А раптам вынясуць гарбуза?

№ 7 (1498) 13.02.2021 - 19.02.2021 г

Беларускае вяселле павінна звяртацца да вытокаў
(Заканчэнне. Пачатак у № 6)

/i/content/pi/cult/837/17826/13.jpgДругі дзень: у хаце маладой

На другі дзень вяселля ў маладой Вольгі Лукашэвіч збіраюцца яе дружкі, у маладога — яго дружкі. Усе рыхтуюць неабходныя атрыбуты. У маладой гэта каравай і ёлка — сімвал дзявоцтва. Спечаны ў суботу, каравай стаяў у каморы, далей ад чужых вачэй, пад замком. У нядзелю яго выносяць і кладуць на рушнік, пад якім — века ад дзежкі, а пад ім насыпана жыта. Ссечаную ўчора яліначку брат маладой прыносіць у хату. Просяць тройчы благаславення яе ўпрыгожыць: “Благаславі, Божа, бацька, і маці тожэ свайму дзіцяці ёлку наражаці!” — “Бог благаславі!”

Дружкі маладой устаўляюць ёлачку ў каравай і ўпрыгожваюць яе. Спяваюць.

Упрыгожыўшы ёлку і каравай, дружкі маладой апранаюць маладую, затым — падстаўную нявесту: апранаюць у вясельны строй яе брата або хлопца-падлетка з яе роду. Маці маладой выварочвае кажух, каб сустрэць у ім жаніха. Хросная маладой, калі апранае яе, абвязвае па поясу чырвонай ніткай, такую ж завязвае на руку — абярэг ад сурокаў.

/i/content/pi/cult/837/17826/14.jpgУ хаце маладога

Дружкі маладога, свахі, маршалкі і музыканты чакаюць, калі ўпрыгожаць каравай. Ад жаніха да нявесты адпраўляюць двух дружак, каб папярэдзілі, калі сустракаць жаніха. Адпраўляючы іх, у хаце жаніха спяваюць:“Сякуць, бягуць два дружэчкі ранесенько. Несуць весточку Олечцы быстрэсенько. Ты, Олечка, наражайся да да нас збірайся”. Бацькі маладога запрашаюць усіх, хто паедзе па маладую, за стол. Каравай нясе хросны бацька. А родны нясе хлеб, абкручаны ручніком.

Прыезд маладога

Калі “поезд” маладога набліжаецца да хаты маладой або да вёскі, то суседзі перагароджваюць яму дарогу сімвалічнай перашкодай — ставяць стол, лаву або ўслон, працягваюць шнур, дрот, кладуць хлеб, на сподачак соль, могуць паставіць вядро вады. Вяселле каля перагародкі спыняецца. Старажам, якія спынілі вяселле, даецца выкуп: цукеркі, грошы, закуска і іншае. Спыняць вяселле можна некалькі разоў: чым больш перашкод на шляху ў вяселля, тым лепш будуць маладыя жыць. У Дзяржынску традыцыя называецца “Перапой”. Гэта рэшткі даўняга выкупу нявесты.

Абрады на парозе хаты

Сваты, прыехаўшы, ідуць да дзвярэй, але іх не пускаюць у хату спявачкі і музыканты. З боку маладога спяваюць:“Пусці сват, у хату хоць ручкі погрэці, молодую поглядзеці. А ў нашага свата дай хорошая хата, дай хорошыя сені — шоб яму пчолы селі!” А далей традыцыйнае перабрэхванне на парозе: “Дзе ж наш сват падзеўся? Ці ў клоч’е ўверцеўся, у саломе начуе? Што ж нас не частуе?”

З боку маладой спяваюць:“Сваха сваху ждала, за ворота выгледала. Прыехалі свахі-чохі, погубілі панчохі”. А з боку маладога яшчэ больш салёныя прыпевачкі.

Выкуп ёлкі і маладой

Спачатку адбываецца выкуп ёлкі. Некалі было і перабрэхванне песнямі дружак з боку маладой і маладога, спявалі: “Наші маршалкі скупы, пообворочвалі ступы. По сметнічку ходілі — чэрэпочкі збіралі, молоду выкуплялі”. А яшчэ: “Вон, сорокі, з хаты!..”. Ім у адказ: “Налецелі вороны з чужое стороны, хочуць нас розогнаці, молодую з собой узяці.”Цяпер баяцца ўгнявіць гасцей, таму такое не спяваюць. Дружкі жаніха даюць выкуп і шукаюць нявесту, а ім выводзяць падстаўную. Зноў перабрэх і торг нявесты. Сват як старэйшына дружыны доўга “таргуецца” з сяброўкамі нявесты, імкнучыся як мага менш даць грошай.

Злучэнне свечак

Да таго, як сватам зайсці ў хату, трэба было правесці абрад “Злучэнне свечак”. На парозе з абодвух бакоў станавіліся хросныя маладой і маладога, а таксама свяцёлкі, якія трымаюць кожная сваю свечку ў платочку запаленай і ставяць кожная сваю правую нагу на парог. На рушніку ў хроснай маладой — белы круглы хлеб, у якім зрэзалі вяршок. Туды кожная са свяцёлак устаўляе сваю свечку, зводзячы іх разам і так, каб свечка маладога была вышэй.

Пасля гэтага адбываецца прымірэнне сватоў на парозе — бацькі маладога і маладой цалуюцца накрыж праз парог. Гурт спявае: “Ой, зацвіла колінонька да на лютом морозе. Поцалуемса, моя сватечко, да на первом порозе!”

Нарэшце свахі-спявачкі ад маладой клічуць гасцей у хату і перавязваюць іх. Перад гэтым спяваюць:“Не стойце далеко, прыступець блізенько. Да будомо знаці, каго частаваці да віном зеляненькім, да віном саладзенькім”.

Пасля частавання нашы маладыя адправіліся ў Дом культуры распісвацца. Бацькі благаславілі і тройчы абышлі поезд маладога пад традыцыйны спеў, які перыядычна паўтараўся і па дарозе да шлюбу: “Ой вы ворогі, ворогі, да не пераходзьце дарогі! Няхай перайдзе гасподзь Бог да мой баценька наперод. Няхай перайдзе, мамка моя, шоб нам дарожка гладка була”. Але дарогу перагарадзілі суседзі — “Перапой”, трэба даць выкуп.

Каравай на застоллі

Пасля шлюбу маладых сустракаюць бацькі нявесты хлебам-соллю і запрашаюць усіх на застолле. Спяваюць з боку маладой і маладога:

— “Ехалі дорогою, ехалі шырокаю. Да прыехалі к свату да ў хорошую хату. А вы наші чуйце да вечэру готуйте”.

— “Наготовілі ўчора, похолодало стоя. Несіте коравай несіте, да на покуцце поставце”. Каравай урачыста ўносяць хросныя і ставяць на стол маладых. Частуюцца, спяваюць, танцуюць.

Завіванне наміткі маладой

У Дзяржынску маладых садзяць на пасад на падушкі. Але перад гэтым брат абводзіць сястру за ручнік тры разы вакол стала і патрабуе ад маладога выкуп за яе касу, пагражае адрэзаць яе косы нажом. Малады выкупляе, пасля чаго яго і маладую заводзяць за стол. Нявеста кланяецца ўсім прысутным нізкім паклонам. А завівальніца (хросная або дзядзіна — жонка дзядзькі, сястра маці) просіць благаславення на завіванне: “Благаславі, Божэ, вы, старосты, тожэ, бацька і маці, — маладую завіваці!” У натоўпе на гэта ёй адказваюць: “Няхай Бог благаславіць шчасцем з доляй, з хлебам і соллю, доўгім векам з добрым чалавекам!”

Маці нясе дзежку, якая накрыта куском палатна, а ў ёй масла, мёд, грамнічная свечка, грэбень. Завівальніца запальвае грамнічную свечку і тры разы прыпальвае валасы маладой і маладога, звёўшы іх разам. Затым разбірае валасы маладой на прамы прабор, мажа іх маслам і мёдам, скручвае валасы пад абручык (абручык таўшчынёй з палец пашыты з ільну і абшыты льняной тканінай). Далей спяваюць: “Подай маці, масло, я ж твое коровы пасла од росы до росы ды помазаці косы”.

Калі завівальніца завіла маладую, спяваюць:“Ой, шо мы хоцелі, то мы тэ зробілі — з цеста поляніцу, з дзеўкі молодіцу”. Завівальніца, завіўшы маладую, абкручвае канцом наміткі яе і маладога разам — так яны і сядзяць да канца застолля. Пры гэтым прамаўляе маладой: “Да гледі ж, дочечко: як я тебе завіла, то шоб так і ходіла, бо як пойде твой чоловек у лес вулья гледеть, то шоб у веровку не ўплёўса”.

Дзяльба каравая

Калі малады і маладая з розных вёсак, то “падаркамі клічуць” і ў маладога, і ў маладой. На вяселлі Вольгі і Андрэя застолле было агульным, таму спачатку дзялілі каравай маладой, і яе адорваў ейны род, потым дзялілі каравай маладога, і яго адорваў ягоны род. Так было і раней, калі маладыя былі з адной вёскі, а бацькі не надта багатыя, каб спраўляць застолле на дзве хаты.

Старшы сват разразае каравай на часткі такім чынам: верхнюю частку — маладым, ніжнюю — музыкантам, сярэднюю ўсім вясельнікам. Свацця дапамагае. То ён, то яна клічуць род, каб надзялілі маладую (калі ў яе вяселле) ці маладога (калі ў яго). На века ад дзяжы, пакрытае ручніком, сват ставіць чарку, кладзе адрэзаны кусок каравая. Перад тым, як дзяліць каравай, хросны бацька просіць благаславення і выклікае найперш бацькоў маладой: “Дай, Божа, не маўчаць да все добрэ почать! Ці есць у маладое бацька, маці?” Маці з бацькам віншуюць маладых, выказваюць свае пажаданні, затым кладуць грошы або падарунак і кажуць: “Пасылаю не так падаркам, як дарам Божым”. Такім жа чынам выклікаюць увесь род па ступені сваяцтва — хросныя, баба з дзедам, баба павітуха (што пупа вязала), цётка з дзядзькам.

Трэці дзень: “Куры”

У панядзелак адбываецца вясельны карнавал — робяць падстаўных жаніха і нявесту. Загадзя дамаўляюцца з родам маладой, што з яе боку мужыка (ды яшчэ вусатага) у панядзелак пераапранаюць у маладую, а з роду маладога  — жанчыну ў маладога.

Такім жа чынам дамаўляліся і пераапраналіся ў цыгана і цыганку. З роду маладой ішлі пераапранутыя яе праведаць. А з роду маладога маглі даць “нявесце” ў рукі ляльку, загорнутую ў пялюшкі. Пры гэтым спявалі песні, якія сведчылі, што маладая была нецнатлівая і ўжо нарадзіла дзіця. Таму яе аддавалі назад бацькам.

Ідучы праведаць маладую, сваты — бацькі маладой і госці — ловяць курэй. Куру “цыганка” бярэ пад пахі і так ідзе па сялу. Цыган б’е цыганку, смешаць усіх жартамі, часам эрытычнымі сцэнкамі. Перабрэхваюцца са сватамі песнямі. У хаце маладога смаляць курэй і вараць юшку. Сталы накрываюць, як на вяселлі, і клічуць родзічаў з абодвух бакоў “на куры”.

Застолле адбываецца не з сапраўднымі, а з пераапранутымі маладымі. Бацька маладога выносіць на талерцы качан капусты — каравай. Госці падыходзяць да “каравая”, ім частуюць напоямі і адразаюць ліст капусты, а яны даруюць жартоўныя падарункі, грошы. Грошы потым аддавалі сапраўдным маладым. Песні, танцы, жарты, прыпеўкі не сціхаюць да вечара. І яшчэ тыдзень суседзі прыходзяць, пакуль не ўбачаць, што на плоце пустыя бідоны: свята скончылася.

Рэгіна ГАМЗОВІЧ

Фота Альфрэда МІКУСА