“Касметыка” і... эксперыменты за кошт платных паслуг

№ 41 (859) 11.10.2008 - 17.10.2008 г

Да Дня работнікаў культуры ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці трэці год запар падводзяць вынікі конкурсу па добраўпарадкаванні і ландшафтным дызайне. На заключным свяце дэманструюцца мультымедыйная прэзентацыя лепшых двароў устаноў культуры, паркавыя скульптуры і вазы ручной работы. І не дзіва, што ў прафесійнае свята шануюць якраз лепшых гаспадароў-культасветнікаў.

На Камянеччыне да матэрыяльна-тэхнічнай базы стаўленне адмысловае. Тут упэўнены: калі ў чалавека ёсць добрае, утульнае працоўнае месца, тады любая справа пойдзе шпарка. Таму край, вядомы сваімі старасвецкімі лясамі і архітэктурнымі славутасцямі, набыў яшчэ і славу раёна маштабнага будаўніцтва і добраўпарадкавання. 

Як кавярня ператвараецца ў клуб
Камянеччына добра вядомая ў нашай рэспубліцы і па-за яе межамі. Турысты праязджаюць праз райцэнтр, калі накіроўваюцца ў Белавежскую Пушчу. Узімку тут бывае шмат дзяцей, якія спяшаюцца ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза. Камянец любы і тэатралам, бо ад прыступак Белай вежы, якая месціцца ў цэнтры горада, пачынаўся міжнародны тэатральны фестываль з такой назвай. Да таго ж, у 2005 годзе горад быў сталіцай Дня беларускага пісьменства.
Разам з начальнікам аддзела культуры Камянецкага райвыканкама Мікалаем ГРОМІКАМ мы праехалі па шматлікіх вёсках раёна, і паўсюль бачыла актыўнае будаўніцтва.

 /i/content/pi/cult/179/1779/K_Brest1.jpg
 Начальнік аддзела культуры Мікалай Громік.
— Мікалай Канстанцінавіч, што за
будаўнічы бум апанаваў раён?

— Я ўпэўнены, што любая з нашых устаноў павінна быць сапраўдным храмам культуры. Гэта выяўляецца не толькі ў наяўнасці добрых, кваліфікаваных кадраў, але і ў знешнім выглядзе будынка: ён павінен быць чыстым, утульным, з добрым начыннем. Усяго ў нас 73 установы культуры, 65 з якіх знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. Імкнёмся да таго, каб у наступным годзе адрамантаваць кожную ўстанову, укамплектаваць яе светлавой, гукавой апаратурай.

— Ведаю, што для гэтага ў некаторых вёсках вы перапрафілюеце будынкі іншых устаноў у дамы культуры.— Справа ў тым, што не ў кожнай вёсцы ёсць свой ДК. У раёне пражывае каля 40 тысяч насельніцтва, таму, каб ахапіць усіх культурным абслугоўваннем, трэба вельмі пастарацца. У Пелішчах ужо запрацаваў Цэнтр культуры і адпачынку ў памяшканні былой кавярні, на падыходзе — ДК замест недабудаванай кавярні ў вёсцы Каралін. Рамонт тут праводзяць аддзел культуры і саўгас-камбінат “Белавежскі”, старшыня якога Юрый Мароз забяспечыў добрую фінансавую падтрымку нашага праекта.
— Як бачу, сёння добры работнік культуры павінен быць і адмысловым будаўніком.

— Вы правільна зазначылі. Таму кожны дзень я абавязкова наведваю чарговае будаўніцтва. Каб зэканоміць грошы, мы стварылі пры аддзеле культуры гаспадарчую групу, якая самастойна робіць рамонты. Мы без пасярэднікаў купляем неабходныя будматэрыялы, што, у сваю чаргу, дазваляе эканомна выкарыстоўваць выдаткаваныя бюджэтныя сродкі.

— Як, дарэчы, справа з фінансамі?

— Грошы на рамонт устаноў і добраўпарадкаванне тэрыторый штогод закладваюцца ў раённы бюджэт. Але і культасветработнікі не сядзяць склаўшы рукі. Мы самастойна зарабляем грошы. Вось касметычны рамонт дамоў культуры праводзім за кошт сродкаў, атрыманых ад правядзення платных мерапрыемстваў.


 
Скверы... эстэтычнага  выхавання

Некалькі гадоў таму дырэктар Навіцкавіцкага СДК Вольга Шаўчук і дырэктар Падбельскага СДК Марыя Краўчынская вырашылі, што надышоў час ператварыць звычайныя двары перад іхнімі ўстановамі ў адмысловыя скверы... эстэтычнага выхавання. Жанчыны з імпэтам узяліся за працу, і хутка аднавяскоўцы пабачылі рэкі з каменьчыкаў, казачных персанажаў з фанеры. Нават старому карчаку знайшлося месца ў двары — яго пафарбавалі і ператварылі ў арыгінальную скульптуру.

Такі падыход да афармлення ўразіў увесь раён. Сёння паўсюль на Камянеччыне ля ўстаноў культуры з’явіліся альпійскія горкі, выкладзеныя з каменьчыкаў карціны, драўляныя карункі на платах, дзіўныя скульптуры з прыродных матэрыялаў.

 /i/content/pi/cult/179/1779/K_Brest2.jpg
Дырэктар Цэнтра культуры і вольнага часуў аграгарадку “Пелешчы” Наталля Залесава.

Дзеці і дарослыя пачалі шукаць новае прымяненне старым рэчам. Напрыклад, у вазоны ператварыліся аўтамабільныя шыны і старыя чыгункі. Культасветнікі сталі знаёміцца са спецыяльнай літаратурай, пераймаць досвед у суседзяў з Польшчы, удасканальваць уласныя захады па стварэнні ландшафтнай архітэктуры.

Мікалай Громік не мог не падтрымаць творчыя памкненні работнікаў: трэці год на Дзень работнікаў культуры вызначаецца лепшы дызайн двара ўстановы культуры. Цягам многіх месяцаў ацэначная камісія ездзіць па раёне, фатаграфуе аб’екты канкурсантаў. У фінале конкурсу тыя фотаздымкі ператвараюцца ў мультымедыйную прэзентацыю. А пераможцам акрамя мора апладысментаў дастаецца і грашовая прэмія, якая спрыяе далейшай рэалізацыі творчых памкненняў.


 
Аграгарадоцкі каталог для народнага семінара
Творчы конкурс для супрацоўнікаў узнавілі ў Камянецкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме. Справа ў тым, што некалькі гадоў таму тут праводзілася спаборніцтва на лепшы інтэр’ер сельскай бібліятэкі. Яно стымулявала пошук цікавых методык афармлення стэндаў, нагляднай агітацыі. Некаторыя знайшлі незвычайныя формы, напрыклад, зрабілі выстаўку ў выглядзе... лато.
Сёлета крытэрыі вызначэння бібліятэк-пераможцаў пашырыліся: журы ацэньвала выбар канкрэтнага стылю і напрамку, афармленне адкрытага доступу да кніжнага фонду, упрыгожванне інтэр’ера пры дапамозе нагляднай агітацыі, нават фітадызайн. Вынікі будуць агучаны на Дзень работнікаў культуры.
— Канешне, мы не ацэньвалі абсталяванне бібліятэкі, бо зразумела, што ў аграгарадках яно будзе лепшым, чым у маленькіх вёсачках. Галоўным крытэрыем конкурсу з’яўляецца тое, што работнік зрабіў сваімі рукамі, каб чытачу было ўтульней, — рассказала дырэктар Камянецкай ЦБС Ніна Нікіцюк. — Мы імкнуліся да таго, каб супрацоўнікі навучыліся прэзентаваць сваё прафесійнае майстэрства, а таксама раскрылі ўласную індывідуальнасць і праявілі ініцыятыву. Толькі так, напэўна, вынішчаецца руціна...
У такіх умовах пра фармалізм у працы камянецкія бібліятэкары даўно забыліся. Напрыклад, бібліятэка аграгарадка “Відамля” стала лепшай па даведачна-інфармацыйнай рабоце. Супрацоўнік Ларыса Табольчык для 500 чытачоў, якія з’язджаюцца сюды з пяці навакольных вёсак, падрыхтавала каталогі па экалогіі, геаграфіі, краязнаўстве. Дарэчы, яны будуць вельмі карыснымі пад час міжнароднага семінара па экалогіі, які пройдзе у бібліятэцы вёскі Каменюкі ў Белавежскай Пушчы.

У вёсцы Хадосы бібліятэкар Галіна Кучынская прадэманстравала прафесійны падыход да арганізацыі прасторы бібліятэчнага памяшкання: яна нарасціла паліцы да столі, што дазволіла ў маленькім пакоі выкарыстаць для чытачоў усе наяўныя кніжныя фонды. Да афармлення залы Галіна Паўлаўна прыцягнула настаўніцу мясцовай школы, якая робіць карціны з прыродных матэрыялаў. У выніку такіх “метамарфоз” старэнькая бібліятэка аж заззяла крэатывам.

 
Каб не вынаходзіць кола...

У прыклад іншым можна смела прыводзіць досвед камянецкіх культасветнікаў па выкарыстанні аўтаклуба. Справа ў тым, што на Камянеччыне ён працуе ажно з 1970-х гадоў мінулага стагоддзя! Аўтаклуб набывалі згодна з пастановай Савета Міністраў Беларускай ССР. І з тых часоў яго не закрывалі. Таму цяпер, на хвалі паўсюднага вяртання аўтаклубаў, у раёне не прыйшлося вынаходзіць кола, а толькі ўдасканальваць базу, назапашаную больш чым за трыццаць гадоў.

 /i/content/pi/cult/179/1779/K_Brest4.jpg

Дом культуры ў аграгарадку “Відамля”.

Аўтаклуб дзейнічае на базе Камянецкага гарадскога дома культуры, таму для загадчыка Ксеніі Анохінай няма праблемы, з якім самадзейным калектывам паехаць у аддаленыя вёскі. Яна вырашае, дзе правесці наступнае мерапрыемства, вызначае канцэртную пляцоўку, правярае наяўнасць адпаведнай апаратуры — адным словам, сочыць за выкананнем хоць і не такога патрабавальнага, як сталічны, але значнага раённага райдэра.

На плечы Ксеніі Андрэеўны кладуцца і абменныя канцэрты паміж раёнамі. Яна не толькі дамаўляецца, але і суправаджае калектывы на выездах, вырашае на месцы любое нечаканае пытанне. Калі ж калектыў выязджае за мяжу, дык менавіта загадчык аўтаклуба ходзіць у консульствы па афармленне віз. Дый замежныя ансамблі яна сама сустракае і арганізуе ім усё неабходнае для гастролей.

З дакументамі прыходзіцца працаваць і пад час платных канцэртаў. Ксенія Анохіна складае дагаворы, вядзе грашовыя рахункі, правярае, каб сродкі дайшлі да адпаведнай арганізацыі. Мікалай Громік вельмі задаволены такім раскладам, бо са з’яўленнем добрага адміністратара зняўся шэраг пытанняў, знікла няўцямнасць, калі перад кожнай праграмай прыходзілася вызначацьадказнага за яе правядзенне. Дарэчы, дзякуючы добра пастаўленай арганізацыі мерапрыемстваў, у раёне на высокі ўзровень узняўся канцэртны рух.

 
Адзнака — Свята двара

Аўтаклуб дапамагае праводзіць і святы вёсак. Аднак у гэтай справе перад культасветнікамі раптам узнікла праблема: не ў кожным населеным пункце можна сабраць адразу ўсіх жыхароў. Напрыклад, у вёсцы Вярховічы адны жыхары працуюць у туберкулёзнай бальніцы, другія — на крухмальным заводзе. Каб свята не абышло людзей, знайшлі добрае выйсце: культасветнікі пачалі праводзіць святы вуліц. Такім чынам, жыхары могуць добра адпачыць, пазнаёміцца з суседзямі, а ў нечым нават паспаборнічаць з прадстаўнікамі іншых вуліц.

Дарэчы, для самых актыўных культасветработнікаў падрыхтаваны падарунак: персанальнае Свята двара.

На двары адкрываюць выстаўку творчасці гаспадара ці гаспадыні, запрашаюць мастацкія калектывы. У Камянецкім раёне Свята двара стала вышэйшай пашанай для кожнага жыхара.

 
Эксперыменты за кошт платных паслуг

У адрамантаваныя ўстановы культуры з задавальненнем прыходзіць моладзь. Сёлета тры выпускнікі Брэсцкага музычнага каледжа сталі мастацкімі кіраўнікамі дамоў культуры Відамлі, Турны і Рэчыцы, а пяць маладых спецыялістаў прыступілі да працы ў Камянецкай музычнай школе. На новае пакаленне ў начальніка аддзела культуры Мікалая Громіка асаблівыя спадзяванні: маладыя кадры могуць прыўнесці ў паўсядзённы працэс свежыя ідэі.

 /i/content/pi/cult/179/1779/K_Brest3.jpg

Дырэктар ДШМ у пасёлку “Белавежскі”
Ганна Чапялюк.

Для гэтага ёсць усе падставы: маладога спецыяліста мінулага года Ганну Чапялюк ужо называюць адным з лепшых культасветнікаў раёна. Яна — дырэктар школы мастацтваў у пасёлку Белавежскі.

Дзяўчыне пашчасціла трапіць у пасёлак у той час, як ДШМ пераехала ў новы будынак. Калісьці гэтае памяшканне належала камбінату бытавога абслугоўвання насельніцтва, але яно не выкарыстоўвалася ў поўным аб’ёме, і Мікалай Громік перапрафіляваў яго ў ДШМ. Перабудавалі фае, зрабілі кабінеты для індывідуальных заняткаў,— школа атрымалася ўсім на зайздрасць.

У новым будынку з’явіўся і новы дырэктар. Спачатку Ганне было цяжка, але хутка яна не толькі асвоілася на новым месцы, але стала па меры магчымасці ўдасканальваць працэс: у харэаграфічнай зале адкрыла платны гурток для дарослых па шэйпінгу, занялася стварэннем падрыхтоўчага аддзялення, дзе на платнай аснове можа займацца кожны жадаючы.

Па адукацыі Ганна мастак, таму ўзялася і за ўдасканальванне працы на мастацкім аддзяленні ДШМ: занялася з дзецьмі ганчарствам. Сёлета набылі муфельную печ. Дарэчы, гэтая печ дапаможа рэалізаваць яшчэ адну мару Ганны, а менавіта — адкрыць тэатральнае аддзяленне.

У печы пачнуць “выпякаць” будучых персанажаў лялечнага тэатра. За гэты год з выхаванцамі падрыхтуе лялькі, а на наступны — адкрые эксперыментальны платны тэатральны клас.

У планах аддзела культуры — адсвяткаваць наваселле музычнай школы ў Камянцы. Акурат насупраць Белай вежы ля старэнькага будынка ўзводзяць новую ДМШ. А Мікалай Громік ужо выношвае праект пабудовы музычнай школы ў Навасёлках: там такой установы ўвогуле няма. Некалькі чалавек нават за дваццаць кіламетраў ездяць у Расну на заняткі ў падрыхтоўчай группе славутасці раёна — харэаграфічнага ансамбля “Непаседы”.

 
Праекцыя на амфітэатр

На перакрыжаванні дарог, якія звязваюць Брэст і Белавежскую Пушчу, Польшчу і Брэсцкую вобласць, стаіць СДК аграгарадка “Відамля”. Зала абсталявана відэапраектарам, сучаснай гукавой апаратурай, што выдае магутнасць у 2,5 кВт. Апошняе асабліва цэняць тыя, хто прыходзіць у СДК глядзець фільмы.

Відамльскі СДК валодае нават электронным пультам кіравання светлавой апаратурай, якога і ў раёне няма.

— Мы імкнёмся пастаянна абнаўляць тэхніку, каб ісці ў нагу з часам. Многія СДК маюць па два камплекты апаратуры: для стацыянарных і выязных мерапрыемстваў,— паведамляе начальнік аддзела культуры. — За мінулы год на мікрафоны, мікшэрныя пульты, DVD-прайгравальнікі, тэлевізары, камп’ютэры і іншае мы выдаткавалі 23 мільёны 475 тысяч рублёў.

У камандзіроўцы пераканалася: падобную адзнаку можна смела ўручаць бадай кожнаму з культасветнікаў Камянеччыны, бо тут працуюць людзі, якія імкнуцца кожную ўстанову ператварыць у сапраўдны храм культуры. Гэтаму спрыяюць таксама і эканамічна-эфектыўныя праекты, у тым ліку заснаваныя на выкананні планаў платныхпаслуг. Зрэшты, калі жыхары раёна актыўна адгукаюцца на такую прапанову ад культасветработнікаў, то ёсць усе падставы казаць і пра фінансавы эфект, і, адпаведна, пра сфарміраваны прэстыж галіны.

 

Настасся ПАНКРАТАВА,
наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Камянецкі раён — Мінск

Фота аўтара