Шляхетная “спецыялізацыя”

№ 41 (859) 11.10.2008 - 17.10.2008 г

Сёлета Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі наведала ўжо больш за 80 тысяч аматараў даўніны. Сярод іх — амаль 600 замежнікаў. У параўнанні з леташнім — прыкметны рост. Тое, што цікаўнасць да беларускай мінуўшчыны штогод узрастае, — не выпадковасць, а вынік музейнай стратэгіі. Прынамсі, дырэктар установы Сяргей ВЕЧАР, распавядаючы пра завяршэнне работы над новай навуковай канцэпцыяй музея, назваў складнік інтэграцыі беларускай культуры і гісторыі ў сусветную прастору адным з першарадных у развіцці гістарычнага.

 /i/content/pi/cult/179/1785/Shlyahetnaya1.jpg

Дырэктар Нацыянальнага музея гісторыі
і культуры Беларусі Сяргей Вечар.

— У жніўні пабываў у Варшаве. Пры дзейснай падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча заключыў з тамтэйшымі музейшчыкамі дамовы аб культурных кантактах.

Першая дамова — з Дзяржаўным археалагічным музеем Польшчы на арганізацыю абменных выставак. У наступным годзе на Захад скіруецца перасоўны варыянт нашай выстаўкі “Касцярэзнае рамяство на Беларусі”. А палякі, у сваю чаргу, парадуюць беларускіх аматараў старасвеччыны выстаўкай жаночых упрыгожанняў, адшуканых цягам археалагічных раскопак на польскіх ды беларускіх землях...

Другая дамова — з Музеем-палацам у Вілянаве. Гэта загарадная каралеўская рэзідэнцыя XVIII стагоддзя. Увесь палацава-паркавы ансамбль абвешчаны музейнай зонай. Дамова, разлічаная на тры гады супрацоўніцтва, дазволіць зрабіць пэўны крок ва ўдасканаленні нашага рэстаўрацыйнага майстэрства. Справа ў тым, што ў Вілянаве дзейнічаюць выдатныя рэстаўрацыйныя майстэрні. І тамтэйшыя спецыялісты займаюцца, сярод іншага, не толькі аднаўленнем народных тканых твораў (гэтая справа і ў нас годна наладжана), але і рэстаўрацыяй каштоўных, так бы мовіць, шляхетных тканін. Нас гэта вельмі зацікавіла.

Пра новую навуковую канцэпцыю музея Сяргей Вечар гатовы распавядаць, падаецца, бясконца. Яна прадугледжвае ў першую чаргу прадуманае і рэгулярнае папаўненне музейных калекцый. Цалкам абгрунтаванае рашэнне: эксклюзіўны музейны прадмет, належным чынам адрэстаўраваны, не можа не прывабліваць наведвальнікаў, не толькі айчынных, але і пераборлівых замежных. Сам пераканаўся ў гэтым, калі размаўляў з польскімі гасцямі пад час камандзіровак у Навагрудку і Слоніме. Яны ў адзін голас даводзілі пра якасныя зрухі ў беларускай музейнай справе.

У апошні месяц лета, калі дырэктар установы быў у Варшаве, музейныя супрацоўнікі ў Мінску натрапілі на прыемную неспадзяванку: адшукалі ў прыватнай асобы арнат — вопратку каталіцкага святара,

 /i/content/pi/cult/179/1785/Shlyahetnaya2.jpg

Арнат, аздоблены ўстаўкай слуцкага пояса, (XVIII ст.)

работы майстрыхі А.Шэндрык з вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна.

аздобленую ўстаўкамі-фрагментамі...слуцкага пояса XVIII стагоддзя. Вось гэтую сенсацыйную знаходку і збіраюцца мінскія музейшчыкі адрэстаўраваць у польскім Вілянаве. Польскія калегі, дарэчы, гатовы прыняць на стажыроўку нашых рэстаўратараўнародных тканін, каб тыя дадалі да свайго майстэрства і “шляхетную” спецыялізацыю... А арнат упрыгожыць экспазіцыю Нацыянальнага музея гісторыі і культуры краіны.

А Сяргей Уладзіміравіч працягвае гаворку пра замежны вектар развіцця музейнай справы: — Дамовы заключаны і з расійскімі калегамі.

Літаральна днямі размесцім у сябе выстаўку з Мемарыяльнага музея Пятра Чайкоўскага з горада Клін. Сярод экспанатаў — сапраўды унікальныя мемарыяльныя рэчы: дырыжорская палачка слыннага кампазітара, ягоныя партытуры і іншае...

Папярэдняя дамова на абменныя выстаўкі, як паведаміў дырэктар Нацыянальнага музея гісторыі і культуры, заключаецца і з Дзяржаўным этнаграфічным музеем у Санкт-Пецярбургу. Адкрыццё яшчэ адной выставачнай залы, рамонт якой завяршаецца праз пару тыдняў, дазволіць пашырыць спектр музейных выставак.

Тым больш, што ў бліжэйшай перспектыве нас чакаюць выстаўкі, што будуць ладзіцца сумесна з пасольствамі Італіі, Латвіі, Польшчы, Украіны, Кітая. І тут, напэўна, не абыдзецца без музейных артэфактаў-рарытэтаў.

 

Андрэй СТАРЖЫНСКІ