Скарбы матчынай мовы

№ 8 (1499) 20.02.2021 - 27.02.2021 г

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, што ладзіцца пад эгідай UNESCO. Натуральна, не застаецца ўбаку ад гэтай важнай даты і Беларусь. Пра тыя цікавосткі, якія чакалі і чакаюць аматараў роднай мовы на гэтым і наступным тыдні, “К” пагутарыла з выконваючай абавязкі вучонага сакратара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вольгай МІЦКЕВІЧ.

/i/content/pi/cult/838/17843/10.jpg— Вольга Уладзіміраўна, якія ўрачыстасці з нагоды Дня роднай мовы пройдуць пад эгідай Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі? Што найбольш адметнага і цікавага ў сённяшняй праграме святкаванняў?

— Да Міжнароднага дня роднай мовы Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа (гэта адзін з філіялаў нашага Цэнтра) запланавана правядзенне шэрагу акцый — круглых сталоў, прэзентацый, мерапрыемстваў адукацыйна-забаўляльнага характару. Напрыклад, 15 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі быў праведзены круглы стол “Акадэмік Яўхім Карскі — заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф”, у якім узяў удзел і праўнук слыннага беларуса — архівіст Аляксандр Карскі, які сёння жыве ў Санкт-Пецярбургу і далучыўся да нас праз відэа-канферэнцыю ў Zoom. Аляксандр Карскі распавёў пра тое, як задумвалася і стваралася грунтоўная навукова-папулярная праца — двухтомнае выданне “Академик Е.Ф. Карский. Биография”, апублікаванае некалькі гадоў таму ў Мінску. Таксама ўвазе ўдзельнікаў і гасцей круглага стала быў прэзентаваны шэраг унікальных фотаздымкаў з падборкі аўтара. Натуральна, выступалі і іншыя айчынныя і замежныя даследчыкі, якія расказвалі пра разнастайныя бакі жыцця і навуковай дзейнасці Я. Ф. Карскага.

— Тэматыка падобных акцый закранае толькі беларускую мову? Ці ідзе гаворка і пра іншыя мовы, што стала прысутнічаюць на Беларусі?

— Падчас правядзення запланаваных мерапрыемстваў мы, у асноўным, арыентуемся на прыцягненне ўвагі, на дэманстрацыю дасягненняў беларускай мовы, літаратуры, нацыянальнай культуры ўвогуле. Разам з тым, не сакрэт, што беларуская мова мела і мае доўгі перыяд узаемаадносін з польскай, літоўскай, украінскай, рускай мовамі. Акрамя таго, не варта забываць, што на Беларусі здаўна жылі татары, якія яшчэ ў XVI стагоддзі стваралі кітабы — шматмоўныя рукапісы, напісаныя арабскім пісьмом. У кітабах дамінуе тагачасная беларуская дыялектная мова, адлюстраваны побыт, звычаі, традыцыі татараў-перасяленцаў, таму іх тэксты — каштоўны матэрыял для лінгвістаў, этнографаў, літаратуразнаўцаў, гісторыкаў.

Пра кітабы, дарэчы, можна было шмат даведацца 16 лютага, падчас правядзення круглага стала “Беларуская мова ў кітабах”, зладжанага Інстытутам мовазнаўства. У мерапрыемстве прынялі ўдзел вядучыя ў Беларусі спецыялісты ў галіне кітабістыкі і шырэй — арыенталістыкі, — якія падзяліліся вынікамі сваіх даследаванняў. Асобна варта вылучыць выступленні муфція Духоўнага ўпраўлення мусульман Беларусі Алі Варановіча і старшыні Савета імамаў Беларусі, аспіранта Інстытута мовазнаўства Дзмітрыя Радкевіча, якія закранулі адно з важных пытанняў — пераклады Карана на беларускую мову: інфармацыя пра існуючыя (даўнейшыя і сучасныя) пераклады фрагментаў; здагадкі, якія пакуль што не маюць дакументальнага пацвярджэння і грунтуюцца на ўскосных звестках, пра магчымае існаванне перакладу Карана на беларускую мову яшчэ ў часы ВКЛ; сённяшняя работа над перакладам Карана, праблемы мовазнаўчага характару, з якімі сутыкаюцца перакладчыкі, і іх вырашэнне.

— Думаю, не памылюся, калі скажу, што навукоўцы даволі часта робяць адкрыцці, звяртаюць увагу на нейкія “белыя” плямы ў гісторыі беларускага мовазнаўства, беларускай літаратуры, адшукваюць архіўныя звесткі пра тых або іншых славутых асоб. Ці ёсць чым пахваліцца ў гэтым плане навукоўцам Цэнтра?

— Думаю, падобныя знаходкі і адкрыцці здараюцца не так часта, як таго хацелася б даследчыкам той ці іншай галіны беларускай культуры. Разам з тым, вяртанне з забыцця невядомых матэрыялаў часам здараецца. Напрыклад, у рамках святкавання Дня роднай мовы, 16 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася прэзентацыя кнігі “Шкляр Г.З. Выбраныя працы. Моўная спадчына”. Названая кніга — сумесны праект супрацоўнікаў нашага Інстытута мовазнаўства і Кастрамскога ўніверсітэта з Расійскай Федэрацыі.

З’яўленне названай кнігі мае надзвычай важнае значэнне для беларускага мовазнаўства. Справа ў тым, што гісторыя захавала для нашчадкаў досыць сціплыя звесткі пра гэтага адметнага даследчыка. Тым не менш, Герцалю Залманавічу Шкляру належыць асаблівае месца ў гісторыі нацыянальнай лінгвістыкі: у перадваенны час ён удзельнічаў у складанні руска-беларускага і беларуска-рускага слоўнікаў, гісторыя стварэння якіх да канца не асветленая і не вывучаная. У Беларусі лінгвіст працаваў у розных галінах мовазнаўчай навукі — у галіне гебраістыкі і беларусазнаўства. Для нас, для беларускага мовазнаўства, вяртанне імя Г. З. Шкляра — гэта найперш вяртанне ў навуковы ўжытак арыгінальных лінгвістычных ідэй, метадалагічных падыходаў да вырашэння шматлікіх праблем у галіне лексікалогіі. Акрамя таго, з выданнем гэтай кнігі пашыраюцца нашы звесткі пра гісторыю і асаблівасці функцыянавання нацыянальнай навукі Беларусі ў адметныя перыяды яе развіцця.

— Але ж, мабыць, нейкія адкрыцці навукоўцы могуць рабіць не толькі ў архівах, але і падчас палявых даследаванняў. Маю на ўвазе дыялектолагаў, якія дасюль, і ў XXI стагоддзі, у эпоху гаджатаў і касмічных караблёў, вандруюць па вёсках у пошуках самабытнага, арыгінальнага, новага ці, можа, старадаўняга, беларускага слова...

— Так, адкрыцці ў дыялекталогіі здараюцца і цяпер, у нашы часы. Не сакрэт, што беларуская дыялектная мова — гэта неацэнны скарб, да якога звярталіся, звяртаюцца і будуць звяртацца беларускія пісьменнікі (адразу згадваюцца, канечне, Іван Мележ, Вячаслаў Адамчык), музыканты (успомню тут Уладзіміра Мулявіна і “Песняроў”), культурныя дзеячы (менавіта на палескай гаворцы ладзіцца пастаноўка “Пінскай шляхты” В.Дуніна-Марцінкевіча ў Палескім драматычным тэатры ў Пінску). А каб паказаць усё багацце дыялектнага маўлення жыхароў Беларусі, мы зладзілі прэзентацыю дакументальнага фільма “Гаворкі Беларусі”, які створаны супрацоўнікамі сайта Onliner і Інстытута мовазнаўства пры падтрымцы кампаніі А1. Цягам двух тыдняў, з 9 па 19 лютага, стужка была прэзентавана ў многіх універсітэтах Беларусі. Дадам, што фільм быў створаны па сцэнарыі Вадзіма Шклярыка, старшага навуковага супрацоўніка аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

— Калі мы ўжо закранулі тэму найноўшых тэхналогій, дык што ў гэтым кірунку робіцца ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі?

— Напрыклад, падчас Тыдня роднай мовы мы прэзентавалі электроннае перавыданне класічнай працы Івана Насовіча “Словарь белорусского наречия” — галоўнай крыніцы слоўнікаў беларускай мовы канца ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя. Гэта праца — найперш праект выдавецтва “Тэхналогія”, да якога спрычыніліся і нашы супрацоўнікі. Электроннае перавыданне ўтрымлівае арыгінальныя і асучасненыя рэестры, арыгінальны тэкст і дадаткі; дапоўнена матэрыяламі крытычнага, біяграфічнага і бібліяграфічнага характару, забяспечана магчымасцю пошуку па тэксце і па ключавых словах, падабраных да аўтарскіх рускамоўных дэфініцый.

Калі гаварыць пра электронныя выданні, то нельга не згадаць “Канкарданс беларускай мовы ХІХ стагоддзя”, які ўжо вытрымаў два перавыданні. Канкарданс уяўляе з сябе параўнальна новы для беларускай лексікаграфіі тып даведнікаў. Гэты слоўнік (лепш сказаць, комплекс слоўнікаў), папяровая версія якога склала б шматтомнае выданне памерам не менш за 25 — 30 тамоў, уключае ўласна канкарданс, гэта значыць літаральна ўсе адзначаныя формы слоў, частотныя і адваротныя слоўнікі, а таксама тэксты твораў (у большасці сваёй аўтэнтычныя) і іншыя даведачныя матэрыялы. Выданне з’яўляецца эфектыўным інструментам для даследавання беларускай мовы на этапе фарміравання яе літаратурнай формы.

Нельга таксама абысці ўвагай і сумесную працу супрацоўнікаў нашага інстытута і праграмістаў над Беларускім N-корпусам, які з’яўляецца першай спробай стварэння публічнага агульнага корпуса беларускай мовы і знаходзіцца ў адкрытым доступе (https://bnkorpus.info/). На сённяшні дзень аб’ём Асноўнага корпуса складае прыкладна 163 мільёна словаўжыванняў.

— І апошняе пытанне. Ведаю, што справа перакладу заканадаўчых тэкстаў на беларускую мову дасюль рухаецца даволі павольна. Ці ёсць у гэтай справе зрухі, ці працягнецца публікацыя законаў, Кодэксаў, указаў і дэкрэтаў на беларускай мове ці, дакладней кажучы, па перакладзе названых нарматыўных дакументаў з рускай мовы на беларускую?

— Якраз 22 лютага, у гэты панядзелак, у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа будзе праведзены круглы стол пад назвай “Стварэнне беларускамоўнай заканадаўчай базы як фактар гарманічнага развіцця грамадства”. Удзел у пасяджэнні прымуць супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, члены Экспертнага савета па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову, члены Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі, выкладчыкі, якім можна будзе задаць агучаныя вамі пытанні. Таму запрашаем “Культуру” на гэтую і на іншыя імпрэзы нашага Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Упэўнена, што наша супрацоўніцтва з “Культурай” будзе плённым і ўзаемакарысным.

Занатаваў Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"