З улікам мясцовых асаблівасцяў

№ 4 (1496) 23.01.2021 - 30.01.2021 г

12 і 19 студзеня адбыліся чарговыя апаратныя нарады міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. Дзякуючы сродкам відэасувязі, удзел у нарадах прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

/i/content/pi/cult/834/17776/4.jpgЗ дакладам аб стане і планах вытворчасці айчынных кінастужак выступіў генеральны дырэктар нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Карачэўскі. Ён нагадаў, што з 2017 па 2020 год адбыліся прэм’еры васьмі фільмаў студыі. На 2021 год запланаваныя прэм’еры чатырох фільмаў, сярод якіх “Авантуры Пранціша Вырвіча” (акрамя рускамоўнай, мяркуецца стварыць і беларускамоўную версію стужкі), “Купала”, “Лёс дыверсанта” і поўнаметражны анімацыйны фільм “Зоркі сёмага неба”.

Былі завершаныя работы над трыма анімацыйнымі серыяламі, якія, у тым ліку, уздымаюць тэму бяспекі жыцця для дзяцей. Акрамя таго, сёлета мусяць быць скончана праца, датычная кінаальманаха маладых рэжысёраў і серыяла “У пошуках анёла”. Міністр звярнуў увагу на неабходнасць выклікаць у гледача зацікаўленасць у праглядзе айчынных стужак, як на ўнутраным рынку, так і на экспарт. Таксама ў чарговы раз была падкрэсленая патрэба стварэння відэаверсій спектакляў і канцэртаў для задавальнення культурных патрэб шырокага кола гледачоў.

Як стала вядома, святкаванні ў Барысаве — культурнай сталіцы Беларусі 2021 года распачнуцца ў лютым. Мяркуецца, што ў рамках адзначэння адбудзецца ўрачыстае адкрыццё і канцэрт з удзелам артыстаў беларускай эстрады, на якім таксама будзе прадстаўлены план мерапрыемстваў, што пройдуць на працягу года.

Міністр звярнуў увагу на патрэбу актывізацыі работы па пошуку таленавітай моладзі. У першай палове сакавіка ў тэлефармаце мае адбыцца нацыянальны адбор для ўдзелу ў фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”, па выніках якога вызначаць па адным прадстаўніку ў рамках конкурсаў выканаўцаў для дзяцей і дарослых. У сістэме ўстаноў адукацыі запланаваныя два конкурсы — Рэспубліканскі конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча, які мае адбыцца ў канцы мая, і міжнародны конкурс піяністаў “Мінск-2021”, які мяркуецца правесці напрыканцы снежня.

Вялікую зацікаўленасць выклікала абмеркаванне ўнясення зменаў у Кодэкс аб культуры, работа над якімі адбываецца ва ўстаноўленыя тэрміны, працягваецца іх узгадненне з органамі дзяржаўнага кіравання. Між іншага, упраўленне культуры Гродзенскай вобласці звярнула ўвагу на патрэбу ўнясення зменаў, датычных прадастаўлення цэнтрам народных рамёстваў магчымасці рэалізаваць прадукцыю сваіх майстроў.

Было закранутае таксама пытанне ўдасканалення сістэмы ўзгаднення вонкавай рэкламы. Для гэтага мяркуецца стварыць у абласцях саветы па рэкламе з удзелам зацікаўленых спецыялістаў і прадстаўнікоў творчых саюзаў, а таксама распрацоўваюцца рэкамендацыі па размяшчэнні рэкламы. Гэтыя захады дазволяць забяспечыць выкананне заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны і будуць спрыяць прывядзенню архітэктурных помнікаў і гарадской забудовы наогул у адпаведны выгляд. Таксама ўпраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны быў складзены і распаўсюджаны інфармацыйны ліст аб прымяненні спрошчанага парадку работ па бягучым рамонце і тэрміновых супрацьаварыйных ды кансервацыйных работ на помніках архітэктуры катэгорыі “3”.