Каханне як мэйнстрым

№ 7 (1498) 13.02.2021 - 19.02.2021 г

Заўтра, акурат у Дзень закаханых, маладыя оперныя салісты Марта ДАНУСЕВІЧ і Тарас ПРЫСЯЖНЮК запрашаюць у Вялікі тэатр Беларусі на сваю творчую вечарыну Mainstream.Love. Такая назва не адмысловы піяр-ход: спевакі не толькі працуюць разам, але і складаюць шчаслівую сямейную пару.

/i/content/pi/cult/837/17831/23.jpg— Марта, вы карэнная мінчанка. А вы, Тарас, родам з Украіны. Як пазнаёміліся — у час заняткаў? Бо абодва ўдзельнічалі ў Маладзёжнай праграме Вялікага тэатра Расіі.

Т.: Так, мы пазнаёміліся ў Маскве. Але крыху раней, яшчэ на праслухоўваннях трэцяга тура. Я стаяў за кулісамі, чакаў свайго выхаду. І адразу звярнуў увагу на статную дзяўчыну з вельмі прыгожым голасам. Атрымаўся такі “кантакт на адлегласці”. Памятаю, яе папрасілі праспяваць штосьці дадаткова, і я тады яшчэ падумаў: навошта ж яе так мучаюць? Тут і без таго ўсё зразумела.

— Яе залічылі, а вас — толькі праз год, калі вы ўсё ж вырашыліся папытаць шчасце нанова. І потым жартавалі, што прыехалі толькі дзеля Марты.

М.: Насамрэч, конкурс там неверагодны. Цяпер прымаюць чалавек па дзесяць, а тады — не больш як за чатыры, максімум шэсць. І тое, што мы патрапілі, хай і ў розныя гады, было неверагоднай удачай! Мы пачалі сябраваць, дый ставілі нас часта разам: сапрана і тэнар — класічнае спалучэнне, дуэт.

Т.: Удзельнікі Маладзёжнай праграмы — як адна сям’я: мы разам займаліся, працавалі, жылі. На каляды раз’ехаліся па дамах — і зразумелі, што сумуем адзін без аднаго.

М.: Наша прафесія звязана з магчымымі гастролямі, расстаннямі, таму карыстаемся кожным момантам быць разам.

— Марта, вас я ведаю яшчэ з часоў вашай вучобы ў Беларускай акадэміі музыкі, а Тараса ўпершыню ўбачыла не на сцэне, а ў зале нашага тэатра, разам з вамі. Гэта было задоўга да залічэння яго ў трупу: вы разам прыйшлі на нейкі канцэрт ці спектакль. І так пяшчотна трымаліся за рукі, столькі шчасця выпраменьвалі, што ўспрымаліся непадзельным цэлым. Але, думаю, вам часта задаюць пытанне, ці не складана быць разам на сцэне і дома?

Т.: Калі разам спяваем, гэта падтрымка, дапамога, зручнасць. І дадатковыя хваляванні таксама.

М.: Мы ведаем, што і як складалася да рэпетыцыі ці выступлення, лепей разумеем, дзе якія могуць быць “падводныя камяні”, больш востра перажываем, калі раптам штосьці не так. Затое калі ўсё атрымліваецца — супер! І яшчэ я заўважыла, што разам мы больш свабодна вырашаем любыя рэжысёрскія задачы, нейкія новаўвядзенні, чым гэта адбываецца з іншымі партнёрамі.

— Іншым даводзіцца так увасабляць каханне, каб ім паверылі. Вам гэта “іграць” не трэба. А як са здрадай, нянавісцю, помстай? У тых жа “Вілісах”. Дый у “Фаўсце”. Увогуле, оперы часта трымаюцца на няшчасным каханні, непаразуменні, палярных эмоцыях.

М.: Гэта частка прафесіі. І тут ужо няма розніцы, муж перад табой ці не. Але ж калі мы “счапіліся” з-за творчага рознагалосся, дык можам і пасварыцца і пакрыўдзіцца.

/i/content/pi/cult/837/17831/24.jpg— А ў побыце — як абавязкі дзеліце?

Т.: У нас ёсць хатняя прыслужніца. А калі сур’ёзна, падтрымліваем адзін аднаго, як і ўсе нармальныя пары. Адзін ежу прыгатаваў — другі посуд памыў.

М.: А ў дзень, калі ў кагосьці выступленне, другі імкнецца яго цалкам разгрузіць і ўвогуле не турбаваць.

Т.: Ці, напрыклад, я разумею, што Марце трэба падфарбавацца, каб нам разам ехаць у тэатр. Значыць, я сам усё зраблю і прыбяру. Гэта як у спорце. Ведаеце братоў Клічко? Калі адзін з іх выходзіў на баксёрскі рынг, другі выступаў у якасці трэнера, групы падтрымкі. А калі спаборнічаў другі, яны мяняліся ролямі. Так і ў нас.

М.: Усе, мабыць, чулі фразу, што тэнар — гэта, маўляў, не голас, а дыягназ. Я разумею, што ён асаблівы чалавек: і за ноты верхнія хвалюецца, і за знешні выгляд. Тэнар — гэта, калі хочаце, місія, і я павінна дапамагаць яму яе выконваць. А яшчэ я разумею, што ўкраінцы — гастранамічная нацыя. Тым больш, калі бацькі Тараса родам з Заходняй Украіны.

Т.: Паесці я люблю, асабліва дранікі. Шмат дзе каштаваў іх, але ў выкананні Марты — самыя смачныя.

— Асаблівы рэцэпт?

М.: Я і раней іх гатавала. А для Тараса — удасканаліла. Перагледзела ў інтэрнэце безліч варыянтаў, дадала штосьці сваё — яму падабаецца.

— Адзін кухарыць, другі нахвальвае — таксама добрае спалучэнне. Мне ўвогуле здаецца, што вы палярнасці, якія не толькі прыцягваюцца, але і ўвесь час быццам змяняюцца палюсамі. Тарас з музычнай сям’і, Марта — не. Марта свядома арыентавалася на оперную кар’еру, яшчэ з тых часоў, як прыйшла ў Дзіцячую студыю пры тэатры. А Тарас пачынаў з эстрады.

Т.: З футбола! Цяпер, праўда, не гуляю, толькі “хварэю”.

М.: О, так! Які чэмпіянат — ён заўжды перад экранам. І я стала заўзятарам! А раней футбол не глядзела.

Т.: Не, я ў дзяцінстве займаўся прафесійна, рабіў поспехі. Але далей трэба было вучыцца ў спартыўнай школе-інтэрнаце, і я быў не гатовы цалкам забыцца на ўсё астатняе. Бо музыка таксама крочыла побач: я не толькі спяваў, але і граў на ўдарных, адным часам на акардэоне. Дагэтуль шкадую, што не на фартэпіяна.

— Спачатку вы атрымалі спецыяльнасць “акцёр тэатра і кіно”.

Т.: І паралельна збіраўся ў кансерваторыю, прычым на эстраду, да пэўнага педагога. Але той памёр, і мне параілі: навучышся акадэмічнаму вакалу — зможаш спяваць усё.

— Дарэчы, на канцэрце Mainstream.Love, калі верыць анонсам, вы плануеце пачаць з опернай класікі і паступова рушыць у бок эстрады.

Т.: Ну, рэпертуар Філіпа Кіркорава спяваць дакладна не будзем.

М.: Але будуць нумары з класічных аперэт, лепшыя песні савецкага часу, раманс Уладзіміра Алоўнікава “Я люблю”. Мы выканаем яго дуэтам, і Тарас будзе ўпершыню спяваць па-беларуску. Да эстрады нельга ставіцца пагардліва: музыка падзяляецца на добрую і не. Мікрафонныя спевы, насамрэч, яшчэ тое выпрабаванне: там зусім іншая падача гуку, іншыя прыёмы. У оперным спектаклі ты можаш “схавацца” за партнёраў, выехаць на выдатнай навучанасці. А з мікрафонам — чуваць кожны ўздых.

— Марта, пад уздзеяннем Тараса вы сталі цікавіцца футболам, стылем класічнага красовера, дзе элементы акадэмічнай традыцыі гарманічна спалучаюцца з поп-музыкай, рокам, электронікай. А Тарас — пад уздзеяннем вас?

Т.: Пераехаў у Беларусь.

— І ўсё?

М.: Пачаў хадзіць на выставы.

Т.: Не магу сказаць, што я іх палюбіў, бо адзін наўрад ці пайду. Але з Мартай мне там цікава: заўсёды і пакажа, і раскажа шмат чаго, потым разам абмяркуем.

М.: Мне важна, каб малады чалавек быў асобай, каб у яго было хобі, каб з ім можна было пагаварыць — і не адно пра спевы. Добрых вакалістаў, шыкоўных галасоў сёння шмат. Развіваюцца вакальныя школы, методыкі. У такіх умовах, калі нават у інтэрнеце можна знайсці безліч запісаў лепшых майстар-класаў, попыт — не на падрыхтоўку (яна сёння ёсць ва ўсіх), а на індывідуальнасць. Мне пашанцавала на выкладчыкаў. У Акадэміі музыкі гэта была Людміла Якаўлеўна Колас, якая калісьці стажыравалася ў Італіі, спявала ў Беларускім оперным. У Маскве, у Маладзёжнай праграме — Дзмітрый Юр’евіч Вдовін. Я ім бязмерна ўдзячна, але сапраўдны прафесіянал павінен вучыцца ўсё жыццё, ад усіх і кожнага. Опернаму спеваку, акрамя ўласна вакалу, патрэбна яшчэ шмат чаго: веданне замежных моў, асаблівасцяў іх фанетыкі, добрае вымаўленне, акцёрская падрыхтоўка, пластыка, нарэшце, шырокі мастацкі кругагляд. А галоўнае — творчая індывідуальнасць, якая і складаецца з усяго гэтага. І дазваляе знайсці ўласнае стаўленне да любой з’явы.

— А як жа конкурсы? Баюць, без іх сёння ніякая музычная кар’ера не складзецца. У кожнага з вас іх таксама багата.

Т.: Пры ўсёй іх разнастайнасці, у свеце можна налічыць хіба пяць — шэсць папраўдзе прэстыжных вакальных спаборніцтваў, пасля якіх ты можаш атрымаць рэальныя прапановы. У астатнім — гэта праверка сябе, сваіх нерваў. Ты на конкурсе найперш спартсмен.

М.: Конкурс і асабліва падрыхтоўка да яго могуць стаць для цябе рыўком у будучыню. Але трэба быць гатовым да ўсяго. І да таго, што нават у выпадку перамогі на цябе могуць забыцца — літаральна назаўтра. Першая прэмія не значыць, што ты лепшы, бо любы конкурс — крыху латарэя. Проста гэта быў “твой дзень”. А мог быць і “не твой”. Але пагаджуся: прыпіска “лаўрэат” — гэта дадатковы піяр. А грашовы прыз — магчымасць кудысьці паехаць: на кастынг, майстар-клас, проста ў падарожжа.

— Апошнім часам, ведаю, вы падарожнічалі па Беларусі.

Т.: Пабывалі ў Брэсце, Полацку, Сынкавічах. Хочам з’ездзіць у Тураў, Жыровічы.

М.: Паўсюль наведваем храмы. І гэта не паказная “духоўнасць”, а шчырае жаданне далучыцца да вечных каштоўнасцяў.

— На адным з украінскіх тэлешоу вас, Тарас, параўналі са ртуццю: маўляў, вы гэтак жа гатовы змяняцца ў працэсе навучання. Вы імгненна парыравалі, сказаўшы: “Я добры дыямент!” З якім каштоўным каменем вы параўналі б Марту?

Т.: З усімі сапфірамі, дыяментамі свету! Насамрэч, гэта яна — каштоўны кулон, я ж хіба шнурочак да яго.

 — Што ж, тут ёсць арыгінальны філасофскі сэнс: без таго “шнурочка” каштоўны каменьчык ці згубіцца, ці будзе замкнёны ў скрыначцы. Кахання вам і творчасці!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"