Актуаліі дыялогавай пляцоўкі

№ 8 (1499) 20.02.2021 - 27.02.2021 г

У сённяшніх рэаліях фармат зацікаўленага дыялогу, у якім нараджаецца кансенсус, узаемаразуменне і ўзаемадавер, і ў якім абмяркоўваюцца найбольш надзённыя пытанні дня, стаў надзвычай актуальным і неабходным у працоўных калектывах. Пра далейшае развіццё гэтага дыскусійнага фармату ва ўстановах сферы гаварылася і 16 лютага на традыцыйнай апаратнай нарадзе міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. Дзякуючы сродкам відэасувязі, удзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў. Гэтым разам пасяджэнне было прысвечанае абмеркаванню вынікаў Усебеларускага народнага сходу, які адбыўся 11 — 12 лютага бягучага года.

Міністр азнаёміў удзельнікаў нарады з асноўнымі пытаннямі, на якіх у сваім дакладзе рабіў акцэнт Кіраўнік дзяржавы, а таксама распавёў аб тых прапановах, што прагучалі на галоўнай дыялогавай пляцоўцы ад дэлегатаў Сходу для плённай рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступныя пяць гадоў.

Анатолій Маркевіч адзначыў, што сёння Рэспубліка Беларусь дае ўсе магчымасці для развіцця асобы і з’яўляецца самастойнай на міжнароднай арэне. Наша краіна разглядаецца як паноўная вышыня і здолее захаваць самастойнасць, што і дэманструе ўсёй сусветнай супольнасці, захоўваючы накірунак да шматвектарнага міжнароднага супрацоўніцтва. Вялікая ўвага была нададзеная становішчу беларусаў, якія знаходзяцца за межамі краіны — яны застаюцца грамадзянамі нашай дзяржавы, і іх падтрымка надзвычай важная, з імі трэба выбудоўваць канструктыўнае супрацоўніцтва.

Неабходна актывізаваць прыцягненне работнікаў культуры ў інфармацыйную прастору для супрацоўніцтва са сродкамі масавай інфармацыі. Грамадства прыслухоўваецца да людзей мастацтва, ім вераць і давяраюць. Застаецца актуальным і вызначэнне нестандартных форм падачы тэмы патрыятызму для моладзі.

Трэба пазбягаць штампаў і фармальных падыходаў пры рабоце з маладымі людзьмі, размаўляючы з імі, як з роўнымі, выслухоўваючы іх надзённыя патрэбы, ведучы з імі дыялог. Вялікую ўвагу трэба надаць выхаванню маладых грамадзян, прафарыентацыйнай рабоце ва ўстановах адукацыі. У гэтай сферы плануецца ўкараненне найноўшых тэхналогій, дыстанцыйнага навучання, што з’яўляецца надзвычай актуальным, дыферныцыяванага падыходу да ўступнай кампаніі, які дазволіць пабачыць патэнцыял будучага навучэнца. Таксама неабходна ўзважана падысці да пытання мэтавага набору ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

Была надзеленая ўвага і пытанню падвышэння ўзроўню заработнай платы работнікаў культуры, актывізацыі пазабюджэтнай дзейнасці і стварэння ўмоваў, у якіх установы культуры здолеюць зарабляць. Развіццё немагчымае, калі няма канкурэнцыі ідэй і думак, якія маглі б рухаць сферу культуры наперад, да чаго варта імкнуцца.

Міністр выказаў падзяку ўсім выканаўцам і творчым калектывам, агульнай колькасцю каля васьмісот чалавек, што прынялі ўдзел у канцэрце, які адбыўся падчас правядзення Усебеларускага народнага сходу і прадэманстраваў высокі ўзровень развіцця айчыннай культуры і яе надзвычайную разнастайнасць.

Працягам Усебеларускага сходу ў найбліжэйшы час мусіць зрабіцца далейшае абмеркаванне яго вынікаў ва ўстановах культуры ў фармаце дыялогавай пляцоўкі, якая дапаможа вызначыць перспектыўныя накірункі работы і развіцця грамадства.