Як мама гаварыла

№ 9 (1500) 27.02.2021 - 06.03.2021 г

Апошнімі днямі ў гонар Дня роднай мовы шмат хто спяваў беларускія песні. Добрая песня ўвогуле — малітва. Лічу, што спачатку былі слова — малітва — песня. А потым усё астатняе. А жыта вырасцілі прыпевам да нацыянальнага духу. У адваротным выпадку каравай атрымаўся б не такім духмяным. Інакш кажучы, мова — сутнасная аснова нацыі. І яе Дзень варта пераўтварыць у Жыццё.

/i/content/pi/cult/839/17865/20.jpgЁсць з’явы самадастатковыя, што самі выбіраюць каму быць даспадобы, а каму — не. Нацыянальная мова — менавіта такая. А цяпер пра тое, што радуе мяне бязмежна. Мой калега па журналісцкай справе, дыялектолаг і выкладчык Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Юра Чарнякевіч водзіць на лекцыі да студэнтаў пяцігадовую дачку Улляну, якая вольна, радасна і з самага нараджэння размаўляе па-беларуску. Цудоўнае дзіця не ведае правілаў, размаўляе так, як размаўляюць тата з мамай, без моўных памылак і “пустазельных” слоў. Размаўляе, як дыхае ці песню спявае. А студэнты слухаюць ды на вус матаюць. Плён ад такога жывога дапаможніка — відавочны. А што? Нашы дзеці — лепшыя за нас. Інакш якая дыялектыка развіцця?

А цяпер пра Дзень нашай мовы — больш факталагічна. “Родная — значыць, любімая, дарагая, самая-самая, — піша загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу і работы з фонду Бераставіцкай раённай бібліятэкі Алена Огір. — Мова наша самая мілагучная і старажытная сярод славянскіх. Гэтаму прысвячаліся кніжныя выставы, тэматычныя ўрокі, літаратурныя сустрэчы і паэтычныя вернісажы ў Алекшыцкай, інтэграваных Канюхоўскай, Малабераставіцкай, Пархімаўскай і Масалянскай сельскіх бібліятэках, а таксама — у дзіцячай. А ў раённай бібліятэцы чарговы раз гучала роднае слова: разам мы чыталі творы на беларускай мове”.

Больш канкрэтная навіна прыйшла з Малабераставіцкай інтэграванай сельскай бібліятэкі. Чытачам былі прапанаваны кнігі па гісторыі беларускай мовы, беларускія часопісы, аўдыякнігі з айчыннымі творамі як класікаў, так і сучаснікаў.

Шмат гадоў Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы падтрымлівае правядзенне агульнанацыянальнай дыктоўкі. Вось і сёлета, як распавядае бібліятэкар аддзела маркетынгу згаданай установы Кацярына Сандакова, “бібліятэка запрасіла ўсіх ахвотных да напісання 14-й агульнанацыянальнай дыктоўкі, прысвечанай 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Старшыня Лідскага аддзялення Таварыства беларускай мовы Станіслаў Суднік прапанаваў для напісання дыктоўкі ўрывак з кнігі Івана Шамякіна “Глыбокая плынь”. Як вядома, сёлета адзначаецца стогадовы юбілей гэтага цудоўнага празаіка.”

І гэта яшчэ не ўсё ад Кацярыны Сандаковай. Аказваецца ёсць яшчэ і Дзень дарэння кніг. У Лідскай гарадской бібліятэцы № 4 ён прайшоў 16 лютага. Многія чытачы прынеслі свае кнігі ў дар чытачам. А навучэнцы мясцовай дзіцячай музычнай школы гарманічна агучылі гэтае дабрачыннае мерапрыемства.

“Спавядаю па-беларуску”. Такую выдатную назву мае ліст супрацоўніцы Жодзінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі Ірыны Хілюціч. Тут прайшло літаратурна-музычнае падарожжа “Спавядальнае слова пра родную мову”. Шмат было конкурсаў, віктарын, гучалі беларускія вершы, якія натхнілі на гульню “Апішы прадмет на роднай мове”.

Андрэй Струнчанка працягвае пісаць летапіс культурнага жыцця Мазалаўскага сельскага Дома культуры (Віцебскі раён). Вёска маштабна адзначыла Дзень беларускай мовы. Вяскоўцы спявалі народныя песні, паказвалі майстэрства старадаўняй харэаграфіі, расказвалі казкі, радавалі беларускімі гульнямі. Супрацоўнікі СДК прапанавалі экскурсію па этнаграфічнай выставе “З гарышчаў бабуль і дзядуль”. А ў сельскай бібліятэцы арганізавалі кніжную выставу “Таямніцы родных слоў”.

Бібліятэкар Жукоўшчынскай сельскай бібліятэкі-цэнтра духоўна-мастацкай спадчыны (Дзятлаўскі раён) Людміла Цюленіна піша: “У нас не Дзень роднай мовы, а Тыдзень. Аформілі кніжную выставу. Прыйшлі да нас выхаванцы мясцовага дзіцячага сада. Вы бачылі б, як яны слухалі беларускія вершы, казкі, разгадвалі загадкі. Напрыканцы свята дзеці запісаліся ў бібліятэку, атрымалі чытацкія білеты і выбралі кнігі для чытання дома.”

А цяпер пра іншыя падзеі. У Дзяржынску прайшла чарговая нестандартная акцыя: чацвёрты адкрыты фестываль-конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні MusikBoard. У гарадскім Доме культуры сабралася больш за паўсотні ўдзельнікаў ад 6 да 15 гадоў з самых розных гарадоў Беларусі. Лізавета Мея з Барысава атрымала Гран-пры.

У гарадскім пасёлку Астрына Шчучынскага раёна адсвяткавалі 150-гадовы юбілей украінскай паэткі і грамадскага дзеяча Лесі Украінкі. Свята падрыхтавалі калектывы Дома культуры і тэатральнай творчасці, музычнай школы, бібліятэкі. Бібліятэкар апошняй установы Ганна Сцяпанчанка разважае ў сваім лісце над тым, што лёсы Алаізы Пашкевіч і Лесі Украінкі дзіўна падобныя. Таму гучалі творы абедзвюх жанчын.

Тры навіны пра клубныя праекты з Лідскага раёна. Першая — пра музычную шоу-фантазію “У кожнага свая Зорка…”. Аўтары — салісты эстраднай студыі Лідскага Палаца культуры. Сюжэтным стрыжнем шоу стаў твор Экзюперы “Маленькі прынц”, які даў падставу паразважаць над такімі вечнымі тэмамі, як каханне, вернасць, сяброўства…

Пра другі праект распавядае метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Дыдышка. Яна расказае пра выставу дзіцячага адзення 1920 — 1935-х гадоў. “Дзіцячая этнаграфія такой даўнасці, — піша спадарыня Ірына, — даволі рэдкая з’ява для многіх фондаў устаноў культуры. Цікава, што адзенне належыць уладальніцы, якая яго насіла, Галіне Кавальчук з вёскі Голдава Лідскага раёна. Летась яна адсвяткавала 90-гадовы юбілей!”

Трэцяя навіна — пра чарговы раённы конкурс традыцыйных страў “Спазнай смак сваёй кухні”, што адбыўся ў аграгарадку Беліца. Вось што піша метадыст Лідскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Струмскіс: “Пачалося ўсё з бліннай дэгустацыі. А потым рэй вялі каўбасы. Як тут не згадаць, што быў калісьці ў Беліцы кухар Пятро Мышыц, майстэрства якога здзіўляла і караля Рэчы Паспалітай, і Радзівілаў. Кулінарныя традыцыі мінуўшчыны і сёння жывыя. Таму стравы на конкурсе былі самымі што ні ёсць каралеўскімі: фаршыраваны заяц, запечаны лешч, рулькі і рулеты з усяго Лідскага раёна”. Ірына Эдмундаўна згадвае прымаўку: “У добрай кухаркі на стале скваркі, а ў дрэннай прыгаркі”. Дык вось, прыгарак у той дзень ніхто не бачыў.

Самы час пра Морынскую залатую рыбку згадаць. Яна, гэтая рыбка — сімвал брэндавага свята Іўеўскага раёна. Загадчык аддзела метадычнай работы Іўеўскага Цэнтра культуры і вольнага часу Лілія Кішкель паведамляе: “У аграгарадку Морына прайшло мерапрыемства, якое прыйшлося па душы не толькі рыбакам. Рыхтавалі яго ўсе работнікі культуры раёна. Таму і атрымалася свята ёмістым і светлым. Можна было не толькі паспаборнічаць у гатаванні юшкі, але і зрабіць сэлфі з Вадзянікам і Русалкай, прыняць удзел у флэш-мобе “Залатая рыбка”. Да слова, самы лепшы і арыгінальны рэцэпт юшкі прапанавалі прадстаўнікі Іўеўскага лясгаса”.

У Быхаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі працуе выстава рэтра-аўтамабіляў у мініяцюры. Называецца яна вельмі трапна “Машынкі нашага двара”. Уладальнік арыгінальнай калекцыі — гамяльчанін Антон Лулекін. Я па сакрэту скажу, што і ў мяне ёсць штосьці падобнае. Дзіцячыя гульні перарастаюць часам у гульні мужчынскія.

Яшчэ адна “калекцыйная” навіна з Віцебскага раёна. У Капцянскай сельскай бібліятэцы працуе выстава музычнай рэтраапаратуры з прыватнай калекцыі Міхаіла Чарнігава з Віцебска. Сярод паўтара дзясятка экспанатаў — і грампласцінкі з касетамі. Аўтар інфармацыі — таксама Андрэй Струнчанка.

Супрацоўнікі Карэліцкай раённай бібліятэкі правялі вулічную акцыю “Люблю Беларусь!” Пра гэта напісала метадыст установы Наталля Казарэз.

У сельскай бібліятэцы аграгарадка Мураваная Ашмянка Ашмянскага раёна ладзілася пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Літарынка”. Мерапрыемства называлася “Лясныя таямніцы ад Уладзіміра Ягоўдзіка” і прысвячалася 65-годдзю з дня нараджэння пісьменніка.

У Ашмянскай дзіцячай школе мастацтваў адбыўся канцэрт “Юны вакаліст”. Загадчык харавога аддзялення Ганна Буйко распавядае, што акцыю падрыхтавалі старшакласнікі. Не менш знакавым, піша аўтарка, стала і мерапрыемства ў музычных класах аграгарадка Жупраны. Адкрыты ўрок пераўтварыўся тут у маштабны і якасны канцэрт.

Пішыце пра цікавае, гаварыце і думайце па-беларуску!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"