Абшары старадаўняй карты

№ 6 (1497) 06.02.2021 - 13.02.2021 г

Бясконцая вандроўка па Часе і Прасторы
Каго з нас у дзяцінстве не захаплялі падарожжы па нязведаных краінах, поўныя прыгодаў, адкрыццяў і незвычайных знаходак? Многія, відаць, любілі разглядаць рознакаляровыя карты, уяўляючы сябе вандроўнікамі і першаадкрывальнікамі новых земляў. Пасля ўжо ўсе мы ўсур’ёз сутыкаліся з асаблівым светам карт, вывучаючы іх таямніцы на школьных занятках па геаграфіі — але нямногія зрабілі вывучэнне картаграфіі справай свайго жыцця.

Сёння свет зрабіўся цяснейшы, падарожжы — значна прасцейшымі і даступнейшымі, чым у старадаўнія часы, а ўсе вялікія геаграфічныя адкрыцці, здаецца, даўно здзейсненыя. Але ж некалі былі часы, калі ўсё выглядала іначай — і, адпаведна, іначай выглядалі старажытныя карты, якія паказвалі выгляд зямлі ў адпаведнасці з тагачаснымі ўяўленнямі людзей аб навакольных абшарах. Свет гістарычных карт, створаных нашымі продкамі, і цяпер яшчэ захоўвае багата таямніц ды прыцягвае падарожнікаў у часе.

/i/content/pi/cult/836/17808/4_3.jpg

Гісторыя з геаграфіяй

Адным з найбольш актыўных асяродкаў, якія рэалізуе сёння даследчыя і выдавецкія праекты, прысвечаныя гістарычнай картаграфіі Беларусі, можна назваць творча-асветніцкую студыю “Imago.by”. Гэтая суполка аматараў і даследчыкаў гісторыі картаграфіі і старадаўніх гравюр гуртуе адмыслоўцаў у самых розных сферах, якіх аб’ядноўвае любоў да выяўленчых гістарычных крыніц. Пастаянная каманда студыі налічвае ўсяго некалькі чалавек, але ў межах кожнага асобнага праекта яны супрацоўнічаюць з самымі рознымі даследчыкамі, мастакамі, дызайнерамі і выдавецтвамі.

Арганізатар студыі Ілля Андрэеў прыгадвае, што суполка распачала сваё існаванне ў 2006 годзе, а з 2013 года дзейнічае і яе старонка ў Сеціве, якая змяшчае як артыкулы па гісторыі картаграфіі, так і алічбаваныя выявы старадаўніх карт і гравюр, якія даследчыкі адмыслова адшукваюць у архіўных і музейных калекцыях, у тым ліку за межамі Беларусі. Сваёй місіяй суполка бачыць напаўненне сучаснай культурнай і побытавай прасторы Беларусі вобразамі гістарычных выяваў, звязаных з мінуўшчынай нашай зямлі. Пачыналася ўсё з простага жадання бачыць вакол сябе болей візуалу, звязанага з беларускай гісторыяй, але з часам удзельнікі суполкі пачалі цікавіцца тэмай на больш глыбокім узроўні і заняліся вывучэннем ды даследаваннем выяўленчых і картаграфічных крыніц.

/i/content/pi/cult/836/17808/4_1.jpg

Каляровы постар з гравюрай Маціяса Цюнта “Выгляд Гродна”.

Сам Ілля Андрэеў па адукацыі інжынер, але, захапіўшыся вывучэннем старадаўніх карт, ён нядаўна паступіў у магістратуру гістарычнага факультэта БДУ, дзе распрацоўвае акурат тэму гістарычнай картаграфіі Беларусі. Сёння кола даследчыкаў гэтай тэмы ў Беларусі даволі вузкае, і неабходнасць яе вывучэння як ніколі актуальная. Даследчык адзначае таксама, што існуе патрэба вылучэння гісторыі картаграфіі як асобнай навучальнай дысцыпліны, і даследавання картаграфіі на памежжы гісторыі, геаграфіі і геадэзіі. Надзённым застаецца і пытанне вылучэння з агульнага масіву тых карт, якія могуць разглядацца ў якасці першасных гістарычных крыніц.

Неацэнныя скарбонкі ведаў

Першыя карты, якія ствараліся на нашых абшарах, мелі свае адметнасці і адзнакі часу. Адным з асноўных арыенціраў, паводле якіх старажытныя картографы маглі найбольш дакладна выявіць месцазнаходжанне гарадоў альбо іншых геаграфічных аб’ектаў, былі рэкі — водныя шляхі, па якіх альбо ўздоўж якіх зазвычай падарожнічалі людзі ў старадаўнія часы. Наогул, картаграфія зараджалася як адлюстраванне шляхоў і падарожжаў, таму часта на карты траплялі далёка не ўсе найбуйнейшыя гарады свайго часу, але затое на іх маглі быць нанесеныя даволі невялікія населеныя пункты, праз якія пайшоў маршрут таго ці іншага вандроўніка.

Карты, выданне якіх фундавалася заможнымі асобамі, высокімі дзяржаўнымі службоўцамі ды магнатамі, абавязкова змяшчалі своеасаблівую “рэкламу” ахвярадаўцаў — на іх маглі прысутнічаць гербы адпаведных шляхецкіх родаў, іх радаслоўныя дрэвы, паказваліся межы іх уладанняў. Такім чынам, старадаўнія карты ўяўляюць з сябе складаную і дужа цікавую для вывучэння сукупнасць геаграфічнай і гістарычнай інфармацыі, якая можа прыдацца ў многіх кірунках даследаванняў.

Вуліцы зніклага горада

Вынікам вывучэння гістарычных карт з’яўляюцца выставачныя і выдавецкія праекты. Пазалетась, да тысячагоддзя першай летапіснай згадкі Брэста, суполка “Imago.by” падрыхтавала сумесна з выдавецтвам РУП “Белкартаграфія” альбом “Брэст на старадаўніх картах і планах”, дзе можна знайсці найбольш адметныя карты, на якіх адлюстраваны горад і яго ваколіцы, пачынаючы з карты, складзенай арабскім географам аль-Ідрысі ў 1154 годзе. Аўтарамі тэкстаў да альбома выступілі Ілля і Валянціна Андрэевы.

/i/content/pi/cult/836/17808/4_2.jpg

Першая карта з надпісамі па-беларуску.

За фінальную храналагічную мяжу альбома ўзяты час, калі старадаўні Брэст амаль цалкам знік з твару зямлі — як вядома, гэта здарылася ў 1830 — 1840-х гадах, пры будаўніцтве на месцы ранейшага горада славутай Брэсцкай крэпасці. З пабудоў старажытнага Брэста, у выніку такіх маштабных горадабудаўнічых зменаў, ацалелі ў змененым выглядзе толькі лічаныя будынкі. З увагі на гэта, тым больш каштоўнымі з’яўляюцца апублікаваныя ў альбоме планы старадаўняга горада, на якіх адлюстравана размяшчэнне першапачатковага брэсцкага замка, шматлікіх хрысціянскіх храмаў і манастыроў, фартыфікацыйных умацаванняў, сеткі вуліц з іх гістарычнымі назвамі.

Ахапіць усю краіну

Сярод найбліжэйшых планаў суполкі — выданне аналагічнага альбома, прысвечанага гістарычнай картаграфіі сталіцы Беларусі. Альбом пад рабочай назвай “Мінск на старадаўніх картах і планах”, работа над якім ужо ідзе, тым не менш, будзе мець пэўнае адрозненне ў канцэпцыі ад брэсцкага. У яго мусяць увайсці каля палутара дзясяткаў гарадскіх планаў, паводле якіх можна прасачыць развіццё Мінска і ваколіцаў ад XVIII да XX стагоддзяў уключна з нерэалізаваным праектам пасляваеннай забудовы горада, створаным у 1944 годзе. У рабоце над альбомам, акрамя Валянціны і Іллі Андрэевых, прымае ўдзел таксама даследчык картаграфіі Мінска Павел Растоўцаў.

Наогул жа, у далейшай перспектыве, мяркуецца выданне аналагічных альбомаў, прысвечаных картаграфічнай спадчыне ўсіх абласных цэнтраў і адпаведных рэгіёнаў Беларусі. Пакуль аўтары схіляюцца да думкі аб стварэнні такога альбома з картамі Падняпроўя і Падзвіння. Гэтыя мясцовасці выклікаюць у даследчыкаў найбольшую зацікаўленасць перадусім з той прычыны, што менавіта гэты рэгіён знайшоў адлюстраванне на першых вайсковых картах часоў Лівонскай вайны, складзеных у другой палове XVI стагоддзя.

Шляхі станаўлення

Падрыхтаваны да друку і пераклад на беларускую мову грунтоўнай працы выдатнага польскага гісторыка Станіслава Александровіча “Картаграфія Вялікага Княства Літоўскага ад XV да сярэдзіны XVIII стагоддзя”. Аўтар, які памёр у 2015 годзе ў веку васьмідзясяці чатырох гадоў, з’яўляўся, бадай, найбольш выдатным знаўцам картаграфіі земляў ВКЛ азначанага перыяду. Да таго ж, нарадзіўся ён у Вільні, а дзіцячыя гады правёў на Браслаўшчыне, дзе ў яго бацькі быў родавы маёнтак, таму гісторык меў трывалую сувязь з Беларуссю, часта наведваў родныя мясціны і кантактаваў з беларускімі калегамі.

Важнасць навуковага даробку Станіслава Александровіча перадусім палягае ў тым, што менавіта ён здолеў абгрунтавана давесці, як ужо ў пачатку XVII стагоддзя ў Вялікім Княстве Літоўскім выдаваліся арыгінальныя карты. Так, напрыклад, ён здолеў дакладна атрыбутаваць карту, выдадзеную каля 1603 года ў Нясвіжы па фундацыі роду Радзівілаў, а тым самым пацвердзіў, што яна была выдадзеная менавіта на беларускіх землях. Дарэчы, гэта, найверагодней, была першая карта, якая пабачыла свет на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Словам, тое выданне можа надаць істотны імпульс да абуджэння зацікаўленасці беларускіх гісторыкаў тэмай развіцця айчыннай картаграфіі. Адметна таксама, што перакладчыкам кнігі выступіў вучань аўтара, кандыдат гістарычных навук Максім Макараў.

Новыя фарбы мінуўшчыны

Удзельнікі суполкі займаюцца таксама вывучэннем і рэканструкцыяй друкарскай справы і тэхналогій, паводле якіх друкаваліся выявы паўтысячагоддзя таму. У 2018 годзе студыя зрабіла рэканструкцыю вядомай гравюры “Выгляд Гродна з выездам у час сойма пры Жыгімонце Аўгусце”, выкананай у 1568 годзе майстрам Маціясам Цюнтам. Паколькі ўсе асобнікі гравюры, якія дайшлі да нашых дзён, былі чорна-белымі, узнікла ідэя расфарбаваць выяву па аналогіі з іншымі гравюрамі майстра, вядомымі ў колеры. У выніку некалькі адбіткаў гравюры былі ўручную надрукаваныя на друкарскім станку, рэканструяваным паводле ўзораў XVI стагоддзя.

Постар з выявай адноўленай гравюры пабачыў свет у выдавецтве “Белкартаграфія” разам з адмысловым буклетам, укладзеным гісторыкам Алесем Перагудавым, у якім падрабязна патлумачаны змест выявы, апісаныя прадстаўленыя на ёй будынкі, асобы, падзеі і рэаліі. А станок, на якім адбывалася рэканструкцыя гравюры, чакаюць новыя здзяйсненні — ён не застанецца ў майстэрні, а мусіць у будучыні зрабіцца часткай экспазіцыі адноўленага Старога замка ў Гродне, дзе можа з’явіцца пакой, прысвечаны гісторыі развіцця друкарскай справы. Ахвочыя наведвальнікі музея нават атрымаюць магчымасць паспрабаваць самастойна надрукаваць тыя ці іншыя выявы на рэканструяваным варштаце.

Глядзець на свет па-беларуску

А пазалетась студыяй была аддрукаваная выява рэдкай карты Беларусі, складзенай і выдадзенай у 1919 годзе ў Вільні, найверагодней за ўсё — вядомым географам Аркадзем Смолічам. Карта мае змяшаны, фізічна-адміністратыўны характар, і абапіраецца на звесткі, вядомыя з падручніка Смоліча “Геаграфія Беларусі”, які акурат з’явіўся ў тым самым 1919 годзе.

Карта, відавочна, мела выкарыстоўвацца на занятках геаграфіі ў гімназіях і школах з беларускай мовай навучання, якія дзейнічалі ў міжваенныя гады як у Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, так і на тэрыторыі Заходняй Беларусі, што знаходзілася пад уладай Польшчы. Адметнасць карты перадусім у тым, што гэта першая ў свеце крыніца такога кшталту, надпісы на якой былі зробленыя па-беларуску. Да нашых дзён, на жаль, дайшлі толькі некалькі арыгіналаў гэтай выявы.

Як працяг традыцый ужывання беларускай мовы ў картаграфіі, таксама пазалетась, студыяй “Imago.by” сумесна з РУП “Белкартаграфія” было рэалізавана стварэнне і выданне сучаснай палітычнай карты свету з надпісамі па-беларуску, дызайн якой распрацаваў мастак Саша Чабатароў. Як бачым, ва ўсе часы карты былі і застаюцца сродкам не проста адлюстраваць навакольны свет, але і зрабіць гэта па-свойму, з пэўнымі нацыянальнымі адметнасцямі, наклаўшы на іх адбітак свайго часу і пакінуўшы след у гісторыі. А значыць, падарожжа ў часе і прасторы працягваецца, і свет беларускіх карт чакае новых першаадкрывальнікаў.

Фота аўтара і з сайта Imago.by