Цудоўныя ўзоры рэгіянальнай танкі…

№ 6 (1497) 06.02.2021 - 13.02.2021 г

На выходных прымаў у госці сяброў. Гаманілі ў тым ліку і пра псеўданімы. Зноў прыйшлі да высновы, што самы таямнічы ў пісьменніка Яўгена Скурко — Максім Танк. Нават пры жыцці Яўгена Іванавіча не далі рады высветліць, як спалучаецца летуценная філасафічная паэзія з бранябойнай магутнасцю баявой машыны. А сапраўднае тлумачэнне можа быць такім: вельмі любіў творца нешматслоўную прыгажосць усходніх хоку і танка. У гэтую версію прыгожа ўкладаецца і “Максім”. Менавіта Багдановіч, які браў ад сусветнага мастацтва самае лепшае, ці не першым у нас стварыў цудоўныя ўзоры танкі. З таго часу і вабяць літаратара ў японскія трохрадкоўі, у якіх майстры дасягаюць сапраўдных вяршынь мастацкай эмацыйнасці. Адным з такіх старадаўніх майстраў быў Басё. Вось як пераклаў адно з ягоных трохрадкоўяў пра хуткаплыннасць жыцця Алесь Разанаў: “О, як я зайздрошчу ёй:/у гарах/ сакура закрасавала”. Сакуры на Беларусі няма. Але я адчуваю, як у сумёцістым ляску пад Мінскам збіраюць сілы, каб няўмольна пабачыць свет, падснежнікі. І няма такой сілы, якая стрымала б вясну. Трывайце, людцы, колькі ўжо той зімы!

“25 студзеня Уладзіміру Высоцкаму споўнілася б 83 гады, — піша дырэктар Навагрудскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская. — Мы правялі з гэтай нагоды вечар аднаму з самых харызматычных людзей мінулага стагоддзя, каб паслухаць яго вершы і песні, каб зноў згадаць спевака, паэта, акцёра. У канцэрце выступалі пастаянныя ўдзельнікі рэгіянальнага фестывалю-конкурсу бардаўскай песні памяці Высоцкага “Музыка сэрцаў”, прыхільнікі творчасці Аляксандр Каўцэвіч, Міхаіл Зізюк, Аляксандр Фарботка, Аляксандр Абадзінскі, Генадзь Аліевіч, госці з Мінска — стваральнікі хатняга музея Уладзіміра Высоцкага Сяргей Акуліч з супругай Нінай. Усім удзельнікам канцэрта мы падаравалі сувенірны каляндар з адлюстраваннем Высоцкага”. Не магу не пракаменціраваць, бо для мяне песні Уладзіміра Сямёнавіча сталі літаратурным урокам добрага паэтычнага густу, дакладнага трапнага слова і бясконцай шчырасці. У 9 класе бацька купіў мне бабінны магнітафон “Камета” вагой у 20 кілаграмаў. Дзе я толькі не пабываў з гэтай ношкай і адзінай мэтай сабраць усяго магнітафоннага Высоцкага. За некалькі гадоў з задачай амаль справіўся. Хоць і была якасць запісаў такой, што іншым разам пэўныя словы было не разабраць, але задавальненню майму не было мяжы. На фоне афіцыйнага і далёкага Кабзона, Высоцкі, падавалася, даверліва гучаў побач і толькі для мяне.

/i/content/pi/cult/836/17813/10_1.jpg

“Вясёлы валёнак”: гульня дзятвы па-свіслацку.

Ёсць з Навагрудчыны і бібліятэчная інфармацыя. Аўтар яе загадчык мясцовай бібліятэкі сямейнага чытання Ларыса Касцюк распавядае, што з новага года ў штаце ўстановы значыцца доктар Нехварэйкін, які адказвае за чытацкі здаровы лад жыцця. Новы спецыяліст і парады маленькім чытачам дае, і іх фізічную падрыхтаванасць правярае. Ды яшчэ і вітаміны ўсім раздае: яблыкі, апельсіны, мандарыны. Ну як з такім не сябраваць?!

Малодшы навуковы супрацоўнік Ганцавіцкага раённага Дома рамёстваў Наталля Білімава не пакідае нас без цікавых навін. Гэтым разам яе допіс не толькі цікавы, але і карысны для іншых рамеснікаў і кіраўнікоў ад культуры. “Сёння немагчыма ўявіць карыстанне грамадскім транспартам, паход у краму, кінатэатр, кавярню, нават у школу ці на працу без ахоўнай маскі, — піша Наталля. — Каб застацца абароненым ад вірусаў і адначасова быць у трэндзе, добра выглядаць і праяўляць індывідуальнасць, неабходна мець асаблівую маску. Таму наша ўстанова прапанавала наведвальнікам стварыць шматразовую ахоўную маску самастойна. Пры гэтым натуральная тканіна размалёўваецца акрылавымі фарбамі паводле ўласнага эскізу. У выніку маскі атрымліваюцца ўнікальнымі”. У дадзеным выпадку заставацца ў трэндзе — значыць быць непаўторным. Натуральнае жаданне любога сапраўднага творцы.

/i/content/pi/cult/836/17813/10_2.jpg

Майстар-клас у Ганцавіцкім раённым Доме рамёстваў.

Смачная навіна з Гальшанаў, што ў Ашмянскім раёне. Уявіце вінтажны самавар, упрыгожаны, як ёлка гірляндамі, нізкамі з абаранкамі. Чайны водар, духмянасць свежых абаранкаў — гэта неад’емная частка сустрэчы сяброў аматарскага аб’яднання людзей сталага веку “Гады — не бяды”. А гаспадыняй тут — Любоў Шчарбакова, у якой усё з любоўю. І мне паведамілі, што галоўным конкурсам на пасядзелках было адгадванне, з чаго варэнне зроблена. Пераможцам засталіся самыя мяккія ды духмяныя бублікі. І ўвогуле, самавар, рэч сем’яўтваральная. Яе ў кожнай сям’і варта мець. Падалося, што і сапраўды ў мяне інтанацыі ката Матроскіна з’явіліся?

Чаю з абаранкамі пакаштавалі, можна і Гальшанскі замак наведаць. Тут, як паведамляе Аліна Санюк, працягваецца рэканструкцыя з аднаўленнем. З’явіліся два збудаванні. Гэта візіт-цэнтр, узведзены за сродкі мясцовага бюджэту. Метадыст раённага Цэнтра культуры Сяргей Жылік удакладняе, што ў адным пакоі размяшчаецца сувенірная крама, побач — каса, інфармацыйная панель за звесткамі пра мясцовыя славутасці і інфраструктуру: адрасы гасініц, пунктаў грамадскага харчавання, аграсядзіб, банкаў. Ствараецца электронны каталог сувенірнай прадукцыі. Значнае месца тут займае кераміка. Ёсць і выявы містычных насельнікаў замка. Аўтар — майстар аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Мар’ян Козар. У візіт-цэнтры падключана ацяпленне. Другое амяшканне адведзена пад санітарныя патрэбы. Што тычыцца прызамкавай тэрыторыі, то ўвечары яна набывае асабліва містычны выгляд. Падсвятляецца не толькі паўночная вежа, але і парэшткі сцен ды дарожкі, што вядуць да гісторыка-культурнага аб’екта. Словам, работы, распачатыя ў 2017 годзе, працягваюцца. Сённяшні акцэнт — на ўнутранай аздобе вежы, дзе размесціцца “халодная” экспазіцыя. Камін на адным з узроўняў будзе адноўлены па тэхналогіі XVII стагоддзя.

/i/content/pi/cult/836/17813/10_3.jpg

Самадзейны мастак Віталь Верас і яго “Развагі”.

Ашмяншчына на дробязі не разменьваецца. Таму пазнаёмцеся яшчэ з некалькімі навінамі. Першая — з раённай бібліятэкі. Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Святлана Галінская распавядае пра чарговую акцыю: “Бібліятэкар Вольга Швец і я наведалі вучняў 9 класа Ашмянскай гімназіі № 1, правялі відэакруіз “Мой край”, прымеркаваны да 680-годдзя з часу ўпамінання Ашмян у “Хроніцы літоўскай і жамойцкай”. Другая навіна — клубная, з аграгарадка Граўжышкі. Тут прайшла спартыўна-забаўляльная праграма. Вёў яе Эдуард Булкевіч. А аддзел культуры і вольнага часу вёскі Гродзі таксама правёў сямейна-спартыўнае свята. Асабліва арыгінальны аказаўся конкурс па кіданні валёнка на адлегласць.

У цэнтры ўвагі знаходзіўся валёнак і падчас зімняй дзіцячай гульні, што прайшла ў Грынкаўскім сектары культуры і вольнага часу, што ў Свіслацкім раёне.

/i/content/pi/cult/836/17813/10_4.jpg

Ларыса Глінская — таленавітая майстрыха з Бярозы.

Бібліятэкар Зоя Хлебнікава з Бераставіцы піша: “29 студзеня ў Алекшыцкай сельскай бібліятэцы прайшоў патрыятычны ўрок “Сінонімы памяці”, прысвечаны Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакосту. На яго былі запрошаны сямікласнікі мясцовай школы з класным кіраўніком Алай Ляшкевіч.”

Навіны з Гомельшчыны — самыя чаканыя, бо надзвычай рэдкія. Гэтым разам прыйшоў допіс з Музея бітвы за Днепр, які ў Лоеве. Тут працуе выстава аўтографаў Івана Шамякіна, прысвечаная стагоддзю з дня нараджэння народнага пісьменніка. У экспазіцыі — выданні Шамякіна, якія аўтар пакінуў жыхарам горада падчас сустрэч у гарадскім пасёлку. Самы рарытэтны прадмет — фотаздымак 1956 года, дзе паэты і празаікі адлюстраваны разам з лоеўскімі чытачамі. На фота не толькі Шамякін, але і маладыя Міхась Калачынскі, Піліп Пястрак, Мікола Нагнібяда, Анатоль Вялюгін.

/i/content/pi/cult/836/17813/10_5.jpg

Пасядзелкі вакол самавара ў Гальшанах.

У Гродзенскім абласным метадычным Цэнтры народнай творчасці працуе выстава майстроў аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра. Вядучы метадыст гэтай установы Наталля Рамановіч распавядае, што акрамя драўляных музычных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча тут выстаўлены вырабы з саломы Валянціны Краўчук і Ірыны Шавельскай, выцінанкі Таццяны Нікіцік, інтэр’ерныя падушкі Марыі Ракевіч, ручнікі Наталлі Кавальковай, кіраміка дзвюх Таццян — Рублеўскай і Сяргейчык, разьба па дрэве Ларысы Касіцкай і трох Уладзіміраў — Астапчыка, Пакумейкі і Кемяжука.

Кіраўнік народнага клуба майстроў “Суквецце” дзіцяча-юнацкага спартыўна-эстэтычнага цэнтра горада Бярозы Зоя Гукіна напісала пра поспех ганчара Ларысы Глінскай — кіраўніка гуртка керамістаў і актыўнай удзельніцы згаданага клуба майстроў народнай творчасці. Ларыса Дзмітрыеўна стала лаўрэатам міжнароднага фестывалю-конкурсу “Арт-парад у Віцебску”, прымеркаванага да “Славянскага базару…”

І апошняя на сёння навіна — з Бабруйскага Палаца мастацтваў. Спецыяліст аддзела мастацкай творчасці Алена Нялюбіна распавядае пра персанальную выставу маладога самадзейнага мастака Віталія Вераса. Творцу вабіць не толькі жывапіс, досыць плённа ён працуе ў жанрах комікса, графічнага партрэта, музычнай афішы. Экспазіцыя з 16 твораў называецца “Развагі”.

Беражыце сябе, шаноўныя!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"