Ад Верцялішак да чарта Billboard — адзін трэк

№ 4 (1496) 23.01.2021 - 30.01.2021 г

Што агульнага паміж славутым карэйскім бойз-бэндам BTS, які ў апошнія гады б’е рэкорды сусветных чартаў, і народнай эстраднай студыяй “Раніца” Цэнтра культуры аграгарадка Верцялішкі? І тым і другім музыку піша Арцём ARSTON, а студыяй “Раніца” ён яшчэ і кіруе. Напрыканцы лістапада самы папулярны карэйскі бойз-бэнд BTS выдаў свой чарговы альбом, які імгненна і прадказальна ўзначаліў альбомны чарт Billboard. Кампазіцыя “Stay” з гэтага альбома таксама неўзавабе трапіла на першы радок аднаго з чартаў Billboard — а спрадзюсіраваў яе ды-джэй Арцём Arston з Верцялішак. З грандамі электроннай музыкі ён даўно супрацоўнічае, але супраца з BTS — зоркай першай велічыні ў шоу-бізнесе, першае месца хіт-парада Billboard, некалькі дзясяткаў мільёнаў праглядаў на YouTube — гэта як здзяйсненне самай неверагоднай мары. Тым не менш, у роднай Беларусі Арцёма не назавеш чалавекам вядомым. То пастараемся трохі выправіць сітуацыю.

/i/content/pi/cult/834/17789/22.jpg— Як вы перажываеце гэтую амаль што казачную гісторыю з першым месцам у чарце Billboard?

 — Да канца яшчэ, мабыць, не асэнсаваў. Проста і часу няма асабліва пра гэта думаць — парадаваўся, і трэба далей працаваць: пасля Новага года праекты пайшлі адзін за адным. Сам я не сачу спецыяльна за хіт-парадамі ці чым яшчэ — маўляў, як там ідзе мая песня? Не абнаўляю кожную хвіліну старонку, каб пабачыць, якое ў яе месца ці колькі праслухоўванняў і праглядаў. Але мне расказваюць, пішуць. І пішуць з усяго свету, уся вялізная армія фанатаў BTS у тым ліку — фідбэк я атрымліваю проста неверагодны, нават не чакаў такога. Бо аўтары музыкі, прадзюсары не часта трапляюць у цэнтр увагі слухачоў, а тут на Arston’a многія звярнулі ўвагу. Я шчаслівы найперш тым, што мая работа спадабалася людзям.

— А я вас расшукала якраз у Цэнтры культуры Верцялішак. Вы там і працягваеце працаваць, і жывяце ўсё гэтак жа ў аграгарадку?

— Так, я вырас і жыву ў Верцялішках. Але гэта ўжо амаль што Гродна — хвілін 15 ехаць, так што ўсё жыццё ў Гродне і адбываецца. А неабходнае для работы тут ёсць — камп’ютар і інтэрнэт. У мясцовым Цэнтры культуры я на палову стаўкі працую кіраўніком студыі народнай творчасці “Раніца”. Мы робім сваю праграму з папулярных народных песень у сучасных апрацоўках — у першую чаргу проста для выступленняў. Мне цікава працаваць і з гэтым матэрыялам, і з гэтымі людзьмі.

/i/content/pi/cult/834/17789/23.jpg— Якім чынам вам удалося пачаць супрацоўніцтва з такой славутай групай, як BTS? Што вы для гэтага зрабілі?

— Нічога. З BTS самому і немагчыма было нешта зрабіць, бо прабіцца да такой сусветнай суперзоркі, на якую працуе вялікі лэйбл, практычна нерэальна — напрыклад, даслаць сваю музыку і спадзявацца на нейкі адказ. Як і з любымі топавымі сусветнымі выканаўцамі ці лэйбламі. Хаця камусьці, можа, і шанцуе. Але самі A&R-менеджары — супрацоўнікі гуказапісвальных кампаній па пошуку новых талентаў — кажуць, што не трэба пісаць і дасылаць: калі вы цікавы музыкант, мы вас знойдзем.

А як знайшлі мяне — не ведаю. Проста летнім ранкам правяраў пошту і ўбачыў ліст ад Big Hit Entertainment з карэйскімі літарамі ў падзагалоўку. Падумаў, можа, нейкая рассылка, прома, рэклама. Адкрываю ліст, і чытаю нешта неверагоднае: “Запрос трэка Arston для BTS”. У лісце яшчэ была прэзентацыя — хто такія BTS. Кажу: ды я цудоўна ведаю — увесь свет ведае! (смех) Я апошні год якраз даволі ўважліва слухаў гэтую карэйскую групу, сачыў за яе гісторыяй. Ніякіх дэталёвых патрабаванняў мне не выстаўлялі — проста запрос на танцавальны трэк. Я, канешне, пастараўся, і першы ж варыянт, што адаслаў, быў прыняты. Я не ведаў, куды ён пойдзе і ці трапіць у альбом. Бо ўсё, што тычыцца BTS, ахутана тайнай — уцечак інфармацыі не дапускаецца, гэта ж сапраўдная індустрыя. Я нават пытаўся ў менеджара, які са мной быў на сувязі, а ён казаў — прабач, не магу раскрываць інфармацыю. І я разам з усім светам 20 лістапада у дзень рэліза альбома “BE” ўбачыў там свой трэк і ўпершыню паслухаў яго ўжо ў канчатковым выглядзе са словамі і спевамі.

— І альбом дэбютаваў адразу ж на першым месцы альбомнага чарта Billboard і многіх іншых сусветных чартаў. У кампазіцыі “Stay” свае рэкорды ў хіт-парадах і на розных пляцоўках. Гэта значыць, што вы патрапілі ў кропку.

— Мабыць, я неяк інтуітыўна ўгадаў з настроем групы на той момант, з настроем будучага альбома: а ў апісанні сказана, што альбом “BE” — гэта “ліст надзеі ў эпоху каранціну”. Да таго ж я пісаў гэта менавіта для BTS, бо ведаў іх творчасць, — адразу распланаваў месца і для лірычных кавалкаў, і для рэпа абавязкова, і для танцавальных момантаў.

— У сэнсе, усё, што мы ў выніку чуем, — гэта тое, што вы запісалі ў сябе дома ў Верцялішках? У Карэі нічога не перараблялі, не перазапісвалі, не дапрацоўвалі?

— Гэта ўвогуле дзіўная гісторыя, бо звычайна кампаніі ўносяць многа правак у трэк, нават яго структуру падчас мяняюць. А тут засталося як было. У мяне напрыканцы ёсць адзін нечаканы пераход — нават і не магу патлумачыць, навошта я яго зрабіў — дык думаў, што дакладна прыбяруць. Але і яго пакінулі, і атрымаўся такі лагічны і прыгожы пераход на апошні альбомны трэк “Dynamite”, які зараз гучыць на ўсіх тэле- і радыёканалах. Так што сапраўды — усё, што я напісаў і запісаў у Верцялішках, тое і гучыць. Самі спевы — мелодыю спеваў, словы, рэп — проста дапісалі ўжо ў мой дасланы трэк. А я выступіў як стваральнік музыкі і аўтар аранжыроўкі — як прадзюсар трэка.

— І не трэба дарагая студыя, не трэба ехаць у Карэю ці Амерыку. І не трэба бедаваць, што з Беларусі цяжка прабіцца. Так?

— Зараз у папулярнай музыцы зусім іншая сітуацыя. Бо з’явіліся такія тэхнічныя сродкі, якія больш не вымагаюць наяўнасці нейкага дарагога абсталявання, — амаль усё можна зрабіць дома за камп’ютарам. А ёсць і такія выпадкі, што сусветным хітом становіцца песня, якую зрабілі на старэнькім
ноўтбуку і з навушнікамі за пару даляраў. Была б ідэя, была б эмоцыя перададзена ў музыцы, а наколькі дарагая тэхніка — ужо не мае значэння. І з інтэрнэтам межаў няма. Вось мы жа памятаем гісторыю нашага беларускага музыканта Tony Fadd — Антона Мацулевіча — і як ён некалькі гадоў таму нечакана для сябе стаў сааўтарам песні, што намінавалася на “Грэмі”. А яго музыку тады таксама проста знайшлі ў інтэрнэце.

— З поп-зоркамі вы супрацоўнічалі першы раз, але ў свеце электроннай музыкі ў вас даволі гучнае, можна сказаць, імя. І ёсць чым пахваліцца.

— Мае кампазіцыі ўжо даўно выпускаюцца на буйнейшых еўрапейскіх лэйблах, што займаюцца ЕДМ — электроннай танцавальнай музыкай, іх выконваюць знакамітыя ды-джэі: і Hardwell, і Tiesto, і Armin van Buuren. Я мару яшчэ папрацаваць з David Guetta. Але ізноў жа — сам я неяк асабліва нічога і не рабіў, каб раскруціцца, прабіцца. Нават самыя першыя поспехі ў мяне былі звязаныя з тым, што сябры недзе падзяліліся маімі творамі, і тыя дайшлі да папулярных ды-джэяў, якія пачалі іх іграць — так і пайшло. Як і ў выпадку з BTS, за мяне ўсё зрабіла музыка.

А ў мяне ў жыцці ўжо быў момант, калі мара здзейснілася, — мне патэлефанаваў легендарны Армін ван Бюрэн! Калі ён выступаў у Мінску гадоў восем таму, мае знаёмыя трапілі да яго на прэс-канферэнцыю і падпісалі для мяне плакацік. Я толькі пачынаў як Arston, і там так і напісана: “Armin for Arston”. Гэты плакацік дагэтуль у мяне на палічцы перад вачыма, як стымул для дзейнасці. І вось, уявіце, мінае год-паўтара пасля таго выпадку, і тэлефануе сам Армін і кажа, што ў мяне класная музыка, і ён хоча, каб я папрацаваў з яго лэйблам Armada! Ізноў жа — за мяне ўсё зрабіла музыка.

— Музыка музыкай, але ж патрэбна яшчэ і ўдача!

— Канешне, неабходны шчаслівы выпадак, без яго ніяк. Але каб павялічыць шанцы на ўдачу, трэба многа працаваць. Працаваць і працаваць. Тады і фартуна цябе заўважыць.

— Ды-джэі часта самавукі, да музыкі прыходзяць без нейкай спецыяльнай адукацыі. У вас шлях у прафесію быў гэткім жа?

— Так. Музычнай адукацыі я не маю, і таксама калісьці проста сеў за камп’ютар і пачаў спрабаваць. Хаця камп’ютар — просценькі, але ўсё ж камп’ютар — з’явіўся даволі позна, мне было ўжо гадоў 18. Але яшчэ ў дзяцінстве я рабіў розныя эксперыменты з магнітафонамі, думаў, па якіх схемах будуецца музыка. І потым усяму вучыўся сам і “метадам тыка”. Паступова гэтае хобі заняло практычна ўвесь час, і я — хоць і павучыўся ў Гродзенскім універсітэце і папрацаваў у галіне энергетыкі — у выніку заняўся толькі музыкай. Дарэчы, паверыць у свае “музычныя” сілы ў той момант, гадоў 12 таму, мне дапамог Юрый Барысавіч Іофэ — кіраўнік народнай эстраднай студыі ў нашым верцялішкаўскім Цэнтры культуры, калі запрасіў мяне туды на падпрацоўку.

Я даволі хутка здолеў выйсці на нармальны ўзровень, навучыўся нешта зарабляць — а куплялі мае трэкі ў асноўным заходнія лэйблы. У 2012-м я назваў свой праект Arston, і мая музыка загучала на самых вялікіх і значных пляцоўках Еўропы, трапіла на радыё.

— Вы і як ды-джэй пачалі выступаць…

— Так, прычым адразу на вялікіх фестывалях. Бо да таго ў мяне ўвогуле не было вопыту працы на дыскатэках, у клубах. Я ў клубы і сам па сабе не хадзіў, бо чалавек абсалютна нетусовачны, не клубны, і не п’ю ні кроплі — ціхі такі інтраверт. (смех) Вось зараз як фестываляў і паездак няма, то ў мяне, калі паглядзець звонку, не вельмі цікавае жыццё — прачнуўся, сеў за працу, схадзіў на прабежку, паспаў — ізноў за працу. Але выступаў я ўжо і перад аўдыторыяй у 20 тысяч чалавек — напрыклад, на фестывалі Alfa furure people у Ніжнім Ноўгарадзе. Быў на беларускіх Viva Braslav, Global Gathering. Тройчы мяне ў Індыю запрашалі — увогуле, той рэгіен свету мяне вабіць. Я і сам раней паглядаў у бок Кітая, Японіі, а тут на мяне і з Карэі выйшлі.

— Я думаю, пасля супрацы з BTS у вас абавязкова будзе многа зорных прапаноў. Ці ёсць ужо якія планы?

— Што тычыцца зорных імёнаў, пакуль не магу раскрываць. Я ж і пра BTS нікому не расказваў, пакуль альбом не выйшаў. (смех). Але відавочна, што з K-pop — карэйскай поп-музыкай — я працягну працаваць. І вось не меў я вопыту з беларускімі музыкантамі, а зараз у мяне калабарацыя з Soul Parker — нашым гродзенскім выдатным музыкантам і вакалістам Мікітам Ігнаценкам, раней вядомым па праекце Mikita: робім песні на англійскай і беларускай мовах. А далей паглядзім — часу, у прынцыпе, яшчэ не многа прайшло, як кампазіцыя “Stay” праславілася.

— Як мяркуеце, ці надоўга вы застанецеся ў Верцялішках пасля першых месцаў сусветных чартаў?

— Я не задумваўся пакуль пра гэта, больш думаю аб сваіх цяперашніх праектах і як іх зрабіць. Калі потым будзе патрэба куды-небудзь паехаць, каб працаваць, — тады і буду думаць. Але на гэты момант інтэрнэт вырашае ўсе пытанні: я магу з аднолькавым поспехам пісаць музыку і песні што для беларускіх артыстаў, што для еўрапейскіх, ці вось як зараз — для карэйскіх.