязаныя з тваёй прафесіяй, ты маеш і як бачыш сябе ў будучыні?

— Перспектывы? Пакуль я працую ў Цэнтры, магу развівацца ў напрамку ткацтва. Я хачу засвоіць ткацтва на станку, каб надалей ужываць гэты навык у сваёй творчасці. Ёсць у думках розныя праекты, у тым ліку і з калегамі. Хочам, да прыкладу, сумяшчаць розныя тэхнікі і матэрыялы. Ёсць думкі пра тое, каб распрацаваць майстар-класы на базе Цэнтра па розных відах і тэхніках ткацтва для шырокай аўдыторыі.

Гутарку вяла Крысціна БАШАРЫМАВА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра НТ і КАР

Фота аўтара