Надпіс на адвароце карціны

№ 8 (1499) 20.02.2021 - 27.02.2021 г

Пад гісторыяй мастацтва звычайна разумеюць хроніку змены стылёвых і ідэйных прыярытэтаў у тым ці іншым сегменце культурніцкага абшару. Вось з гэтай прычыны асабіста я выставы персанальныя люблю больш чым групавыя. Бо ў межах персанальнай экспазіцыі творца раскрываецца шырэй і праўдзівей, чым ў кантэксе хору, дзе добрых галасоў шмат, але нікога канкрэтна не чуваць. Праўда, “сольны канцэрт” яшчэ трэба заслужыць… Але самае цікавае ў гісторыі мастацтва, як і ў гісторыі ўвогуле — чалавечыя лёсы. Нават скажу інакш: самае цікавае ў мастацтве — гэта самі мастакі.

/i/content/pi/cult/838/17847/15.jpgУ Нацыянальным мастацкім музеі апошнім часам адбылося некалькі персанальных выстаў, безумоўна, вартых глядацкай увагі. Пра прадстаўніка адной з іх (“Лёс мастака”) — Міхася Філіповіча — наша газета ўжо пісала. Пра творчасць славутых замежнікаў Лізу Саціліс і Джорджа дэ Кірыка распавядзем у бліжэйшы час. А зараз засяродзім увагу на Давідзе Якерсоне (1896 — 1947) — “Скульптура і графіка”, Яўгене Харытоненке (1920 — 1998) — “Да 100-годдзя з дня нараджэння”, Паўле Хадаровічы — “Мова рэчаў”, і Алеге Прусаве (1970 — 1996) — “Надпіс на адвароце”.

/i/content/pi/cult/838/17847/16.jpgПершы — прадстаўнік эпахальнага для нашага краю рэгіёна і, бадай, усяго свету Віцебскага авангарда. Выстава прымеркаваная да 125-годдзя мастака. Другі — рэаліст самага што ні ёсць традыцыйнага кшталту. Ён увасабляе той кірунак, што панаваў у нашым выяўленчым мастацтве з 1930-х гадоў і да скону СССР. Хадаровіча (год нараджэння 1987) можна лічыць паслядоўнікам згаданай рэалістычнай традыцыі, які знайшоў сваё месца ў новым часе, дзе навацыі крыху пасунулі традыцыю з авансцэны. Сёння ягоная творчасць, засяроджаная на адным з самых дэмакратычных жанраў жывапісу — нацюрморце, запатрабаваная ў паспалітай грамады і ў гледачоў з падвышанымі эстэтычнымі запытамі. Прусаў — мастак, які пайшоў з жыцця, што называецца на ўзлёце, не паспеўшы рэалізаваць свой творчы патэнцыял, давесці да ладу, да канцэптуальнага выніку свае эксперыменты з формай і колерам.

Тое, што чатыры мастакі, такія розныя лёсам і творчасцю, сабраліся у адзін час пад адным дахам — выпадковасць. Але для гледача гэта магчымасць адчуць, наколькі ёсць шматаблічнае наша мастацтва. І яшчэ зразумець: нішто нікуды не знікае, і нават пры дамінаванні нейкай адной плыні, другія таксама маюць сваю больш-менш дагледжаную дзялянку на культурніцкім полі. У 30-я гады, калі дырэктыўна ўсталёўваўся “сацыялістычны рэалізм”, увесь авангард, не толькі віцебскі, пахавалі і крыж на ім паставілі. Я не ведаю, чым займаўся Якерсон да свайго скону ў 1947 годзе. Хутчэй за ўсё ён быў адсунуты на перыферыю грамадскага жыцця і культурніцкай справы, жыў настальгічнымі ўспамінамі пра рамантычную маладосць. Яму пашчасціла значна меней, чым Марку Шагалу, які сваю настальгію зрабіў творчай канцэпцыяй, а канцэпцыю здолеў эфектыўна манетызаваць.

І вось колькі гадоў прайшло, і зноў у пашане віцебскія рэвалюцыянеры-рамантыкі. Цяпер той авангард — наш нацыянальны брэнд. Сёння опусы Давіда Якерсона, спрэчныя ў прафесійным сэнсе, але прывабныя сваёй наіўнай шчырасцю, патрэбныя нам для разумення і канкрэтнага часу, калі ў Віцебску рабілася нешта неверагоднае паводле рэалій і наступстваў ментальнага чынніку таго шляху, які прайшла Беларусь ў ХХ стагоддзі.

Пра такіх як Яўген Харытоненка кажуць, “зорак з неба не хапаў”. Адкрыццяў/вынаходніцтваў эпахальных і звычайных не рабіў, рызыкоўных творчых эксперыментаў не ставіў. Проста любіў рэчаіснасць такой, якая яна ёсць, і выдатна, па-майстэрску, яе адлюстроўваў. Мог працаваць у якім заўгодна жанры, але засяродзіўся на партрэтным. Мяркуючы па тых творах майстра, якія я бачыў, маляваў ён звычайна тых, хто былі яму цікавыя як асобы ці як пэўныя сацыяльныя тыпы. Іх сацыяльны статус мастака не цікавіў. Падабенства — як на якасных фатаграфіях, а псіхалагічная глыбыня — як на партрэтах пэндзлю тых творцаў, каго мы з шанаваннем і нават прыдыханнем называем “старымі майстрамі”, маючы на ўвазе фармат Эрмітажу ці Дрэздэнскай галерэі. Прынамсі, так ўспрымаю гэтага творцу я.

/i/content/pi/cult/838/17847/17.jpgПавел Хадаровіч. На ягонай выставе я адчуваў сябе нібыта ў краме антыкварыяту. Мастак малюе рэчы, не патрэбныя ў побыце, але да якіх маеш спагаду, бо яны ўвасабляюць час, які стаў нябытам. Я іншы раз сам здзіўляюся, колькі ў мяне ў доме такіх “непатрэбных” рэчаў. Карысці ад іх ніякай, але яны робяць сцены стандартнага кватэрнага бокса менавіта маім жытлом — маёй уласнай прасторай.

Алег Прусаў пражыў толькі 26 гадоў. У 1990 скончыў Мінскую мастацкую вучэльню — “Глебаўку”. З 1990-га па 1993-ці вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. За сваё кароткае жыццё зрабіў недзе дзве сотні жывапісных карцін і графічных аркушаў, выдаў два зборнікі вершаў. Ягоныя творы экспанаваліся на радзіме, а таксама ў Маскве і Галандыі. Работы мастака захоўваюцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Даніі, Швецыі, Германіі, Галандыі. Драматызм ягонаму жыццю і творчасці надае тая акалічнасць, што мастак меў сур’ёзныя праблемы са зрокам. Можна сказаць, што вочы ягоныя закрыліся яшчэ пры жыцці. Можна ўявіць, якіх высілкаў каштавала яму творчая праца, а працаваў ён да апошніх дзён.

Алег Прусаў быў з тых, каго называюць “self-mademan” — той, хто зрабіў сябе сам. Той, хто стаў тым, кім хацеў стаць, насуперак усім акалічнасцям лёсу. Ён не стаяў у чарзе на дзяржаўную ці якую карпаратыўную замову. Спадзяваўся толькі на сябе і свой талент.

Сюжэты, тэматыка твораў Алега Прусава ў агульных рысах супадаюць з тым, што рабілі многія іншыя мастакі. Зрэшты, наш свет нязменны ўжо не адно стагоддзе, а сэнс творчасці ў тым, каб сказаць пра звыклае нязвыклымі словамі. У Алега Прусава гэта атрымлівалася. Кажуць, што жыццё  — не біяграфія. А датычная мастака біяграфія часта не болей чым надпіс на адвороце карціны…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"