Уражанні ад... уражанняў

№ 4 (1496) 23.01.2021 - 30.01.2021 г

Да 29 студзеня ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” працуе выстава-конкурс дзіцячай творчасці “Зімовыя ўражанні”. Прымеркаваная яна да Калядаў і Новага года, і гэтая акалічнасць мусіла вызначыць і тэматыку, і вобразны лад прадстаўленых на выставе работ.

/i/content/pi/cult/834/17784/15.jpgМастацтва, што робіцца дзіцячымі рукамі — бадай, адзіная творчая сфера, дзе прафесіяналізм не з’яўляцца вызначальным крытэрыем каштоўнасці зробленага. Калі падлетак, што бярэ ў рукі пэндзаль ці аловак, у працах сваіх выглядае не па ўзросце “дарослым”, калі ён відавочна капіруе, тым больш — капіруе ўдала, стылістыку славутага ці моднага майстра — гэта выклікае пэўную насцярожанасць. Маўляў, не здолелі педагогі дапамагчы вучню стаць самім сабой, выйсці на шлях, які мусіць быць толькі ягоным, а звыкла скіравалі на пратаптаную іншымі дарогу. У дзіцячых малюнках мы, дарослыя, жадаем бачыць тое, што праз жыццёвы досвед самі страцілі — незамутнёны погляд на рэчаіснасць, здольнасць радавацца простым з’явам, якія мы часта ўспрымаем завядзёнкай. Запытай дарослага, калі ён апошнім разам са здзіўленнем глядзеў на першы снег ці веснавыя ручаіны. Хутчэй за ўсё ён здзівіцца самому пытанню…

Экспазіцыю гэтай выставы складаюць работы выхаванцаў мастацкіх школ сталіцы. Юным мастакам было прапанавана выявіць сваё бачанне зімы праз жывапіс, графіку, праз пэўныя формы мастацтва дэкаратыўнага. Па работах адразу бачна, што той зімы, што была ў маім дзяцінстве, гэта 60-я гады мінулага стагоддзя, ужо няма. І не таму, што Дзед Мароз недзе прагнасці набраўся і часта здараецца, што ў яго насамрэч “снегу зімой не выпрасіш”. Радыкальна змяніўся лад жыцця. Я памятаю час, калі нават у сталічным Мінску ў якіх-небудзь двух кварталах ад праспекта можна было патрапіць на падабенства вёскі — драўляныя дамы, сады-гароды, сабакі на ланцугах. Так што і зімовыя забаўкі ў гарадской дзятвы былі ў вясковым стылі.

/i/content/pi/cult/834/17784/16.jpgДля сённяшніх дзяцей зіма, як мне падаецца, не столькі рэчаіснасць, як карцінка ў падручніку, а мо і ў смартфоне. Вось і на выставе ёсць даволі ўдалыя варыяцыі выяў, якімі звычайна ілюструюць класічныя вершы пра Новы год, Дзеда Мароза са Снягуркай ды Крышчэнскія маразы. Ёсць і досыць цікавыя сюжэтныя работы, але і ў іх зіма не вызначальны чыннік, а толькі спецыфічны фон гарадскога жыцця, на якое сезонныя змены грунтоўна не ўплываюць.

Удзельнікі выставы падзеленыя на тры ўзроставыя групы: 5 — 8 гадоў, 9 — 12, 13 — 16. Рэальна ў Дзеда Мароза верыць, магчыма, толькі першая група, і прычым нават яны блытаюць яго з Санта-Клаўсам. І я не думаю, што нашы дзеці/падлеткі неяк звязваюць Каляды з гісторыяй, выкладзенай у Бібліі. Магчыма гэта робяць толькі тыя, хто наведвае нядзельныя школкі пры храмах. Таксама не гатовыя дзеці ўспрымаць зіму, як, дарэчы, і іншыя сезоны гадавога цыкла касмічнай з’явай і сэнсавым адбіткам “сезоннасці” чалавечага жыцця. Нікому ў дзяцінстве не цікава ведаць, што ў пэўным кантэксце зіма і старасць — сінонімы. Такім чынам выстава пазбаўлена хоць якой канцэптуальнай асновы, і яе экспазіцыя лагічна ўяўляе з сябе падборку рэфлексій на ўмоўна зімовую тэму. Уласна кажучы, ніякай канцэпцыі ў такой выставы і быць не можа. З гэтага вынікае, што і журы, якому давядзецца ацэньваць работы і вызначаць лепшыя сярод іх, будзе кіравацца той жа рэфлексіўнасцю і эстэтычным суб’ектывізмам.

Магчыма я занадта сур’ёзна стаўлюся да першых творчых праяў у людзей з вельмі сціплым жыццёвым і, адпаведна, эстэтычным досведам. Зрэшты, у дзяцінстве малююць усе. І толькі некаторыя потым становяцца мастакамі. І гэта ніяк не звязана з тым, хвалілі дзіцёнка за творчы імпэт альбо білі яго па руках, каб не марнаваў час на глупствы. Творчасць — таямніца, а талент непрадказальны.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"