“Культура дапамагае нам адчуваць сябе адзіным і самабытным народам”

№ 8 (1499) 20.02.2021 - 27.02.2021 г

18 лютага ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылася выніковая калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “Аб выніках дзейнасці арганізацый у сферы культуры ў 2020 годзе і задачы на 2021 год”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі вышэйшых і мясцовых органаў улады, кіраўнікі навучальных устаноў, дзеячы культуры. Адбылася грунтоўная змястоўная размова, дыялог неабыякавых людзей, суразмоўцаў, паплечнікаў. Па завяршэнні работы калегіі дзеячам культуры былі ўручаны ўзнагароды ўрада і Міністэрства культуры.

/i/content/pi/cult/838/17839/3.jpgСёння мы падводзім вынікі развіцця сферы культуры ў няпростым для ўсёй краіны 2020 годзе, аналізуем яго наступствы, шукаем шляхі вырашэння існуючых праблем і з улікам гэтага ставім задачы на 2021 год.

Беларуская культура — неад’емная частка дзяржаўнага суверэнітэту. Яна дапамагае нам адчуваць сябе адзіным і самабытным народам. Бо ў сучасным свеце культура з’яўляецца падмуркам патрыятызму, умацавання незалежнасці, яднання нацыі, асноваўтваральным элементам дзяржаўнасці.

Эканоміка

Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры захоўвае сваю сацыяльную накіраванасць. На працягу ўжо шэрагу гадоў перавыконваецца ўсталяваны дзяржаўны сацыяльны стандарт у частцы расходаў на культуру ў разліку на аднаго жыхара (у 2020 годзе расходы склалі 2 базавыя велічыні пры нарматыве 1,3). Атрымана каля 5 мільёнаў рублёў спонсарскай дапамогі.

У адпаведнасці з Праграмай дзейнасці Урада Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2025 года з мэтай забеспячэння стабільнага росту даходаў насельніцтва як асновы яго шчаснага і якаснага жыцця пастаўлена задача павысіць памер аплаты працы ў бюджэтнай сферы ў цэлым і апераджальнымі тэмпамі работнікаў сферы культуры — да 80%

У гэтай сувязі ў 2021 годзе важнымі задачамі па-ранейшаму будуць заставацца нарошчванне пазабюджэтных даходаў з ростам не менш, чым на 7,5% у параўнанні з 2020 годам, павелічэнне не менш чым на 9 % аб’ёму пазабюджэтных (уласных) даходаў, што накіроўваюцца на выплату заробнай платы работнікам арганізацый культуры. Не менш важнай задачай застаецца павелічэнне аб’ёму экспарту паслуг арганізацыямі, падпарадкаванымі Міністэрству культуры, не менш чым на 2% у адносінах да 2020 года.

Прававое рэгуляванне ў сферы культуры

Аналіз практыкі прымянення Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, а таксама сітуацыі, звязанай з ажыццяўленнем культурнай дзейнасці па розных напрамках, выявіў неабходнасць удасканалення прававога рэгулявання асобных грамадскіх дачыненняў у сферы культуры.

У бліжэйшы час павінна быць завершана работа па ўзгадненні змяненняў у Кодэкс аб культуры, якія закрануць пытанні аховы гісторыка-культурнай спадчыны, арганізацыі і правядзення культурных мерапрыемстваў, перамяшчэння культурных каштоўнасцяў, дзейнасці творчых саюзаў, класіфікацыі фільмаў, развіцця інфармацыйных тэхналогій у сферы бібліятэчнай справы, часовых экспазіцый у сферы музейнай справы.

Кадравая палітыка

/i/content/pi/cult/838/17839/5.jpgЗастаецца актуальным пытанне прыцягнення і замацавання маладых спецыялістаў. Асноўная ўзроставая катэгорыя ў сферы культуры — работнікі сярэдняга ўзросту ад 32 да 49 гадоў — 38%. Разам з тым доля працаўнікоў пенсійнага ўзросту даволі істотная — 12%.

Неабходна вывесці працу з рэзервам кадраў на сістэмную і планамерную аснову.

У кандыдата для ўключэння ў рэзерв павінны быць сфармаваныя каштоўнаснае стаўленне да дзяржавы і грамадства, пачуццё патрыятызму, нацыянальная самасвядомасць, прававая і інфармацыйная культура.

Асноўнымі задачамі на 2021 год таксама павінны зрабіцца аператыўнае запаўненне вакансій кваліфікаванымі кадрамі, стварэнне спрыяльных умоў для іх працы і кар’ернага прасоўвання, выкарыстанне новых форм і метадаў работы з кіруючымі кадрамі і рэзервам, у тым ліку на аснове вывучэння і абагульнення перадавога вопыту такой працы ў рэгіёнах.

Прафесійнае
мастацтва

Ва ўмовах эпідэмічных абмежаванняў творчыя калектывы сталі актыўна асвойваць новыя формы працы: анлайн-паказы спектакляў і канцэртаў на сваіх сайтах, стварэнне і паказ іх тэлеверсій і іншыя.

Дадзены вопыт тэатрам і канцэртным арганізацыям трэба будзе максімальна эфектыўна выкарыстоўваць у 2021 годзе пры выкананні гадавых планаў работы, устаноўленых на ўзроўні паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021 — 2025 гады.

У 2021 годзе тэатральна-відовішчным арганізацыям неабходна забяспечыць паўнавартасную працу як у традыцыйным, так і ў анлайн-фарматах, надаўшы асаблівую ўвагу стварэнню тэлевізійных і інтэрнэт-версій спектакляў і канцэртаў у рамках акцыі “Культура анлайн”.

Пры фарміраванні рэпертуарнай палітыкі прыярытэтная ўвага павінна быць нададзена пастаноўкам і канцэртным праграмам паводле твораў беларускіх кампазітараў і драматургаў, а таксама мерапрыемствам патрыятычнай накіраванасці, якія адлюстроўваюць тэматыку Года народнага адзінства.

Пры стварэнні і набыцці твораў выяўленчага і манументальнага мастацтва прыярытэтнымі напрамкамі павінны стаць закупкі твораў маладых мастакоў і майстроў з рэгіёнаў, што дазволіць максімальна поўна прадставіць увесь зрэз сучаснага мастацтва ў калекцыях рэспубліканскіх і абласных музеяў.

Наспела неабходнасць пашырэння напрамкаў і кола атрымальнікаў заахвочванняў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі з улікам сучаснага ўзроўню развіцця мастацтва.

Адукацыя

У 2021 годзе будзе ўзмоцнена праца па выяўленні таленавітай моладзі. Па ўсёй краіне запланавана звыш 180 мастацка-творчых спаборніцтваў для дзяцей і моладзі. У рэгіянальных і сталічных музеях, тэатрах і бібліятэках павінны прайсці культурныя мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне маральных каштоўнасцяў і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне.

Абапіраючыся на традыцыі і актыўна выкарыстоўваючы інавацыі, установы адукацыі ў сферы культуры выконваюць сваю функцыю па падрыхтоўцы прафесійных кадраў для сферы культуры.

Разам з тым, застаецца актуальнай праблема забеспячэння ўстаноў сферы культуры ў рэгіёнах спецыялістамі з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

У сувязі з гэтым перад упраўленнямі і аддзеламі абл-, гар- і райвыканкамаў стаіць задача па правядзенні аналізу кадравага складу арганізацый сферы культуры, унясенні заявак на падрыхтоўку спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыяй, стварэнні ўмоў па замацаванні маладых спецыялістаў на месцах і паляпшэнні іх жыллёвых умоў. Асаблівую ўвагу трэба надаць фармаванню заявак на мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў для патрэб сваіх рэгіёнаў.

Задача заснавальнікаў устаноў адукацыі ў сферы культуры заключаецца ў карэкціроўцы аб’ёму падрыхтоўкі спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыяй з улікам патрэб рынку працы рэгіёнаў і раўнамерным размеркаванні выпускнікоў па ўсёй краіне.

Культурна-асветніцкая дзейнасць

Наша дзяржаўная культурная палітыка накіравана на тое, каб не толькі захаваць народныя мастацкія традыцыі, але і стварыць умовы для іх жывога развіцця, рабіць іх прывабнымі і паказваць іх унікальнасць як у нашай краіне, так і за яе межамі.

Сёння неабходна актыўна працягваць працу над стварэннем культурных брэндаў, у аснове якіх стануць рэгіянальныя фестывалі народнай творчасці, якія ў сукупнасці дэманструюць элементы абрадавых традыцый, фальклор, нацыянальную кухню і народныя мастацкія рамёствы.

Музеі і музейная справа

Пытанні стану і перспектыў развіцця дзяржаўных музеяў былі разгледжаны ў снежні 2020 года на выязной калегіі Міністэрства культуры. Па выніках вызначаны першачарговыя мэты і задачы. У тым ліку ў 2021 годзе музеям неабходна актывізаваць работу па прыцягненні на сістэмнай аснове навучэнцаў і студэнтаў устаноў адукацыі цікавымі формамі працы з новым зместам, удасканаленні якасці паслуг, накіраваных на прыцягненне індывідуальных наведвальнікаў, “сямейных груп”, развіцці доўгатэрміновага міжнароднага супрацоўніцтва, прыцягненні спонсарскай дапамогі для рэалізацыі экспазіцыйных, выдавецкіх, культурна-адукацыйных і іншых праектаў, укараненні ў музеях Беларусі новых відаў віртуальных паслуг з наступнай іх камерцыялізацыяй.

Бібліятэкі і бібліятэчная справа

Імкнучыся замясціць фізічнае наведванне аддаленымі формамі абслугоўвання, бібліятэкі актывізавалі сваю дзейнасць у інтэрнэт-прасторы: стваралі новыя анлайн-рэсурсы і паслугі. Дадзеныя сэрвісы карыстаюцца актыўным попытам у насельніцтва. Так, у 2020 годзе колькасць віртуальных наведванняў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі перавысіла 1,3 мільёна, што больш за паказчык 2019 года на 25%.

Дасягненні бібліятэк былі адзначаны на высокім дзяржаўным узроўні. Аўтарскі калектыў установы культуры “Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна” ўдастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за дасягненні ў справе выхавання любові да роднага краю, стварэнне інфармацыйных рэсурсаў, прысвечаных тэме малой радзімы.

У цяперашні час існуе аб’ектыўная неабходнасць у вызначэнні новых падыходаў да камплектавання фондаў бібліятэк за кошт бюджэтных сродкаў.

Кінематаграфія

Дзяржавай прыняты меры падтрымкі Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Падрыхтаваны і ўнесены ва Урад адпаведныя акты, якія дазволяць у пэўнай ступені стабілізаваць сітуацыю.

Распрацаваны тэматычныя пакеты і індывідуальныя прапановы па кантэнце (гульнявыя, негульнявыя, анімацыйныя фільмы). Дадзеныя матэрыялы прызначаны для працы непасрэдна з тэлевізійнымі каналамі і інтэрнэт-платформамі, а таксама з кампаніямі і агентамі па продажы па ўсім свеце.

З мэтай паляпшэння сітуацыі ў сферы кінематаграфіі вызначаны першарадныя задачы: рэалізацыя комплексу мер па стабілізацыі фінансава-эканамічнага становішча кінастудыі за кошт памяншэння выдаткаў і сабекошту канчатковага прадукту, прыцягненне маладых спецыялістаў да рэалізацыі кінапраектаў рознай тэматыкі, накіраваных на патрыятычнае выхаванне моладзі, забеспячэнне бясстратнай работы кінавідэапракатных арганізацый.

Ахова гісторыка-культурнай спадчыны

Адным з асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры, найважнейшай задачай, без рашэння якой немагчыма ўявіць будучыню любой дзяржавы, з’яўляецца захаванне культурнай спадчыны краіны.

У 2021 годзе будуць працягнуты работы на помніках архітэктуры ў аграгарадках Гальшаны, Крэва, Жылічы, Юравічы, вёсках Закозель, Свяцк, Пустынкі, гарадах Гродне, Навагрудку, Косаве, Полацку, Мінску, у гарадскім пасёлку Ружаны і іншых.

Сярод важных задач бліжэйшай перспектывы варта адзначыць распрацоўку і ўнясенне ў UNESCO новых дасье ў мэтах пашырэння прысутнасці беларускіх аб’ектаў у спісах нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, павелічэнне колькасці адрэстаўраваных і прыстасаваных пад сучасныя патрэбы помнікаў архітэктуры. Выканкамам неабходна надаць асаблівую ўвагу пытанням пералічэння суб’ектамі гаспадарання адлічэнняў у Фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.

Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне

/i/content/pi/cult/838/17839/4.jpgУ чэрвені 2021 года неабходна ўвесці першы і чацвёрты пускавыя комплексы Нацыянальнага мастацкага музея, будаўнічая гатоўнасць якіх складае 99% і 83%. Для гэтага неабходна забяспечыць штотыднёвы маніторынг працы на аб’екце, у тым ліку правядзенне аператыўных нарад, зацвердзіць графікі вытворчасці і завяршэння работ, а таксама прыняць меры па засваенні грашовых сродкаў.

У мінулым годзе завершана рэалізацыя праекта Саюзнай дзяржавы “Капітальны рамонт, рэстаўрацыя і музеефікацыя збудаванняў Брэсцкай крэпасці ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”. У бягучым годзе неабходна распрацаваць праект Саюзнай дзяржавы, які будзе прадугледжваць правядзенне новых работ у Брэсцкай крэпасці. У далейшым неабходна актывізаваць работу па прыцягненні сродкаў Саюзнай дзяржавы на іншыя аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны.

У бягучым годзе неабходна забяспечыць жорсткі кантроль за выкарыстаннем сродкаў бюджэту, што накіроўваюцца на фінансаванне аб’ектаў дзяржінвестпраграмы, а таксама забяспечыць выкананне даручэння Кiраўнiка дзяржавы па набыцці музычных інструментаў.

Міжнароднае супрацоўніцтва

Культурная дыпламатыя — адзін з важных элементаў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. У цяперашні час дзейнічае 79 міжнародных дагавораў з 52 краінамі.

На 2021 год Міністэрствам запланаваны шэраг значных міжнародных мерапрыемстваў як у Беларусі, так і за яе межамі. Сярод іх Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Казахстане, у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, у Расійскай Федэрацыі і ў Рэспубліцы Татарстан. Рэспубліка Таджыкістан плануе правядзенне ў нас у краіне сваіх Дзён культуры. Будзе працягнута паглыбленне інтэграцыі ў культурнай сферы з Расійскай Федэрацыяй, супрацоўніцтва з Кітаем.

Важнай задачай з’яўляецца пошук новых форм работы з грамадскімі аб’яднаннямі беларусаў замежжа. Работа праводзіцца на сістэмнай аснове, аднак у гэты працэс трэба больш актыўна ўключаць рэгіёны Беларусі. Запланаваны на 2021 год Фестываль мастацтваў беларусаў свету павінен стаць пляцоўкай для ўстанаўлення новых кантактаў, абмеркавання перспектыў узаемадзеяння.

Інфармацыйнае забеспячэнне дзейнасці сферы культуры

У 2020 годзе высокую запатрабаванасць у насельніцтва набылі мерапрыемствы ў анлайн-фармаце. Сучасныя тэхналогіі робяцца стрыжнем новай філасофіі прасоўвання культуры, і ў гэтым працэсе трэба актыўна шукаць кароткія шляхі дасягнення вынікаў. Напрыклад, прыцягваць да супрацоўніцтва кампаніі-распрацоўшчыкі інфармацыйных тэхналогій, укараняць міжнародны досвед.

Віртуальныя экскурсіі, выставы, тэатральныя пастаноўкі і канцэрты — гэта не толькі выдатны дадатак да традыцыйнага культурнага жыцця, але і магчымасць пашырэння камерцыйнай дзейнасці.

Рэгіёны сёння, як ніколі, маюць унікальную магчымасць распавесці ў інтэрнэт-прасторы пра сябе велізарнай колькасці людзей, зацікаўленых у адкрыцці новых маршрутаў, наведванні музеяў і выстаў, прыцягнуць гледача і турыста не толькі з Беларусі, але і краін блізкага і далёкага замежжа.

Сённяшняя эпідэміялагічная сітуацыя — гэта выклік культурнай прасторы краіны, але гэты выклік адкрывае і новыя магчымасці па прэзентацыі найбагацейшай, шматграннай беларускай культуры за мяжой.

Неабходна інтэнсіўна працаваць над інфарматызацыяй сферы, фарміраваннем нацыянальнага кантэнту на аснове найлепшых твораў сучаснай беларускай культуры. Гэта значна пашырыць гарызонты яе пазнавальнасці.

Паважаныя калегі! У Год народнага адзінства мы павінны ўнесці свой важкі ўклад ва ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці, узмацніць значнасць беларускай культуры ў патрыятычным выхаванні.

Своечасова заўважыць і падтрымаць талент, стварыць прывабныя ўмовы для яго раскрыцця — агульная задача дзяржавы, кіраўнічых і творчых кадраў.

Збалансаванасць фінансавання ў сферы культуры паміж дзяржаўным бюджэтам, уласнымі сродкамі, спонсарскай і мецэнацкай дапамогай, цесная праца з рэгіёнамі, партнёрства з усімі суб’ектамі культурнай дзейнасці незалежна ад узроўню падпарадкаванасці — вось асноўныя напрамкі і задачы нашай працы на 2021 год!

Завяршаючы свой даклад, хачу падзякаваць кожнаму з вас за працу і выказаць надзею на прадуктыўную працу ў далейшым!