Паміж Беніцай і Смалянамі, або Чаму б не пракласці маршрут для турыстаў?

№ 4 (1496) 23.01.2021 - 30.01.2021 г

Беларускімі сцежкамі па занаўскіх мясцінах

/i/content/pi/cult/834/17781/11.jpgСМАЛЯНСКІ КЛАНДАЙК

Па колькасці цікавостак невялічкае па плошчы старажытнае мястэчка Смаляны, сапраўды, нібы той залатаносны Кландайк. З таго, што мы ўжо наведалі і апісалі — замак Сангушкаў “Белы Ковель” (пачатак XVII стагоддзя), драўляная царква ў гонар Праабражэння Гасподняга (XVIII стагоддзе), царква ў імя святога Алексія Маскоўскага (другая палова ХІХ стагоддзя), побач з якой пірамідальная капліца Сямёнавых (пачатак XX стагоддзя). Праўда, дакрануцца да муроў замка мы не змаглі, бо імправізаваны масток аказаўся затоплены ледзяной вадой (даўняя праблема). Але наракаць на гэта не выпадае. Не мае рацыі той, хто кажа, што ўсе смалянскія цікавосткі можна агледзець за гадзіну — дзве. Толькі на агляд вышэйназваных, ды і то ў рытме “галопа” (бо імкліва цямнела), спатрэбілася больш за гадзіну. З улікам жа ўсіх аб’ектаў самі Смаляны могуць быць мэтай аднадзённай турыстычнай вандроўкі. І, для большай турыстычнай прывабнасці, мясцовым уладам варта было б трошкі паклапаціцца пра патэнцыйных наведвальнікаў.

На днях у сацыяльных сетках было выстаўлена зімовае фота аднаго са старажытных замчышчаў у Літве (Меркінэ). Мясцовыя ўлады, у дадатак да звычайных інфармацыйных шчытоў, усталявалі новы. На шкло нанесена стылізаваная выява драўлянага замка, якую можна з вызначанай кропкі сумясціць з абрысам гарадзішча. Гэты прыём абсалютна не новы, але як нельга лепей пасуе да Беларусі, у якой ад старажытных замкаў або не засталося нічога, або рамантычныя руіны. І падыходзіць ён, зразумела, не толькі для замкаў.

Працягваючы пералік, толькі згадаю тое, што нам не ўдалося наведаць, і даведацца, у якім стане гэтыя аб’екты. Бо фотаздымкі на сайце “Глобус Беларусі” не заўсёды адпавядаюць сучаснаму стану аб’ектаў.

Адной з такіх цікавостак з’яўляецца драўляны млын пачатку ХХ стагоддзя. Гэта ўжо не класічны вятрак, з якім маглі б змагацца мясцовыя Дон-Кіхоты часоў ВКЛ. Рухавік тут быў, верагодна, электрычны. У 2007 годзе будынак і абсталяванне былі яшчэ ў поўным зборы і маглі б стаць часткай турыстычнага маршруту.

Шараговая драўляная забудова ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў таксама на здзіўленне няблага захавалася. Але без адпаведнага даведніка самае цікавае адразу і не знойдзеш. Рознага кшталту цагляныя гаспадарчыя пабудовы таго ж часу — кузня, дом працоўных, двухпавярховы дом, як можна меркаваць, належалі да сядзібнага комплексу і таксама яшчэ не так даўно былі ў неблагім становішчы.

Але зусім іншая справа з сядзібай Цітовых. Драўляная сядзіба (захаваліся старыя фотаздымкі), падчас Другой сусветнай вайны была часткова пашкоджана. Пазней у яе будынку размесціўся агранамічны каледж. Але ўлетку 2019 года распачаўся знос сядзібы, якая не мела статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

ДАМІНІКАНСКІ КЛЯШТАР “1937 ГОДА”?

Пасля агляду замка і цэркваў мы скіраваліся ў цэнтр мястэчка. Вельмі хацелася на ўласныя вочы ўбачыць не толькі касцёл, але і кляштар дамініканаў. Той самы, з-за якога вясной 2013 года выбухнуў сапраўдны скандал. Унітарнае сельгаспрадпрыемства „Смаляны“ вырашыла ліквідаваць свае цэхі, якія былі размешчаны ў будынку кляштара. Кляштар, які знаходзіцца ў дзесяці метрах ад касцёла, быў заснаваны ў 1678 годзе ўладальнікамі мястэчка Сангушкамі. Пасля паўстання 1831 года царскія ўлады ў 1832 скасавалі кляштар. У 1899 годзе, як напісана ў даведніку “каталіцкія храмы Беларусі” (2008 год) і кляштар, і касцёл былі адноўлены намаганнямі ксяндза Герасімовіча і архітэктара Даўкшы. Але ў 1930-я годы савецкая ўлада прыстасавала будынкі пад гаспадарчыя патрэбы. Менавіта тады і з’явіліся ў кельях кляштара людзі ў прамасленых спецоўках. Пасля некаторых унутраных перабудоваў механізатары вёскі выклалі цэглай на франтоне дату перабудовы. Думаю, не трэба тлумачыць, якія асацыяцыі ўзнікаюць у грамадстве пры згадцы пра сталінскія рэпрэсіі 1937 года. І менавіта гэта дата пазірае на мінакоў з муроў кляштара.

Знос будынка, дзякуючы імклівай рэакцыі Міністрэства культуры, быў спынены. Але застаўшыся без даху і з часткова пашкоджанымі мурамі кляштар-цэх пераўтвараецца паціху ў вельмі непрывабныя руіны. Аб чым сведчаць і хмызы, якія паціху заваёўваюць жыццёвую прастору, і адвалы бытавога смецця, пакінутага, пераважна, аматарамі “культурнага адпачынку на свежым паветры”.

Дарэчы, гора-“руйнавікам”, якія з імпэтам узяліся за фінальнае вырашэнне кляштарнай праблемы, магчыма, ніхто не распавёў, што цэгла-пальчатка канчаткова выйшла з ужытку ў пачатку XVIII стагоддзя. А менавіта з яе і будаваўся кляштар, што мы ўбачылі на ўласныя вочы.

КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ

Касцёл — помнік архітэктуры позняга барока, дамінанта Смалянаў, знаходзіцца ў самым цэнтры мястэчка. Пабудавалі яго ў 1760-я гады пры кляштары. Верагодна, раней на яго месцы быў драўляны папярэднік, які прыйшоў у заняпад, ды не адпавядаў ужо “духу часу”. Як і рэшткі кляштара касцёл унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Зусім нядаўна вакол касцёла была пастаўлена новая агароджа з зялёнага металапрофілю. Мэта добрая, бо касцёл аварыйны. Але… ёсць і тут свае “але”. Інфармацыйны стэнд, усталяваны на дзядзінцы касцёла, аказаўся недасяжны для мінакоў. Да каго ж звяртацца па ключ ад каліткі — напісана не было. Праўда, для вельмі апантаных турыстаў не існуе ніякіх перашкодаў і праз колькі хвілінаў аж два шляхі да стэнда былі знойдзены. Прычым без “крымінальнага адцення”. Запар быў агледжаны і касцёл. Стоячы ў цэнтры касцёла, пад акрытым небам, углядаючыся ў векавыя муры, мы думалі аб зменлівасці часу. Не так і даўно тут праходзілі вялікія ўрачыстасці, у якіх бралі ўдзел “гаспадары жыцця” таго часу. А цяпер ад іх не засталося аніякіх памятак, нават ценяў.

Думкі-думкамі, але позіркамі шукалі мы іншае. Згодна з дакументам, прадастаўленым мне намеснікам дырэктара Нацыянальгнага гістарычнага архіва Беларусі спадаром Дзянісам Лісейчыкавым, у касцёле меліся памяткі пра Тамаша Зана.

Дзве пліты, адна ў гонар самога Тамаша, а другая ў гонар яго жонкі Брыгіды са Святарэцкіх, былі размешчаны на калонах з правага боку. Была там яшчэ і іншая пліта, напрыклад, сям’і Арцішэўскіх.

Тэкст на Занавых плітах амаль ідэнтычны надпісам на надмагільных камянях, таму згадаем яго пазней. Развітаўшыся з халоднымі мурамі закінутай бажніцы ўжо ў поўнай цемры рушылі мы да апошняй кропкі маршруту.

МІЛЫ БОГУ І ЛЮДЗЯМ

Сямейнае пахаванне Занаў знаходзіцца на ўсходнім баку могілак, якія працягнуліся шырокім пасам уздоўж колішняга замкавага става. Насупраць іх, праз дарогу, замак. Цяпер на могілкі афіцыйны ўваход зроблены з заходняга краю, але да магілы філамата можна прайсці ў сухое ці марознае надвор’е з боку мястэчка, праз поле.

На вялікі жаль, цікавасць да Тамаша Зана ў саміх Смалянах, падаецца, не надта высокая. Бо сямейнае пахаванне аказалася недагледжаным. Хаця самі могілкі выразна кантрастуюць з тым, што можна сустрэць у іх апісаннях тых жа 1990-х. Тады тут быў непралазны гушчар. Цяпер усё навідавоку. Аб тым, што на магілу час ад часу зазіраюць турысты, сведчылі знічкі. Але, думаецца, што варта было б і тут усталяваць невялічкі інфармацыйны стэнд, каб польскамоўныя надпісы на старых магільных камянях не ўводзілі ў зман, што Заны не маюць да Беларусі аніякага дачынення.

На родавым пахаванні знайшлі спачын спярша наймалодшы сынок Занаў Станіслаў, які нарадзіўся ў 1854 годзе, але неўзабаве памёр. Пазней, побач з сынам, пахавалі і самога Тамаша Зана. Вось такі надпіс змясціў на камяні ксёндз Уладзіслаў Любамірскі.

“Мілы Богу і людзям Тамаш Зан, памяць пра якога блаславенна. Жыў шэсцьдзесят гадоў. Памёр 7 ліпеня 1855 году ў Кахачыне. З Свентарэцкіх Брыгіда Зан пахаваная побач з сваім мужам 23 жніўня 1900 году ва ўзросце 81 год. Сын іх немаўля Стась памёр у 1854 годзе”.

Сямейнае пахаванне аточана невялічкімі гранітнымі слупкамі, злучанымі паміж сабой металічнымі ланцужкамі. Акрамя Тамаша, яго жонкі Брыгіды, сынка Станіслава, быў пахаваны тут іх найстарэйшы сын Абдон (1849 — 1903). Ён быў знойдзены на магіле бацькоў застрэленым. Пра сямейныя трагедыі Занаў, гвалтоўную смерць Абдона і яго брата Клеменса мы распавядзем асобна. Акрамя Занаў, як удалося разгледзець, ёсць тут магіла нейкай спадарыні Герасімовіч (імя расчытаць у гэты раз не ўдалося). Верагодна, гэтая асоба была з блізкага атачэння Занаў. І гэта загадка на будучыню. Як і іншыя старыя пахаванні, якія ёсць на гэтых могілках.

Сыходзілі мы з могілак сцяжынкай праз поле, а за нашымі спінамі, на ўзвышшы, удалечыні міргалі светлячкі знічак.

Так завершылася смалянская частка маршруту “Шляхам Зана”. Развітваліся мы з гэтым месцам, маючы цвёрды намер абавязкова вярнуцца сюды ўлетку. Каб ужо неспяшаючыся абысці і мястэчка і ізноў наведацца ў Кахачын.

Застаецца падзякаваць мясцовым хлопцам, якія дапамаглі нам зарыентавацца на мясцовасці і вывелі да прыпынку аўтобуса, які даімчаў нас да Оршы.

У працягу гэтага шэрага нас чакае Беніца — мястэчка, якое ў нашым маршруце з’яўляецца самай заходняй кропкай.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар