“Жоўтыя зоркі” in Memoria Nominis Clara

№ 6 (1497) 06.02.2021 - 13.02.2021 г

Да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі чацвёрты год запар быў зладжаны канцэрт “Жоўтыя зоркі”. А ў канцы мінулага года на іншай пляцоўцы паказваўся эскіз спектакля Memoria Nominis Clara, дзеянне якога адбываецца на месцы гібелі яўрэяў Мінскага гета ў 1941 — 1942 гадах. Дзве розныя падзеі — адзін боль. І аднолькавае жаданне — каб жудасны генацыд больш ніколі і нідзе не паўтараўся.

“Жоўтыя зоркі”, назву якім даў аднайменны Канцэрт для аркестра Ісака Шварца, выкананы ў нас у 2018-м, — гэта не столькі серыя штогадовых канцэртаў, колькі суцэльны культуралагічны, патрыятычны, этычны праект, што яднае розныя віды мастацтва і дакументалістыку. А галоўнае — яднае прадстаўнікоў самых розных нацыянальнасцяў у адстойванні права на памяць і будучыню.

/i/content/pi/cult/836/17810/8_2.jpg

Гучанне музыкі на “Жоўтых зорках” заўжды суправаджаецца разгорнутым, надзвычай інфарматыўным уступным словам аўтара ідэі і галоўнай завадатаркі такіх вечарын Ганны Ляньковай. Такія ж змястоўныя, падрабязныя праграмкі, якія можна захоўваць як “сведкаў падзеі”. Сцэна заўсёды адзначана адной і той жа інсталяцыяй Валерыі Гайшун: мужчынскае ўбранне з жоўтай зоркай на пінжаку, бо так гітлераўцы пазначалі яўрэяў. У фае — тая ці іншая тэматычная выстава. Сёлета і ўжо не ўпершыню гэта была выстаўка Дзмітрыя Шамяткова, на гэты раз — “Аскепкі памяці”. Яе прынцып застаўся тым жа: партрэт кагосьці з відавочцаў тых падзей і фрагмент занатаванага тэксту ягоных успамінаў.

Усе гады ў вечарыне ўдзельнічае Канцэртны сімфанічны аркестр, складзены з музыкантаў розных калектываў. Апошнім часам за пультам стаіць дырыжор Бомсак Йі з Аўстрыі. Далучаюцца салісты і хоры. Сёлета ўдзельнікаў было асабліва многа, бо акрамя Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р.Шырмы сцэну запоўнілі ажно чатыры дзіцячыя хоры. І ўвесь праект адразу набыў новае гучанне — не толькі праз юныя неакрэплыя галасы, што заўжды выклікаюць замілаванне, але і праз незакаламучаныя дзіцячыя душы: да гэтай складанай тэмы далучыліся некалькі дзясяткаў хлопчыкаў і дзяўчынак з розных сем’яў — розных нацыянальнасцяў, веравызнанняў, сацыяльных слаёў. І яна не пакіне іх абыякавымі, зробіць тую “зарубку на душы”, што застанецца лепшай прывіўкай ад бесчалавечнасці.

/i/content/pi/cult/836/17810/8_1.jpg

Шмат дзяцей было і ў зале — дарэчы, аншлагавай у такі няпросты час пандэміі. Акрамя балючай тэмы, выканаўцы і слухачы далучыліся да выдатнай музыкі. Праграма ледзь не скрозь была складзена з прэм’ер — твораў, якія на Беларусі гучалі ўпершыню, а то і ўвогуле былі вернуты з нябыту. Так, гродзенская даследчыца, кандыдат мастацтвазнаўства Інэса Двужыльная знайшла рукапіс кантаты “Дзённік кахання” Мечыслава Вайнберга, які меў самае непасрэднае дачыненне да культуры Беларусі. Твор выконваўся толькі аднойчы — у 1966 годзе ў Маскве, але нават не быў запісаны на аўдыёносьбіт. Да цяперашняга выканання па тым рукапісу быў зроблены нотны набор, надрукаваны партыі кожнага з інструментаў — і кантата атрымала магчымасці самага шырокага розгаласу. Яе атачалі не менш выбітныя творы Кшыштафа Пендэрэцкага (Польшча), Аўнера Дормана (Ізраіль), Ігара Левіна (Расія).

Новыя фарбы свайго таленту прадэманстравалі нашы салісты. Справа не толькі ў надзвычай эмацыйным чытанні Аляксандра Падабеда  — што называецца, на разрыў аорты. Вядучыя оперныя артысты Таццяна Гаўрылава і Юрый Гарадзецкі знайшлі ў сваім голасе, а віртуозны скрыпач Алег Яцына — у сваім інструменце папраўдзе нацыянальныя яўрэйскія ноткі і ўласцівыя гэтай культуры прыёмы выканання, адрозныя ад строга акадэмічных. Атрымаўся не проста “канцэрт памяці”, дзе думкі слухачоў скіраваны ў трагічнае мінулае, а яшчэ і суцэльная гронка вялікіх і маленькіх мастацкіх адкрыццяў. І гэты найвысокі эстэтычны складнік лекаваў душы ўсіх прысутных.

/i/content/pi/cult/836/17810/8_3.jpg

Падчас канцэрта “Жоўтыя зоркі” ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Побач з такой буйной акцыяй узгадаем больш аддалены па часе паказ эскіза спектакля Memoria Nominis Clara (“Памяць імя Клара”), што прайшоў у рамках колішняй лабараторыі “Ужо гатовы сусвет” Школы TEARTа. Удзельнікі пад кіраўніцтвам Алены Мальчэўскай займаліся тэхнікай рэдзі-мэйд, калі ў сцэнаграфіі выкарыстоўваюцца не спецыяльна вырабленыя бутафорскія прадметы, а рэальныя рэчы, што захоўваюць на сябе адбітак часу і памяць пра сваіх уладальнікаў. Такімі дэталямі таго тэатральнага паказа сталі фотаздымкі, мальберты з фарбамі, бо дзеючыя асобы — жывапісцы. А вось п’еса пісалася менавіта да таго праекта.

Артыстамі выступілі самі стваральнікі эскіза — маладая беларуская пісьменніца, дызайнер і навукоўца (між іншым, на ўзроўні дактарантуры), аўтар п’есы Ксенія Шталенкова і мастак Раман Янотаў. Кожны з іх чытаў адразу за двух герояў, як гэта часцяком практыкуецца на падобных прэзентацыях. Але п’еса захапіла не толькі зваротам да Халакосту. У ёй закрануты не менш актуальныя і насамрэч вечныя тэмы вернасці, кахання, сумлення, душэўнага болю, фантомаў мінулага. Дый вырашана яна незвычайна — не праз звыклы лінейны аповед, дзе падзеі разгортваюцца паслядоўна, а праз шматгалоснае паліфанічнае выкладанне, дзе мінулае і сучаснасць пераплецены ў непадзельнае цэлае, а мелодыя выкрышталізоўваецца толькі ў фінале, пасля шматлікіх паўтораў асобных фраз у працяглай распрацоўцы.

Але і тады і асабліва цяпер спакою не дае пытанне: што далей? Дзе мы зможам убачыць гэты спектакль? Для яго пакуль няма ні сцэнічнай пляцоўкі, ні прадзюсара, які здолеў бы давесці вельмі таленавітае пачынанне да ладу. Можа, яшчэ ўсё наперадзе? Бо такі спектакль мог бы, як і “Жоўтыя зоркі”, прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці не толькі ў Беларусі, але і за межамі.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"