Агні роднага горада

№ 4 (1496) 23.01.2021 - 30.01.2021 г

Летась Музей гісторыі горада Мінска адзначаў сваё першае дзесяцігоддзе. Сёння падаецца дзіўным, што ў нашага старажытнага горада такі малады “персанальны” музей. Але цяпер без яго ўжо не ўявіць музейную прастору сталіцы і краіны ўвогуле. У рамках святкавання юбілею ў апошнія дні 2020-га адкрылася выстава жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Назва — “Агні майго горада”. Доўжыцца яна будзе да 14 лютага.

/i/content/pi/cult/834/17782/12.jpgВыстава адбываецца ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Арганізатары выставы не сталі вынаходзіць канцэпцыю, якая б здзівіла іх саміх і верагодных гледачоў. Яны пайшлі правераным шляхам і зладзілі экспазіцыю з прысвечаных Мінску твораў мастацтва з фондавых калекцый Музея гісторыі нашай сталіцы. Паказалі людзям музейнае багацце. Гэта звычайная практыка, калі час ад часу, маючы пэўную нагоду, музейшчыкі прадстаўляюць грамадзе тое, што з-за недахопу экспазіцыйных плошчаў немагчыма экспанаваць пастаянна.

Большасць твораў выставы культурніцкай грамадзе добра вядомая. Бо перш чым трапіць у музейныя фонды, яны экспанаваліся на выставах, іх рэпрадукцыі з’яўляліся ў спецыялізаваным перыядычным друку і ў мастацкіх альбомах. У творах у вобразнай форме адлюстравана пасляваенная гісторыя нашай сталіцы. За гады, што прайшлі з моманту вызвалення горада ад акупантаў летам 1944 года, фактычна знішчаны ў ваеннае ліхалецце Мінск адрадзіўся нанова. І, безумоўна, стаў прыгажэйшым, чым быў да вайны.

/i/content/pi/cult/834/17782/13.jpgАле горад гэта не толькі будынкі і транспартныя камунікацыі. Горад — гэта найперш людзі, для якіх ён родны. А каб горад стаў людзям насамрэч сваім, патрэбна пераемнасць пакаленяў. Каб не з цябе распачыналася, каб у горадзе жыў твой бацька, дзед, прадзед… І чым глыбей тыя карані, тым лепей. Дык вось, калі ў архітэктуры горада, у ягоным вонкавым абліччы назіраецца сякая-такая пераемнасць між даваенным і новым Мінскам, пра мінчукоў як супольнасць гэтага не скажаш. Доля карэнных жыхароў у пасляваенным Мінску была нязначнай. Падымалі сталіцу з руін, рабілі яе ўтульнай і прыгожай у асноўным прыезджыя. Для іх, у адрозненне ад карэнных, рэальнасцю былі не мінскія храмы і вузкія вуліцы, што паўтаралі выгіны рачулак і пагоркаў, а завадскія коміны, шырокі праспект і спальныя раёны, напаўзаючыя на прыгарадныя вёскі. Яны стваралі новы Мінск, а Мінск рабіў іх мінчукамі.

Калі ўважліва ўгледзецца ў творы экспазіцыі выставы, дык здолееш праз выявы на карцінах і графічных аркушах, якія ўжо можна лічыць гістарычнымі дакументамі, адчуць гэты працэс узаемауздзеяння, узаемафармавання, узаемаўплыву. Старэйшае пакаленне мастакоў адлюстравала рэаліі новага горада, а маладзейшых цікавяць ягоныя гістарычныя карані. Першыя ганарыліся адроджаным Мінскам, другія жадаюць бачыць яго як роўнага сярод роўных у сям’і еўрапейскіх сталіц. А скіраванасць у будучыню звычайна парадаксальным чынам спалучаецца з настальгіяй па адыходзячай натуры. Разумееш, што гэта непазбежная плата за прагрэс, а ўсё адно шкада пясочніцы, у якой гуляў, як быў малым.

Такой я пабачыў гэтую выставу. Яшчэ дадам, што па яе экспазіцыі можна прасачыць стылёвыя трансфармацыі ў нашым выяўленчым мастацтве з першых пасляваеных дзесяцігоддзяў да нашых дзён. Зразумела, у агульных рысах.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"