Вынікі года. Памежны стан

№ 6 (1497) 06.02.2021 - 13.02.2021 г

Мінск. Палац мастацтва. Чатыры выставы. Дзве персаналіі — Ларысы Журавовіч (“Святло зямлі, святло нябёсаў…”) і Кацярыны Сумаравай (“Памежны стан”), а таксама выставы лаўрэатаў Трыенале (жывапіс, графіка, скульптура) і конкурсу “Графіка года 2020” (графіка друкаваная і арыгінальная). “Памежны стан” разглядаецца ў кантэксе Трыенале, бо гэта творчы праект, што заваяваў Гран-пры. Калі пра выставы коратка — прыгожа, эфектна, запамінальна. І яшчэ: пакаленне мастакоў, якое, здаецца, зусім нядаўна лічылася “сярэднім”, трывала замацоўваецца ў новым статусе, які, дарэчы, прадугледжвае большую адказнасць за сённяшні стан нашай культуры і яе перспектывы.

Ларыса Журавовіч скончыла Тэатральна-мастацкі ў 1989 годе. Вучылася на аддзяленні графікі. Дыпломная работа называлася “Восень, зямля і людзі”. Твор стаўся для мастачкі праграмным. Бо па заканчэнні інстытута мастачка не стала трымацца за сталіцу і вярнулася ў родныя Бялынічы. Не адразу. Некаторы час па размяркаванні працавала у Берасці, потым была “аспірантура” — Акадэмічныя майстэрні, дзе ўдасканальвала майстэрства пад кіраўніцтвам выдатнага творцы Георгія Паплаўскага. А потым аж да сённяшняга дня — Бялынічы. Вярнулася з асфальта на зямлю, да людзей, знаёмых з дзяцінства. Тут, на радзіме, стала выкладаць ў Школе мастацтваў. І паралельна з настаўніцкай працай — творчасць. Калі-нікалі пленэры, выставы.

/i/content/pi/cult/836/17811/8_5.jpg

Па словах спадарыні Ларысы, да нядаўняга часу лад жыцця ў Бялынічах быў блізкім да вясковага. Мастачку заўжды вёска цікавала як форма адносна гарманічнага суіснавання чалавека і прыроды, як супольнасць са сваімі традыцыямі, усталяваным побытам, сваёй каштоўнаснай іерархіяй. І каб маляваць такую вёску, не было патрэбы выпраўляцца за горад, дастаткова было зрабіць два крокі ад цэнтра Бялыніч. Сёння змены ў абліччы Бялыніч не радыкальныя, але істотныя.

На выставе прадстаўлена тэматыка, характэрная для творчасці спадарыні Ларысы — партрэты землякоў, кравявіды наваколля Бялыніч, нацюрморты з атрыбутамі сялянскай працы і побыту, іншымі знакамі працы на зямлі. Цвіком жа экспазіцыі з’яўляюцца выявы храмаў Бялыніцкага краю. Калісьці іх у наваколі было шастаццаць, зараз засталося толькі два. Працу над гэтай нізкай можа параўнаць з археалогіяй і архіўнай справай, бо Ларыса Журавовіч аднаўляла на карцінах будынкі, якіх няма. Ад некоторых нават фотаздымкаў на захавалася, давялося звяртацца да старажылаў, давярацца іхняй памяці. З’яўленню кожнай такой графічнай карціны папярэднічала грунтоўнае даследаванне. Гэтая праца — творчы подзвіг.

/i/content/pi/cult/836/17811/8_4.jpg

Спадарыня Ларыса лічыць, што ў параўнанні з кідкімі творамі Трыенале і Графікі года яе малафарматныя, выкананыя ў стылістыцы традыцыйнага рэалізму работы глядзяцца несамавіта. Не пагаджуся. Яе графіка не кідаеца ў вочы, але на ёй надоўга засяроджваешся.

Для Кацярыны Сумаравай як і для Ларысы Журавовіч галоўная мастацкая ВНУ краіны таксама Almamater. Дачка вядомага нашага мастака Васіля Сумарава скончыла Акадэмію ў 2004 годзе. Творчыя здабыткі бацькі сталі для яе “пачатковым капіталам”; трывалым грунтам, на якім можна ўпэўнена будаваць сябя як асоба. Я гэта да таго, што спадарыня Кацярына ўжо на самым пачатку творчай кар’еры мела багаты бонус.

/i/content/pi/cult/836/17811/8_6.jpg

І як часта здараецца ў творчых дынастыях, дзеці рэдка бяруць у спадчыну напрацаванае бацькамі. Спрацоўвае цяга да кантрасту. Дзеці оперных спевакоў становяцца джазавымі музыкантамі, а сын ці дачка мастака-рэаліста хутчэй за ўсё пойдуць у абстракцыянізм і беспрадметнасць. Творчасць Кацярыны Сумаравай якраз той выпадак.Яна суцэльны антыпод Ларысы Журавовіч. На карцінах спадарыні Кацярыны не акрэсленая геаграфічна і часава памежжа чагосьці з чымсьці. Тут у наяўнасці шырокі абшар асацыяцый — зямля і вада, вада і неба, блізкае неба і космас, рэчаіснасць і падсвядомасць… Зрэшты, рэалізм і абстракцыянізм.

Гран-пры дадзенаму праекту — знак сур’ёзнага стаўлення прафесійнага асяроддзя да нязвыклага для нашай грамады мастацтва; прызнанне той акалічнасці, што даўно наспела патрэба нашай інтэграцыі ў сусветную культурніцкую прастору, адаптацыі міжнародных трэндаў да нашай рэчаіснасці. Я трактую гэты праект як памежны стан між неакрэсленай рэчаіснасцю і няўцямнай будучыняй. Я маю на ўвазе стан нашага мастацтва.

Сярод жывапісцаў лаўрэатамі Трыенале сталі Васіль Касцючэнка, Таццяна Радзівілка, Аляксандр Даманаў. У намінацыі “Графіка” ўганараваныя Юрый Якавенка, Юрый Тарэеў, Уладзімір Шапавалаў. Лепшымі скульптарамі названыя Канстанцін Селіханаў, Сяргей Аганаў, Аляксандр Сакалоў. Імёны культурніцкай грамадзе знаёмыя. Пра кажнага са згаданых творцаў можна сказаць добрае слова, а зараз ў дадатак да такіх слоў — афіцыйнае прызнанне, умацаванне статуса ўмоўнымі зорачкамі на ўмоўным пагонах.

На “Графіцы года” ў друкаваным фармаце лепшымі сталі Марыя Кошалева-Ліхота, Андрэй Басалыга і Марына Мароз. У арыгінальнай графіцы — Вера Каўзановіч, Уладзімір Рынкевіч, Андрэй Савіч. Зноў жа, застаецца пагадзіцца з журы, бо людзі ўсё невыпадковыя, у прафесійным коле паважаныя. Маюць адметны почырк і багаты творчы патэнцыял.

Мае развагі пра творы гэтай выставы маюць адзінай мэтай зацікавіць чытачоў тым, што зацікавіла мяне. Лепшай рэакцыяй на мае нататкі будзе тое, што чытач адкладзе ўбок газету і пойдзе ў Палац мастацтва, каб пабачыць згаданае ў тэксце на свае вочы. Мой тэкст — толькі “прадмова”, а сама “кніга” — выстачныя экспазіцыі.

/i/content/pi/cult/836/17811/8_7.jpg

Нікому не навязваючы свайго погляду, скажу, што вельмі рады за Сяргея Аганава, які за апошнія гады зрабіў шмат карыснага для ўмацавання нашвй гістарычнай памяці; за Андрэя Савіча, які, як мне падаецца, доўга шукаў свой лад і почырк і зараз дэманструе высокае майстэрста і такі неабходны арыгінальны погляд на рэчаіснаць; за Аляксандра Даманава, які ў сваёй творчасці эфектна спалучае містыку і звыклыя актуаліі.

Ну а такіх асобаў як Канстанцін Селіханаў, Андрэй Басалыга, Юрый Якавенка пры сённяшнім іхнім аўтарытэце можна сур’ёзна разглядаць як кандыдатаў у класікі. Сёння ў нашым мастацтве ёсць з чаго выбіраць, ёсць што ўганароўваць. Гэта галоўны вынік Трыенале і “Графікі года”. І гэта цудоўна.

Але вось што хацелася згадаць. Усе гэтыя выставы планаваліся і рыхтаваліся нібыта ў іншым часе. Для вызначэння сённяшняга дня найлепшым чынам падыходзіць назва выставы Кацярыны Сумаравай — “Памежны стан”. І як бы сёння не хацелася і самім мастакам, і аматарам мастацтва схавацца ад брутальнасці быцця ў нешта прыгожае, зручнае, утульнае, не заўважаць тое, што адбываецца за вокнамі майстэрняў і сценамі выставачных залаў, зачыніцца ад жыцця не атрымаецца. Вось я і думаю сёння, дык што ж мы пабачым на наступным Трыенале, на наступных нацыянальных мастацкіх конкурсах…

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"