Безумоўна, спадабаецца вам далёка не ўсё. Выставы ў НЦСМ знаёмяць грамаду не з артэфактамі, вылучанымі збегам абставін на ролю эстэтычных знакаў часу, але з творчымі рэфлексіямі ці з больш-менш асэнсаванымі пошукамі, якія ў роўнай ступені могуць і ў тупік завесці, і на шырокі шлях вывесці. Тут у наяўнасці жывы працэс з маланкавым бляскам таленту над неабсяжнай багнай абачлівага дылетантызму, утульнае “рэтра” і спантанна-нервовы “авангард”, растыражаваны ва мностве версій, але сутнасна нязменны, як і ягоны антыпод — фундаментальны традыцыяналізм. Вось зараз, да прыкладу, у залах на праспекце экспануюцца творы еўрапейскіх класікаў ХХ стагоддзя і беларускіх мастакоў — нашых сучаснікаў (мы пра гэту выставу, калі памятаеце, пісалі), а на Някрасава — беларускі пейзажны жывапіс, мастацкія рэаліі эпохі “Песняроў”, эмацыйныя згадкі пра Навагодняе свята і скульптурная пластыка, якая ў нашых умовах можа лічыцца сучаснай.
“Сучасны беларускі пейзаж” — так немудрагеліста называецца адна з выстаў, што на Някрасава. Калі заходзіць гаворка пра краявід як мастацкі жанр, мне згадваюцца радкі Максіміліяна Валошына: “Ветшают дни, проходит человек, а небо и земля извечно те же”. Зразумела, краявід мае нейкія “нацыянальныя” рысы. Аднаму этнасу Бог прызначыў жыць на гарах, другому на роўнядзі; адным даў узбярэжжа і акіянскі далягляд, другому — пагоркі, пералескі ды іншыя чыннікі “сціплай” прыроды. Што ж датычыць урбанізаванага краявіду, дык калі з яго выкрэсліць знакавыя архітэктурныя аб’екты, дык ён па ўсім свеце будзе амаль аднолькавым. Асабліва калі краіны належаць да адной кліматычнай зоны і, адпаведна, маюць блізкі побытавы лад.
Краявіды, асабліва вясковыя, што вы бачыце на гэтай выставе, за свае палічылі б жыхары Прыбалтыкі, Польшчы, сумежных з Беларуссю рэгіёнаў Украіны і Расіі. Цікава, аднак тое, што пры даволі высокай ступені ўрбанізаванасці нашай зямлі ментальна беларусы ўсё ж трымаюцца захаваных лапікаў адносна аўтэнтычнай прыроды і цывілізацыйных чыннікаў, якія яе не надта псуюць. Не дзіва пабачыць у фешэнебельным інтэр’еры карціну з сялянскімі хатамі, кшталту тых, што ёсць на гэтай выставе. Работы экспазіцыі цалкам адпавядаюць такому прызначэнню. Шэдэўраў узроўню Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Фердынанда Рушчыца, Віталя Цвіркі тут не відаць. Гэта і лагічна, калі арганізатары ставілі мэтай праілюстраваць працэс, а не вылучыць у ягоных рамках найбольш каштоўныя чыннікі.
“Новы год. Анталогія свята”. Тут прадстаўлены фатаграфіі з прыватных архіваў, што сёння сталі цікавымі не толькі тым, для каго яны сямейная хроніка, але і людзям зусім староннім. Той выпадак, калі глядзіш на чужое, а думаеш пра сваё; суадносіш пабачанае з тым, што сам ведаеш, і знаходзіш у чужым жыццяпісе нешта памятнае і блізкае табе. Прыватны досвед на ментальным узроўні транфармуецца ў грамадскі. Тут жа адлюстраванне свята на старонках савецкага друку. Для кагосьці гэта настальгічны ўспамін пра шчаслівае дзяцінства…
Мае бацькі мелі дачыненне да друкаванага слова, так што ў маім доме дагэтуль ёсць часопісы савецкай пары, канкрэтна — 50-х — 60-х гадоў. Сёння іх цяжка чытаць, ды і ілюстрацыйны шэраг на сённяшняе вока зусім непрывабны. Пры ўсіх хібах рэчаіснасці, што мяне атачае, не хацеў бы я вяртацца ў час майго дзяцінства. У прыватнасці, вельмі раздражняе натуральнае для тае пары, але абсурднае на сёння памкненне жорстка спалучыць несумяшчальнае — брутальную прапаганду з кранальнай навагодняй казкай.
Дапоўненыя згаданыя чыннікі экспазіцыі сённяшнімі мастакоўскімі рэфлексіямі. Гэтыя карцінкі, як кажуць, на аматара.
Яшчэ адна экспазіцыя ў НЦСМ прысвечана памяці легендарнага Уладзіміра Мулявіна. 12 студзеня споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння лідара “Песняроў”. Як бы высока ні ставілі мы тэхнічны прагрэс і сацыяльныя заваёвы, эпоха застаеёцца ў памяці праз творчыя здабыткі, праз мастацтва, у якім адбіўся час. Станоўчы гістарычны імідж Беларусі савецкай пары складаюць не трактары і кар’ерныя самазвалы, а творчая спадчына гэтай супярэчлівай і драматычнай эпохі. І тут наш безумоўны брэнд — “Песняры “ Уладзіміра Мулявіна.
Экспазіцыя ўяўляе з сябе падборку твораў з беларускімі этнаграфічнымі матывамі. Відаць, такім чынам хацелі праілюстраваць той факт, што наш фальклор быў той папараццю, на якой заквітнела зорка Уладзіміра Мулявіна. Мо нагадаць гэта і не лішне, але яно нічога не дадае да хрэстаматыйнага вобраза песняра і ніяк не тлумачыць, чаму здаўна вядомыя мелодыі, якія на мяжы 60-х — 70-х гадоў цікавілі хіба шчыльнае кола навукоўцаў і прафесійных музыкантаў, а шырокай грамадой былі добра падзабытыя, раптам сталі хітамі. Народнымі хітамі. І застаюцца імі дагэтуль. Як Мулявін вярнуў народу народнае — вось сапраўдная тэма і для навуковага доследу, і для мастацкага асэнсавання. Уладзімір Мулявін з тых, хто ўмацоўваў духоўны суверэнітэт беларускай нацыі, а гэтая іпастась музыканта засталася па-за ўвагай тых, хто рабіў выставу. Зрэшты, аднак добра, што ўвогуле згадалі пра юбілей…
“Максімалізм” — персаналія Максіма Петруля. Назва выставы сугучна з імем скульптара і адпавядае ягонай творчай канцэпцыі “Максімум выразнасці праз мінімум выяўленчых сродкаў”. Слушна і да любой справы пасуе. Як вядома, Давід закутага ў жалеза Галіяфа з рагаткі застрэліў. Прынцыпам мінімалізму ў творчасці кіраваўся яшчэ патрыярх сучаснай скульптуры Канстанцін Брынкуш (Бранкузі), ды і Генры Мур недалёка ад яго адышоў. Мне ж падаецца, што спадар Максім імкнецца быць на гэтых творцаў падобным. Скульптуры Петруля нагадваюць тэхнічныя аб’екты. Яны эфектна глядзяцца ў станковым фармаце, але пры патрэбе могуць быць пераведзены ў памер манументальны без страты выразнасці і нават прыдбаўшы дадатковыя эстэтычныя якасці.
У некаторых работах скульптара прысутнічае асацыятыўнасць, яны маюць хай і схематычнае, але ўсё ж падабенства з матэрыяльнымі аб’ектамі ці прыроднымі формамі. Петруль даводзіць сваёй творчасцю, што ён прыхільнік абстракцыянізму, але для культурніцкай грамады ягонай візітоўкай з’яўляюцца работы, дзе сувязь з рэалізмам не канчатковая.
Рэалізуе сябя як творца Петруль хутчэй не як скульптар, але як арт-дызайнер. Ягоная эстэтыка пасуе сучаснай архітэктуры і калі-нікалі аказваецца да месца пры будаўніцтве аб’ектаў грамадскага прызначэння. Але гэта эпізадычна, патэнцыял абстрактнага мастацтва ў Беларусі пакуль эфектыўна не скарыстоўваецца. Грамада яшчэ псіхалагічна не гатовая ўспрыняць думку пра шматаблічнасць мастацтва як адбітак шматаблічча быцця. Калі ж гэта адбудзецца, Максім Петруль магчыма будзе залічаны ў кагорту класікаў.