Гэта ўжо не фантастыка!

№ 3 (1495) 16.01.2021 - 22.01.2021 г

Беларуская дуда: даследаванні працягваюцца
Бадай, ніводзін беларускі народны інструмент не міфалагізаваны так моцна, як дуда. Напачатку ХХ стагоддзя яна стала адным з сімвалаў беларускага нацыянальнага адраджэння, фігуравала ў шматлікіх літаратурных творах, захавала гэтую ролю і ў міжваенны час. На жаль, у 1951-м годзе адбыўся апошні публічны выступ дудара: Язэп Гвоздзь выканаў жніўную песню падчас рэспубліканскага агляду мастацкай самадзейнасці. Тым не менш, з 1970-х цікаўнасць да дуды робіцца стабільна высокай і сярод музыкантаў, і сярод майстроў, і сярод даследчыкаў гэтага старажытнага музычнага інструмента. Пра свае даследаванні “К” распавялі кандыдат мастацтвазнаўства, майстар па вырабе дуд, дудар Аляксандр СУРБА і пісьменнік, дудар, арганізатар фестывалю “Дударская Глыбоччына” Віталь ВОРАНАЎ.

Кніга

У канцы 2020-га выйшаў другі наклад кнігі Аляксандра Сурбы “Беларуская дуда ў кантэксце ўсходнееўрапейскай традыцыі: тыпалогія, канструкцыйныя і дэкаратыўныя асаблівасці”. У манаграфіі апублікаваны матэрыял кандыдацкай дысертацыі Аляксандра па мастацтвазнаўстве. Даследчык працаваў у фондах музеяў Беларусі, Літвы, Расіі і Польшчы, фатаграфуючы дуды і для зручнасці працы робячы прамалёўкі інструментаў. Прамалёўваў не толькі беларускія дуды, але і артэфакты з іншых краін, у тым ліку па фотаздымках і старых выявах. Падрабязна апісаўшы намаляваныя інструменты, навуковец нанёс на карты звесткі пра канструкцыйныя і дэкаратыўныя асаблівасці дуд, што дазваляе пабачыць беларускія адметнасці ў еўрапейскім кантэксце. Напрыклад, ёсць карты “Размеркаванне драўляных ражкоў-раструбаў перабораў усходнееўрапейскіх дудаў”, “Размеркаванне ўсходнееўрапейскіх дудаў, якія маюць падобныя да беларускай традыцыі элементы дэкору волавам” ды іншыя. Асобныя раздзелы кнігі прысвечаны гісторыі даследавання дуды і адраджэнню інтарэса да яе ў канцы ХХ стагоддзя.

/i/content/pi/cult/833/17771/29.jpgНе менш цікавы, чым змест кнігі, яе лёс. Аляксандр Сурба абараніў дысертацыю ў канцы 2016-га, два з паловай гады заняла падрыхтоўка матэрыялаў у друк. Аўтар паведаміў, што не рабіў прэзентацыі кнігі і ў прынцыпе больш арыентаваны на замежжа і наступныя пакаленні, чым на чытачоў з сучаснай Беларусі. Тым не менш, частку кніжак аўтар падараваў беларускім дударам.

Аляксандр Сурба распавёў: “Першы тыраж выйшаў улетку 2019 года. Ён разышоўся пераважна па зацікаўленых аматарах, у Расію шмат высылаў. 35 асобнікаў я выслаў у бібліятэкі свету: гэта ўся Еўропа, гэта Амерыка, Аўстралія нават, Новая Зеландыя. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, дзе я працую і ў чыім выдавецтве надрукавалі кнігу, узяў на сябе палову выдаткаў на рассылку. Вельмі прыемна, што мне ў адказ прыйшлі лісты з падзякамі. З мадрыдскай бібліятэкі прыйшоў ліст, а гэта адна з найбуйнейшых бібліятэк свету. З лонданскай бібліятэкі, якая разам з мадрыдскай і нью-ёркскай уваходзіць у лік самых вялікіх у свеце, прыйшло нават дзве падзякі: ад намесніка дырэктара і ад загадчыцы аднаго з аддзелаў. Загадчыца — беларуска, працуе ў Лондане ўжо з пятнаццаць гадоў, яна адказала мне па-беларуску. З Вільні і Сафіі таксама прыйшлі падзякі”.

На пытанне, ці не баяўся аўтар, што па-беларуску яго твор не пачытаюць у свеце, Аляксандр Сурба адказаў: “У век сучасных тэхналогій чытаць на замежных мовах вельмі лёгка. Можна праз камеру смартфона перакладаць онлайн з дапамогай Google Translate. Тэлефон адразу паказвае пераклад. На сённяшні дзень гэта ўжо не фантастыка. Да таго ж, у кнізе шмат ілюстрацый, а візуальная мова — інтэрнацыянальная”.

У кнізе Аляксандр Сурба выдзяляе як асобныя групы “беларускую” (закругленыя рагаўні) і “літоўскую” (выцягнутыя рагаўні) дуду з адным гукам (бурдонам). Што цікава, у ваколіцах Свянцянаў яны суіснавалі, а “літоўскі” тып сустракаўся ў Магілёўскай губерні. Аўтар патлумачыў: “Ёсць шмат меркаванняў. Нехта лічыць, што гэта адзіны “літоўскі” тып, а беларускай дуды ўвогуле няма. Нехта кажа “крыўская дуда”. Гэта навуковая спрэчка і пытанне інтэрпрэтацыі. Адназначнага адказу быць не можа, гэта ж не матэматыка. Чым больш даследчыкаў будзе выказвацца з гэтай нагоды, тым хутчэй мы набярэм крытычную масу навуковых даследаванняў, каб прыйсці да нейкага кансэнсусу”.

Даследаванні перыёдыкі

Віталь Воранаў родам з Глыбокага, цікавіцца краязнаўствам малой радзімы і, шырэй, месцам Глыбоччыны на дударскай карце Беларусі і Еўропы. Пісьменнік рыхтуе ўжо трэцяе перавыданне кнігі “Дудары Глыбоцкага краю”. Перачытваючы газетныя выданні 1920-х і 1930-х гадоў ён натрапіў на шэраг дагэтуль невядомых, або малавядомых крыніц.

Даследчык вызначыў дакладны год выдання паштоўкі “Дудар беларускі, Дзісенскага павету”: яна выйшла ў 1906-м ў выдавецтве “Загляне сонца і ў наша ваконца” ў Пецярбургу. Гэта пацвярджае другі нумар “Нашай Долі” за 15 верасня таго ж года, у якім змешчана аб’ява пра продаж “пачтовай пісулькі” (паштоўкі) “Дудар беларускі”. Удакладнены таксама год выдання апавядання “Дудар” Вацлава Ластоўскага: 29 сакавіка 1913 года, газета “Наша Ніва”. У іншых перавыданнях тэкст пазначаўся 1920-мі гадамі.

Віталь распавядае: “Самая неймаверная, як для мяне, знаходка, — гэта трохстаронкавы нарыс пра дуду з 1923 году, аўтарства Васіля Люцьвяга, то-бок, зноў жа Вацлава Ластоўскага. Апавяданне “Дудар”, як бачым, не было ўсяго толькі выпадковым эпізодам у творчасці Ластоўскага. Дзесяць гадоў пазней выдавец беларускага літаратурна-навуковага і грамадскага часопіса “Крывіч” друкуе свае разважанні пра значэнне дуды і дудара ў беларускай гісторыі і культуры. Даследчыца Іна Назіна ведала гэты тэкст, але не надавала яму значнай увагі. Тэкст аўтара “Кароткай гісторыі Беларусі” і “Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі” не проста цікавы, а захапляльны і кідае новае святло на магчымасць выкарыстання беларусамі дуды на пахаваннях”. Праўда, іншыя даследчыкі ставяцца да такіх звестак даволі скептычна. Гісторык Зміцер Скварчэўскі лічыць, што рамантычнае ўяўленне пра пахаванне пад дуду — уплыў паэмы “Дзяды” Адама Міцкевіча, якая не вызначаецца этнаграфічнай дакладнасцю апісанняў.

Віталь Воранаў знайшоў таксама верш Язэпа Драздовіча са згадкай дудароў. Літаратар тлумачыць: “Так, усе ведаюць Драздовіча як геніяльнага мастака, той-сёй чуў пра ягоныя празаічныя нарысы пра космас, але мала хто ведае, што Драздвовіч яшчэ і таленавіты паэт”. Свае пошукі пісьменнік рэзюмуе: “Складаецца ўражанне, што ніводная даваенная беларуская газета “не мела права” выйсці без верша пра дудара. Дуда — як пэўны код-пароль беларускай справы, беларускага слова”.

Не магло адбыцца і без каляднага цуду, то-бок знаходкі з калядным матывам. “Беларуская легенда” змястоўна, лірычна і прыгожа апавядае, як нараджэнне Божага Дзіцяткі злілося з нараджэннем беларускага народа. Тэкст быў надрукаваны ў калядным нумары газеты “Родны край” за 5-га студзеня 1934 года. Гэта заходнебеларускае выданне, орган Таварыства беларускай асветы. Тэкст легенды падпісаны ініцыяламі М. Ш. — псеўданім Міхася Шчаснага, аднаго з рэдактараў газеты, выхавацеля ў Віленскай беларускай гімназіі.

Трошку антрапалогіі

У свой час, абапіраючыся на перыядызацыю руху па аднаўленні беларускай дуды, распрацаваную ўжо згаданым Аляксандрам Сурбам, я паспрабавала вызначыць, якія трэнды ў стаўленні да інструмента панавалі сярод дудароў у розны час. Вось што атрымалася:

1970-я: дуда як артэфакт — інструмент разглядаўся майстрамі ў першую чаргу як матэрыяльны аб’ект, была цікавасць “зраблю ці не зраблю”, аб актыўным выкарыстанні дуды ў публічнай прасторы гаворкі не ішло.

1980-я: дуда як мастацкі праект — майстры ўспрымалі гранне на інструменце як адзін з відаў сваёй творчасці.

1990-я: актуалізацыя трэнду “дуда як нацыянальны сімвал” — на дуду як сімвал Беларусі ніколі не забываліся, нягледзячы на некаторы час, калі сам музычны інструмент не быў дужа папулярны, саступіўшы месца гармоніку і цымбалам.

2000-я: дуда для забавы — з’явілася шмат музычных гуртоў з дударом у складзе, сталі праходзіць танцавальныя вечарыны пад дуду, якія працягваюцца да сённяшняга дня.

2010-я: дуда як прадмет для вывучэння — інтэнсіфікаваліся даследаванні, якімі займаліся як навукоўцы, так і самі майстры ды музыкі.

Хочацца верыць, што апошні трэнд не згасне і ў 2020-я.

Алена ЛЯШКЕВІЧ, супрацоўніца Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

Фота аўтара