Не шкадуйце часу на адлегласць

№ 5 (1497) 30.01.2021 - 06.02.2021 г

У Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў дзве экспазіцыйныя пляцоўкі. Адна побач з плошчай Якуба Коласа, другая — непадалёк ад цэнтра горада на вуліцы Някрасава. Калі першую можна наведаць, не плануючы загадзя культурнай праграмы, а проста шпацыруючы па праспекце па сваіх справах, дык на другую трэба ладзіць адмысловую выправу. Бо хоць па мінскіх мерках адлегласць і невялікая, але часу ўсё адно патрабуе. Адно скажу, што час гэты не будзе змарнаваным. Таму што пабываўшы і тут, і там, атрымаеце даволі аб’ектыўнае ўяўленне пра стан і тэндэнцыі мастацтва, якое, паводле не надта ўцямных крытэрыяў, трапляе ў намінацыю “сучаснае”.

/i/content/pi/cult/835/17798/012.jpgБезумоўна, спадабаецца вам далёка не ўсё. Выставы ў НЦСМ знаёмяць грамаду не з артэфактамі, вылучанымі збегам абставін на ролю эстэтычных знакаў часу, але з творчымі рэфлексіямі ці з больш-менш асэнсаванымі пошукамі, якія ў роўнай ступені могуць і ў тупік завесці, і на шырокі шлях вывесці. Тут у наяўнасці жывы працэс з маланкавым бляскам таленту над неабсяжнай багнай абачлівага дылетантызму, утульнае “рэтра” і спантанна-нервовы “авангард”, растыражаваны ва мностве версій, але сутнасна нязменны, як і ягоны антыпод  — фундаментальны традыцыяналізм. Вось зараз, да прыкладу, у залах на праспекце экспануюцца творы еўрапейскіх класікаў ХХ стагоддзя і беларускіх мастакоў — нашых сучаснікаў (мы пра гэту выставу, калі памятаеце, пісалі), а на Някрасава — беларускі пейзажны жывапіс, мастацкія рэаліі эпохі “Песняроў”, эмацыйныя згадкі пра Навагодняе свята і скульптурная пластыка, якая ў нашых умовах можа лічыцца сучаснай.

/i/content/pi/cult/835/17798/013.jpg“Сучасны беларускі пейзаж” — так немудрагеліста называецца адна з выстаў, што на Някрасава. Калі заходзіць гаворка пра краявід як мастацкі жанр, мне згадваюцца радкі Максіміліяна Валошына: “Ветшают дни, проходит человек, а небо и земля извечно те же”. Зразумела, краявід мае нейкія “нацыянальныя” рысы. Аднаму этнасу Бог прызначыў жыць на гарах, другому на роўнядзі; адным даў узбярэжжа і акіянскі далягляд, другому — пагоркі, пералескі ды іншыя чыннікі “сціплай” прыроды. Што ж датычыць урбанізаванага краявіду, дык калі з яго выкрэсліць знакавыя архітэктурныя аб’екты, дык ён па ўсім свеце будзе амаль аднолькавым. Асабліва калі краіны належаць да адной кліматычнай зоны і, адпаведна, маюць блізкі побытавы лад.

/i/content/pi/cult/835/17798/014.jpgКраявіды, асабліва вясковыя, што вы бачыце на гэтай выставе, за свае палічылі б жыхары Прыбалтыкі, Польшчы, сумежных з Беларуссю рэгіёнаў Украіны і Расіі. Цікава, аднак тое, што пры даволі высокай ступені ўрбанізаванасці нашай зямлі ментальна беларусы ўсё ж трымаюцца захаваных лапікаў адносна аўтэнтычнай прыроды і цывілізацыйных чыннікаў, якія яе не надта псуюць. Не дзіва пабачыць у фешэнебельным інтэр’еры карціну з сялянскімі хатамі, кшталту тых, што ёсць на гэтай выставе. Работы экспазіцыі цалкам адпавядаюць такому прызначэнню. Шэдэўраў узроўню Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Фердынанда Рушчыца, Віталя Цвіркі тут не відаць. Гэта і лагічна, калі арганізатары ставілі мэтай праілюстраваць працэс, а не вылучыць у ягоных рамках найбольш каштоўныя чыннікі.

/i/content/pi/cult/835/17798/015.jpg“Новы год. Анталогія свята”. Тут прадстаўлены фатаграфіі з прыватных архіваў, што сёння сталі цікавымі не толькі тым, для каго яны сямейная хроніка, але і людзям зусім староннім. Той выпадак, калі глядзіш на чужое, а думаеш пра сваё; суадносіш пабачанае з тым, што сам ведаеш, і знаходзіш у чужым жыццяпісе нешта памятнае і блізкае табе. Прыватны досвед на ментальным узроўні транфармуецца ў грамадскі. Тут жа адлюстраванне свята на старонках савецкага друку. Для кагосьці гэта настальгічны ўспамін пра шчаслівае дзяцінства…

/i/content/pi/cult/835/17798/017.jpgМае бацькі мелі дачыненне да друкаванага слова, так што ў маім доме дагэтуль ёсць часопісы савецкай пары, канкрэтна — 50-х — 60-х гадоў. Сёння іх цяжка чытаць, ды і ілюстрацыйны шэраг на сённяшняе вока зусім непрывабны. Пры ўсіх хібах рэчаіснасці, што мяне атачае, не хацеў бы я вяртацца ў час майго дзяцінства. У прыватнасці, вельмі раздражняе натуральнае для тае пары, але абсурднае на сёння памкненне жорстка спалучыць несумяшчальнае — брутальную прапаганду з кранальнай навагодняй казкай.

/i/content/pi/cult/835/17798/016.jpgДапоўненыя згаданыя чыннікі экспазіцыі сённяшнімі мастакоўскімі рэфлексіямі. Гэтыя карцінкі, як кажуць, на аматара.

Яшчэ адна экспазіцыя ў НЦСМ прысвечана памяці легендарнага Уладзіміра Мулявіна. 12 студзеня споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння лідара “Песняроў”. Як бы высока ні ставілі мы тэхнічны прагрэс і сацыяльныя заваёвы, эпоха застаеёцца ў памяці праз творчыя здабыткі, праз мастацтва, у якім адбіўся час. Станоўчы гістарычны імідж Беларусі савецкай пары складаюць не трактары і кар’ерныя самазвалы, а творчая спадчына гэтай супярэчлівай і драматычнай эпохі. І тут наш безумоўны брэнд — “Песняры “ Уладзіміра Мулявіна.

Экспазіцыя ўяўляе з сябе падборку твораў з беларускімі этнаграфічнымі матывамі. Відаць, такім чынам хацелі праілюстраваць той факт, што наш фальклор быў той папараццю, на якой заквітнела зорка Уладзіміра Мулявіна. Мо нагадаць гэта і не лішне, але яно нічога не дадае да хрэстаматыйнага вобраза песняра і ніяк не тлумачыць, чаму здаўна вядомыя мелодыі, якія на мяжы 60-х — 70-х гадоў цікавілі хіба шчыльнае кола навукоўцаў і прафесійных музыкантаў, а шырокай грамадой былі добра падзабытыя, раптам сталі хітамі. Народнымі хітамі. І застаюцца імі дагэтуль. Як Мулявін вярнуў народу народнае — вось сапраўдная тэма і для навуковага доследу, і для мастацкага асэнсавання. Уладзімір Мулявін з тых, хто ўмацоўваў духоўны суверэнітэт беларускай нацыі, а гэтая іпастась музыканта засталася па-за ўвагай тых, хто рабіў выставу. Зрэшты, аднак добра, што ўвогуле згадалі пра юбілей…

“Максімалізм” — персаналія Максіма Петруля. Назва выставы сугучна з імем скульптара і адпавядае ягонай творчай канцэпцыі “Максімум выразнасці праз мінімум выяўленчых сродкаў”. Слушна і да любой справы пасуе. Як вядома, Давід закутага ў жалеза Галіяфа з рагаткі застрэліў. Прынцыпам мінімалізму ў творчасці кіраваўся яшчэ патрыярх сучаснай скульптуры Канстанцін Брынкуш (Бранкузі), ды і Генры Мур недалёка ад яго адышоў. Мне ж падаецца, што спадар Максім імкнецца быць на гэтых творцаў падобным. Скульптуры Петруля нагадваюць тэхнічныя аб’екты. Яны эфектна глядзяцца ў станковым фармаце, але пры патрэбе могуць быць пераведзены ў памер манументальны без страты выразнасці і нават прыдбаўшы дадатковыя эстэтычныя якасці.

У некаторых работах скульптара прысутнічае асацыятыўнасць, яны маюць хай і схематычнае, але ўсё ж падабенства з матэрыяльнымі аб’ектамі ці прыроднымі формамі. Петруль даводзіць сваёй творчасцю, што ён прыхільнік абстракцыянізму, але для культурніцкай грамады ягонай візітоўкай з’яўляюцца работы, дзе сувязь з рэалізмам не канчатковая.

Рэалізуе сябя як творца Петруль хутчэй не як скульптар, але як арт-дызайнер. Ягоная эстэтыка пасуе сучаснай архітэктуры і калі-нікалі аказваецца да месца пры будаўніцтве аб’ектаў грамадскага прызначэння. Але гэта эпізадычна, патэнцыял абстрактнага мастацтва ў Беларусі пакуль эфектыўна не скарыстоўваецца. Грамада яшчэ псіхалагічна не гатовая ўспрыняць думку пра шматаблічнасць мастацтва як адбітак шматаблічча быцця. Калі ж гэта адбудзецца, Максім Петруль магчыма будзе залічаны ў кагорту класікаў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"