Я ахвярую музею

№ 3 (1495) 16.01.2021 - 22.01.2021 г

Бярозаўскаму гісторыка-краязнаўчаму — 55
Летась споўнілася 55 гадоў як адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў Бярозаўскі гісторыка-рэвалюцыйны музей, праз час — гісторыка-краязнаўчы. Навуковымі супрацоўнікамі сабрана больш за 30 тысяч экспанатаў, якія раскрываюць розныя перыяды і эпохі гісторыі ды жыцця людзей Бярозаўшчыны. У адкрытым доступе экспануюцца амаль 12 тысяч артэфактаў. Значная частка фондавых калекцый сабрана жыхарамі раёна, хто неабыякавы да гістарычнай спадчыны бярозаўскага краю, яго традыцый, шануе сваіх продкаў.

/i/content/pi/cult/833/17770/27.jpgА сякера — баявая

У юбілейны год бярозаўскія музейшчыкі сабралі шчодры ўраджай прадметаў-дароў ад удзельнікаў аб’яўленай акцыі “Я ахвярую музею!” Упершыню ў калекцыі гістарычных знаходак з’явіўся каменны наканечнік дзіды, які знайшоў бярозаўчанін Феафіл Бялевіч. Тайну нетраў старажытнай бярозаўскай зямлі захоўвае і невялікі, але каштоўны камень з выразным адбіткам у ім выкапнёвага малюска, таксама прынесенага гэтым дарыльшчыкам.

З адказнасцю аднесліся да сваёй археалагічнай знаходкі Павел Сіліч і Віктар Казлоў, перш чым прапанаваць яе музею: чысцілі, шаравалі, вымочвалі ў спецыяльным растворы, пакуль з кавалка іржавага жалеза не “вымалявалася” сякера з доўгай барадой і шырокім лязом. Як пацвердзілі спецыялісты, пасяленцы вёскі Сабалі і яе наваколля (тут быў знойдзены прадмет гісторыі), маглі ім карыстацца ў XII — XIII стагоддзях як зброяй у ваенны час, а штодзённа — у гаспадарцы, будаўніцтве. Сёлета старажытнаруская баявая сякера выстаўлена ў архэалагічнай зале разам з іншымі артэфактамі.

/i/content/pi/cult/833/17770/28.jpgЛапці з гісторыяй…

Новы рэдактар раённай газеты “Маяк” Віктар Дулевіч распачаў свае знаёмства з Бярозаўскім краем менавіта з візіту ў гісторыка-краязнаўчы музей. Госць наведаўся не з пустымі рукамі, як кажуць: з ім “прыйшлі” цудоўныя лапці, якія знойдзены ў 2019 годзе на гарышчы старога дома ў Шклове, падчас яго рэканструкцыі. Гэтая пара старадаўняга абутку — адна з пяцісот пар, што пралежалі там 100 гадоў і вельмі добра захаваліся. Лапці — не простыя, а святочныя, з адмысловым пляценнем, адным словам. Іх нашы продкі падчас урачыстасцяў насілі.

Карціны, напісаныя святаром

Сапраўды “божым” дарам можна назваць яшчэ адзін падарунак Віктара Дулевіча — дзве карціны з вобразамі святых лікаў, якія напісаны рукой святара, ураджэнца вёскі Сялец Бярозаўскага раёна, айца Міхаіла, у міру Міхаіла Сазановіча. Шмат гадоў наш зямляк быў настаяцелем царквы Раства Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Вавулічы Драгічынскага раёна і духоўнікам нашага візаві.

Аднойчы прыхаджане ўбачылі новыя іконы, створаныя самім свяшчэннаслужыцелем. У сталым узросце ён з юнацкім захапленнем пачаў пісаць іконы і мастацкія палотны. Дарэчы, некалькі работ Міхаіла Сазановіча ўключаны ў кнігу “Помнікі мастацкай культуры Беларусі” 2009 года выдання.

Топавая гісторыя

У асобе журналіста Віктара Дулевіча калектыў музея набыў не толькі сябра, апантанага вывучэннем гісторыі Берасцейшчыны, але і сатворцу сумесных праектаў. На старонках “Маяка” (bereza.by) рэалізаваны юбілейны праект “Топ-10 самых каштоўных экспанатаў музея”, які знаёміць чытачоў з выключнымі артэфактамі дзеючых выставачных экспазіцый. Сярод іх: алтарная скульптура Бярозаўскага картэзіянскага кляштара другой паловы XVII стагоддзя, бурштын вагой 518 грамаў (лічыцца буйнейшай знаходкай у Беларусі), жаночыя аздобы X — XII стагоддзяў (скроневыя колцы, пярсцёнкі, зашпількі — фібулы, падвескі-луніцы), клад манет перыяду Вялікага Княства Літоўскага, прадстаўленага ў каталогу “Сокровища музеев Беларуси”.

Сукенка бібліятэкаркі

Музей у Бярозе заўсёды дае магчымасць наведвальнікам павандраваць па розных эпохах, у тым ліку — савецкай. Колькі дакладных прадметаў тых ужо далёкіх часоў засталося ў нас пасля так званых “еўрарамонтаў”? Колькі рарытэтаў павыкідана на “сметнікі”… Таму бярозаўскія музейшчыкі вельмі рупліва фарміруюць фондавую калекцыю такіх артэфактаў, сярод якіх — савецкая атрыбутыка, друкаваная прадукцыя, бытавая тэхніка, посуд, абутак, аксесуары, адзенне.

Спадзяюся, яскравая летняя сукенка з шоўку маёй маладой мамачкі, вясковай бібліятэкаркі, з густам пашытая ёй самой у 53-м годзе, кінецца ў вочы жанчынам-сучасніцам, якія ў век лічбавых тэхналогій апранаюцца, у асноўным, у фабрычныя вырабы, з штучнага валакна.

Упэўнена ў пазнавальнай каштоўнасці свайго дара музею цырульніца Аксана Сліўко, якая самастойна ацаніла дасягненне дызайнераў 50-х гадоў — сеткавы лямпавы радыёпрыёмнік “Звезда-54” чырвонага колеру. Сапраўды, газеты і часопісы таго часу звычайны тавар шырспажыву назвалі “піскам моды” з-за яго прывабнага выгляду: футалар радыёпрыёмніка быў чырвонай альбо зялёнай каляровай гамы. І гэтай мадэрнізацыяй, канешне, вылучаўся сярод ранейшіх нудных і шэрых мадэляў.

Што паведала мацэва

Да Другой сусветная вайны старажытная Бяроза была яўрэйскім мястэчкам. Нават будынак, у якім сёння працуе музей, быў збудаваны яўрэем Сохарам Клініцкім (Келніцкім), які трымаў у ім крамку, а перад вайной з’ехаў у Польшчу. Яўрэйскую гісторыю горада расказвае, напрыклад, такі экспанат як традыцыйны яўрэйскі надмагільны помнік з надпісам на іўрыце — мацэва. І да гэтага часу жыхары краю знаходзяць іх у розных мясцінах, нясуць да музею. Сёлета да шасці такіх пліт з эпітафіямі, што размешчаны ў экспазіцыі, дадалася яшчэ адна, непадобная да папярэдніх. Яе адшукаў ля фартыфікацыйнага збудавання ваеннага часу Аляксандр Жабрун, не ведаючы, што гэта за дзіўны камень з незразумелым пісьмом. На дапамогу прыйшоў мясцовы краязнаўца, журналіст Мікалай Сінкевіч, які і выявіў у ім мацэву. Незвычайнасць яе ў тым, што яна зроблена не з шэрага пясчаніка, як большасць бярозаўскіх мацэвот, а з граніту і датавана 1872 годам. Надпіс на такім цвёрдым матэрыяле зрабіць няпроста, і, тым не менш, ён выразны ды чытэльны: “пахавана жанчына спадарыня Бессі, дачка Гэшыль 10.06.1872”.

Тры папярэдніх маўклівых помніка-артэфакта “расказалі” пра гаркату сына “па яго маці, дарагой, маладой”, аб нябожчыку “першынцу Гілелю”, пра мужчыну, што “пайшоў для жыцця ў Будучым свеце… з добрым імем... 3 дня месяца хешван 5664 (25.10.1903)”. Калектыў музея ўдзячны Леаніду Смілавіцкаму, доктару гістарычных навук, спецыялісту па вывучэнні гісторыі яўрэяў Беларусі, які пражывае ў Іерусаліме, за тое, што ён “ажывіў” і надпісы на плітах, і памяць аб продках.

Сёння, нягледзячы на “кавідныя” перашкоды, бярозаўчане прыходзяць да свайго музея, каб наведаць выставу “55: Гісторыя музея ў калекцыях”, дзе маюць змогу ўбачыць экспанаты з запаснікаў музея і нядаўнія падарункі.

Ала ДРАГАН, супрацоўнік Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Фота аўтара