“Чароўныя песні вясны” — якраз назва аднаго з трох канцэртаў. А кожны год прыкладна ў гэты час, калі вясна напоўніцу ўступае ў свае правы, Нацыянальны канцэртны аркестр з разнастайнымі папулярнымі праграмамі выходзіць на сцэну філармоніі ў Мінску. “Шлягеры на ўсе часы” — зразумела, будуць гучаць добра вядомыя творы, песні і музычныя кампазіцыі, любімыя ўжо не аднім пакаленнем слухачоў. Аркестр у поўным складзе і ўсе яго салісты, сярод якіх заслужаная артыстка Беларусі Наталля Тамела, лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў Таццяна Глазунова, Галіна Грамовіч, Дзмітрый Качароўскі, Ягор Шаранкоў, Руслан Мусвідас і іншыя, 24 сакавіка парадуе песеннымі творамі беларускіх аўтараў, прысвечанымі вясне, каханню, жаночай прыгажосці.
Усяго канцэртаў у праекце “Шлягеры на ўсе часы”, які сёлета ў філармоніі пройдзе 14-ты раз, тры. І адкрыецца серыя 23 сакавіка канцэртнай праграмай “Магія джаза”, у якой выступяць біг-бэнд і салісты аркестра. У складзе біг-бэнда — выдатныя беларускія інструменталісты, сапраўдныя майстры джазавай музыкі. Напрыклад, заслужаны артыст Беларусі, вядучы гітарыст аркестра Сяргей Анцішын: ён выступаў у Мінскім джаз-клубе яшчэ ў сярэдзіне 80-х гадоў, пад час навучання ў Інстытуце культуры быў лідарам джазавага квартэта. Прафесійную кар’еру пачаў у студыі “Песняры” ў 1987 годзе, але ўжо ў 1988 быў запрошаны ў аркестр дырыжорам Міхаілам Фінбергам, які не мог не ацаніць талент музыканта. За гэтыя гады Сяргей Анцішын адзначыўся супрацай са многімі вядомымі беларускімі музыкантамі, у тым ліку і з групай Apple tea, запісваў і свае сольныя праграмы. У складзе біг-бэнда аркестра ў яго атрымліваецца часта іграць менавіта джазавыя праграмы, бо і для кіраўніка аркестра, і для ўсіх яго музыкантаў джаз — асалібвая любоў. Яшчэ адзін знакаміты інструменталіст, таксама заслужаны артыст Беларусі — бас-гітарыст Аляксандр Каліноўскі, якога часта называюць лепшым бас-гітарыстам нашай краіны. Джаз — яго першая любоў, прычым настолькі моцная, што калісьці Аляксандр быў прынцыпова супраць іграць якую-небудзь іншую музыку акрамя джаза. Юнацкі максімалізм перарос у прафесіяналізм, але майстэрства імправізацыі і вольны дух джаза музыкант і зараз цэніць вышэй за ўсё. У складзе біг-бэнда і яшчэ адзін заслужаны артыст Беларусі — саксафаніст Уладзімір Ксёнц — які сярод іншага можа пахваліцца і званнем “Джазмен года — 2008”. Увесь склад не пералічыш, а ў ім рытм-секцыя, клавішныя, саксафоны, трубы, трамбоны… Такі калектыў насамрэч здольны паказаць “Магію джаза”. Канцэрт 23 сакавіка, паводзе слоў дырыжора Міхаіла Фінберга, будзе складацца з папулярнай музыкі, што нараджалася менавіта на нашай беларускай зямлі. Згадаюць артысты і спадчыну славутага аркестра Эдзі Рознера.
Завершыць музычны фестываль Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі 25 сакавіка праграма “The Beatles заўсёды з намі”.