Апантаныя “Трамантанай”

№ 5 (1497) 30.01.2021 - 06.02.2021 г

Музыка ў музеі і не толькі
Сучасная акадэмічная музыка ўсё часцей знаходзіць прытулак не толькі на філарманічнай сцэне і ў адпаведных навучальных установах, але і ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Менавіта тут, на пераходзе са старога будынка ў новы корпус, сімвалічна адзначыў сваё пяцігоддзе праект “Трамантана”, што складаецца з авангардных твораў беларускіх кампазітараў і праходзіць пад лозунгам “У новы год — з новай музыкай”.

/i/content/pi/cult/835/17797/010.jpgАвангард з успамінамі-фантомамі

Пагаджуся, у дачыненні да стылістыкі канцэрта тэрмін “авангард” тут выкарыстаны беспадстаўна. Ды самое гэта слова, што перакладаецца як “перадавы”, як нельга лепей адпавядае выкананым творам. У канцэрты “Трамантаны”, якія складаюцца пры ўдзеле Галіны Гарэлавай, загадчыцы кафедрай кампазіцыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, трапляе далёка не ўсё, што напісана “сёння і зараз”, а толькі самае лепшае. І, галоўнае, тое, што адпавядае найноўшым сусветным тэндэнцыям, а не проста працягвае звыклыя традыцыі. Іначай кажучы, гэта папраўдзе “вецер з гор”, як можна даслоўна перакласці назву праекта. У Еўропе гэта шырока распаўсюджанае азначэнне паўночнага ветра, што рэзка змяняе надвор’е. А ў нас — сімвал айчыннай музыкі, годнай еўрапейскага і сусветнага прызнання. “Трамантанай” называўся твор Валерыя Воранава, што гучаў у першым такім канцэрце ў 2015-м, і з таго часу назва замацавалася за ўсім праектам.

Сёлета мы пачулі сем твораў (за выключэннем аднаго, усе прэм’ерныя) шасці аўтараў. Некаторыя опусы былі прадстаўлены не цалкам, а толькі асобнымі часткамі. Працягласць вечарыны — усяго адна гадзіна. Прычым гэта разам з грунтоўнымі, вельмі слушнымі каментарыямі нязменнага вядучага Вячаслава Пяцько і, калі ён удзельнічаў у выкананні свайго твора, Любові Сыцько — таксама кампазітара і музыказнаўцы ў адной асобе. Скажаце, больш музыкі не знайшлося? Ды яе назбіралася б на некалькі канцэртаў суцэльнага фестывалю!

Можа, надалей так і атрымаецца? Не адзін, а некалькі канцэртаў, гэтак жа не перагружаных па часе. І ўзнікне своеасаблівы працяг колішняга Міжнароднага фестывалю сучаснай камернай музыкі, што ладзіўся ў пачатку 1990-х — роўна 30 гадоў таму. Заснавальнікамі таго форуму выступалі Беларускі саюз кампазітараў і найперш Асацыяцыя сучаснай музыкі, што існавала пры ім і адначасова была прынята ў такую ж міжнародную арганізацыю. Так што пяцігадовая гісторыя “Трамантаны” — своеасаблівы фантом колішняга фэсту, рэаніміраваны ў рэальны і, хочацца верыць, больш жыццяздольны праект.

/i/content/pi/cult/835/17797/011.jpgЁсць і іншая паралель між гэтымі падзеямі — выдатныя выканальніцкія сілы, зацікаўленыя ў прэзентацыі новай музыкі. Тады гэта быў ансамбль салістаў “Класік-Авангард” на чале з Уладзімірам Байдавым. Цяпер — лепшыя музыканты аркестра нашага Вялікага тэатра, што згуртаваліся вакол свайго калегі Міхаіла Канстанцінава, апантанага пошукам незвычайных гучанняў і тэмбравых сумесяў ударных інструментаў. Менавіта ён пяць гадоў таму ініцыяваў правядзенне першай “Трамантаны”. А колькі новых твораў узнікла дзякуючы яму, увогуле не пералічыць. Прыкладам таму — хаця б цяперашні канцэрт.

Рэанімацыя беларускасці

Тая ж Любоў Сыцько даўно збіралася надаць музычныя абрысы марынісцкаму жывапісу брытанскага мастака-рамантыка Уільяма Цёрнера.

— Убачыла неяк тэлепраграму, прысвечаную яго творчасці, натхнілася, — расказала кампазітар у прыватнай размове. — Гэта ж сапраўдны імпрэсіянізм, толькі намнога ранейшы за прызнаны французскі! Падумала пра сольны кларнет, і тая задума доўгі час заставалася дзесьці ў мроях. А як даведалася, на які склад выканаўцаў рыхтуецца чарговая “Трамантана”, запалілася давесці справу да канца. Неўзабаве напісала Дыптых для кларнета, але не ў суправаджэнні фартэпіяна, а разам з флейтай і арфай, якія павінны былі быць задзейнічаны ў вечарыне. Я не мела на ўвазе нейкія пэўныя карціны мастака, не імкнулася перадаць іх змест. Мой твор — хутчэй, агульнае ўражанне ад жывапісу Цёрнера.

“Пейзаж” Л.Сыцько і сапраўды скарае тым застылым, “спыненым” імгненнем, загадкавай недасказанасцю, тонкімі імпрэсіянісцкімі фарбамі, чароўнай “тумановасцю”, што яднае беларускае надвор’е з англійскім. Але ўслухайцеся: у аснове — меладычнае зерне, што магло б быць пачаткам нейкай беларускай народнай песні-балады, толькі пададзенай у нязвыклым тэмбравым атачэнні і драматургічным развіцці.

Тыя ж глыбінныя сувязі з нацыянальнай музычнай культурай прасочваліся ў кожным творы праграмы. І адлюстроўваліся нават на ўзроўні назваў. У Вольгі Падгайскай — “Фантомы” для брас-квінтэта, ударных і фартэпіяна, дзе ўласцівая кампазітару тэхніка мінімалізму спалучаецца з інтанацыямі старадаўніх беларускіх заклічак, традыцыямі кантавай культуры, харальнасцю, а такі сучасны прыём духавога выканальніцтва, як ігра на мундштуку без удзелу інструмента, імітуе то гукі прыроды, то здушаныя стогны — пры агульнай “бадзёрасці” рытму.

Ларыса Сімаковіч увогуле прысвяціла сваю сюіту Станіславу Манюшку, увасобіўшы ў тых дзвюх частках, што прагучалі, і музычны партрэт маці кампазітара — Альжбэты Маджарскай, і наша адчуванне “Пад небам Манюшкі”, дзе міжволі ўзнікалі згадкі пра сямейнае паданне кампазітара: над калыскай немаўляткі ластаўка звіла гняздзечка і тым напрарочыла дзіцяці будучыню геніяльнага творцы. У сучасную музычную тканіну, бы ў знакамітыя слуцкія паясы (а маці Манюшкі, між іншым, была праўнучкай стваральніка іх вытворчасці), былі ўплецены залатыя ніці беларускай песеннасці — тонка, па-майстэрску і з вялікім густам. Спалучэнне кларнета, віяланчэлі, марымбы, арфы і, у першай п’есе, флейты ўтварала дзівосную тэмбравую палітру, што вымушала згадаць не столькі музыку Станіслава, колькі малюнкі Чэслава Манюшкі — бацькі кампазітара.

Відавочная беларускасць чулася і ў кантрасных, амаль палярных па стылістыцы творах Андрэя Цалко, на замежны манер названых Semplice (“Прастата”) — фартэпіянная сюіта, адкуль прагучалі дзве першыя часткі, і Joke (“Жарт”) для баяна, трамбона, кантрабаса і ўдарных. Выкарыстанне мінімалізму і адно белых клавішаў раяля вымушала згадаць Інвенцыю Sonore Аляксандра Друкта, што трагічна загінуў у 1990-м. А жартоўны ансамблевы джаз міжволі скіроўваў да выступленняў легендарнага беларускага аркестра Эдзі Рознера даваенных часоў, дзе таксама віталіся тэатралізацыя і гумар.

Беларусь вядома аднайменнымі трактарамі? Так. Але пасля цяперашнай “Трамантаны” — яшчэ і тармазнымі дыскамі ад тых трактароў. Бо менавіта гэты незвычайны музычны інструмент быў выкарыстаны Галінай Гарэлавай для яе “Танцуючага прапаршчыка”. Цікава, што па збегу абставін твор быў прэзентаваны ў суботу, акурат напярэдадні нядзельнага трактарнага маршу з Мінска ў Віцебск. Хтосьці палічыць, што кампазітар напісала першы ў сваім жыцці “дацкі” твор (так у савецкія часы называлі мастацтва, прымеркаванае да пэўных дат і падзей). Насамрэч п’еса стала вынаходлівым адлюстраваннем зусім іншых гісторый. Старэйшы калега Віктар Войцік, якому і прысвечана партытура, неяк расказваў, што калі служыў у войску, сачыніў музыку для прапаршчыка, які любіў танчыць. А пра дыскі распавёў кубінец у тэлевізары: маўляў, граць кубінскую сальсу лепей за ўсё на тармазных дысках беларускіх трактароў, бо іх добры метал дае якасны гук. Таму скерца адлюстроўвае ўласцівую кампазітару персаніфікацыю тэмбраў: ударныя задаюць рытм, трамбон “вытанцоўвае” выкшталцоныя па, а труба, бы ў “Кармэн” Бізэ, кліча здалёк на вайсковую пабудову.

Калі ў іншых творах можна было заўважыць рысы песеннасці-танцавальнасці, дык у “Рэанімацыі” Вячаслава Пяцько на першы план выйшла тэатралізацыя. Невыпадкова кампазітар назваў свой твор тэатральна-гукавым перформансам, а я ўспрыняла яго своеасаблівым спектаклем сайт-спецыфік, які непасрэдна звязаны з нязвыклай сцэнічнай прасторай і максімальна скарыстоўвае ўсе яе асаблівасці. Белы раяль са знятай крышкай ператварыўся ў аперацыйны стол. Музыканты на чале з кампазітарам, што варажылі на яго струнах, — у медыкаў. Гукі “амузычненай” пілы, што ліліся з балкона, дзе хаваўся Міхаіл Канстанцінаў (ён што заўгодна ператворыць у музычны інструмент!), сімвалізавалі лунанне душы. А яна сама была намалявана праз цытату Накцюрна Шапэна: скарэжаную, з рэзкім, “сапсаваным” тэмбрам у пачатку твора — і крышталёва празрыстую, “ачышчаную” ў фінале, пры сыходзе ў вечнасць. Праўда, сам факт цытавання, а не арыгінальнай аўтарскай тэмы такога кшталту спарадзіў сярод некаторых музыкантаў іншае тлумачэнне твору: маўляў, усялякія эксперыменты “ўнутры раяля” вырачаны на смерць і толькі прызнаная класіка — на бессмяротнасць. Але ж большасць цяперашніх класікаў калісьці ўспрымаліся авангардыстамі, прычым жудаснымі для свайго часу!

Праспявана-выдадзеныя “песні”

Каб удалы кампазітарскі эксперымент хутчэй станавіўся класікай, трэба ўсяго толькі больш часта выконваць гэту музыку. Згадаю трапныя словы вядучага: “Ёсць толькі адна катэгорыя людзей, якія радуюцца, калі іх песенька спета. Гэта кампазітары”. Сумны гумар? Але адначасова і кіраўніцтва да дзеяння. Калісьці Яўген Глебаў жартаваў, што беларуская музыка выконваецца двойчы: у першы і апошні раз. Многія сучасныя выканаўцы аспрэчваюць гэта выказванне.

Літаральна днямі Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі на чале з Яўгенам Бушковым у другі раз выканаў містэрыю “Кросны Макошы” Канстанціна Яськова — буйны тэатралізаваны твор фальклорнай тэматыкі, замоўлены кампазітару самім калектывам. У пачатку сезона Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава сумесна з Беларускім саюзам кампазітараў выпусціў кампакт-дыск меладычнай, выразнай, надзвычай прыгожай айчыннай музыкі ХХ стагоддзя, якую можа ўпадабаць самае шырокае кола слухачоў.

Дый сама кампазітарская суполка скіроўвае ўсё большую ўвагу на выданне новых твораў: адзін за адным выходзяць зборнікі камернай музыкі для розных інструментаў. Калі яшчэ дзесяцігоддзе таму лепшыя беларускія творы гучалі найперш у замежжы, запатрабаваныя на прэстыжных фестывалях і конкурсах, дык цяпер намаганнямі выканаўцаў сітуацыя патроху змяняецца. Каб яшчэ далучылася кіраўніцтва! І не толькі сталічнай філармоніі. Дарэчы, дырэктар Вялікага тэатра Уладзімір Пятровіч выказаў ідэю павезці “Трамантану” па абласных цэнтрах. Сапраўды, новай музыцы — новыя пляцоўкі. І не толькі ў музеі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"