Таямнічая Незнаёмка

№ 4 (1496) 23.01.2021 - 30.01.2021 г

Як нараджаецца мастачка
“Прыгажосць — гэта яркае святло, якое азарае наваколле, пры гэтым святле табе адкрываюцца ісціна, праўда, дабро… Прыгажосць вучыць распазнаваць зло і змагацца з ім. Я б назваў прыгажосць гімнастыкай душы — яна выпроствае наш дух, наша сумленне, нашы пачуцці і перакананні. Прыгажосць — гэта люстэрка, у якім ты бачыш сам сябе і ў адпаведнасці з гэтым ставішся сам да сябе”, — наўрад маленькая Валя чытала кнігі Васіля Сухамлінскага, але падсвядома падтрымлівала думкі вядомага педагога.

/i/content/pi/cult/834/17787/19.jpgУрокі любавання

Дзяўчынка з маленства любіла маляваць пейзажы. Асабліва зімовыя. Урокі любавання хараством прыроды для яе ніхто не праводзіў. Такія ўрокі ёсць у японскіх школах, калі дзеці паступова вучацца бачыць прыгажосць розных з’яў наваколля, а потым пераходзяць да спасціжэння прыгажосці ў мастацтве — жывапісе, літаратуры… Уменне заўважаць, бачыць прыгажосць, чуць і адчуваць — усё гэта выхоўваецца, а не з’яўляецца само па сабе. Падобны падыход да выхавання быў у “Школе радасці” Васіля Сухамлінскага.

“Дзяцінства і юнацтва я правяла ў жывапісным месцы — у вёсцы Лакачы, — пачала свой аповед Валянціна Гарохава. — Навакольная прырода мяне літаральна заварожвала і я імкнулася перадаць гэту прыгажосць на паперы. Ужо ў першым класе была ўпэўнена, што буду мастачкай. Яшчэ больш паверыла ў сябе, калі гадоў у восем упершыню трапіла ў карцінную галерэю, дзе былі прадстаўлены работы вядомых мастакоў, — настаўнікі нас завезлі ў Мінск на экскурсію. Мне падалося, што я таксама змагу так намаляваць.

На жаль, у мяне не было магчымасці наведваць студыю выяўленчага мастацтва. Мае бацькі — людзі простыя, працавалі ў мясцовым калгасе — не ведалі, як развіваць творчыя здольнасці дзяцей. Аднойчы мне з сястрой трапіла газета з інфармацыяй пра Бабруйскі мастацкі тэхнікум. Мы купілі новыя простыя алоўкі і паехалі здаваць іспыты”.

“Заваяваць Алімп” дзяўчаты не здолелі. Здаць малюнак не ўдалося, элементарна не хапіла тэарэтычных ведаў.

Мары не здрадзіла

Тым не менш з марай стаць мастачкай Валянціна не развіталася. Каб не “гуляць” год, пайшла ў Вілейскае вучылішча пры заводзе “Зеніт”. У Вілейцы пазнаёмілася з будучым мужам, які там праходзіў тэрміную службу. А праз год маладыя людзі ажаніліся. 19-гадовая Валянціна ўслед за мужам паехала ў Ташкент, дзе ён на той час ужо працаваў на авіяцыйным заводзе.

“Калі мы туды накіроўваліся, я вырашыла, што ў вялікім горадзе ў мяне, нарэшце, з’явіцца магчымасць рэалізаваць сваю мару. Мужу сказала, што абавязкова пайду ў інстытут мастацтваў, хачу займацца маляваннем прафесійна, — робіць важную рэмарку мая суразмоўца. — Але спачатку я вырашыла, што мне трэба ўладкавацца на работу. Неўзабаве мяне ўзялі на пасаду мастака-афарміцеля на авіяцыйны завод. Далі выканаць дзённы заказ і я з ім дастаткова хутка справілася. Гэтаму факту здзівіліся і завадчане, і муж”.

Крыху пазней Валянціна падала дакументы ў Ташкенцкі інстытут мастацтваў, але іспыты здаваць не давялося. Распад СССР унёс свае карэктывы ў лёс многіх, у тым ліку і сям’і Гарохавых. Валянціна з мужам і сынам накіраваліся ў Смаргонь. Сюды жанчына ехала з думкай, што яна абавязкова пачне рыхтаваць выставу.

Натхнёная Агінскімі

Амаль праз дзесяць гадоў, у 2000-м, у Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася персанальная выстава самадзейнай мастачкі. На экспазіцыі былі прадстаўлены каля 40 карцін, у асноўным пейзажы. Сярод іх — работа з выявай сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага. Так супала, што на выставе прысутнічалі продкі вядомага палітыка і кампазітара з Польшчы. Спачатку яны наведалі Залессе, а пасля — смаргонскі музей, убачылі карціну Валянціны, адразу загарэліся яе купіць. З дазволу дырэктара музея іх просьба была задаволена.

“Тады я і ўявіць сабе не магла, што некалі буду працаваць у адноўленай сядзібе-музеі Агінскага, гэтым чароўным куточку”, — усміхаецца мастачка.

Пасля заканчэння выставы ўсе карціны Валянціна прадала. Пакінула сабе толькі самую любімую — “Зіму”. Выстава аказалася выдатнай рэкламай для самадзейнай мастачкі. Яна зразумела, што справа яе жыцця можа прыносіць матэрыяльны даход.

Пазней Валянціна выстаўляла свае работы на вернісажах разам са смаргонскімі мастакамі Юрыем Маркавым, Анатолем Сураўцом і Ліліяй Трохалевай.

Яшчэ і вышывальшчыца, фатограф…

Але не маляваннем адзіным жыла Валянціна. Пяць гадоў яна адпрацавала вышывальшчыцай у трыкатажным атэлье, займалася фотаздымкай вяселляў, пасля ўладкавалася ў ЖКГ мастаком-афарміцелем. “Гэта была вельмі складаная работа. Працаваць даводзілася шмат, і ў выхадныя таксама. Вольнага часу практычна не заставалася”, — успамінае жанчына.

А так хацелася тварыць! На гэтай пасадзе Валянціна адпрацавала 13 гадоў і звольнілася. Год малявала. Марыла пра яшчэ адну персанальную выставу. Аднойчы жанчына ўбачыла аб’яву, што ў Залескі музей-сядзібу патрабуецца мастак-афарміцель. “Без ваганняў накіравалася туды, — удакладняе мая суразмоўца. — Такія месцы для мяне заўсёды былі прыцягальнымі. Калі я працавала ў ЖКГ, пэўны час падпрацоўвала ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Мне гэта работа падабалася, але прыносіла зусім невялікія грошы”.

Магія Залесся

Залессе… Гэта ж амаль казка… Магія. Тут такая творчая атмасфера, пастаянна ладзяцца выставы мастакоў і іншыя імпрэзы, цікавыя людзі прыязджаюць.

У 2017 годзе Валянціна ўладкавалася ў музей-сядзібу, а праз год тут зладзілі яе персанальную выставу “Таямнічая незнаёмка”. Жанчына атрымала шмат станоўчых водгукаў і эмоцый. Без перабольшвання, у творцы выраслі крылы, а жаданне тварыць — памножылася. Цяпер Мастачка рыхтуе яшчэ адну персанальную выставу.

Яна кажа са смехам: “Я ўдзячная Богу, што мяне падтрымліваюць калегі, родныя, асабліва муж, які нярэдка жартуе: “Я некалі марыў, што дома буду мець карціны, а лёс склаўся так, што я атрымаў мастачку ў жонкі”.

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара