Адзінства парытэтаў

№ 9 (1500) 27.02.2021 - 06.03.2021 г

Як ліквідаваць дэфіцыт цікавых мерапрыемстваў
Усе мы адрозніваемся знешнасцю, зместам, голасам, схільнасцямі і гэтак далей. Нібы тыя кветкі лугавыя, мы застаемся сабой, а ўсе разам ствараем прыгожую, каларытную карціну свету. І, захоўваючы свае адметнасці, вернасць мясцовым традыцыям усё адно цягнемся праз межы, забабоны, моўныя бар’еры адзін да аднаго, каб узбагаціцца культурна, інтэлектуальна і духоўна. На тое мы і людзі. У стасунках спасцігаем разнастайнасць планеты, на якой выпаў шанец жыць.

/i/content/pi/cult/839/17866/21.jpgНе першы год мой старэйшы сын два разы ў месяц пятнічным вечарам затрымліваецца пасля работы на інтэлектуальных гульнях, што ладзяцца ў нефармальнай абстаноўцы. Наогул, яшчэ са школы ён захапляецца такой формай правядзення вольнага часу. Цікаўнасць прывіў тагачасны настаўнік гісторыі СШ № 6 г. Смаргонь Ігар Шчасны, які і ствараў першыя вучнёўскія каманды юных эрудытаў. Дзякуючы Ігару Пятровічу многія яго былыя выхаванцы і сёння не развітваюцца з дзіцячым захапленнем. Калі прыгледзецца, то ў палове каманд клуба “ШТОльня? QUIZ” хоць адзін гадаванец каранёўскай шостай школы ды і знойдзецца. Аднак, пра ўсё па-парадку.

“ШТОльня? QUIZ”

Калі ў вас адсутнічае пачуццё гумару, вам тут не месца. Бо, пачынаючы з абыгрывання назвы “штольня” (у перакладзе на рускую мову — шахта), заканчваючы гульнёй слоў у фармуліроўках большасці пытанняў, — усё спрэс жарты і метафары.

Гэта аўтарская гульня, дзе няма пытанняў з базы іншых інтэлектуальных спаборніцтваў. Як сцвярджаюць самі ўдзельнікі, тут ёсць выдатны шанец адчуць раптоўныя інсайты, убачыць грані адточанай логікі, пераканацца, на якія разумовыя подзвігі здольны людзі, калі яны разам перамолваюць “тысячы тон славеснай руды”, шукаючы адказ на вытанчаныя, арыгінальныя і дасціпныя пытанні. Нельга ведаць усяго, аднак калектыўны розум — магутная рэч. А яшчэ людзей прыцягвае сюды добразычлівая абстаноўка…

З-за неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі сустрэчы ў гэтым клубе пакуль прыпынены, таму што жадаючых эрудытаў нашмат больш, чым можа прыняць у гэты час абмежаванняў зала кафэ “Каўчэг”, дзе праводзяцца спаборніцтвы. Пакуль усе сумуюць без стасункаў, але ўпэўнены, што распачатая справа будзе жыць. А кіраўнік і галоўны арганізатар імпрэз рыхтуе новыя сюрпрызы.

Лёля

У Смаргонь Лёля Сямёнава прыехала з маленькімі сынамі і мужам, якога камандзіравалі на будаўніцтва Астравецкай АЭС, з расійскага горада Удомля, што ў Цвярской вобласці. Роля хатняй гаспадыні не доўга цешыла душу творчай і няўрымслівай жанчыны. Тым больш, што за плячыма, хоць і не вялікі, але досыць паспяховы вопыт працы па любімай прафесіі — рэжысёра-пастаноўшчыка тэатральных імпрэз, а яшчэ досвед арганізацыі маладзёжных мерапрыемстваў і адраджэння Удомленскага маладзёжнага цэнтра “Звёздный”. У чужым горадзе і ў чужой краіне, дзе яна нікога не ведала, штосьці распачынаць было вельмі складана.

Але вялікае жаданне і вера ў свае сілы штурхалі да дзейнасці. Пашчасціла пазнаёміцца і з вельмі актыўнымі смаргонскімі аднагодкамі, ад якіх Лёля і даведалася пра дэфіцыт цікавых мерапрыемстваў для маладых сем’яў. Тады і вырашыла аднавіць на беларускай глебе расійскі праект пад крэатыўнай назвай “Ізвілінг”. Моладзь Удомля палюбіла гэту інтэлектуальную гульню, што праводзілася ў нефармальным фармаце. Распрацавалі яе Лёліны сяброўкі. За напаўненне і змест адказвала Аэліта Кузьміна. Дарэчы, і сёння Аэліта — аўтар пытанняў і адказная за напаўненне свежымі ідэямі кожнай гульні. А наша гераіня выступала вядучай гэтых своеасаблівых шоу-праграм.

Віта Козырава стала правай рукой і апорай пры арганізацыі інтэлектуальных гульняў. Разам з Аленай Клімянок яны знайшлі жадаючых, ад якіх не патрабавалі захоўваць пэўны дрэс-код, як напрыклад, на папулярнай тэлегульні “Што? Дзе? Калі?” З цягам часу было заўважана, што ніякіх злоўжыванняў не адбываецца, наогул, але засталіся амбіцыйныя жаданні ўдзельнікаў прадэманстраваць сваю эрудыцыю.

Напачатку ўдалося стварыць тры каманды: “Друзья друзей” (затым яна трансфармавалася ў “Враги врагов”), “Мінус 30”, “Атличники абразавания”. Калі ў вас зачасалася рука ў жаданні выправіць памылкі ў назве апошняй каманды, хачу папярэдзіць: іронія і самаіронія — асаблівы канёк і нават брэнд гульні. Першыя тры каманды і сёння працягваюць гуляць, хаця змянілася праграма, назва і нават месца дыслакацыі праекта. Агульная колькасць брыгад (так сёння называюцца каманды пасля з’яўлення “ШТОльні”) вырасла да дваццаці. Лёля Сямёнава шчыра прызнаецца, што сама не чакала такой актыўнасці і зацікаўленасці ў нашым невялічкім горадзе. А яшчэ яна не чакала, што праект выйдзе за межы тусоўкі, няхай сабе і разумовай. Стварылася своеасаблівая лучнасць блізкіх людзей, якія сумуюць без сустрэч, дапамагаюць і падтрымліваюць тых, хто мае патрэбу, віншуюць са святамі, шчаслівымі падзеямі, радуюцца поспехам. Сярод многіх добрых традыцый — “Пасвячэнне навічкоў”, творчыя візітоўкі каманд і вылазкі на прыроду.

Вось што сама жанчына кажа пра свае ўражанні:

— Я абагаўляю гэты праект і нашу лучнасць. Я фактычна адзіны арганізатар, вядоўца, бутафор і рэквізітар, але не гэта для мяне галоўнае. Самае важнае — гэта магчымасць быць шчаслівай насуперак усяму. Калі я бачу нераўнадушную рэакцыю прысутных: шчаслівыя ўсмешкі, радасныя воклічы, поўныя здзіўлення вочы — маё сэрца шалёна калоціцца, я патанаю ў гэтых эмоцыях. Прыемна быць у акружэнні аднадумцаў, якія яшчэ і адчуваюць сябе на адной хвалі. Дзякуючы гульні ў мяне з’явілася шмат сяброў, прычым не толькі ў Смаргоні. А яшчэ ў нас з’явіўся аматарскі тэатр.

“Марозка” і іншыя

Нядаўна мне патэлефанавала мая добрая знаёмая, вялікая тэатралка. Цікавілася аматарскім тэатрам, пра навагоднюю пастаноўку якога я пісала ў раённай газеце. Нібы паміж іншым, прамовіла напрыканцы: “Я так даўно марыла, каб у нас з’явіўся свой тэатр, так яго не хапала заўжды ў Смаргоні. Пры сельскіх Дамах культуры ёсць дзе-нідзе тэатральныя студыі, а ў райцэнтры няма. Я так рада, што знайшліся энтузіясты”.

Шлях да аматарскага тэатра быў лагічны і заканамерны. Кожная гульня — своеасаблівы спектакль са сцэнічных эцюдаў, міні-п’ес. Тут і фарс і буфанада, эпізоды ў жанрах пародыі і пантамімы. Карацей, самавыяўленне выразнымі сродкамі тэатральнага мастацтва. Так і ўсплыла прапанова паставіць сваімі сіламі спектакль-казку. На Шэкспіра замахвацца не сталі, супыніліся на фальклоры. Першы поспех падарыў крылы, і вось ужо самадзейныя артысты намагаюцца ўвайсці ў вобразы новых герояў з п’есы Рыгора Горына “Маленькія камедыі вялікага дома”. Ні рэжысёры-пастаноўшчыкі ў асобах Лёлі Сямёнавай і Анастасіі Гадалавай, ні самадзейныя артысты аніякай матэрыяльнай выгоды не маюць. Толькі добрае стаўленне да культуры і маральнае задавальненне.

Без трыумфатарскіх комплексаў

Спартыўныя жарсці і запал — уласцівасць кожнай гульні, хаця насамрэч амбіцыйных гульцоў у зале не так і зашмат. Нават нязменны лідар і пераможца большасці турніраў “Атличники абразавания” ў сваім складзе мае гарэзлівых знаўцаў, пазбаўленых трыумфатарскіх комплексаў. Ва ўсялякім выпадку, так мне падалося пасля гутаркі з імі. Многіх удзельнікаў памятаю яшчэ з тых часоў, калі яны ў складзе смаргонскай каманды “Оксна” гастралявалі па рэгіёне і змагаліся ў “Брэйн-рынгу” ды іншых інтэлектуальных турнірах. Галіна Краўцова, Аляксандр Джумкоў, Аляксандр Буко, Наталля Шарлай, Алег Шэйніховіч, Аляксандр Гурыновіч, Марыя Говіч, можна сказаць, — ветэраны гульнёвых інтэлектуальных баталій. На пытанне, што іх прывяло ў “ШТОльня? QUIZ”, адказваюць з пэўнай доляй іроніі: у добрым сэнсе жаданне падзяцініцца, пажартаваць, узварушыць мазгі, паздзеквацца з сапернікаў і ў чарговы раз даказаць іншым і сабе, што “ёсць яшчэ порах…”

Праглядаючы шматпакутную табліцу гульцоў, атрымліваю станоўчыя эмоцыі ўжо толькі ад назваў брыгад. Чаму так, а не інакш яны назвалі свае каманды, у знаўцаў лепш не пытацца, усё адбываецца міжвольна — суцэльная імправізацыя. Толькі вельмі ўедлівы даследчык знойдзе логіку ці нейкі сэнс у назвах “Пятніца”, “Па ашчушчэніям”, “Бравые Швейки” і іншых. Калі нехта растлумачыць і абгрунтуе сэнс найменняў, то і самі сябры каманд будуць яму за гэта ўдзячныя, бо ніхто асабліва не напружваецца ў адшуканні нейкага там падтэксту.

Сябры “БК — воин” радыёмеханік Жэня, цырульнік Юля, мнагадзетная маці Віялета сцвярджаюць, што нідзе так, як у “Штольні” не могуць зняць напругу пасля працы, з карысцю для мазгоў “прышпіліцца”, атрымаць станоўчыя эмоцыі. Ёсць наогул унікальная каманда, у якой аб’ядналіся тры пакаленні. Былы намеснік дырэктара СШ № 5 Ганна Паўлоўская некалі прывяла на гульню сваіх дачок, а тыя, у сваю чаргу — сваіх дзяцей. Усіх злучыла любоў да інтэлектуальнай гульні і захапленне лідарам Лёляй, якой удалося стварыць унікальнае месца для адпачынку, дзе і мазгі можна напружыць, і новую сукенку “выгуляць”, і кайф атрымаць ад стасункаў з таленавітымі творчымі гульцамі.

Тут амаль усё можна, што не забаронена Законам. Праўда, існуе табу на жарты адносна тэм рэлігіі, палітыкі, грошай. Для большасці наведванне клуба “ШТОльня? QUIZ” — псіхалагічная рэабілітацыя пасля працоўнага тыдня, своеасаблівы рэлакс. А яшчэ, прыклад таго, як можна на падмурку культуры і гульні аб’яднаць людзей розных узростаў, інтарэсаў, прафесій, светапоглядаў у адно цэлае.

Ала СТРАШЫНСКАЯ

Смаргонь