“Абноўленым форт №5 турысты ўбачаць дзякуючы праекту Саюзнай дзяржавы “Капітальны рамонт, рэстаўрацыя і музеефікацыя збудаванняў Брэсцкай крэпасці”, — паведамляе сайт Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (kultura.by, 19.01.2021).
Спецыялісты адрэстаўрыравалі левую частку гаржавой — абарончай — казармы, ачысцілі сцены і фасады, замянілі вокны і дзверы, правялі інжынерныя сеткі. У гэты час творчыя і навуковыя работнікі мемарыяльнага комплексу займаліся стварэннем гістарычнай экспазіцыі.
“Пяты форт дастойна прадоўжыць летапіс шматграннай і велічнай гісторыі Брэсцкай крэпасці. Стане яшчэ адным сімвалам памяці, павагі і глыбокага прызнання бессмяротнага подзвігу савецкага салдата, які прайшоў дарогамі ваеннага ліхалецця і здабыў Вялікую Перамогу, — сказаў на адкрыцці экспазіцыі міністр культуры Анатолій Маркевіч. — Сёння мы жывём пад чыстым і мірным небам, але заўсёды помнім пра ўрокі самай бязлітаснай вайны ў гісторыі краіны і чалавецтва”.
Можна сказаць, у Брэсцкай крэпасці з’явіўся яшчэ адзін музей. Ён размясціўся ў казематах гаржавой казармы. Новая экспазіцыя займае шэсць залаў. Першая расказвае пра гісторыю фартыфікацыі на беларускіх землях. Другая прысвечана Брэсцкай крэпасці ў фартыфікацыйнай сістэме на заходніх граніцах Расійскай імперыі. У трэцяй зале можна даведацца пра мадэрнізацыю цытадэлі над Бугам у пачатку ХХ стагоддзя і будаўніцтва двух фортавых паясоў. Таксама музейшчыкі аднавілі інтэр’еры жылога каземата для ніжніх чыноў, цэйхгаўза, канцылярыі форта і ўмывальні. Частку экспазіцыі зрабілі па-за казармай: у гаржавым капаніры, цэнтральным скразніку і парахавым склепе.
Форт №5 — адзін з найбольш захаваных фартоў Брэст-Літоўскай крэпасці, знаходзіцца прыкладна за 3,5 км ад ядра мемарыяльнага комплексу. “Праводзілі рэстаўрацыю так, каб як мага менш парушыць аўтэнтычнасць форта. Напрыклад, тут знаходзіцца двухпавярховы капанір. Такіх больш няма ў Брэсцкай крэпасці, гэтым ён унікальны. Акрамя таго, гэта першы фартыфікацыйны аб’ект у Беларусі, які музеефікаваны”, — заўважыў загадчык філіяла мемарыяла Аляксандр Каркатадзэ.
Рэстаўрацыя форта №5 завяршыла трохгадовую праграму мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы ў Брэсцкай крэпасці. За гэты час капітальна адрамантаваны дзевяць аб’ектаў, рэстаўрыраваны і адкрыты тры музейныя экспазіцыі.
У чэрвені 1941 года ў форце знаходзіўся 3-ці стралковы батальён 44-га стралковага палка. Як распачалася Вялікая Айчынная вайна батальён быў узняты па трывозе. Частка байцоў паспрабавала прарвацца ў Брэсцкую крэпасць, а потым з баямі адыходзіла на ўсход. У гады акупацыі ў форце былі склады. У ліпені 1944 года ён быў вызвалены воінамі 1295-га стралковага палка 160-й стралковай дывізіі 70-й арміі. Пасля вайны некаторы час у форце таксама знаходзіліся вайсковыя склады. Пасля вываду вайсковай часткі форт быў у занядбаным стане, разбураўся. У 1995 годзе 5 форту быў прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўжо праз некалькі год пачаліся вялікія рэстаўрацыйныя працы.