Акцэнтуючы ўвагу на...

№ 9 (1500) 27.02.2021 - 06.03.2021 г

Як мы паведамлялі, мінулым тыднем у знакавым для ўсіх беларусаў месцы — у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — адбылася выніковая калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “Аб выніках дзейнасці арганізацый у сферы культуры ў 2020 годзе і задачы на 2021 год”. Працягваем знаёміць чытачоў “К” з некаторымі выступленнямі яе ўдзельнікаў на дадзеным мерапрыемстве.

/i/content/pi/cult/839/17870/original_opt.jpeg/i/content/pi/cult/839/17870/23_opt.jpegВырашаць трэба разам!

Валерый Грамада, намеснік міністра культуры краіны:

— Праблемы захавання аб’ектаў культурнай спадчыны — гэта адсутнасць фінансавых сродкаў, недастаковая колькасць праектных арганізацый, маючых досвед работы на такіх аб’ектах, дэфецыт спецыялістаў-рэстаўратараў, высокі кошт паслуг па падрыхтоўцы дакументацыі, празмерна высокі кошт археалагічнага нагляду, нізкая зацікаўленасць інвестараў. Але нельга сваім бяздеяннем спрыяць нанясенню шкоды культурным аб’ектам. Сярод аб’ектаў, на матэрыяльны стан якіх у Мінкульт неаднаразова паступалі скаргі: сядзібна-паркавы комплекс у вёсцы Новае поле Мінскага раёна, ансамбль былой сядзібы “Скарбніца” ў вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна, руіны былога манастыра ў Брэсце, фрагмента замка ў Быхаве, палацава-паркавы ансамбль у Нароўлі і шэраг іншых. І тут варта адзначыць, што для правядзення першачарговых работ не патрабуецца распрацоўка навукова-праектнай дакументацыі. Дастаткова толькі распрацаваць праграму работ і аператыўна іх выканаць. У гэтай сувязі мясцовым органам улады неабходна да заканчэння гэтай зімы правесці хаця б візуальны агляд помнікаў архітэктуры, прыняць неадкладнае рашэнне, там дзе гэта неабходна і знайсці сродкі мясцовых бюджэтаў для правядзення супрацьаварыйных работ.

Сёння паводле Кодэкса прадугледжана правядзенне праграм бягучага рамонту па спрошчанай схеме. Такі падыход значна таннейшы, чым распрацоўка поўнага камплекта дакументацыі, аднак бясплатнай такая праца ўсё адно не будзе. Нейкія грошы патрэбныя. У мэтах зніжэння фінансавай нагрузкі на комплекс работ на аб’ектах спадчыны Міністэрства культуры плануе выйсці з ініцыятывай аб пераглядзе кошту археалагічных вышукаў. У стадыі падрыхтоўкі знаходзіцца пытанне з рэстаўрацыйнымі кадрамі.

На працягу многіх гадоў застаюцца нявырашынымі пытанні па састаўленню пашпартоў і распрацоўцы праектаў зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Тут у першую чаргу трэба разумець, што распрацоўка зон аховы ў адпаведнасці з Кодэксам  — гэта прамы абавязак уласніка. Работа па будаўніцтву новых аб’ектаў побач з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі без наяўнасці праекта зоны аховы недапушчальнае. Акрамя таго ў 2021 годзе трэба арганізаваць сістэмную працу выканкамаў сумесна з Мінкультам, накіраваную на аптымізацыю фінансавання работ па захаванні помнікаў гісторыі

Асобнае пытанне — гэта захаванне культавых аб’ектаў. Беларуская праваслаўная царква безумоўна нямала робіць у гэтым напрамку, але ў наяўнасці і адмоўныя тэндэнцыі. У першую чаргу непакоіць неабгрунтаванае змяненне колеравага рашэння, а таксама гістарычных элементаў аблічча храмаў. Сёння Белрэстаўрацыя прысутнічае на ўсіх знакавых аб’ектах. У цэлым асноўныя паказчыкі арганізацыяй выконваюцца. Разам з тым, ёсць праблемы. Аднак, не варта перакладваць іх выключна на праекціроўшчыкаў, мы павінны вырашаць іх разам.

/i/content/pi/cult/839/17870/28 (2)_opt.jpegГарантаваць праўду

Ларыса Бібік, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”:

— У кожнага музея свая задача, але заўжды будучы прасторай эмацыйнага ўспрымання атрыманай інфармацыі і навуковых ведаў для мільёнаў наведвальнікаў, музеі застаюцца фарпостамі гістарычнай праўды ад фальсіфікацыі гісторыі і перагляду вынікаў значных гістарычных падзей. Жывая культура музейнага асяроддзя вырашае пытанні выхавання асобы. На тэрыторыі Брэсцкай крэпасці — восем музейных экспазіцый, на мяжы з горадам яшчэ чатыры. Тры новыя экспазіцыі створаныя ў 2019 — 2020 гадах у рамках рэалізацыі праекта Саюзнай дзяржавы. Летась выйшла кніга “Рарытэты ваенна-гістарычных музеяў Беларусі і Расіі”. У ёй прадстаўлены сто рарытэтаў вядучых ваенна-гістарычных музеяў дзвюх краін. Гэта стала магчымым, дзякуючы праекту “Тэрыторыя Перамогі”, прымеркаванаму да 75-годдзя Вялікай Перамогі. У нас падпісаныя дамовы з больш як дзесяццю музеямі Расійскай Федэрацыі. Плённыя кантакты склаліся з нашым Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і гэты год пазначаны тым, што мы будзем разам прадстаўляць свой здабытак у Валгаградзе. Летась у сувязі са зніжэннем актыўнасці наведвальнікаў многія мерапрыемствы вымушана змянілі фармат. Гэтая акалічнасць спрыяла актыўнай працы па ўвядзенні анлайну. Мы распрацавалі і змясцілі на сайце віртуальны тур па экспазіцыі мемарыяла. Сярод віртуальных наведвальнікаў сталі папулярнымі відэаролікі пра найбольш цікавыя экспанаты музея. Актыўна ўкараняўся фармат правядзення канферэнцый у рэжыме анлайн.

Музейныя праекты не абмяжоўваюцца толькі пералікам паслуг і прэйскурантам цэн. Патрыятычнае выхаванне — прыярытэтны напрамак работы ў адукацыйных установах. Чым больш сістэмнай будзе гэтая справа, тым лепей. Музейная педагогіка — гэта спалучэнне навукова-педагачных дысціплін і практычнай дзейнасці, аб’яднанне намаганняў музейнага работніка і педагога.

Мы плануем у рамках канцэпцыі развіцця мемарыяла адкрыць у абарончай казарме музейна-адукацыйны цэнтр. На 2021 год запланаваныя новыя праекты, сярод якіх фінальны этап міжнароднай алімпіяды па ваеннай гісторыі. Усё гэта скіравана не толькі на тое, каб абараніць наша слаўнае мінулае, але і гарантаваць праўдзівае бачанне гісторыі нашымі нашчадкамі.

Да праблем падыходзіць комплексна

/i/content/pi/cult/839/17870/27 (1)_opt.jpegУладзімір Карачэўскі, генеральны дырэктар кінастудыі “Беларусьфільм”:

У Фаіны Ранеўскай урач неяк запытаўся: “Хранічнае што-небудзь ёсць?” “Ёсць” — адказала яна. “І што?” “Нястача грошай і чаканне светлай будучыні”. Такога роду хранічнымі захворваннямі студыя хварэе ўжо шмат гадоў. Праблемы назапашваліся даўно, асабліва яны выявіліся ў часе пандэміі. Гэта звязана з тым, што кінастудыя доўга працавала паводле звыклай мадэлі, якая была апраўданая хіба што ў 90-я гады, калі прадпрыемства было асноўным выцтворцам кінапрадукцыі ў Беларусі, а спажыўцом з’яўляўся толькі расійскі рынак. А на сённяшні дзень канкурэнцыя ў галіне кінавытворчасці істотна змяніла запыты і патрэбы сусветнага кінарынку, што ў сваю чаргу адбілася на расійскім. Паўстала патрэба ў больш гнуткіх стасунках з партнёрамі, а мы аказаліся да гэтага не гатовымі. Таму невыпадкова прагучала сёння думка, што да праблемы мы мусім падыходзіць больш комплексна. Тут і праблемы кінастудыі, і праблемы заканадаўства і актывізацыі ў галіне кінаіндустрыі, і праблемы адкрыцця краіны для сусветнай кінаіндустрыі, наш удзел у фестывалях, стварэнне прывабнага аблічча Беларусі для якой заўгодна індустрыі — хай тое будзе расійская, кітайская ці амерыканская.

Мы не апускаем рукі і, нягледзячы на праблемы, рабілі справу як маглі. Мы спадзяемся, што сёлета глядач пабачыць нашы фільмы выпуску 2019 — 2020 гадоў. Летась былі прынятыя меры па скарачэнні выдаткаў, па аптымізацыі колькасці не толькі адміністрацыйна-кіраўнічага, але і мастацка-вытворчага персаналу. Мы паказвалі нашы фільмы ў сацыяльных сетках, актыўна пачаў працаваць наш YouTube-канал. І тут нават вылучыўся асобны кірунак — анімацыя “Беларусьфільма”. Нягледзячы на сусветны крызіс кінаіндустрыі, кінастудыі ўдалося ўсё ж такі заключыць дамовы на продаж нашых фільмаў з новымі кампаніямі-партнёрамі з Паўднёвай і Паўночнай Карэі, з Японіі, з Лацінскай Амерыкі, з Венгрыі, ЗША і іншых. Такое здарылася ўпершыню. Мы лічым, што нашы ўласныя супрацькрызісныя меры, падтрымка дзяржавы і станаўленне на заканадаўчым ўзроўні больш гнуткай мадэлі фінансавання кінематаграфіі дазволіць кінастудыі выйсці з цяжкай фінансавай сітуацыі, якая склалася.

Неабходнасць музычнага кластэра

/i/content/pi/cult/839/17870/29 (2)_opt.jpegКацярына Дулава, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі:

— Нацыянальная мастацкая адукацыя — гэта з’ява сістэмная, глыбока гістарычная. Яна з’яўляецца сапраўднай духоўнай каштоўнасцю. З гэтых пазіцый сістэмнасці, гісторыі і каштоўнасці я б хацела разгледзець тэму і ўнесці адну прафесійна абгрунтаваную прапанову на прыкладзе музычнай адукацыі. Яна ў нашай краіне ўзяла ў спадчыну сістэму паслядоўнай, ступенчатай музычнай адукацыі, якая мае больш як 150-гадовую гісторыю. Гэта сістэма ўваходзіла ў кола выдатных дасягненняў савецкага перыяду. Адзіны ланцуг: музычная школа — музычная вучэльня — кансерваторыя. Вышэйшая адукацыя вянчала прафесійнае навучанне музыканта, была няспыннай і ахоплівала пяць гадоў. Які ж сёння лёс гэтай адукацыйнай спадчыны?

На працягу апошніх пяці гадоў шляхам унёсак змяненняў і дадаткаў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, прыняцця якога мы чакаем, паводле ўзгаднення з Міністэрствам культуры і Міністэрствам адукацыі нашай краіны ўдалася выпрацаваць ладную, апттымальную паводле тэрмінаў навучання мадэль няспыннай адукацыі акадэмічных музыкантаў. У 2015 годзе намі было прапанавана сфармаваць кампанент, які ўмацоўваў бы гэту сістэму. Мы назвалі яго навукова-адукацыйна-творчым кластэрам. Мы далучылі да яго акрамя адукацыйных устаноў вядучыя канцэртна-тэатральныя арганізацыі нашай краіны ў якасці замоўцаў кадраў, грамадскія арганізацыі і ў якасці заснавальніка — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Навошта гэта было патрэбна? Пасля атрыманай у 90-я — пачатку 2000-х гадоў максімальнай аўтаноміі ўсіх звёнаў музычнай адукацыі, мы адчулі наступ пэўных праблем, праз якія сістэма адукацыі, што склалася гістарычна, пачала паступова разгойдвацца. І адбывалася гэта якраз з прычыны залішняй аўтаномнасці звёнаў. Сістэму трэба ўмацоўваць. Для ажыццяўлення дзейнасці кластэра меркавалася стварэнне рады па пытаннях музычнай адукацыі — пастаянна дзеючага дарадчага органа грамадскага самакіравання.

Досвед існавання падобнай структуры ўжо ёсць. У 2015 годзе на базе Педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка быў створаны кластэр няспыннай педагагічнай адукацыі. Палажэнне аб ім было зацверджана міністрам адукацыі. Дзейнасці кластэра была дадзена высокая ацэнка прафесійнай супольнасцю.

У жніўні 2017 года Рэспубліканскі педсавет прадугледзеў магчымасць стварэння па прапанове Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі навукова-адукацыйна-творчага кластэра. Усе прававыя асновы ў нашай краіне сёння ёсць для таго, каб такая структура існавала і дзейнічала. За апошнія пяць гадоў Акадэміяй музыкі праведзена вялікая падрыхтоўчая праца па стварэнню кластэра і фарміраванню неабходных для ягонага функцыянавання дакументаў.

/i/content/pi/cult/839/17870/24 (1)_opt.jpegПраекція на анлайн-філармонію

Алякасандр Нікіта, генеральны дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі:

— У рамках форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі былі падпісаныя пагадненні паміж Белдзяржфілармоніяй і шэрагам расійскіх фондаў і кампаній. Вынікам падпісання сталі значныя міжнародныя праекты, рэалізаваныя без страт для бюджэту краіны. У кавідны перыяд кіраўніцтва Філармоніі парупілася правесці рамонт у зале, якая па зразумелых прычынах аказалася незадзейнічанай пад канцэрты. Зараз вядзецца работа над праектам стварэння анлайн-філармоніі па прыкладзе вядучых сусветных канцэртных пляцовак.

Слова ад прафсаюзаў

Таццяна Філімонава, старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму:

/i/content/pi/cult/839/17870/30_opt.jpegНа жаль, апошнім часам у нас укаранілася меркаванне аб сферы культуры, як аб нечым глыбока другарадным, важным хутчэй сімвалічна, чым практычна. Але мы ўсе не павінны забывацца на тое, што культура — гэта генетычны код цывілізацыі, як бы пафасна гэта не гучала. Яе найважнейшая ўласцівасць — дапамагаць грамадству ў здольнасці ісці ў нагу з часам, у тым ліку дапамагаць дынамічна развіваць эканоміку і сацыяльную сферу. Адной з асноўных мэт культуры і мастацтва з’яўляецца асвета і кансалідацыя грамадства. Пагадзіцеся, пазначаная мэта вельмі сугучная з Годам народнага адзінcтва, які прызначаны на бягучы 2021 год.

…Сёння не магу не агучыць і актуальнае для членаў галіновага саюза пытанне — пытанне, якое тычыцца ўзроўню заработнай платы супрацоўнікаў сферы культуры.

1 студзеня 2021 года ўступіла ў сілу пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 3 лiстапада 2020 года № 80 “Аб змяненні Пастановы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 13 чэрвеня 2019 года №32”, дзе ўводзіцца яшчэ адна стымулюючая выплата за спецыфіку працы ў сферы культуры работнікам культурна-асветных арганізацый у памеры 7 працэнтаў ад аклада. Гэта вельмі добра, але мы прапануем дадзеную надбаўку ўсталяваць у памеры не менш чым 15 працэнтаў ад аклада, прычым і для работнікаў іншых арганізацый у сферы культуры.

Вышэйзгаданай пастановай змяняецца і тарыфікацыя, павышаецца на адзін разрад — згодна з пасадай — кіраўнікам метадычных цэнтраў народнай творчасці. На нашу думку, варта разгледзець магчымасць павышэння тарыфікацыі і для іншых катэгорый работнікаў, а не толькі кіраўнікоў метадычных цэнтраў народнай творчасці. У сістэме адукацыі гэта тарыфікацыя выбудаваная зусім па-іншаму. Таму прапануем разгледзець магчымасць устанаўлення новай надбаўкі за асаблівасці прафесійнай дзейнасці работнікам сферы культуры ў памеры да 10 працэнтаў аклада. Упэўнена, што дадзеная надбаўка стане стымулам для прафесійнага росту ў нашай галіне.

Асабліва хачу падкрэсліць, што прапанаваныя новаўвядзенні, на маю думку, не павінны быць ажыццёўлены за кошт аптымізацыі, бо яна цягам апошніх гадоў актыўна праводзілася ў нашай галіне.

У праграме развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021 — 2025 гады прадугледжана павелічэнне ўзроўню сярэдняй заробнай платы работнікам культуры да 80 працэнтаў у сярэднім па краіне. Больш за тое, мы ўсе чулі, што і Кіраўнік нашай дзяржавы ў сваім дакладзе гаварыў пра тое, што гэты паказчык павінен быць выкананы.

Таму ўжо сёння мы мусім над гэтым пачынаць сур’ёзна працаваць, каб былі прыняты пэўныя заканадаўчыя акты, накіраваныя на павелічэнне ўзроўню заработнай платы работнікам культуры.

У сувязі з гэтым я прапаную дапоўніць праект пастановы калегіі пунктам, які тычыцца правядзення канкрэтнай работы па павелічэнні ўзроўню заробнай платы для работнікаў культуры.

Пасля выступлення Таццяны Філімонавай Міністр культуры Анатолій Маркевіч адзначыў, што праблема, закранутая прадстаўніком галіновага прафсаюза, актуальная.

“Міністэрства культуры яе не замоўчвае ні ў якім разе, — падкрэсліў міністр. — З калегамі з рэгіёнаў мы яе таксама абмяркоўвалі. Сёння працуе камісія нашага Міністэрства, мы вывучаем існуючую практыку і сітуацыю, якая мае месца быць. Для таго, каб была прадметная размова, мы дачакаліся выніковых лічбаў. Неабходна параўнаць наш узровень заработнай платы з іншымі сферамі сацыяльнай накіраванасці. І ў бліжэйшы час дадзеная камісія вельмі шчыльна папрацуе, для таго каб зрабіць высновы з дадзенай сітуацыі. Затым мы ўзгоднім пазіцыі з Міністэрствам фінансаў і ў выглядзе прапаноў накіруем у Савет Міністраў. Таму адназначна дадзенае пытанне разам з прафсаюзамі будзем адпрацоўваць, для таго, каб сітуацыю змяніць — зразумела у лепшы бок”.

Стрыжнявыя задачы 2021-га (З заключнага слова)

/i/content/pi/cult/839/17870/15 (1)_opt.jpegАнатолій Маркевіч, міністр культуры Рэспублікі Беларусь:

— У рамках абвешчанага Года народнага адзінства прыярытэтная ўвага будзе нададзена ўмацаванню значнасці нацыянальнай культуры ў патрыятычным выхаванні народа Беларусі. І сёння пра гэта было шмат і правільна сказана. Час патрабуе ад нас высокай адказнасці, дзелавой актыўнасці і апоры на ўласныя рэсурсы і магчымасці. Толькі ўпартая праца і творчая ініцыятыва дазволяць вырашыць тыя задачы, якія мы сёння акрэсліваем.

Першае: усе актуальныя пытанні, над рашэннем якіх мы будзем працаваць разам з вамі на працягу бягучага года. Сярод іх — падвышэнне заробку работнікаў арганізацый сферы культуры. На гэта ўвагу мы звярнулі самую сур’ёзную, і самы сур’ёзны будзе падыход пры разглядзе і прыняцці адпаведных рашэнняў.

Другое: прававое рэгуляванне сферы культуры, прыняцце Кодэкса пра культуру. Я папрашу ўключыць у тэкст усе заўвагі і прапановы, якія паступаюць і гучаць на сённяшні дзень дзеля таго, каб потым, па прашэсці нязначнага часу, мы зноў вярнуліся да змен і дапаўненняў з улікам прапанаваных. Час у нас пакуль ёсць. Трэба вельмі ўважліва да ўсіх пазіцый і да ўсіх палажэнняў паставіцца.

Трэцяе: выяўленне і падтрымка таленавітай моладзі. Шмат пра гэта гаворым, шмат робім, але яшчэ давядзецца зрабіць вельмі і вельмі многа. Дадзеная работа мусіць быць комплекснай. Каб мы нікога не абмінулі. Ні ў рэгіёнах, ні ў маленькіх паселішчах, ні ў сталіцы. Каб ніводны талент не выпаў з поля нашага зроку. Для гэтага ў нас ёсць усе магчымасці.

Далей  — стварэнне ўмоў для замацавання маладых спецыялістаў на месцах. Мы сёння вельмі сур’ёзна гэта абмяркоўваем, таму што бачым гэтыя праблемы ў асобных калектывах. Пытанні рэзерву кадраў мусяць вырашацца ні намінальна, ні фармальна — іх трэба разглядаць аб’ектыўна. У выпадку неабходнасці мы мусім вельмі аператыўна прымаць тыя ці іншыя рашэнні на ўзроўні розных устаноў, рознай формы падпарадкавання.

Пятае: пошукі ўвядзення новых форм, скіраваных на захаванне і развіццё творчага патэнцыялу калектываў і арганізацый сферы культуры — музеяў, бібліятэк, тэатраў, канцэртных арганізацый і ўстаноў, звязаных з кінематографам.

Шостае: захаванне культурнай спадчыны краіны, рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры і ўвядзенне іх у эксплуатацыю. Абсалютна правільныя заўвагі і крытыка ў наш адрас. Ва ўмовах часам няпростых, умовах фінансава-эканамічных стасункаў дзяржава знаходзіць магчымасць прафінансаваць такую працу — а ў нас праца чамусьці не ладзіцца. Пачынаем гуляць у нейкія няўцямныя гульні, абвінавачваць адзін аднаго, а справа не рухаецца. Таму мусіць быць персанальныя адказнасць за кожны аб’ект. На кожным ёсць кіраўнік, таму, калі ласка, адказвайце за арганізацыю работы.

Сёмае: актывізацыя работы з грамадскімі арганізацыямі беларусаў замежжа. Тут тая ж гісторыя — недапрацоўваем. Патэнцыял агромністы, і яго трэба скарыстоўваць. Мы з вамі мусім тут праявіць сябе з лепшага боку і прыцягнуць нашых замежных сваякоў як калег і партнёраў да абмеркавання і вырашэння актуальных для Беларусі пытанняў. Для гэтага ў Міністэрства культуры таксама ёсць усё неабходнае.

Восьмы пункт: наспела патрэба ў новых ідэях і па прэзентацыі беларускай культуры ў свеце, выкарыстанні для гэтага магчымасцяў інфармацыйных тэхналогій. Шмат пра гэта таксама сказана, але сістэмнага падыходу ў справе пакуль не бачым. Працуем паасобна. Міністэрства культуры само па сабе, сродкі масавай інфармацыі — таксама. Няма каардынацыі. Нешта ў нас не атрымліваецца, не стасуецца — і як гаворыца, «а воз і ныне там». У дадзенай рабоце павінны быць вызначаны спецыфічныя рысы з улікам сусветных тэндэнцый, і нашы замежныя гледачы, іншыя спажыўцы культуры мусяць атрымаць якасны беларускі кантэнт. Тым больш, што манетызаваць дадзеныя паслугі мы маем поўнае права. Вось стрыжнявыя задачы, над рашэннем якіх мы будзем з вамі працаваць у 2021-м годзе.