Максім РЫЖАНКОЎ, першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: “Па-ранейшаму застаецца стрыжнем нацыянальнай ідэнтычнасці нашай дзяржавы”

№ 8 (1499) 20.02.2021 - 27.02.2021 г

(З выступлення)

/i/content/pi/cult/838/17841/9.jpgГэты год быў няпросты ў плане эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне, што, на жаль, не магло не адбіцца і на сферы культуры. Але хацеў бы падкрэсліць, што нават у такіх дастаткова неспрыяльных умовах, галіна — хай і з некаторымі абмежаваннямі праз меры бяспекі, — але ўсё такі функцыянавала. Вобразна кажучы, сэрца культуры ў нашай краіне не пераставала біцца, хоць у многіх краінах свету галіна была практычна максімальна згорнутая. У сувязі з гэтым я хацеў бы ад імя Адміністрацыі Прэзідэнта падзякаваць усім работнікам культуры за тое, што вы працавалі, рэалізоўвалі ў пэўнай ступені свае планы, не спыняліся на дасягнутым нават у такой сітуацыі. Прыемна і тое, што прадстаўнікі сферы культуры напярэдадні Усебеларускага народнага сходу актыўна ўдзельнічалі ў распрацоўцы Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Культура па-ранейшаму застаецца стрыжнем нацыянальнай ідэнтычнасці нашай дзяржавы, асновай ідэалогіі, патрыятызму. Пра гэта гаварыў і Прэзідэнт на Усебеларускім народным сходзе. Вядома, і Прэзідэнт, і яго Адміністрацыя чакаюць, што кожны творчы чалавек, кожны кіраўнік творчага калектыву разумеюць гэтыя простыя ісціны, роўна як і тую адказнасць, якая на іх ускладзена ў гэтай сувязі. Таму што на людзей творчых, таленавітых заўсёды звяртаюць увагу і раўняюцца на іх. Менавіта яны фармуюць светапогляд, шмат у чым вызначаюць грамадскае меркаванне. Гэта значыць ступень іх адказнасці ў нашым грамадстве неверагодна высокая.

Мы чакаем ад творчых людзей, краіна чакае ад іх пры прыняцці рашэнняў узважанага адказнага разумнага падыходу, заснаванага на паўнавартасным поглядзе на ўсе бакі жыцця, на ацэнцы перспектыў устойлівага развіцця нашай краіны, а не на маштабаванні эмацыйных поглядаў асобных людзей, — у гэтым і складаецца асноўная задача для кіраўнікоў творчых калектываў.

Мы шмат зрабілі за апошнія гады для развіцця культуры ў краіне: аднаўляюцца помнікі, адкрываюцца новыя музеі, рэстаўруюцца нашы святыні. І, безумоўна, спыняцца на гэтым нельга. На мой погляд, асаблівую ўвагу трэба надаць і пытанням вяртання культурных каштоўнасцяў з-за мяжы, мы ў гэтым плане не вельмі добра працуем. Гаворка ідзе, вядома, не толькі пра фізічнае вяртанне матэрыяльных каштоўнасцяў, але і аб вяртанні ведаў пра нашу гісторыю, імёнаў, пра якія мы з-за шэрагу прычын забыліся ці не ведалі пра іх, але яны па каранях сваіх — нашы, беларускія. Культура тут, вядома, павінна адыгрываць сваю цэментуючую ролю.

Так склалася, што пандэмія, з аднаго боку, закрыла межы, а з другога, — дала нам вялізныя магчымасці для вывучэння, дэманстрацыі сваёй уласнай краіны. Мне здаецца, гэты фактар мы маглі б выкарыстоўваць для таго, каб нашы маладыя людзі ў масе сваёй нарэшце зразумелі, у якой багатай краіне з пункта гледжання культуры і гісторыі яны жывуць. У гэтым сэнсе ў Міністэрства культуры з Міністэрствам адукацыі павінна быць выбудаваная вельмі плённая пастаянная праца. Не толькі праз падручнікі і кнігі, але і праз аб’екты нашай гістарычнай спадчыны, музеі, выставы, археалагічныя экспедыцыі, праз артефактныя рэальныя і віртуальныя падарожжы мы павінны прывіваць любоў моладзі да ўласнай краіны, закладваць у іх асновы нашай традыцыйнай культуры, беларускасці.

Вядома, заўтрашні дзень — за маладымі. Таму пошук маладых талентаў, раскрыццё гэтых талентаў, іх падтрымка — гэта і ёсць умацаванне культурнай будучыні нашай краіны, яе каштоўнасцяў і пазнавальнасці ў свеце. Для сапраўднага настаўніка, шырокага і шматграннага, — таленавіты вучань — заўсёды светлая падстава для гонару.