Гродзеншчына. Прынямонне: прэстыж у надзейных руках

№ 41 (859) 11.10.2008 - 17.10.2008 г

Асноўная дзейнасць, мэты, задачы культуры Гродзеншчыны сёлета скіраваны на зберажэнне і памнажэнне рэгіянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, на рэалізацыю духоўна-маральнага, ідэалагічнага, патрыятычнага і выхаваўчага патэнцыялу, фарміраванне прэстыжу культуры Прынямоння.

Гэтай пачэснай справай займаюцца 7174 чалавекі, з іх 5255 работнікаў — у 1014 установах культуры і мастацтва, куды, дарэчы, па накіраваннях прыбыло 195 маладых спецыялістаў.

Праца больш чым 500 работнікаў адзначана ўзнагародамі.

Ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджаны намеснік дырэктара Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў У.Сяргейчык, медалём Францыска Скарыны — выкладчык гэтага ж каледжа Н.Парахневіч. Калектыву Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “Музейная справа”. Сямі работнікам культуры ўстаноўлены персанальныя надбаўкі за выдатны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэспублікі, 11-ці — прысуджана прэмія Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта імя А.І. Дубко.

У сістэме — 25 работнікаў, якім прысвоены ганаровыя званні, 9 жанчын-шматдзетных маці. 120 работнікаў — дэпутаты раённых, гарадскіх і сельскіх Саветаў дэпутатаў.

Стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі за 2007 — 2008 вучэбны год сталі 11 навучэнцаў, якія з’яўляюцца лаўрэатамі VI Міжнароднага маскоўскага каляднага конкурсу — фэсту дзіцячай выяўленчай творчасці “Віфлеемская зорка-2007”, Міжнароднага конкурсу піяністаў аўстрыйскай і нямецкай музыкі “KLAVIERMUSIK”, ІІ Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў “Шоу “Заходні рэгіён” ды іншых.

Усяго ў спісе стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — 172 навучэнцы вобласці.

На рэканструкцыю і рэстаўрацыю аб’ектаў культуры і гісторыка-культурнай спадчыны за 9 месяцаў выкарыстана больш чым 8 млрд. рублёў. Завяршаецца будаўніцтва інтэрната Гродзенскага музычнага вучылішча. Распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на рэстаўрацыю Старога замка ў Гродне, Лідскага замка, Свята-Барысаглебскай і Сынкавіцкай цэркваў.

Акрамя гэтага, на капітальны рамонт 52 устаноў культуры вобласці запланавана 24,2 млрд. рублёў, за 9 месяцаў бягучага года выканана работ больш чым на 20 млрд. рублёў. Даводзяцца да ладу Гродзенскі абласны драматычны тэатр, юнацкі філіял абласной бібліятэкі, які размешчаны ў будынку пісьменніцы Э.Ажэшкі ў г. Гродна, у Зельвенскім РДК, у Грынкаўскім СДК Свіслацкага раёна. Завершаны работы ў Астравецкай ДШМ, Навадворскім СДК Свіслацкага раёна.

15 дзяржаўных музеяў Гродзеншчыны захоўваюць 417 тыс. прадметаў Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. Сёлета музеі падрыхтавалі і экспанавалі 145 стацыянарных і перасоўных выставак. Неўзабаве сустрэне наведвальнікаў Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. 3 кастрычніка адкрыўся Лідскі гісторыка-мастацкі музей. У Гродне з чэрвеня пачала працаваць новая дзяржаўная ўстанова культуры — музычны тэатр “Рада”. Усяго ў вобласці працуе 19 пляцовак філарманічнага і тэатральнага абслугоўвання, 4 з якіх адкрыты ў бягучым годзе.

Гастрольныя і фестывальныя маршруты калектываў і выканаўцаў праляглі сёлета ў Літве, Польшчы, Расіі, Сербіі, Балгарыі, Румыніі, Францыі, Кітаі. Усяго за межамі Рэспублікі Беларусь у 2008 годзе пабывала звыш 40 самадзейных калектываў з 10-ці раёнаў Гродзеншчыны. Геаграфія з кожным годам пашыраецца: Расія, Літва, Латвія, Польшча, Чэхія, Катар, Сербія.

Планамерна вядзецца работа па стварэнні рэгіянальнага інфармацыйнага цэнтра на базе Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Карскага: распрацоўваюцца нарматыўна-прававыя асновы, удасканалена сістэма абслугоўвання карыстальнікаў праз электронную дастаўку дакументаў; фарміруюцца інфармацыйныя рэсурсы, якія характарызуюць развіццё рэгіёна, яго культуру, навуковы патэнцыял, адукацыю, інавацыйныя дасягненні. На аснове сайта бібліятэкі створаны інтэрнет-партал інфармацыйных рэгіянальных рэсурсаў; арганізаваны доступ да нацыянальных і замежных электронных рэсурсаў, у інфармацыйна-бібліяграфічным аддзеле адкрыта віртуальная чытальная зала. Камп’ютэрызавана 175 публічных бібліятэк, 45 з іх — у гэтым годзе.

(Звесткі прадастаўлены Упраўленнем культуры Гродзенскага аблвыканкама)