“Раней тут уставала зямля на дыбкі...”

№ 8 (1499) 20.02.2021 - 27.02.2021 г

Апошні бой Міхаіла Савіцкага
18 лютага споўнілася б 99 гадоў з дня нараджэння народнага мастака БССР і СССР, Героя Беларусі Міхаіла Андрэевіча Савіцкага. На першы погляд, дата не для афіцыйнага адзначэння, не юбілейная. Але мне здаецца, што лічба “дзевяноста дзевяць” — нейкім містычным чынам — штосьці азначае, нават цяпер, калі мастака няма з намі ўжо больш за дзесяць гадоў. Калі верыць так званай ангельскай нумералогіі, дык гэта моцны лік, які сімвалізуе самадысцыпліну і незалежнасць характару, гуманізм і духоўную прасветленасць, цярпімасць і імкненне да лідарства. Бадай усімі гэтымі якасцямі і валодаў Творца. І зусім заканамерна, што нядаўна сталіца ўвекавечыла яго імя ў гарадской прасторы: рашэннем Мінгарсавета дэпутатаў ад 24 снежня 2020 года за № 259 на тэрыторыі шматфункцыянальнага комплексу “Минск Мир” з’явілася вуліца Міхаіла Савіцкага (побач з вуліцамі архітэктара Леаніда Левіна і кампазітара Ігара Лучанка).

/i/content/pi/cult/838/17853/24.jpgУ час маіх шматгадовых сустрэч з Міхаілам Андрэевічам і “кіламетрамі” запісаў яго ўспамінаў, а таксама знаёмства з рэдкімі архіўнымі дакументамі ваенных гадоў, кінахронікай, пажоўклымі фатаграфіямі, лістамі франтавікоў, я сутыкнуўся з тым эксклюзівам, пра які раней амаль мала хто ведаў. Я маю на ўвазе тое, як 19-гадовы хлопец з Беларусі, у будучым - сусветна вядомы мастак, стаў удзельнікам гераічнай Севастопальскай эпапеі, пачынаючы з восені 1941-га, і фактычна — адным з апошніх абаронцаў гэтай чарнаморскай цвярдыні. Ён абараняў Севастопаль на самым краёчку мыса Херсанес — ля легендарнага Херсанескага маяка — апошняга апірышча абаронцаў горада, калі амаль нікога з байцоў ужо не заставалася ў жывых... Абараняў да самага падзення Севастопаля, гэта значыць да 4 ліпеня 1942-га — практычна да таго часу, калі яго родная 345-я стралковая дывізія, паспеўшы ўтапіць свае баявыя сцягі ў Чорным моры, была поўнасцю знішчана ворагам... І тады цяжка паранены чырвонаармеец Савіцкі разам з сотнямі іншых таварышаў па зброі, патрапіў у палон — доўгі, страшэнны, жудасны...

/i/content/pi/cult/838/17853/25.jpgПра фашысцкія канцлагеры смерці, у якіх Міхаіл Андрэевіч прабыў аж да красавіка 1945-га, чалавецтву добра вядома. Ды і яго серыя палотнаў “Лічбы на сэрцы” пра гэта — прагучала на ўвесь белы свет. А вось пра яго непасрэдны ўдзел у гераічнай абароне Севастопаля мы ведалі толькі па некалькіх сціплых радках яго біяграфіі...

...А ўсё пачыналася так цудоўна. Напрыканцы мая 1940-га сялянскі хлопец з вёскі Звянячы Талачынскага раёна Міша Савіцкі атрымаў выдатны атэстат сталасці ў Талачынскай сярэдняй школе. Перад ім паўстала пытанне: што далей? Зразумела, звязаць сваё жыццё з мастацтвам. Але, таксама зразумела, спачатку трэба было адслужыць у Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі.

Справа ў тым, што 1 верасня 1939 года Вярхоўны Савет СССР прыняў новы Закон аб усеагульным воінскім абавязку. Закон устанавіў новыя тэрміны службы для радавога і малодшага начальніцкага складу: у сухапутных войсках — да трох гадоў (замест аднаго), у авіяцыі — да чатырох (замест трох), на флоце — да пяці гадоў (замест чатырох). Прызыўны ўзрост зніжаўся з 21 года да 19, а для тых, хто скончыў поўную сярэднюю школу (як Савіцкі), — да 18 гадоў. Аднак у той час працяглыя тэрміны службы навабранцаў не палохалі: служыць у Чырвонай арміі лічылася справай гонару і геройства. Ды і лісты старэйшых братоў — Аляксея, Івана і Уладзіміра, якія ўжо праходзілі ваенную службу, былі поўныя захаплення. Усё падабалася і Мішу, але галоўная патаемная мара — стаць мастаком — лунала ўсё ж на першым месцы. Зрэшты, часу для рэалізацыі такой мары, здавалася, у яго яшчэ было дастаткова. Праслужыць тры гады ў арміі і стаць па-сапраўднаму мужчынам — хіба гэта дрэнна?

14 верасня 1940-га Міхаіл атрымаў павестку — гэта быў выклік у Талачынскі ваенны камісарыят. Спехам, у адсутнасці родных, Міхаіл сабраў свой маленькі драўляны куфэрак, нацягнуў берэт, ватоўку-безрукаўку і на папутцы знік, знянацку для ўсіх, прыхапіўшы на дарожку “паўцаглінкі” чорнага хлеба ды мяшэчак любімых ледзянцоў. Пра сябе падумаў: у Талачын — і ўмомант назад. Ад Коханава да Талачына ўсяго ж кіламетраў дваццаць з нечым. Дазволіць жа ваенкам перад далёкай дарогай адлучыцца дадому на дзянёк-другі, каб па-чалавечы развітацца з сям’ёй.

Але такой магчымасці не прадставілася. Ваенкамат, размешчаны ў будынку былога праваслаўнага Пакроўскага манастыра, стаў для Міхаіла апошнім даваенным мірным “паўстанкам” на яго малой радзіме. У той жа дзень навабранцаў хутка пагрузілі ў эшалоны і — праз усю Украіну кудысьці на поўдзень...

Ужо пасля вайны Міхаіл даведаўся, што вельмі шмат моладзі з роднай вёскі не вярнулася з вайны. І старэйшых братоў Савіцкіх таксама пазабірала праклятая вайна. Аляксей загінуў у 1942-м, праз год загінуў смерцю храбрых і Уладзімір. Іван выжыў, але вярнуўся з фронту інвалідам, жыў у Оршы, і там жа ў 1961-м памёр ад старых ран ва ўзросце 46 гадоў.

...Службу ў Чырвонай арміі Міхаіл пачаў у Наварасійску ў Курскім 545-м зенітна-артылерыйскім палку, чым вельмі ганарыўся. Ён шмат чытаў пра самую высокую па тых часах тэхнічную забяспечанасць гэтага роду войскаў. І кіно з захапленнем глядзеў пра гэта, асабліва стужку “Калі заўтра вайна”. Цягам месяца ён прайшоў курс маладога байца і прыняў прысягу. Праз нейкі час яго перакінулі ў Растоў-на-Доне — у школу малодшых камандзіраў па кіраванні зенітнай артылерыяй. Але скончыць яе не паспеў: Міхаіла нечакана перавялі ў горад Грозны і прызначылі на пасаду памочніка старшыні палігона авіяцыйнага вучылішча.

Міхаіл Савіцкі ўспамінаў: “…Дзень абвяшчэння вайны не выклікаў ні страху, ні разгубленасці. Усе мы верылі, што знішчым ворага праз пару тыдняў на ягонай жа тэрыторыі. У той час прызначылі мяне камандзірам падраздзялення, якое суправаджала навабранцаў з Грознага ў раён Кахоўкі. Даставілі мы гэты эшалон, і адразу давялося дабірацца ў Растоў-на-Доне. Адтуль — у Махачкалу, потым — у Севастопаль. У дарозе мне трапілася ў рукі газета “Правда” за 24 чэрвеня. І там, на чацвёртай паласе, прачытаў верш Якуба Коласа “Шалёнага пса — на ланцуг!” Вось малайчына мой зямляк, падумаў я. З такой верай у перамогу абавязкова зламаем хрыбет Гітлеру! Па прыбыцці ў Севастопаль мы адразу ўступілі ў бой. Спачатку выбілі ворага з ускраіны горада — з так званых Італьянскіх могілак — і занялі вузлавую ды пасажырскую станцыю пад назвай Мекензіевы Горы. Гэтая станцыя была размешчана на ўчастку паміж Сімферопалем і Севастопалем, дакладней, кіламетраў за пятнаццаць ад апошняга. А самі невысокія, пакрытыя нізкарослым лесам Мекензіевы горы цягнуліся на некалькі кіламетраў уздоўж ракі Бельбек.

Дык вось, палажэнне на гэтым участку фронту склалася вельмі цяжкае. Крапасных збудаванняў мала, батарэі працавалі на абарону толькі з мора, а фашысты пасля ўзяцця Керчы кінулі на Севастопаль усе сілы, што былі сканцэнтраваны ў Крыме, у тым ліку — авіяцыю і моцную артылерыю. Калі ў маі — чэрвені 1942-га мы выбівалі ворага з гэтых могілак, я ў складзе маленькай групы забяспечваў пасыльную сувязь паміж штабамі 345-й дывізіі і 25-й Чапаеўскай дывізіі, што знаходзілася на Манастыр-гары. Даводзілася кругласутачна курсіраваць праз забалочаную пойму Чорнай ракі. З кожным днём станавілася ўсё цяжэй. Не хапала боепрыпасаў. Калі немцы прарваліся ў горад, амаль тысяча салдат адышла на ўскраіну Херсанеса. Мы замацаваліся на ўзбярэжжы ў камянях ля маяка і пратрымаліся яшчэ чацвёра сутак. Кожны патрон быў на ўліку. Білі толькі прыцэльна. На пятыя суткі патроны скончыліся. Дзявацца нам не было куды...”

Хачу прывесці фрагмент ліста Мікалая Тараненкі, напісанага “дарагому аднапалчаніну Мішу Савіцкаму” 22 сакавіка 1987 года з горада Обнінска Краснадарскага краю. Яны служылі ў адной часці і менавіта былі побач у апошнім баі ля Херсанескага маяка. “…Калі немец цясніў нас з Мекензіевых гор і аўтаматчыкі абстрэльвалі бухту, я літаральна са шпіталя трапіў у ваш 793-ці батальён сувязі. Памятаеш? Штаб дывізіі тады знаходзіўся на паўночным баку бухты ў штольні бензасховішча. Потым мы адкінулі ворага і выраўнялі пазіцыі. А калі пакідалі Інкерман, уначы, пры газоўцы, проста ў пуні, дзе мы размяшчаліся, нам абвясцілі, што немец абышоў нас на гары і адрэзаў ад Севастопаля. Незадоўга да гэтага мне з чатырма маракамі давялося выратоўваць Севастопальскую панараму. Ну, і потым на Херсанескім маяку 4 ліпеня 1942 года раздзяліў з табой журботны лёс: трапіў у палон. Таксама паранены. Тады ніхто з нас дабраахвотна не здаўся б на літасць ворагу... У Расію, як і ты, вярнуўся ў 1945-м. Служыў у Смаленску, дэмабілізаваўся праз год. Але вось узнагароды за абарону Севастопаля, як і тысячы іншых яго абаронцаў, не маю...” Дарэчы, Міхаіл Савіцкі сваю першую ўзнагароду — медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.” атрымаў толькі ў 1957 годзе…

Барыс КРЭПАК

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"