Брэстчына. Найгалоўны скарб — кадры

№ 41 (859) 11.10.2008 - 17.10.2008 г

У сферы абласной культуры працуе больш за 6 тысяч творчых работнікаў, 86,7 працэнта з якіх маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю.

Ала Ігумнава, узнагароджаная медалём Францыска Скарыны, — арганізатар і мастацкі кіраўнік узорнай капэлы хлопчыкаў і юнакоў і камернага маладзёжнага мужчынскага хору Брэсцкага абласнога Палаца культуры прафсаюзаў. Калектывы сталі лаўрэатамі самых прэстыжных конкурсаў.

Артыстка, вядучы майстар сцэны Брэсцкага тэатра лялек Тамара Тэвасян неаднойчы ўшаноўвалася на міжнародных тэатральных фестывалях. Яна таксама ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны, а сёлета Тамары Анатольеўне прысвоена званне “Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь”.

Больш за 28 гадоў працуе ў культуры вядучы метадыст Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Зоя Нічык. Мае надзвычайны арганізатарскі талент.

Заўжды бярэ актыўны ўдзел у правядзенні рэспубліканскіх і абласных мерапрыемстваў. Стала ініцыятарам абласнога агляду-конкурсу аматарскіх аб’яднанняў, арганізатарам абласнога тура адкрытага рэспубліканскага конкурсу “Клуб года”.

Загадчыца аддзела бібліятэказнаўства абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага Людміла Кароль не толькі кіруе аддзелам, але і аказвае дзейсную метадычную дапамогу 19-ці цэнтралізаваным бібліятэчным сістэмам Брэстчыны.

Адна з лепшых устаноў культуры Пружанскага раёна — Пружанская цэнтралізаваная бібліятэка. Яе дырэктар Наталля Супруновіч — прафесіянал высокага класу: шукае новыя формы працы, дасягае значных паказчыкаў.

Алена Быковіч — мастацкі кіраўнік і балетмайстар узорнага харэаграфічнага ансамбля “Журавінка” Белаазёрскага гарадскога дома культуры. Калектыў з поспехам прадстаўляў беларускае харэаграфічнае мастацтва на фестывалях у Фінляндыі і ва Украіне.

Народным гуртом “Явар” Баранавіцкага гарадскога дома культуры кіруе Фёдар Жыляк. Творы гэтага самабытнага кампазітара ўвайшлі ў рэпертуар народных артыстаў Рэспублікі Беларусь Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, Мікалая Скорыкава, заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Правасменскага і Валерыя Дайнэкі, ансамбля “Сябры” і іншых. Летась Фёдар Мікалаевіч быў прызнаны пераможцам у конкурсе на лепшы гімн Баранавічаў.

Валерый Чарнышоў — не толькі дырэктар Драгічынскай дзіцячай харэаграфічнай школы, але і кіраўнік танцавальнага калектыву “Прыгажосць” Драгічынскага ГДК. Гэты калектыў стаў пераможцам міжнароднага фестывалю ў Польшчы, браў годны ўдзел у сёлетніх “Дажынках”.

Цягам 15 гадоў Хмялеўскім сельскім домам культуры кіруе Таццяна Грыцук. Вядзе актыўную работу па адраджэнні і папулярызацыі народных традыцый, з’яўляецца ўдзельніцай народнага тэатра… Пералік неабыякавых работнікаў культуры Брэстчыны можна доўжыць бясконца.

З 2006 года на Брэстчыне рэалізуецца абласная праграма развіцця культуры, выкананне якой разлічана да 2010 года. У вобласці — 1,5 тысячы ўстаноў культуры і мастацтва, у тым ліку — 674 клубныя ўстановы, 688 бібліятэк, 91 дзіцячая музычная школа і школа мастацтваў, 14 музеяў, 293 кінавідэаўстаноўкі, 3 тэатры, філармонія. Штогод з абласнога бюджэту 2,9 працэнта фінансавых сродкаў накіроўваецца на ўтрыманне і развіццё галіны. Фактычнае выкананне нарматыву — 2,5 базавай велічыні ў разліку на аднаго жыхара Брэстчыны, у тым ліку — 2,3 базавай велічыні за кошт бюджэту і 0,2 — за кошт платных паслуг. Імі пастаянна карыстаецца больш за 40% жыхароў Брэстчыны.

У клубных фарміраваннях бяруць удзел звыш 40 тысяч чалавек, у тым ліку 23 тысячы дзяцей і падлеткаў. Налічваецца больш за тры тысячы самадзейных калектываў і 997 аматарскіх аб’яднанняў. Званняў “народны” і “ўзорны” ўдастоены 334 творчыя калектывы, 6 сталі заслужанымі аматарскімі. Штогод клубныя ўстановы ладзяць больш за 14 тысяч канцэртаў і спектакляў, 90 тысяч масавых мерапрыемстваў.

За 2005 — 2007 гг. набыта 9 аўтаклубаў, 2 бібліобусы, 14 кінаперасовак.

Ствараюцца новыя тыпы ўстаноў культуры ў сельскай мясцовасці: дамы фальклору, народнай творчасці, цэнтры культуры і вольнага часу, бібліятэкі-музеі... На сёння ў вобласці дзейнічае 125 новых тыпаў устаноў культуры.

Больш за 13 тысяч дзяцей займаюцца ў ДШМ і іх філіялах. У сярэднім па 300 спектакляў штогод прапаноўваюць тэатры вобласці. Іх наведвае да 150 тысяч гледачоў. Кожны год ставіцца 15 прэм’ер.

Зацверджаны перспектыўны план рэстаўрацыйных і праектных работ на 58 першарадных аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны. Сёлета работы вядуцца на 9-ці аб’ектах: палацава-паркавым ансамблі ў Косаве, дамах-музеях Т.Касцюшкі, Н.Орды, Ю.Нямцэвіча...

За год дзяржаўныя музеі вобласці наведала звыш 500 тысяч чалавек. Праводзіцца каля 7 тысяч экскурсій, арганізуецца больш за 100 выставак.

З 2005 года пачалася камп’ютэрызацыя сельскіх бібліятэк. На сёння гэтая работа праведзена ў 92 установах культуры.

Развіваецца матэрыяльная база ўстаноў культуры. За апошнія 5 гадоў уведзены ў эксплуатацыю дамы культуры ў горадзе Пружаны, гарадскім пасёлку Гарадзішча Баранавіцкага раёна, гарадскім пасёлку Антопаль Драгічынскага, вёсцы Тышковічы Іванаўскага, вёсцы Закозель Драгічынскага, вёсцы Столавічы Баранавіцкага раёнаў; цэнтры культуры і вольнага часу ў вёсцы Плешчыцы Пінскага, вёсцы Пелешчы Камянецкага раёнаў. Атрымалі новыя памяшканні Жабінкаўская і Белаазёрская дзіцячыя школы мастацтваў Бярозаўскага раёна, Іванаўская і Пружанская дзіцячыя бібліятэкі, Лунінецкая цэнтральная раённая бібліятэка, Хатыніцкая сельская бібліятэка Ганцавіцкага раёна.

(Звесткі прадастаўлены Упраўленнем культуры Брэсцкага аблвыканкама)